Читать книгу Маё мястэчка Луна-Воля (Лявон Карповіч) онлайн бесплатно на Bookz (6-ая страница книги)
bannerbanner
Маё мястэчка Луна-Воля
Маё мястэчка Луна-Воля
Оценить:
Маё мястэчка Луна-Воля

4

Полная версия:

Маё мястэчка Луна-Воля


Шыман Канарскі (ананімны партрэт, перад 1839, алей на палатне)


У ліпені 1833 г. Мікалай І быў вымушаны выдаць Указ, у якім прадпісвалася, што рабіць у выпадку мяцяжу, падобнага да 1831 г.: вінаватых дзяліць на 4 разрады і канфіскоўваць маёмасьць. Вінаватых 1 разраду судзіць ваенна-палявым судом (нават расстрэл), 2 разраду – ссылаць у Сібір, 3, 4 разраду – прысуды зацьвярджае галоўнакамандуючы. Прыняцьце такога Ўказу гаворыць аб становішчы на Беларусі. Указ ішоў паўторна ў 1848 г.

Падзеі ў краіне не маглі не закрануць і луненцаў. У сьледчых матэрыялах ёсьць запісы аб сялянах-удзельніках паўстаньня з недалёкіх ад Луна вёсак. «Біяграфіі» асобных сялян па выніках сьледзтва даюць магчымасьць уявіць іх месца ў паўстанцкіх атрадах і далейшы лёс. Так, селянін з маёнтка Радзівонавічы Гродзенскага павету Сьцяпан Дзяшко «знаходзіўся ў шайцы мяцежнікаў з ружжом», хутчэй за ўсё пад началам Ц. Пуслоўскага. Адбываў арышт у Гарадзенскім астрозе, пасьля быў адпраўлены ў Табольск для залічэньня ў Сыбірскія лінейныя батальёны. Адтуль зьбег на радзіму, выкарыстаўшы імя таварыша па службе, але быў схоплены і вернуты нанова. Фелікс Карпінскі з маёнтку Забалацьце Ваўкавыскага павету служыў лякеем у генэрала Д. Хлапоўскага, які прыйшоў у Беларусь на чале польскага войска. Захварэў і быў захоплены ў палон у Коўне. Сядзеў у Дынабургзкай крэпасьці, потым адпраўлены ў Гродна. У лютым 1833 г. дараваны і адпушчаны дадому. Да Хлапоўскага падаўся, тайна пакінуўшы памешчыка, Фёдар Цімафеевіч Трусевіч (Трушэвіч) з в. Ябланова таго ж павету. Там служыў дзеншчыком у паручніка Забельскага. Пасьля паразы пад Коўнам спрабаваў прабрацца ў Каралеўства Польскае, але быў злоўлены ў Кобрынскім павеце. Сьледзтва адбыў у Гродзенскім астрозе. У ліпені 1832 г. атрымаў прабачэньне і вернуты пад расьпіску памешчыка наглядаць за яго паводзінамі.

Масавыя абурэньні

Пасьля разгрому Паўстаньня ціск на беларушчыну ўзмацніўся шматкротна. 3 І839 г. забаронены казаньні ў цэрквах і касьцёлах на беларускай мове. З 1840 года па ўказу цара тэрмін «Літва» як і «літвін» сталі таксама забароненымі. Адказ беларусаў быў адпаведны. У І845 г. адбылося 207 бунтаў. Расія ўсё больш эканамічна і тэхнічна адставала ад многіх краінаў сьвету. Нарастала небясьпека пераросту сялянскага антыпрыгоньніцкага руху ў рэвалюцыю. Гэта прымусіла расейскага імпэратара Аляксандра ІІ 19 лютага 1861 г. падпісаць Маніфэст і «Палажэньне аб вызваленьні сялян ад прыгоннай залежнасьці», што карэнным чынам зьмяняла іх становішча. Але многія палажэньні Маніфэсту (часовыя абавязкі па захаваньню паншчыны і выплатай аброку, выкуп надзелаў, парушэньні памешчыкамі саміх Палажэньняў 19 лютага) выклікалі масавыя абурэньні. Калі ў 1860 г. на Беларусі адбылося каля 50 сялянскіх выступленьняў, то ў 1861г.—379, а ў 1861—63 гг. пік сялянскіх бунтаў дасягнуў 1100. Сярод бунтаўшчыкоў былі і сяляне Луненскай воласьці.

У І843 г. па Ўказу Ўрадавага Сэнату Луна, якое ў той час належала рымска-каталіцкай царкве, пераходзіць у казённае ведамства. Фальварак складаўся з 2 двароў у в. Луна і ў в. Пілкі.

25 верасьня 1859 г. Віленскі генэрал-губэрнатар зрабіў прадпісаньне Гродзенскаму губэрнатару «Аб правядзеньні неадкладна найстражэйшага дасьледаваньня аб буянскім учынку сялян маёнтка Луна», бо сяляне адмовіліся ад згонаў—выхадаў на ўборку панскага ўраджаю ўсяго працаздольнага насельніцтва, пачынаючы з 12 гадоў. У воласьць былі накіраваны 57 паліцэйскіх. Але звыш 200 чалавек узброілася палкамі і перагарадзілі дарогу паліцэйскім.

Для ўціхамірваньня сялян у ліпеню 1862 г. урад накіраваў роту салдат. Валасны старшыня загадаў забіраць у сялян прадукты харчаваньня, «рэзаць жывёлу». Супраціўленьне луненскіх сялян было зломленае.

Не прынялі ўстаноўчых грамат сяляне вёсак Шчарбавічы, Глядавічы, Стральцы, Жылічы, Камянчаны. У сялян былі адабраны добра ўгноеныя землі, а аддадзены непрыдатныя, на якіх нічога не радзіла. Аб гэтым напісалі скаргу Віленскаму генэрал-губэрнатару ў кастрычніку 1862 г. З-за непісьменнасьці сялян складаў скаргу і зрабіў подпісы за іх нейкі Антоній Багуслаўскі. Праз пяць дзён больш за 100 сялян скасілі частку панскага лугу. 19 кастрычніка 1862 г. ад Віленскага генэрал-губэрнатара Назімава прыходзіць «Адносіна» Гродзенскаму губэрнатару «…аб сходзе сялян Луненскай воласьці Гродзенскага павету аб павялічэньні паншчыны, прысваеньні іх грошай і распрадажы маёмасьці беднякоў памешчыкам». У «Адносіне» распавядаецца на што скардзяцца сяляне «сельских обществ Луненской вол.», што міравы пасрэднік аб’явіў аб адмене згонаў, а летам прымушаў адбываць згонныя павіннасьці звыш вызначанай паншчыны, і штрафуе за невыхады. Што ў 1830 г. зярно з сельскага запаснога магазына (склад для семяннога зерня сялян) было забранае на харчаваньне войска, а грошы 2000 р. забраў памешчык сабе, і хлебны запас папоўнены недастаткова. Скарб 23 сялянскіх гаспадарак распраданы за нядоімкі, бо па прычыне дрэннага ўраджаю і падзяжу ската гэтыя сяляне не змаглі і не адпрацавалі на памешчыка. Толькі ў 1858 годзе ў сялян адабрана 500 дзесяцін зямлі, а эканомія павялічыла грашовыя плацяжы на 1 руб. 46 кап. з двара. Таксама на 1 дзень павялічана баршчына і склала 5 дзён на тыдзень замест чатырох.

Скаргі на гэта міравому пасрэдніку і земскаму спраўніку не далі ніякіх вынікаў і таму сяляне хадайнічаюць аб утварэньні сьледчай камісіі для справядлівага разгляду іх скаргаў. У дакумэнце адзначаецца, што і раней у некаторых вёсках Луненскай воласьці адбываліся беспарадкі з нагоды патрабаваньняў памешчыкаў, якія не адпавядалі Ўстаўным граматам.

Якія былі наступствы скаргі сялян і адносіны Віленскага генэрал-губэрнатара сьведчыць «Рапарт Гродзенскага земскага спраўніка Гродзенскаму губэрнатару аб прымяненьні ваеннай сілы пры ўвядзеньні Ўстаўной граматы ў Луненскай воласьці» ад 25 сьнежня 1862 г. « (…) То, чтобы восстановить порядок и повиновение, тем более во избежание распространения подобных беспорядков и в других местах, я отнёсся к Командиру 3-го батальона Калужского пехотного Его Величества короля прусского полка, дабы в виде экзекуции послать в деревни Каменчаны, Стрельцы, Жиличи, Шкробовичи и Глядовичи на каждый двор (которых всего 150) по два человека и сьверх того устроил в местечко Лунно особый караул из 60 человек, для арестования или же в случае надобности наказания более виноватых и упорных крестьян и на счёт размещения низших чинов при приличном содержании я назначил ежедневного экзекутного платежа по 5-ти копеек на человека и за переход по 1 1/2 копейке на версту и требовал чтобы те же постояльцы непременно тот час доставили ко мне в Лунну каждый своего хозяина и таковыми они всё были собрать, то я сделал им при мировом посреднике соответствующее внушение, заставил быть спокойными и выслушать Уставную Грамоту, а когда это кончилось с желаемым успехом я крестьянам возобновил приказание, чтобы руководствовались и повинности исполняли по Грамоте, а нижних чинов для 11 роты удовлетворить следуемыми деньгами, в чём малейшего сопротивления со стороны крестьян я уже не встретил, а как по местному дознанию моему оказалось: что к означенному неповиновению более всего виновен крестьянин деревни Каменчаны Иван Олизар, который чувствуя свою вину, до прихода моего скрылся, то я предписал приставу Бугардту за возвратом Олизара доставить его за караулом ко мне в Гродно для воздержания его от подобных поступков».

Сяляне яшчэ паспрабавалі паскардзіцца самаму імпэратару Аляксандру ІІ. Але скарга ў Пецярбург не дайшла, а асела ў канцылярыі самага Гродзенскага губэрнатара Івана Галера.

У І859 г. на тэрыторыі, ахопленай Волпай, Росьсю і Луна, адбыўся «цьвярозы» рух, які дасягнуў піку ў гэты час амаль ва ўсім краі. Ішоў працэсу станаўленьня таварыстваў цвярозасьці. Афіцыйныя улады, як сьвецкія, так і царкоўныя выступілі супраць дадзеных арганізацый. Мітрапаліт Маскоўскі Філярэт выказваўся, што хоць сама ідэя цьвярозасьць зьяўляецца доброй, реализация ее раз стварэньне арганізацый парушае прынцып дабраахвотнасьці, а мэта таварыстваў «произвести расстройство в одной из отраслей государственного дохода».


Антыалкагольны плякат


«Кожны мужчына прыпісваўся да вызначанай карчмы, а калі ён не выпіваў сваю „гадавую норму“ – шынкары спаганялі недаатрыманы прыбытак з двароў абшчыны пры дапамозе царскіх чыноўнікаў. Урэшце сялянам надакучыла карміць дармаедаў, і яны не змаўляючыся сталі байкатаваць гандляроў віном» – сьцьвярджае Гісторык Вардугін. Сяляне на сходах прынялі пастановы ў царскіх кабаках віно і гарэлку не купляць. «У нас няма ні п’янства, ні распусты, ні крадзяжу. Хату хоць на цэлы дзень пакідай адчыненай – ніхто трэскі не возьме», – піша пра звычаі нашай мясцовасьці Эліза Ажэшка.

Міністар фінансаў, напалоханы стратай калясальнага прыбытку ў казну, адмысловым загадам забараніў цьвярозьніцкія сходы і наказаў зьнішчыць іхнія пастановы пра ўстрыманьне ад спажываньня алькаголю.

Студзеньскае Вызвольнае Паўстаньне

Паўстаньне тут было больш зацятае, упартае, чым у Каралеўстве. Наймужнейшыя, найшляхетнейшыя, найгарачэй мілуючыя загінулі ад кулі, ад ссылкі, ад эміграцыі.

Эліза Ажэшка

Беларускія, польскія і літоўскія патрыёты рашылі выкарыстаць сытуацыю, каб вызваліцца ад акупантаў. У канцы 1850-х гг. і пачатку 1860-х на Беларусі, у Польшчы і Літве ўзьніклі канспіратыўныя арганізацыі, а з восені 1861 г. падрыхтоўку паўстаньня ачоліў Камітэт у Вільні. Генэрал-губэрнатар Міхаіл Мураўёў называе нашу краіну «самой мяцежной колонией России».

3 верасьня 1861 года Гродна і губэрня абвешчаны на ваенным становішчы (зьнятае 28 кастрычніка 1862 г. і зноў абвешчана 26 студзеня 1863 г.). Яшчэ ў сакавіку 1861 г. з бацькаўскай Якушоўкі з мэтай стварэньня кансьпіратыўнай вызвольнай арганізацыі ў Гародню накіраваўся Кастусь Каліноўскі. Сярод іншых у Гарадзенскую арганізацыю ўвайшлі Валеры Ўрублеўскі, Эразм Заблоцкі, Ян Заржыцкі і Ян Ваньковіч. З ліпеня 1862 года пачынае выпускацца Кастусём Каліноўскім «Мужыцкая праўда» – першая рэвалюцыйна-дэмакратычная газэта ў Беларусі.

«У нас, дзецюкі, адно вучаць у школах, каб ты знаў чытаці па-маскоўску, а то для таго, каб цябе саўсім перарабіці на маскаля… – зьвярталася газета да простага люду. – За тое, што мы цару 25 лет на войнах служым без людскай стравы і адзежы, мала таго, што не дае шляхецтва, но, сабача юха, не дае нават куска зямлі, каб, хаця цяжка гаруючы, дабіціся да спакойнай смерці… А што грэху набярэшся перад Богам, спрыяючы маскалю, таго ніколі Бог не даруе. Ідзе француз даваці вольнасьць мужыкам, бунтуюцца местачковыя да і маладзёж за сваю і нашу вольнасьць і веру, а мы-то даем рэкрута, і нашымі грудзямі цар маскоўскі застаўляецца, і нашымі рукамі ўсмірае бунты… Ён-то, перакупіўшы многа папоў… плаціў грошы, каб толькі пераходзілі на праваслаўе, і, як гэты антыхрыст, адабраў ад нас нашу справядлівую ўніяцкую веру і пагубіў нас перад Богам навекі, а зрабіў гэта для таго, каб мог нас без канца драці, а Бог справядлівы не меў зьлітаваньня над намі».

«Падумайце добра да, памаліўшыся Богу, станьма дружна разам за нашу вольнасьць! Нас цар ніц не падмане – не падвядуць маскалі: няма для іх у нашых сёлах ні вады, ні хлеба, для іх мы глухія і нямыя – нічога не бачылі і не чулі. А пакуль яшчэ пара, трэба нашым хлопцам спяшаць з віламі ды з косамі там, гдзе дабіваюцца волі да праўды, а мы, іх бацькі да жонкі нашы, сьцерагчы будзем да ўведамляць, адкуль на іх сягне нячыстая маскоўская сіла, да ад душы памагаць усялякімі спосабамі дзецюкам нашым, што за нас пойдуць біцца. А будзе ў нас вольнасьць, якой не было нашым дзядам ды бацькам», – заклікае Кастусь Каліноўскі ў «Мужыцкай праўдзе».


Мужыцкая праўда


Шырокую дзейнасьць разгарнуў Кастусь Каліноўскі на Гарадзеншчыне. Валеры Ўрублеўскі, будучы генэрал Парыскай камуны, стаў ваенным начальнікам Гродзенскага ваяводзтва. У губэрні паўстанцы ўтварылі акругі, адпавядаючыя 5-ці станам. Цывільным кіраўніком Гродзенскага павету быў прызначаны Ян Каменьскі ўладальнік Мінявіч з Луненскай воласьці. Ян Каменьскі заслугоўвае таго, каб аб ім і яго лёсе было расказана падрабязьней, што будзе зроблена ў аддзельным апавяданьні пазьней.


Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 г. Карціна Пётры Сергіевіча


Унук паўстанца Язэпа Шамета з в. Дубраўляны (апошні час жыў у Седзянеўцах) успамінаў, што яго дзед быў сувязным паўстанцкіх атрадаў, што ў нашай мясцовасьці дзейнічала каля трох тысяч паўстанцаў, узброеных драбавікамі, шаблямі, пікамі ды косамі. Пасьля паразы каля Кнышава Язэп Шамет вывез з поля бою параненага паўстанца Жалезьнякоўскага з в. Хамічы, а самому ўдалося пазьбегнуць палону. Мясцовыя сяляне вялікай актыўнасьці ў паўстаньні не праявілі, але калі паўстанца агітатара з в. Камянчаны Івана Алізара арыштавалі, то 30 сялян зьяўіліся ў Луненскае валасное праўленьне, зьбілі старшыню Малашку і вывезьлі ў невядомым накірунку. Але на самой справе «Малашка (Małaszko) Ян, с. Шымона, войт Лунна, быў арыштаваны ў першыя дні сакавіка 1866 г. [? памылка – 1863] за захаванне паўстанчай літаратуры. У той час меў 45 гадоў», гэта значыць – быў паўстанцам.

23 красавіка 1863 у Чарлёне атрад паўстанцаў узяў з канюшні князя Друцкага-Любецкага пяць коней з вазамі і правізіяй, яшчэ два верхавых каня і накіраваўся да Мількаўшчыны. У гэты дзень Луненскі станавы прыстаў бачыў атрад «мяцежнікаў» каля вёскі Дубна, і накіроўваўся ён на Зяльвяны.

Паўстанцкія камандзіры выкарыстоўвалі своеасаблівую тактыку ў час сутыкненьняў з моцнай воінскай камандай: атрад заранёў быў падзелены на невялікія групы па 20 – 25 чалавек і па камандзе начальніка ў час найбольшай небясьпекі «зьнікаў», расьсейваўся, каб праз дзень-другі зноў сабрацца ў назначаным месцы. Частка атраду Лянкевіча (Ляндара) павінна была сабрацца ў лясах каля Мастоў. У атрадзе Вайсковага начальніка Гродзенскага павету Аляксандра Лянкевіча быў Міхаіл Семянчук з в. Шчэчыцы, які ў палоне пазначыў: «у шайку вярбоўшчыкамі людзей дастаўляема не было, але ўсялякі зьяўляўся дабраахвотна».

Невядома, якую пазыцыю ў адносінах да паўстаньня занялі гаспадары маёнтка Луна, але ён не быў абкладзены часовым зборам з маёнткаў памешчыкаў польскага паходжаньня на ўтрыманьне сельскіх каравулаў у пэрыяд з 1 кастрычніка 1863 г. да 1 мая 1864 г. Сельскі каравул у Луна складаўся з дзяржаўных сялян Ваўпянскага і Дубнаўскага вясковых грамадзтваў, якія забясьпечваліся хлебам з запасных абшчынных магазынаў, а грашовыя сродкі выдзяляліся з харчовага і мірскага капіталаў.

22 ліпеня 1863 года Гродзенскі губэрнатар Уладзімір Бобрынскі па прапанове Віленскага генэрал – губэрнатара Міхаіла Мураўёва распараджаецца «о строжайшем запрещении женщинам носить траур, а мужчинам польские национальные костюмы или же другие революционные знаки». Аб'ява аб гэтым была надрукавана ў «Гродненских губернских ведомостях» і аддзельнымі публікацыямі.

У І864 г. Паўстаньне было задушана, а Кастусь Каліноўскі 22.03. І864 г. павешаны на Лукіскім пляцы ў Вільні і тайна пахаваны, каб і магілы яго не было. У «Лісьце з-пад шыбеніцы» ён пісаў для свайго народу: «…Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, – но не жаль згінуць за тваю праўду… Няма ш, браткі, большага шчасьця на гэтым сьвеце, як калі чалавек у галаве мае розум і навуку… Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам навука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай навукі, – адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу… Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасьліва, калі над табою Маскаля ўжо не будзе.

Твой слуга

Яська-гаспадар з-пад Вільні».

Варта сказаць пра жанчын, якія актыўна, ці ўскосна ўдзельнічалі ў змаганьні, душой і сэрцам падтрымалі яго высокія ідэі.

Пад наглядам паліцыі па Гродзенскай губэрні за спачуваньне Паўстаньню і ўдзел у ім знаходзілася 64 кабеты. Многія жанчыны паехалі ў Сыбір за сваімі мужамі. Некаторыя несьлі гэты крыж разам са сваімі дзецьмі: Канстанцыя Сядлецкая і дачка Сафія, Владычанская Яна з дачкой Вікторыяй, Малевічова Людвіка з дачкою Аляксандраю Лявонія Каменьская з дачкой Марыяй і сынком, які памёр у Сыбіры…

У 1863 г. у Гродзенскую турму былі кінуты 638 чалавек, з іх – 36 жанчын. Найчасьцей – шляхецкага паходжаньня і высокага сацыяльнага статусу: жонка «предводителя дворянства Гродненского уезда» Севярына Ромэра – Тэадора, сёстры Людвіка і Крыстына Нарбуты і інш.

Аб вялікай самаахвярнасьці жанчын і нялюдзкасьці, дзікай жорсткасьці царскай жандармэрыі сьведчыць і тое, што ў турму кінулі жанчын разам з дзецьмі: Казіміра Высоцкая і трое маленькіх дзяцей – Казімір, Мар'яна, Станіслава; Канстанцыя Высоцкая і дочкі Аўгусціна і Тэрэза; Антановіч Канстанцыя з дачкою Юліяй і 4-х гадовым сынам Казімірам і інш.

Ссылалі жанчын і за непасрэдны ўдзел у Паўстаньні: Караліна Станішэўская ў Цвер за збор ахвяраваньняў і перадачы ежы паўстанцам, Багдановіч Эвеліна ў Кастраму – за збор ахвяраваньняў для сем'яў паўстанцаў і шмат інш.

Пратэст жанчын працягваўся і пасьля падаўленьня паўстаньня, набываў цікавыя формы. Кабеты масава пачалі апранаць жалобнае адзеньне з сымбалічнымі знакамі – чорная доўгая сукенка, абшытая чырвонай і блакітнай стужкай, чорны капялюш, на якім знаходзілася спражка герба Паўстаньня. Найбольш распаўсюджана гэтая зьява была ў Віленскай і Гродзенскай губэрнях.

Пратэст жанчын набыў такі масавы характар, што царскі ўрад быў вымушаны прыняць самыя жорсткія меры і інструкцыі: «Принять меры к прекращению преступных манифистаций, воспретить носить траур и другие мятежницкие знаки… начали эти беспорядки в здешнем крае женщины…».

Ад тых часоў каля в. Мінявічы засталася магіла-курган 40 паўстанцам.


Ушанаваньне Паўстаньня 1863 у Сьвіслачы скончыўся затрыманьнямі


Штогод патрыёты ўшаноўваюць памяць паўстанцаў. На што ўлады адказваюць затрыманьнямі, арыштамі і штрафамі.


Перапахаваньне парэшткаў удзельнікаў Паўстаньня 1863—64 гадоў


22 лістапада 2019 на Віленскіх могілках Росы адбылася цырымонія перапахаваньня парэшткаў удзельнікаў антырасейскага Паўстаньня 1863—64 гадоў.

Ян Каменьскі-паўстанец

Загінем, – добра, але гэты наш крык, крывёю і сьлязьмі сплываючы, застанецца ў паветры, і тым, што пасьля нас прыйдуць, памерці не дасьць, і сонных зрываць будзе з пуховых пасьцеляў, і стане сном чорным і сном залатым народу, і лупцуючым яго да вечнай барацьбы пугай, а тады толькі адгучыць, калі пераможа-ідэя. Эліза Ажэшка «Gloria victis» – «Слава пераможаным»

Цывільны начальнік Гродзенскага павету

У кастрычніку 1862 г. кіраўніком Літоўскага правінцыяльнага камітэту стаў Кастусь Каліноўскі. У канцы сакавіка 1863 г. ён зноў прыяжджае ў Гародню з усімі паўнамоцтвам, і як рэвалюцыйны камісар ваяводзтва.

«Дзяцюкі, – зьвяртаецца К. Каліноўскі да сялян – Жывучы пад рондам маскоўскім, кожны ведае, што ён нас абдзірае і глуміць, но мала хто добра падумаў, чы можна ад яго спадзяваціся чаго-лень для нас альбо для дзяцей нашых?» І ў канцы пісьма: «Так з гэтага пісьма і відна: што няма чаго ждаці ад нікога, бо той толькі жне, хто пасее. Дык сейце ж, Дзяцюкі, як прыйдзе пара, поўнаю рукою, не шкадуйце працы – каб і мужык быў чалавекам вольным, як е на цалюткім сьвеце. Бог нам дапаможа!!!

Яська-гаспадар з-пад Вільні.

Каштуе грошы 5».

Кастусь Каліноўскі і Валеры Урублеўскі ствараюць рэвалюцыйны камітэт партыі «чырвоных», аб’ядноўваюць пяць паветаў. Сябрамі камітэта сталі Баляслаў Заблоцкі, Аляксандар Гінтаўт, Ян Ваньковіч, Станіслаў Сонгін, Ян Казлоўскі, Фелікс Ражанскі, Ян Заржыцкі. Камісію апекі ў складзе жаночага камітэта ачольвае Эліза Ажэшка. Гродзенская губэрня дзеліцца на два ваяводзтва – Гродзенскае і Берасьцейская.

Цывільным начальнікам Гродзенскага павету быў прызначаны Ян Каменьскі ўладальнік Мінявіч з Луненскай воласьці.

Ян Каменьскі названы Эліза Ажэшка «рыцарам з брыльянтавай душой» паслужыў ёй прататыпам Андрэя Карчыньскага ў рамане «Над Нёмнам», а маёнтак Мінявічы названы ў рамане Карчынам, у 1862 г. зьвярнуўся да люду: «Маці Бацькаўшчына прыгавораная да сьмерці, як жа дзецям яе не плакаць… Павер у Міласэрдзе Божае, большае за грахі народу, малю братоў сваіх у поўным зьяднаньні выйсьці на адно поле, поле бітвы, са штандарам са знакам Арла і Пагоні і Міхала Анёла, да адной мэты, якой ёсьць вызваленьне Бацькаўшчыны».


Герб Паўстаньня: Белы Арол – Герб Польшчы, Пагоня – Герб ВКЛ (Беларусі), Сьвяты Архангел Міхаіл – Герб Русі (Украіны)


Вядома пра Яна Каменьскага, што ён нарадзіўся 16 сьнежня 1827 г. у фальварку Камянец пад Заблудавым.

Верагодна, дзед Яна Каменьскага – Міхал Ігнат Каменьскі удзельнік Паўстаньняпад кіраўніцтвам Касьцюшкі (нарадзіўся ў 1758 годзе ў Ленчыцы, памёр у 1815 годзе ў Раскошы) – дывізіённы генэрал Варшаўскага княства. Пасьля заканчэньня кадэцкага корпусу ў 1770—1776 паступіў 1 верасьня 1777 у 5 полк франтавой гвардыі кароннай у званьні прапаршчыка. Пасьля праходжаньня ніжніх афіцэрскіх чыноў ён атрымаў званьне маёра ў 1789. У 1790 стаў падпалкоўнікам. У 1792 годзе ваяваў супраць расейскай інтэрвэнцыі. Ён вызначыўся пад Вішняполем, атрымаў у 1793 годзе званьне палкоўніка 5 палка франтавой гвардыі і стаў кавалерам Крыжа Ордэна Віртуці Мілітары. 10 красавіка 1794 года пасьля ўзнагароджаньня ў баі пад Шчэкацінамі авансаваў у генэрал-маёры. Пад Мацеевіцамі трапіў у расейскі палон. Узнагароджаны Залатым пярсьцёнкам Радзіма Абаронцы Свайму №20. У 1795 дзякуючы намаганьням калегаў ён здабыў свабоду і абгрунтаваўся на ралі. У 1808 годзе служыў у Генэральным штабе Арміі Варшаўскага Княства. У 1809 годзе ваяваў пад Рашынам, за Замосьце, з генэралам А. Ражнецкім заняў Львоў і арганізоўваў там Часовы ўрад. Паддаўся на выхад у поле расейцам, якія як «саюзьнікі» выціснулі яго з Малапольшчы Ўсходняй. У адсутнасьць сіл для абароны вёў з імі партызанскую вайну. У 1810 ваенны камэндант Сядлецкага дэпартамэнту. Удзельнічаў у Напалеонаўскай кампаніі 1812 года, камандаваў коннай дывізіяй V Польскага корпусу Вялікай Арміі. Як камандуючы франтавой аховай Вялікай Арміі пацярпеў паразу пры Раманаве. Камэндант Смаленску. Цяжка паранены падчас баявых дзеяньняў у абароне маршала Аўдзінота трапіў у палон. Вярнуўся з Расеі ў 1814 г. у Сядлецкі дэпартамэнт, бо тут у 1814—1815 гадах арандаваў фальварак Літоўнікі. Памёр 31 сьнежня 1815 года (1 студзеня 1816 года) у Раскошы блізу Бялай, пахаваны пры касьцёле Сьвятой Ганны ў Бяла-Падляскай.

Сын Міхала Ігнацыя бацька Яна Юзаф Каменьскі нарадзіўся ў 1789. У 1806 годзе, як кадэт, паступіў у 2-й Полк Кавалерыі Варшаўскага Княства, у 1807 г. стаў падпаручнікам Француска – Польскай гвардыі, а ў 1808 г. лейтэнантам. Адбыў кампанію супраць Прусіі 1807 г.


Юзаф Каменьскі, удзельнік Лістападаўскага Паўстаньня (1830—31)


У 1812 годзе ён быў ужо падпалкоўнікам 19 Палку Уланаў Літоўскіх, у 1825 годзе – камандзір 4-га Коннага стралковага палку, а ў 1831 г. – брыгадным генэралам. Маршалак Гродзенскага палку, паўстанец лістападавы – брыгадны генэрал, прыгожы бляндын і яго велікавокая прыгажуня жонка Разалія Мразоўская – бацькі Яна Каменьскага – паўстанца – абодва ляжаць у Луне каля касьцёлу.


Ян Каменьскі-паўстанец


Пасьля заканчэньня вядомай гімназіі ў Сьвіслачы і атрымаўшы дадатковую навуку ў Маскве, Ян Каменьскі загаспадарыў уласнасьць у Мінявічах, якая належала яго роду з ХVІІ ст. Двор у Мінявічах стаў месцам кантактаў, складам і кузьняй зброі для паўстанцаў.

Эліза Ажэшка так апісвае паўстанцаў, з каторымі мела непасрэдны кантакт у Кобрынскім павеце: «Мноства постацей і твараў, вялікая разнастайнасьць іх афарбоўкі і выразу. Ёсьць тут сыны дамоў заможных, дзеці дастатку і элеганцыі, з нясьцёртай плямай іх у рухах і адзеньні. Ёсьць маладыя вучоныя, дзеці думкі і ведаў, з не пазбытым іх сьвятлом на чолах і ў вачах. Ёсьць усе амаль лясьнічыя з плячамі шырокімі, позіркамі крыху панурымі, але хуткімі, для пранікненьня скрозь гушчы і змрокі прыстасаванымі. Ёсьць уся моладзь двароў дробнашляхецкіх, шпаркая, сьмелая, з усьмехамі, лёгкімі размашыстымі рухамі. І ёсьць яшчэ некалькі постацяў кволых, найменш выразных, прыдатныя быць ценямі, каторыя ідуць за тымі. Гэтых з мястэчак, дзе-нідзе з вёсак халопскіх, якіхсьці можа дарог памылковых і нешчасьлівых прывялі сюды заклікі, каторыя сонныя душы страсянулі, надзеі будучыні лепшай, каторыя шаром сплылі на злую сучаснасьць».

bannerbanner