Читать книгу Маё мястэчка Луна-Воля (Лявон Карповіч) онлайн бесплатно на Bookz (4-ая страница книги)
bannerbanner
Маё мястэчка Луна-Воля
Маё мястэчка Луна-Воля
Оценить:
Маё мястэчка Луна-Воля

4

Полная версия:

Маё мястэчка Луна-Воля


Францішак Сапега (1772—1829). Партрэт 19 ст.


У 1809—1810 гадах Францішак Сапега ад таго, што ў Партугаліі горача, у Англіі туманна, у Вільні не хапала сяброў, у Варшаве сумна без картаў, а толькі ў Парыжы і Дзярэчыне – у самы раз, праводзіць час у Дзярэчыне. Тут і памёр легендарны Францішак Сапега ў 1829 г. і пахаваны ў Бярозе – Картускай. Нельга не дадаць, што ў «Таямніцах Парыжу» «улюбёнец жанчын Жан Марэ стварае вобраз рамантычнага Рудольфа дэ Геральштайна, прататыпам якога паслужыў беларускі князь з роду Сапегаў, паўстанец і шукальнік прыгод Францішак Аляксандр. Каго зацікавіў гэты князь і Дзярэчын, можа прачытаць аб гэтым і аб многім іншым у неадарвальнай кнізе Міхася Скоблы «Дзярэчынскі Дыярыюш».


Герб роду Сапегаў


На жаль да Луны (Волі) Францішак быў не вельмі прыхільны, бо 4 лютага 1799 г. ён прадае свае ўладаньні Чарлёна, Лаўна, Воля і Сямаскаўшчына за 500 тыс. польскіх злотых князю Францішку Юзафавічу Друцка-Любецкаму (1735—1806).

Аляксандра Друцкая (каля 1380—1426, Гліняны) – князёўна з роду Друцкіх – маці Каралевы Польскай, чацвёртай жонкі Ягайлы Соф'і Гальшанскай. У 1422 годзе Соф'я Гальшанская стала жонкай Ягайлы і маці яго спадкаемцаў. Так узьнікла вялікая дынастыя Ягелёнаў, правіцеляў многіх Эўрапейскіх дзяржаў на працягу трох стагодзьдзяў.


Францішак Ксаверы Друцка-Любецкі, мал. Валянтэго Слівіцкага (1765—1857): www.polona.pl


Пасля яго ў спадчыну Чарлёну атрымаў яго сын Францішак Ксавэры (1778—1846), знакаміты міністр фінансаў Царства Польскага, жанаты на Марыі Сцыпіо-дэль-Кампа, а затым іх сын Аляксандр (1827—1908). – Наступным уладальнікам стаў сын Аляксандра – Уладзіслаў (1864—1913) жанаты на Марыі Замойскай (1868—1939). Апошнімі ўладальнікамі былі яго дочкі Тэрэза і Яніна. Вядома, на працягу прыкладна 400 гадоў існаваньня палацавыя будынкі ў Чарлёне неаднаразова знішчаліся і перабудоўваліся.

Францішак Ксаверы князь Друцкі Любецкі нарадзіўся 16 снежня 1778 на Беларускім Палесьсі, аўтар праекту пабудовы Аўгустоўскага каналу. Палітычная і гаспадарчая дзейнасьць князя Друцка-Любецкага такая багатая, што выклікае збянтэжанасьць.

Фота Соф’і Хамятоўскай з дому Друцка-Любецкіх захавала выгляд палацу.


Двор Друцка-Любецкіх у Чарлёне (1936 г.)


Зоф’я Катажына Хамятоўская, народжаная Друцкая Любецкая, (1902—1991) – выбітная польская фатографка, якая значную частку сваіх прац прысьвяціла беларускаму Палесьсю. Па яе фпрацах можна вывучаць гісторыю Паўднёва-Заходняй Беларусі, якой ужо не ўбачым, Пінску і пасьляваеннай Варшавы. Яе ўнёсак у справу такі сур'ёзны, што ёй нават прысьвяцілі ў Беларусі дакументальны фільм, а ў Польшчы і дагэтуль выдаюць ейныя фотаальбомы. На працягу 2011—2012 гг. у Пінску і Менску ладзіліся выставы, прысьвечаныя творчасьці Соф’і Хамянтоўскай.

Маёнтак Воля ў 19 стагодзьзі

У маёнтак уваходзілі фальваркі Воля, Сямаскаўшчына і Віктарын, мястэчка Воля і чатыры вёскі – Залескі, Загараны, і Касілы, у якіх налічвалася 58 сялянскіх двароў. Сістэма паляводзтва ў маёнтку была трохпольнай. Сялянскія двары былі надзелены ад няпоўных дзесяці да звыш дзесяці дзесяцін зямлі, ад адной да звыш двух дзесяцін сенакосаў. Сяляне ва ўсіх вёсках павінны былі адбываць прыгонныя дні – цяглыя па тры дні, паўцяглыя па два дні ў тыдзень. Павінны былі адбываць згоны – па 12 дзён у год з рабочай душы, за выключэньнем адной душы, якая заставалася ў хаце для нагляду за гаспадаркай. Акрамя гэтага сяляне павінны былі адбываць шарваркі па 12 дзён у год з двара. Яны ж па чарзе несьлі начны каравул, павінны былі выдзяляць па два дні пешых у год са двара на выпрацоўку воўны, палатна і сукна, у якасьці даніны аддаваць 10 яек, 2 курыцы і адну капу грыбоў у год. Для абаграваньня хат сяляне атрымлівалі лес ад уладальніка, а для пашы жывёл кожнаму адводзілася месца. Праваслаўных сялян налічвалася 330. Яны належалі да Радзівонавіцкага і Ваўпянскага прыходаў. Сялян рыма-католікаў было 82. Усе належалі да Луненскай парафіі.

У «Сьведчаньнях аб маёнтку Воля» за 1845—1848 гг. ёсьць запіс аб тым, што маёнтак знаходзіцца ў вотчынным валоданьні Юльяна Крывіцкага, перайшоў яму ў спадчыну ад бацькі Ксавэрыя Крывіцкага, а апошні набыў яго ў князя Любецкага ў 1809 г. Радавым гняздом Крывіцкіх быў г. Хэлм (Польшча). У канцы 16 в. Крывіцкія пасяліліся на Літве. У Геаграфічным слоўніку чытаем: «Воля. Мястэчка і маёмасьць паблізу Нёмна Гродзенскага павета, у 3 акрузе паліцыйнай, гміны Луна, 46 вёрст ад Гродна, 665 жыхароў, пераважна жыдоў, сынагога, дом малітоўны жыдоўскі, гарбарня. Да мястэчка належыць 14 дзесяцін. Маёмасьць, уласнасьць Вікторыі Крывіцкай, маюць 3 фальварка Семаскаўшчына і Вікторын 1037 дзесяцін (670 пад пабудовамі і ральля, 137 лугоў і пашы, 141 лесу, 83 неўжыткаў). Першым уладальнікам Волі і Зельвян стаў Ксаверы Крывіцкі – ротмістар Гарадзенскі судзьдзя земскі Ваўкавыскі. З жонкай Каралінай Дзянькоўскай дачкой Антона падскарбія надворнага Літоўскага Ксаверы Крывіцкі меў трох сыноў. Сярэдні сын Ксаверыя Юльян нарадзіўся ў 1806 г. і зрабіў нядрэнную кар’еру. У 1863- 67 гадах быў маршалкам шляхты Гарадзенскай губэрні сапраўдным саветнікам штату, кавалер Ордэна Сьв. Ганны I ступені. Згубіў павагу шляхты за ліст цару, у якім выказваў сваю вернападданасьць. З жонкай Вікторыяй з Эйсмантаў меў дзьве дачкі Юзэфу і Караліну. На ім і закончыўся род Крывіцкіх. Юзэфа Памела Крывіцкая выйшла замуж за Уладыслава Тарасовіча, які паходзіў з Гнезна. У выніку Воля і Зяльвяны сталі ўласнасьцю Тарасовічаў. Уладыслаў і яго брат прынялі удзел у Паўстаньні, яго маёнтак Конна быў канфіскаваны. Юзэфа Тарасовіч імкнулася выратаваць хаця б частку іх агульнай з мужам маёмасьці. На імя імпэратара Аляксандра ІІ ў красавіку 1864 г. яна падала прашэньне з просьбай вярнуць ёй грошы, якія яе муж атрымаў за яе ў якасьці пасагу. Юзэфа разам з двума дзецьмі паехала сьледам за мужам у ссылку. Аб гэтым сьведчыць просьба Уладыслава Тарасовіча аб выдачы яму і яго сям’і грашовай дапамогі з казны, накіраваная ў 1865 г. на імя Тамбоўскага губэрнатара. У Юзэфы быў вельмі ўплывовы бацька Юльян-Ксаверый Крывіцкі, які займаў пасаду маршалка шляхты Гродзенскай губэрні. Яго сувязі адыгралі вельмі важную ролю пасьля таго, як яго зяць Уладыслаў Тарасовіч быў высланы ў г. Казлоў Томскай губэрні (знаходзіўся там ужо ў сьнежні 1864 г.). Усе свае магчымасьці і знаёмствы Юльян-Ксаверый накіраваў на тое, каб выратаваць маёмасьць зяця і вярнуць яго на радзіму. 23 сьнежня 1865 г. было абнародавана «Высочайшее повеление», якое давала магчымасьць Тарасовічу прадаць яго маёнтак Конна. Дазвол быў атрыманы і 25 лютага 1867 г. Тарасовіч выехаў з Казлова на радзіму. Верагодна, іншай нерухомасьці Уладыслаў ня меў. Ён мог жыць толькі ў маёнтках Зяльвяны і Воля. Пасьля сьмерці Ксаверыя Крывіцкага па разьдзельным запісе ад 5 жніўня 1830 г. яго сыну Юльяну-Ксаверыю адышоў маёнтак Воля. Пасьля сьмерці самога Юльяна-Ксаверыя Крывіцкага каля 1884 г. на яго спадчыну прэтэндавалі дачка Юзэфа Тарасовіч і ўнук барон Сігізмунд Сігізмундавіч Дангель. Адпаведна ўводнага ліста яны былі ўведзены ў агульнае валоданьне маёнткам Воля.


Герб роду Тарасовічаў


Уладыслаў Тарасовіч і Юзэфа пасьля сьмерці былі пахаваны ў Гнезна, дзе пры касьцёле ёсьць помнік з надпісамі: «SP Wladyslaw Tarasowicz ur 24 stycznia 1826 r, zmarl 1 lutego 1892 r. SP Krywickich Jozefa Tarasowicz, ur 22 czerwca 1836 r. Zm 2 grudnia 1903 r». Маці Юзэфы Вікторыя перажыла іх. Цэцылія з Талочкаў Цешкоўская ў «Размове аб тым, што было» узгадвае Волю таго часу: «А дзьве мілі ад Зяльвян быў другі маёнтак Тарасовічаў, Воля, у якім у вельмі прыгожым старым доме з вялікім паркам жыла бабка Юлька Тарасовіча пані Крывіцкая са сваёй дачкой удавою Юзэфай Тарасовіч. Пані Крывіцкая была вельмі дастойнаю старэнькаю. Дробная, акружаная старою службаю, сядзела самотна і ня мела таварыства». У 1832г. Крывіцкія пабудавалі ў Волі цікавы двор у клясычным стылі, падобны да будынку ў Росі. Двор падрабязна апісаны Раманам Афтаназы ў артыкуле «Воля каля Луны», дзе зьмешчана аж 4 здымкі будынка з 1939 г.


Палац (да 1939). Воля. Раман Афтаназы


Фатаграфію двара з 1934 г. надрукавала ў сваёй кнізе амэрыканская падарожніца Louise Arner Boyd. Добра адлюстраваны палац і на малюнку Вітольда Карпызы. Наступным уладальнікам Волі стаў сын Юзэфы Юліян Тарасовіч. У 1911 г. Юльян Тарасовіч памёр. Юльян меў адзінага сына Эдварда-Мар’яна (? —пасьля 1939) і дачку Юзэфу Марыю (1899—1932). У спадчыну пасьля бацькі зусім яшчэ юнаму Эдварду дастаўся маёнтак Воля. Нарадзіўся Эдвард Тарасовіч у 1891 г. Скончыў Сельскагаспадарчую акадэмію ў Дублянах. Перад І-й Сьветавой вайной ён ажаніўся з Ядвігай-Эміліяй Дзяконскай (1895—1939) з маёнтку Пятровічы Кобрынскага павету. У час вайны, адпаведна расійскаму праву, Эдвард Тарасовіч не быў мабілізаваны, таму што быў адзіным сынам. Летам 1915 г. пачалося актыўнае наступленьне нямецкіх войск, многія жыхары заходніх рэгіёнаў Беларусі пакідалі свае родныя мясьціны, перамяшчаліся на ўсход. Цішэўская падрабязна апісвала пераезд у Менск, які працягваўся тыдзень. Цяжка было знайсьці месца для начлегу, а мясцовыя жыхары па-рознаму ставіліся да бежанцаў. Сем’і Тарасовічаў і Талочкаў пасяліліся ў Менску ў адным доме №16 на вул. Захар’еўскай, разам вялі гаспадарку.


Касьцёльны хор. У цэнтры побач з ксяндзом Мечыславам Радзішэўскім Эдвард Тарасовіч і яго жонка Ядвіга


У 1920—1930-я гг. сям’я Эдварда і Ядвігі-Эміліі Тарасовічаў жыла ў Волі, дзе была адноўлена вельмі прыгожая сядзіба, яе тагачасны выгляд захавалі старыя здымкі.


Маёнтак Воля. Выгляд да 1939 г.


Гэтую сям’ю яшчэ памятаюць старэйшыя людзі ў ваколіцы. Зь іхніх слоў гаспадар быў страшным карцёжнікам. Частку маёнтку прайграў у карты. З-за гэтага напэўна Эдвард Тарасовіч меў фінансавыя праблемы, таму што маёнтак Воля быў закладзены ў Віленскім Земскім банку. Нягледзячы на гэта ў пачатку 20 ст. новы ўладальнік Эдвард Тарасовіч адрамантаваў увесь будынак, але ў час Першай Сьветавой вайны ён быў зьнішчаны. Адноўлены ў 1928 г. Па дадзеных на 1937г. за гэтым маёнткам пляцам 561 га значылася пазыка ў 104 тыс. 224 зл. Двор стаяў у парку плошчай 3 га. З правай стараны вяла да яго шырокая ўязная алея тапалёвая, якая заканчвалася стылёвай брамай, завешанай на двух мураваных акруглых слупах. Перад домам быў вялікі газон, праз які вяла сьцежка сярод дэкаратыўных кустоў і штамбавых руж. Другі газон быў з тыльнага боку дому, Спадаў ён да гуляючай у нізе рачулкі, праз якую перабягалі два бярозавыя масткі. За рэчкаю ляжаў агарод. Газоны акружалі ёлкі, лістоўніцы, ліпы, бярозы і таполі.

Лёс апошніх уладальнікаў Волі

У Тарасовічаў было два сыны, абодва зьяўіліся на сьвет у маёнтку Воля. Старэйшы Казімір нарадзіўся 20 сьнежня 1919 г., малодшы Станіслаў – 22 траўня 1922г. Хлопчыкі вучыліся ў гімназіі бацькоў-езуітаў у Вільні.


Маёнтак Воля. Пасьля паляваньня


У гары са стрэльбамі Станіслаў, унізе – Казімір Тарасовічы. Фота сярэдзіны 30-х гг. ХХ ст. Фота з кнігі: В. М. Папко. Род Дзяконьскіх і іх маёнткі на Брэстчыне ў ХІХ-ХХ стст. Брэст: Альтэрнатыва, 2009.


Ядвіга-Эмілія Тарасовіч з сынамі Станіславам і Казімірам


На старых здымках тых часоў усе члены сям’і выглядаюць шчасьлівымі.


Ядвіга і Эдвард Тарасовічы з сынам Казімірам (1938 г.)


Адзін са здымкаў прадстаўляе Ядвігу-Эмілію, яе мужа і сына Казіміра каля матацыкла. Гэтая жанчына, маці дарослага сына, захоўвала стройнасьць і дзявочую фігуру. Здымак прадстаўляе яе на матацыкле, які ў тыя часы зьяўляўся сымбалям дастатку і тэхнічнага прагрэсу.


Эдвард, Казімір і Станіслаў Тарасовічы,1939 г. Фота з кнігі: В. М. Папко. Род Дзяконьскіх…


20 сакавіка 1939г. памерла Ядвіга-Эмілія, яна была пахаваная ў Варшаве на Павонзках. Пасьля верасьня 1939 г. па прыходзе савецкіх войскаў Эдвард Тарасовіч і яго сын Станіслаў былі арыштаваныя ў Вільні. Невядома толькі ці ў 1939 г., ці ў 1940—1941 гг. Па другой вэрсіі ён быў арыштаваны разам з маці Ядвігай. Эдвард Тарасовіч памёр ад дызэнтэрыі 8 верасьня 1941 г. у лягпункце №47 лягернага комплексу Севуралляг Сьвярдлоўскай вобласьці Расійскай фэдэрацыі. Лёс яго маці Ядвігі невядомы.

Станіслаў апынуўся ў ваколіцах Ташкенту, пасьля патрапіў у войска Андэрса. Ваяваў пад Монтэ-Касына. Пасьля вайны патрапіў у Англію, дзе сустрэўся са сваёй будучай жонкай Марыен-Элан (нар. у 1932г.). Хутка сям'я пераехала ў канадзкі Манрэаль. Станіслаў Тарасовіч пачаў выкарыстоўваць англізаваную форму свайго імя і прозьвішча – Стэнлі Дэ Тэры. Працаваў графікам. У 1987г. прыяжджаў у Польшчу, каб сустрэцца з братам. Станіслаў памёр у Манрэалі 9 сьнежня 1992 г., дзе засталіся жыць яго жонка і двое дзяцей. Дачка Джэнет у шлюбе з Лей Харысанам мае дачку Ізабэлу Доун і сына Марка. Сын Станіслава Роджар Дэ Тэры нарадзіўся ў 1963 г., жонкі і дзяцей не мае. Лей Харысан валодае ў Манрэалі фабрыкай шкла і люстэркаў, дзе працуе яго жонка Джэнет і яе брат.

Лёс Казіміра быў вельмі складаным. У 1939г. ён не патрапіў у савецкія турмы. З прыходам немцаў пасяліўся ў Луна, таму што маёнтак на той час быў ужо разрабаваны. Паколькі добра ведаў нямецкую мову, быў войтам. У часы акупацыі ў Луне дзейнічала Армія Краёва. Застава АК належала да акругі «Левы Нёман». Камэндантам заставы Луна быў падпаручнік Казімір Тарасовіч, згодна з запісамі Вітольда Карпызы, апошні ўладальнік Луна—Волі. Яго зьвесткі заснаваны на ўспамінах жыхаркі Луны Ірэны Алізар: «Казімір Тарасовіч быў у войску (пасьля экзамэну і падхарунжоўкі). У часы акупацыі нямецкай жыў у Луне (знаў бегла нямецкую мову) і быў войтам. Быў таксама камандзірам узводу АК у нашай акрузе. Тарасовіч быў уладальнікам маёнтку Воля. На пачатку 1945 г. быў арыштаваны. У лягеры працаваў як фэльчар. Да краю вярнуўся ў 1956 г. Нядаўна даведалася, што памёр». Па другіх зьвестках пасьля вызваленьня Беларусі ў 1944 г. быў арыштаваны, атрымаў 25 гадоў за супрацоўніцтва з Войскам Арміі Краявой.


Казімір і Людвіка Тарасовіч з дачкой Ядвігай. Фота з кнігі: В. М. Папко. Род Дзяконьскіх і іх маёнткі на Брэстчыне ў ХІХ-ХХ стст.


У 1953 г. яго выслалі ў Казахстан. Дзяўчына з Луна Людвіка Швед, якая слала ў лягер пасылкі свайму бацьку, падтрымлівала пасылкамі на працягу знаходжаньня ў лягеры і Казіміра. Ён прапанаваў ёй у лісьце выйсьці за яго замуж. Яна доўга не згаджалася, бо была простай дзяўчынай, да таго ж нянька ў дзяцінстве вывіхнула ёй лапатку, і ў яе пачаў разьвівацца горб. Але потым усё ж паехала да яго. Казімір меў адукацыю фэльчара, разам з жонкай працаваў у шпіталі ў Акчатаў. У 1955г. нарадзілася адзіная дачка Казіміра – Ядвіга-Стэфанія. Праз год сям'я атрымала дазвол на пераезд у Польшчу і пасяліліся ў сучасным Заходнепаморскім ваяводзтве. Па дарозе туды ў касьцёле вёскі Каменка каля Скідаля Казімір і Людвіка ўзялі шлюб і пахрысьцілі маленькую Ядвігу. Да пэнсіі Казімір працаваў фэльчарам, памёр у Гнезна праз месяц пасьля спатканьня з братам 17 лютага 1988г.

Ядвіга-Стэфанія скончыла філялягічны факультэт, выйшла замуж за Паўла Хэлміняка (нар. у 1956г.), мае адзінага сына Міхала-Ежы, які нарадзіўся ў 1981г. Ядвіга працуе настаўніцай польскай мовы і літаратуры ў Гнезна.

Апошнія з Сапегаў

Але, калі ўспамінаць пра ўсіх уладальнікаў Луна, то трэба зноў вярнуцца да Сапегаў. А каб падзеі выглядалі больш зразумела, зірнем на Сапегаўскае радавое дрэва. Вядомы нам Аляксандр Міхал, заснавальнік радавой рэзыдэнцыі ў Дзярэчыне, меў сына Францішка, які ў сваю чаргу быў бацькам Яўстаху – паўстанцу. Яўстах Каятан Сапега з 1821 г. жыў у Англіі. Але ў лістападзе 1830 г. выбухнула Вызвольнае Паўстаньне супраць Расейскіх акупантаў. Трыццацігадовы князь пакідае маёнтак у графстве Лянкашыр, магілу жонкі Мары Патэн Больд і вяртаецца ў радавое гняздо. У раньзе падпаручніка так змагаецца з ворагам, што ўзнагароджваецца Залатым Крыжом Віртуці Мілітары (Вайсковага Гонару). Не толькі адвагай у баях, але, прадаўшы маёнтак у Ружанах, Яўстах Каятан грашыма падтрымлівае паўстаньне, так, як гэта зрабіла і Эмілія Плятэр. Пасьля паразы паўстаньня князь з сотнямі сваіх сяброў вымушаны падацца ў эміграцыю. Жыве спачатку ў Англіі, потым у Францыі ў гарадку Бяланкурт пад Парыжам. Назапашвае сродкі з надзеяй на новае паўстаньне, але 16 лістапада 1860 г. памірае. Пахаваны на Манмартры. Усе ўладаньні на Радзіме былі сканфіскаваны. Сьпіс вывезенага дабра з Дзярэчына ў Расею складаецца з 124 лістоў. Толькі мастацкіх палотнаў ды ўпрыгожаньняў было вывезена 303 пуда 25 фунтаў (каля 5 тон).

Памяць Яўстаха Каятана шануецца ў Дзярэчыне. У 1999 г. мясцовыя патрыёты ўстанавілі ў адноўленым касьцёле мэмарыяльную дошку:

«Яўстаху Каятану Сапегу (1797- 1860)

уладару Дзярэчына ўдзельніку нацыянальна – вызвольнага паўстаньня 1830- 1831 гг».


Яўстах Каятан Сапега (1797—1860). Партрэт 19 ст.


Яўстах Каятан меў сына Яна Паўла Аляксандра. У 1877 годзе афіцэр арміі Яе Вялікасьці Каралевы Вялікай Брытаніі ўзяў шлюб з Севярынай Урускай – Тызенгаўз, якая ў якасьці пасагу мела маёнтак Спушу, што ў 12 км ад Скідаля. Гэта стала адзінай маёмасьцю на акупаванай тэрыторыі Вялікага Княства некалі магутнага роду Сапегаў. Праз чатыры гады ў маладой пары нарадзіўся сын Яўстах Каятан, названы так у гонар дзеда. Атрымаўшы адукацыю ў Цюрыху (Швэйцарыя) і ажаніўшыся на Тэрэзе Ізабэле з Любамірскіх, Яўстах Каятан пасяляецца ў радавым маёнтку Спушы (цяпер – Старая Спуша Шчучынскага раёна). Правадыр Польшчы Юзаф Пілсуцкі запрашае яго на дыпляматычную службу паслом у Англію, пазьней прызначае на пасаду міністра замежных спраў Польшчы. У 1921 г. бальшавікі з немцамі падпісалі ганебную Рыскую дамову, разадраўшы Беларусь на дзьве часткі. Яўстах Каятан не можа з гэтым пагадзіцца і пакідае Ўрад Пілсудскага.


Яўстах Каятан – унук (1881—1963).


«Трэба было адбудаваць Спушу з руінаў, якія засталіся па вайне», – успамінае сын былога міністра Яўстах Севярын, які нарадзіўся тут 7 жніўня 1916 г. і пражыў у Спушы з невялікімі перапынкамі 23 гады. Пасьля заканчэньня аднаўленчых работ палац у Спушы выглядаў вельмі прыгожа: мураваны двухпавярховы, з мансардай, галерэямі і бальконамі. Каля палаца разьлягаў прыгожы лесапарк. У 1933 г. Яўстаху Сапегу польскі ўрад зьвярнуў сканфіскаваныя Расеяй у яго дзеда паўстанца маёнткі і землі. Валянцін Дубатоўка піша, што сярод вернутых былі Ружаны, Дзярэчын, Зэльва, Новая Мыш, Луна. Як былі ўладкаваны справы з Тарасовічамі, невядома. У 1939 г. Яўстах Каятан быў арыштаваны распачаўшымі вайну саветамі і пасаджаны ў Менскую турму. Потым былі допыты на Лубянцы, сьмяротны прысуд сталінскай «тройкі»… Але Лаўрэнцій Берыя замяніў расстрэл на катаржныя работы на Беламор – канале. Уратаваньне прыйшло праз армію Андэрса, з якой Яўстах пападае ў Афрыку. Так род Сапегаў назаўсёды пакідае родную зямлю. І толькі праз паўстагодзьдзя 4 верасьня 1998 г. князь Яўстах Севярын Сапега выйшаў з вагона Варшаўскага цягніка на Гарадзенскім вакзале.


Яўстах Севярын Сапега


Сын апошняга з Сапегаў – уладальнікаў Луна жыў у Афрыцы ў горадзе Найробі краіны Кеніі. Ён не забыў сваіх каранёў.


Апошні дзень нараджэньня князя  Яўстаха Севярына Сапегі ў Найробі


У Варшаве надрукаваны плён яго працы, прысьвечанай Бацькаўшчыне і свайму роду – васьмісотстаронкавы фаліянт «Сапегаўскі дом» з падрабязнымі біяграфіямі, фамільнымі партрэтамі, апісаньнямі маёнткаў… Пераадолеўшы 7 тысяч кілямэтраў, князь Яўстах Сапега крочыў ля руін Ружанскага палаца, схіляў галаву перад мэмарыяльным знакам свайму прадзеду ў Дзярэчынскім касьцёле, марыў пабудаваць невялікі дом у Спушы…

Мястэчка ж Луна працягвала заставацца ў складзе Гарадзенскай эканоміі, створанай у 1588 г. з дзяржаўных маёнткаў Гарадзенскага павету. Маёнткі яе здаваліся ў арэнду. Становішча сялян эканоміі было цяжкім, але лепшым, чым у магнацкіх і царкоўных уладаньнях. Значныя страты эканоміі нанесьлі войны 17—18 стст., эпідэмія чумы ў 1709—10 гг. У другой палове 18 ст. у выніку галоснай рэфарматарскай дзейнасьці Антона Тызенгаўза гаспадарка аднаўляецца, уводзяцца новыя тэхналёгіі ў жывёлагадоўлі, садоўніцтве… За Каралеўскія грошы ў Луна была пабудавана новая школа. Аднак сяляне перасталі пасылаць туды сваіх дзяцей, як толькі выйшаў «наказ двара», выдадзены па даручэньні A. Тызенгаўза, які патрабаваў пасьля заканчэньня школы накіроўваць луненскіх дзяцей, як кваліфікаваных работнікаў, на гродзенскія мануфактуры.

Пасьля захопу Вялікага Княства Расеяй маёмасьць Гарадзенскай эканоміі распрадаецца і раздорваецца акупантамі. Луненскі ключ (адміністрацыйная адзінка эканоміі) у складзе маёнтка Луна з вёскамі Стральцы, Жылічы, Камянчаны, Гледавічы, Шчарбавічы 12 лістапада 1795 г. быў падараваны сапраўднаму стацкаму саветніку графу Мікалаю Самойлаву. Але ён чамусьці не зьяўіўся. Луна становіцца ўласнасьцю графа Міхала Валіцкага. Род Валіцкіх вядомы ў Ваўкавыскім павеце з 1567 г. У 1821 г. маёнтак быў куплены Чахоўскім. Згодна з другімі дадзенымі, маёнтак стаў належаць Чахоўскім у выніку жаніцьбы судзьдзі Яна Чахоўскага з Верай Валіцкай. Ян Чахоўскі памёр у 1823 г., а Вера Чахоўская ў 1857 г. У 1833 г. маёнтак выстаўляўся на продаж, прыносіў даход 43 000 злотых, але, напэўна, ня быў прададзены. Ад Яна, сына Аляксандра Чахоўскага, пасьля яго сьмерці ў 1858 г., уладаньні пераходзяць да яго ўдавы і дачок Аляксандры Паліксены, Эміліі Люцыі Марыі і Актавіі Эўфразіны Юзэфы. Апекуном быў князь Станіслаў Сьвятаполк Чацвярцінскі. Юзэфа Чахоўская гербу «Окша» ў 1833 г. выйшла замуж за Эдварда Матэуша Ромэра, які стаў уладальнікам маёнтку. Бацька Э. М. Ромэра Эдвард Ян Ромэр быў удзельнікам вызвольнага руху, а род Ромэраў багаты на таленты, то і зьвестак аб іх жыцьці і дзейнасьці засталося многа. Раскажам аб тых, што мелі адносіны да Луны крыху пазьней у аддзельным апавяданьні.

У часы міжваенныя Луна заставалася ўласнасьцю Юзэфы Ромэр і Марыі Камаровай. Яны валодалі яшчэ фальваркам Жылічы і мелі 1400 га зямлі. Яшчэ каля іх палацу можна было ўбачыць некалі багатыя рыбай ставы і стары прыгожы парк.

На тэрыторыі Волі немцы стварылі ГЕТА. Габрэі з ГЕТА былі вывезены ў лягеры сьмерці. Таму пасьля вайны амаль усе жыхары Волі абнавіліся. На ўладаньнях Тарасовічаў былі пабудаваны майстэрні Сельгастэхнікі і склады Сельгасхіміі.


Палац Тарасовічаў. 2010 г.


Палац адвялі пад клюб, краму і жыльлё. Зьніклі клясычныя калёны, кветнікі, парк, брама, мосьцікі… Пасьля развалу Імпэрыі развалілася і Сельгастэхніка і Сельгасхімія. Даўно забытая назва Воля… Сярод руін палаца і будынкаў майстэрняў, сярод заросьляў кустоўя тут дажываюць сваё жыцьцё пару дзясяткаў пэнсіянэраў, якія з радасьцю бягуць на датэрміновыя «выбары», бо гэта адзінае імгненьне, калі яны адчуваюць сябе патрэбнымі і, і ў адместку сваім няўдзячным нашчадкам, «галасуюць»…

Ромэры – апошнія ўладальнікі Луны

Луна дарогаю сваяцтва (па іншых зьвестках куплена ў 1821 г., бо расейскія памешчыкі распрадавалі падараваную маёмасьць) перайшло ў валоданьне Чахоўскім, аб чым можа сьведчыць надпіс у Луненскім касьцёле: «Вера з Валіцкіх Чахоўская заснула ў Богу 1857 г. 21 сакавіка ў веку гадоў 76. Пакой яе душы». Напэўна была яна жонкай судзьдзі, аб якім другі надпіс у гэтым жа касьцёле гаворыць. «Тут ляжыць прах с. п. Яна Чахоўскага, судзьдзя, які нарадзіўся 1772 г. траўня 21 дня, памёр у 1823 г., чэрвеня другога дня. Найчулей аплакваючы яго страту, сын гэты знак паставіў».

bannerbanner