
Полная версия:
Маё мястэчка Луна-Воля
У час газыфікацыі, калі капалі траншэю да касьцельнай кацельнай у 2005 г., выпадкова быў праламаны склеп ля помніка Аляксандру Чахоўскаму і праз невялікую адтуліну можна было апусьціць у склеп руку з фотаапаратам. Так зьяўіўся гэты здымак.

Здымак труны з фамільнага склепу Чахоўскіх ля Луненскага касьцёла.
Чахоўскія валодалі Лунам нядоўга, бо ўжо ў 1833 г. у «Кур’еры Літоўскім» №70/1833 была зьмешчана аб’ява, што маёнтак Луна Чахоўскіх прадаецца. У яго склад уваходзяць два фальваркі (невялікія панскія службы), 5 вёсак і мястэчка, якое мае дымоў (сялянская гаспадарка адзінка абкладаньня падаткам) хрысьціянскіх 199, жыдоўскіх—78, душ 527. Гадавы даход з маёнтка выносіць 43 000 злотых». Няведама, ці быў прададзены і хто яго купіў. Мажліва Ромэры, але не выключана, што маглі яны Луна атрымаць як пасаг, бо Чахоўскія і Ромэры ўзаемна радніліся. Вынікае гэта з наступнага касьцельнага надпісу: «Аляксандр і Валерыя з Ромэраў Чахоўскія Дня 17 ліпеня 1857 г.». Таксама ўспамінаная праз Э. Ажэшка Юзэфа Ромэр была ў доме Чахоўскіх, а гэта было ўжо ў 1902 г.
Бясспрэчным уладальнікам Луны быў муж Юзэфы, Эдвард Матэуш Ромэр. Ромэры—знакаміты шляхецкі род нямецкага паходжаньня (Romer), цэлая дынастыя, прадстаўнікі якой унесьлі значны ўклад у разьвіцьцё культуры Беларусі, Літвы, Украіны, Польшчы, былі пасьлядоўнымі і актыўнымі змагарамі за незалежнасьць краю, у якім жылі. Сярод іх былі мастакі, выдаўцы, журналісты, палітычныя дзеячы, вучоныя.
Бацька Матэуша Эдвард Ян Ромэр (1806—1878) падчас паўстаньня 1830—1831 сябар Віленскага цэнтральнага паўстанцкага камітэту. У 1833 годзе арыштаваны і асуджаны на пажыцьцёвую ссылку ў г. Волагда, аднак праз год атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму. У 1834 усталяваў сувязь з Літоўскім камітэтам (Вільня), таксама падтрымліваў адносіны з эмігранцкім лягерам польскага «караля дэ-факта» Адама Ежы Чартарыйскага. У ліпені 1838 зноў арыштаваны за супрацу з эмісарам Маладой Польшчы Шыманам Канарскім., асуджаны да сьмяротнага пакараньня, замененага новай 13-гадовай высылкай у Волагду а пазьней – у Вялікі Усьцюг. Разам з ім у высылцы знаходзілася яго жонка Соф’я з Белазораў. Тут 19 верасьня 1848 года і нарадзіўся іх сын – Эдвард Матэуш Ромэр. (Поўнае імя – Edward Mateusz Jan Oktawiusz Romer). Аб чым сьведчыць таксама эпітафія ў Луненскім касьцёле: «Эдвард Матэуш Ромэр нар. у Волагдзе, пм 22.11.1900 г». Пасьля вяртаньня ў Вільню быў пад наглядам паліцыі.

Аўтапартрэт Эдварда Яна Ромэра на вокладцы кніжкі яго аўтарства «Выправа на воды з Літвы да Нармандыі».
У сваім падарожным дзёньніку: «Wyprawa do wód z Litwy do Normandii: kartki z dziennika 6 czerwca – 16 listopada 1861» між іншым запісаў наступнае: «Zdawało się, że te czasy minęły, gdy lud w męczarniach i ucisku Bogu swę żale przesyła w peśni – a oto są obecne. Chwytano po kościołach, do więzienia wtrącano tych, którzy spiewali – a oto spiewają, wszyscy i wszędzie». (Здавалася, што тыя часы ўжо мінулі, калі люд у муках і прыгнёце Богу свае крыўды пасылае ў песьні – але яны наяве. Хапалі па касьцёлах, да вязьніцы ўкідалі тых, якія сьпявалі – а сьпяваюць, усе і ўсюды»). Пад час Паўстаньня 1863—1864 гг. знаходзіўся пад хатнім арыштам.
Здольны ад прыроды да мастацтва Эдвард Матэуш Ромэр вучыўся малюнку спачатку ў бацькі мастака-аматара, потым у Катаяна Русецкага і Яна Зянкевіча. Скончыўшы ў 1867 г. Віленскую гімназію выехаў на вучобу ў Акадэмію Мастацтваў у Дрэздэн. Настаўнікам яго быў К. Шульц. Малюнкі Э. М. Ромэра зьмяшчаліся ў «Ляйпцігскай ілюстраванай газэце». У 1870 г. ён перавёўся ў Мюнхэнскую Акадэмію Мастацтваў, дзе навучаўся пад кіраўніцтвам Г. Аншуца, А. Сойтца, А. Ромберга, у майстэрні баталіста Ф. Адама. Э. М. Ромэр калегаваў з эмігрантамі былой Рэчы Паспалітай В. Чахурскім, Ю. Брандтам, Ю. Косакам, М. Гедымскім. Некаторы час Э. М. Ромэр працаваў у майстэрні Ксаверы Пілата. Першыя працы ў Мюнхэне «Вяртаньне зь ярмаркі» і «Пікет».

Сям’я Ромэраў. Малюнак Эдварда Яна Ромэра (бацька Матэуша). 1829 г.
З 1873 г. многа падарожнічаў: пабываў у Вене, Меране, Варшаве.

Партрэт Эдварда Матэвуша Рэмэра (1885). Намаляваў яго брат Альфрэд Ромэр (1832—1897). Літоўскі мастацкі музэй
У 1878 г. вярнуўся ў Вільню і адкрыў на Бакшце ў старым доме Ромэраў, які дастаўся яму ў выніку падзелу маёмасьці паміж братамі, мастацкую майстэрню і карыстаўся ёй сумесна з братам Альфрэдам Тэадорам Ромэрам і сябрам Францішкам Юргілевічам. 16 сакавіка 1880 г. ажаніўся з Юзэфай Чахоўскай (дачкой Аляксандра Чахоўскага і Валерыі Ромэр) і атрымаў у якасьці пасагу Луна.
У гэты час пісаў ён галоўным чынам бытавыя жанравыя сцэнкі, пэйзажы: «Завіруха», «Перад вакзалам», «Перад майстэрняй». Маляваў партрэты «Каваль», «Селянін у футравай шапцы». Майстэрскі напісаны «Партрэт бацькі мастака» —бацькі свайго сябра Ю. Юргілевіча.
Шэраг твораў прысьвечаны паўстанцам 1863 г.: «Патруль», «Хаціна ў лесе». У 1873 г. Эдвард Матэуш Ромэр экспанаваў свае працы ў Кракаўскім Таварыстве сяброў мастацтваў: «Адпачынак перад карчмой», «Вузкакалейка на Літве», «Чыгуначная станцыя», У парку», «Куліч», «Пад таполямі», «Мяцеліца». На выставе ў Варшаве палотны «Чыгуначная станцыя», «На запусты», «Пасьля работы», «Вяртаньне» былі куплены Таварыствам падтрымкі мастацтваў. У 1894 г. на выставе сучаснага мастацтва ў Львове карціна «Мяцеліца-2» была ўганаравана срэбным мэдалём. Выстаўляў свае працы Эдвард Матэуш Ромэр у Парыжы, Вене, Берліне, Мюнхене, дзе карціна «Мая хата» атрымала прыз і была куплена прафэсарам мастацтва з Брусэля І. Дэ Гасам.

Партрэт народнага літоўскага паэта Анастаса Страздаса. Эдвард Матэуш Ромэр
Пэндзьлю Эдварда Матэуша Ромэра належыць партрэт народнага літоўскага паэта Анастаса Страздаса. На палатне паўстае постаць волата. Палац, местачковыя дамы, нават ветраны млын у параўнаньні зь ім здаюцца цацачнымі. Паэт бы магутная глыба стаіць на зямлі, сягаючы да неба. Апрануты сьціпла, ён стаміўся, зьняў галаўны ўбор і павесіў на ручку кавенькі, на якую апіраецца, у правай руцэ трымае хусьцінку, якой толькі што выцер твар. Непакорныя валасы, шырокі твар, прасьветлены лоб, на маршчыністым валявым задуменным твары трывога і надзея. Такое ўражаньне, што паэт вандруе па вёсках і мястэчках, заклікаючы народ да змаганьня за лепшую долю.
Карціны Э. М. Ромэра можна паглядзець у Народным Музэі ў Варшаве («Амазонка»), Кракава («На папасьцы-2»), у Музэі Мастацтва ў Вільні (7 работ) і ў музэі Каўнаса.
Апошнімі яго працамі былі пэйзажы з хлопчыкам на кані, зімовая карціна «Тры каралі» і незакончаная праца «Ад’езд дыцэзіі жмудзкага біскупа». Акрамя карцін ён пакінуў мноства эскізаў.
На працягу 20 год Эдвард Матэуш Ромэр быў уладальнікам Луна. Ці адлюстравана ў яго работах Луна? Магчыма, але адказ на гэта пытаньне чакае свайго дасьледчыка. Таму будзем спадзявацца, што сярод яго твораў ёсьць малюнкі, прысьвечаныя Луна. Трэба толькі іх адшукаць.

Зімовы пэйзаж. Праца Эдварда Матэуша Ромэра вельмі нагадвае прыроду і рачулку Лунянку каля палацу Ромэраў у Луне
У сям’і Ромэраў было трое дзяцей. Сын Эдвард нарадзіўся ў 1881 годзе, але памёр удзяцінстве ў 1901 г. Дачка Рэгіна нарадзілася ў 1882 годзе. 18 кастрычніка 1909 г. у Вільні яна выйшла замуж за свайго траюраднага брата Міхала Піўса Пасхаліса Ромэра (1880—1945). Сын Ежы нарадзіўся ў 1896 годзе і таксама мала пражыў. Уся сям’я мела клопаты са здароўем. Пасьля цяжкага запаленьня лёгкіх меў клопаты са здароўем і бацька Эдвард Матэуш Ромэр. Нягледзячы на гэта, шмат займаўся гаспадарчымі і сямейнымі справамі і да апошніх дзён не пакідаў маляваць.
Памёр Эдвард Матэуш Ромэр 22 лістапада 1900 года ў Луне, пахаваны ў радзіннай капліцы ў Троках. Гэта дата вынікае з цытаванай вышэй эпітафіі ў Луненскім касьцёле і папаўшай мне ксэракопіі нэкралёгу, прысьвечанага Эдварду Матэушу Ромэру. Але многія крыніцы чамусьці падаюць іншую дату сьмерці -10 лютага 1900 года.

Нэкралёг на сьмерць Эдварда Матэуша Ромэра
Пасьля сьмерці брата Ежы у 1920 годзе Рэгіна стала спадкаемніцай маёнтку Луна. Яе муж Міхал Ромэр быў адным з галоўных ідэолягаў лібэральна-дэмакратычнага крыла краёўцаў. У 1913—15 распрацаваў канцэпцыю новай Рэчы Паспалітай у выглядзе канфэдэрацыі Польшчы і «гістарычнай Літвы» як самастойных і дэмакратычных дзяржаў.
Пра Міхала Піуса Ромэра больш можна даведацца ў працы: Смалянчук Алесь. Дзёньнік Міхала Ромэра, як крыніца па гісторыі Беларусі пачатку ХХ ст. // Беларускі Гістарычны Агляд. 1998. Т. 5. Сш. 1 (8); ён жа. Ромэр Міхал Піус //.
Але Міхал Ромэр у Луне хіба ня быў ды і з жонкай Рэгінай неўзабаве разьвёўся.
У міжваенны час Луна пазаставалася ўласнасьцю Рэгіны Ромэр. Гэтыя ўладаньні разам з фальваркам Жылічы налічвалі 1400 га. Былі ў арэндзе, магчыма ў Марыі Камаровай, якая ў дакумэнце выступае ўладальніцай. Рэгіна сышлася з сэквэстрам Крупіньскім. З дачкой Цэлінай у яе былі сапсаваныя адносіны. Станіслава Швед жыхарка в. Луна гаварыла, што дачка кінула яе, бо Крупіньскі не быў знатнага паходжаньня, а магчыма, яшчэ па нейкай прычыне. Гаспадарка Ромэраў была ўзорнай. Хто і калі пабудаваў двор, невядома. Перад прыходам савецкіх войск у верасьні 1939 г. Рэгіна Ромэр і Крупіньскі ўцяклі. Драўляны палац Ромэраў, паводле Станіславы Швед, быў разабраны ў 1940 г. У галоўнай браме стаяла статуя Маці Божай, якую ксёндз Мончка аддаў у Жалудок.

Міхал Піус Ромэр – фота з сайта be.wikipedia.org/wiki/
Але Стасюкевіч Яся, таксама жыхарка Луна, апавядае, што пасьля вайны будынак палаца яшчэ стаяў. Я паказаў спадарыні Стасюкевіч малюнак Напалеона Орды палаца з Гродзеншчыны, але з невядомага канкрэтна месца. Спадарыня Яся сказала, што малюнак вельмі падобны да таго палаца Ромэраў.

Малюнак Напалеона Орды палацу з Гродзеншчыны
Сёньня на месцы дома Ромэраў знаходзіцца будынак старой школы.

Рэшткі ставаў і будынак «старой» школы. 2011 год
Ад былога сядзібна-паркавага комплексу Луна засталіся рэшткі былога парку і побач зь імі, абсаджанае дрэвамі, месца былых ставаў.

Мост праз Лунянку. 1928 г.
У ставах вырошчвалі рыбу. Ставы запаўняліся вадой у выніку перакрыцьця р. Лунянкі плацінай, якая адначасова служыла для прывядзеньня ў рух вадзянога млына. Млын не захаваўся. На беразе ставу да 2009 г. расло старое дрэва, якое было самым тоўстым у акрузе (2 м у дыямэтры і больш за 6 м у абхваце). Яго відаць на здымку 1928 г. зьлева. У 2009 г. гэта гістарычнае дрэва сьпілавалі ў пляне правядзеньня палітыкі пераводу кацельных на «мясцовае паліва». Па гэтай прычыне тады былі сьпілаваны многія дрэвы былога парку Ромэраў. Да канца 20 ст. ставы яшчэ запаўняліся вадою. Пасярэдзіне ставаў знаходзіліся альтанкі, да якіх вялі драўляныя масткі. Пры пабудове новай школы будаўнічае сьмецьце было сапхнутае бульдозэрам у ставы. Заняпад набыў незваротны працэс.

Мост праз рэчку Лунянку каля палацу Ромэраў (1928 год)
На другім пляне віднеюцца абрысы будынкаў палацавага комплексу Ромэраў.
Былыя ставы, крыніца рыбы да панскага стала і прыгожага пэйзажу для вачэй, зарасьлі хмызьняком, пасярод якога ціхенька прадзіраецца рачулка Лунянка. Яна цяпер не круціць мельнічнае кола, але пра мельніцу, мельніка, сквапнага пана і пятуха засталася легенда, якую распавядаюць мясцовыя краязнаўцы завітаўшым турыстам.
У Інстытуце Гувера ў калекцыі Мечыслава Ялавецкага (Mieczysława Jałowieckiego) ў скрынцы 18 захоўваецца такі экспанат: 964. ŁUNNA Dwór. ziemia Grodzieńska /N/ bar. Romer. Малюнак палацу Ромэраў? Мечыслаў Ялавецкі (1876—1962) аставіў па сабе багатую спадчыну: каля 1500 акварэляў з відарысамі палацаў, сядзібаў, замкаў Рэчы Паспалітай.
Пад Расейскай акупацыяй
Лістападаўскае Вызвольнае Паўстаньне
Пасьля захопу расейцамі зямель Вялікага княства Літоўскага, пачынаючы з 14.11.1795 г. Луна ў складзе Гродзенскага павету, з 14.12.1795 г. – у Слонімскай губэрні, з 11.12.1795 г. – Літоўскай, а з 1801 г. у Гродзенскай губэрні.
Расійскае панаваньне на захопленых землях пачалося з рабаваньня. Вывозілася ўсё, што мела каштоўнасьць. Рабаваліся музэі і палацы, вывозіліся калекцыі мастацкіх твораў, кнігі, летапісы. Цяпер яны ўпрыгожваюць зборы Эрмітажа, Трацякоўкі і іншых музэяў Расіі. І зараз ніхто не думае іх вяртаць.
Луненскі ключ (579 мужыкоў і 573 жанчыны) разам з вёскамі Стральцы, Камянчаны, Жылічы, Глядавічы быў аддадзены графу Аляксандру Самойлаву, але той не зьяўіўся на вызначаныя ўладаньні. Таму знайшлі другога графа Міхала Валіцкага. Сяляне папалі пад прыгон. Паўсюдна адмяняліся прывілеі, беларускія законы, забаранялася беларуская мова, зьнішчалася ўніяцтва, да якога належала 80% вернікаў Беларусі. Нават грыгарыянскі каляндар (новы стыль), уведзены Вялікім Князем ВКЛ Стэфанам Баторыем, быў адменены. Пачаўся набор у рэкруты, чаго ніколі не было ў Вялікім Княстве Літоўскім. На 25 гадоў забіраліся сяляне на службу ў расейскую армію.
Характарызуючы стан на землях Вялікага Княства Станіслаў Сільвановіч у сваёй працы прыводзіць адзінае сьведчаньне «современника»: «Когда в 1795 г. историческая судьба слила этот край с Россией, в нём всё, что носило печать цивилизации, было уже чисто польским» [38]. Лічу, што нельга рабць высновы па хібным, на мой погляд, сьведчаньням ўсяго аднаго «современника». Напрыклад, па ацэнцы Міхала Ромэра, на пачатку 19 стагодзьдзя буйная шляхта (землеўладальнікі) канчаткова палянізаваліся. А вось дробная і сярэдняя-заставаліся «літоўскай», хоць і была ўжо досыць моцна прасякнута польскімі ўплывамі. Ад сябе дадам, што нават сяляне, якія лічылі сябе палякамі, па-польску размаўлялі толькі ў касьцёле, а, выйшаўшы з касьцёлу, пераходзілі на трасянку.
З 1828 у лесе па дарозе да Ябланава ляжаў вялікі камень з высячаным на ім тэкстам лацінкай на «рускай» або літоўскай па тагачаснай назве мове: «Posmotryte lude jak choroszo bude kak zarostut prysady nie budiet miet dosady iduszyj z biesiady położywszy hołowu pod prysady zdorowo nie budiet słonce prypiekać. No kak pojmaju gada…”. Гэта пацьверджвае, што Беларуская мова была ва ўжытку і сярод насельніцтва былі людзі, якія ёй карысталіся.
Яшчэ раз Станіслаў Сільвановіч, характэрызуючы «представление о повседневной жизни», спасылаецца толькі на адну крыніцу «Статыстычнае апісаньне Літоўска-Гродзенскай губерні» Ігнацыя Ляхніцкага: «У крестьян в домах отсутничали дымоходы и дым выходил через окна и двери» [38].
Усё не зусім так. Па-першае, дым у курных хатах выходзіў праз адтуліну ў столі. Па-другое, заглянем у Энцыклапэдыю: «З XVIII ст. курныя хаты пачалі выцясьняцца так званымі белымі хатамі з комінам. Да пачатку XX ст. курная печ толькі зрэдку сустракалася ў вясковых хатах на Палесьсі» (У. С. Гуркоў. Курная хата,, Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя, Рэдкалегія: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. – Мн.: БелСЭ, 1989.). Чы меў Ляхніцкі рацыю? Магчыма, часткова меў. Праз Гарадзенскую губерню тройчы прайшлі Расейскія войскі і двойчы —Францускія. У якім стане пакідалі тэрыторыю Расейскі войскі вядома па прыкладу Масквы «Москва, спалённая пожаром, французу отдана»). У разрабаваным і зьнішчаным краі сяляне маглі жыць ня толькі ў курных хатах, але і ў зямлянках. Але ёсьць жывы «современник» – сялянская хата ў Гудзеўскім музэі, якую зьбярог заснавальнік музэю настаўнік Алесь Белакоз. У 1980 годзе хатку, пабудаваную ў канцы XVIII стагодзьдзя перавезьлі з в. Семярэнкі да музэю.

Сялянская хата (канец 18 ст.). Гудзеўскі музэй. Канверт (1984). Фота Алесь Белакоз ля сялянскай хаткі.
У 1812 годзе пачалася Франка – Расейская вайна. Многія літвіны спадзяваліся, што Напалеон дасьць магчымасьць аднавіць незалежнасьць ВКЛ, таму ішлі служыць у францускае войска. Для беларусаў гэта была не Айчынная, а братазабойчая вайна. Пры адступленьні французаў Луна занялі войскі графа Атароўскага. 12.12.1812 г., яны ішлі да Беластока праз Луна – Адэльск, частка ў напрамку Воўпа – Крынкі.
І французы і расейцы несьлі спусташэньні, забіралі ў сялян апошняе.
Пасьля вайны пачаўся эканамічны заняпад. Расейскія памешчыкі пачалі прадаваць дараваныя землі. У І82І годзе Луна куплена Чахоўскім і яго жонкай Валерыяй фон Ромэр. Па зьвестках П. О. Баброўскага, Луна страціла статус мястэчка, але гандаль яшчэ цепліўся.
Літвіны не зьмірыліся з агульнай стратай незалежнасьці. У І830-І83І гг. адбылося Лістападаўскае Вызвольнае Паўстаньне. У час паўстаньня ў раёне Луна дзейнічаў атрад паўстанцаў генэрала Хлапоўскага, які ў І83І г. зьнішчыў ля Луна расійскі абоз у 4І8 вазоў, што ішоў з Брэста на Луна – Скідаль. 26.05 1831 г. ля Воўпы Д. Хлапкоўскі зрабіў засаду, у якую трапілі казакі, што адбіла ахвоту генэралу Герсьценфейту атакаваць тылы паўстанцаў. У гэтым атрадзе ваявала беларуская Жана Д’Арк – Эмілія Плятэр.

Эмілія Плятэр на чале касынэраў
Хлапоўскі прыняў Эмілію «вельмі ветліва i натхнёна» і, калі яна не згадзілася вярнуцца дадому, авансаваў Плятэр чын капітана i прызначыў ганаровым камандзірам літоўскага палку.
Хлапоўскі ўспамінаў: «Калі мы праходзілі праз вёскі, народ спачатку прызнаваў нас за маскалёў і не адразу хацеў верыць, што мы Палякі, а калі ўпэўніваўся, дык плакаў ад радасьці, прыносіў прадукты, што толькі меў, ніколі не хацелі браць грошы, тым ня менш я прымушаў іх браць грошы за авёс і сена, гаворачы, што маю на гэта строгі загад».
«Алфавітны сьпіс удзельнікаў паўстаньня 1831 г». па Гродзенскай губэрні, складзены сьледчай камісіяй, уключае прозьвішчы 474 чалавек. У ім паўстанцы з Мастоўшчыны: сяляне С. Дзяшко, Ф. Курпіньскі, Ф. Трусевіч; памешчыкі М. Матусевіч, браты Т. і Ф. Палубіньскія, Ф. Шабаньскі, Антоні Эйсымонт, князь Е. Сапега; шляхціцы Актавіян Эйсымонт і Мінучыц, а таксама 37 паўстанцаў з Ваўкавыскага павету. Бацька аднаго з апошніх уладальнікаў Луны Эдварда Матэуша Ромэра Эдвард Ян Ромэр (1806—1878) падчас Паўстаньня 1830—1831 быў сябрам Віленскага цэнтральнага паўстанцкага камітэту. Падрабязьней аб гэтым у апавяданьні пра Ромэраў.
Удзельнікам Лістападаўскага Паўстаньня быў Юзаф Каменьскі бацька Яна Каменьскага ўдзельніка Студзеньскага Вызвольнага Паўстаньня, пра якога апавядаецца далей.

Магіла Юзафа Каменьскага-паўстаньца і яго жокі Разаліі каля касьцёлу ў Луна
Падчас Лістападаўскага паўстаньня Юзаф Каменьскі камандаваў коннай брыгадай, а з 8 траўня па 13 чэрвеня 1831 года-коннай дывізіяй. 8 сакавіка 1831 года ўзьведзены ў брыгадныя генэралы. З 16 ліпеня 1831 года быў арганізатарам кавалерыйскіх рэзэрваў і камандзірам партызанскіх атрадаў (пад камандаваньнем генэрала Самуэля Ражыцкага). Пасьля падзеньня Паўстаньня знаходзіўся ў эміграцыі. Быў узнагароджаны ордэнам Virtuti Militari, Ганаровым Легіёнам, Ордэнам Сьвятой Ганны з каронай. У 1830 годзе ён быў узнагароджаны Ганаровым знакам за 20 гадоў службы. Пахаваны разам з жонкай Разаліяй ля Луненскага касьцёлу.
Дзеяньні акупацыйных уладаў пасьля разгому Паўстаньня
Пасьля расправы з паўстанцамі 1831 года былі разрабаваны маёнткі паўстанцаў, вывезены каштоўнасьці з музэяў і бібліятэк, канфіскаваныя землі, разам з сем'ямі раздаваліся расійскім памешчыкам і чыноўнікам, дробная беларуская шляхта пераводзілася ў прыгонных.
Але перад расіянамі паўстала пытаньне: што трэба зрабіць, каб пазьбегнуць паўтору такіх падзей. Дзеля адказу на гэта пры імпэратары Мікалаі І быў створаны дарадчы орган – спэцыяльны Камітэт па справах залежных губэрняў, які павінен быў распрацаваць прапановы і рэкамэндацыі ўраду па пераўтварэньні Беларусі ў расійскую адміністрацыйную адзінку (губэрню) на векі вечныя. Распрацаваны быў плян працы: па-першае – адабраць у беларусаў іх мову і гісторыю; па-другое – ліквідаваць беларускую царкву. Для выкананьня пляну ўжо ў 1832 годзе быў зачынены Віленскі ўнівэрсытэт, а ў 1834 г. пераведзена навучаньне ва ўсіх школах на расейскую мову. Каб настаўнікі вучылі па-расейску, у Віцебску заснавалі настаўніцкую сэмінарыю, а ў Полацку ў старадаўніх езуіцкіх мурах—кадэцкі корпус. Так была створана «кузьніца» расейскамоўных настаўнікаў і афіцэраў—манкуртаў, пазбаўленых роднай мовы і ведаў аб мінулым Радзімы.
У 1839 годзе была скасавана Берасьцейская Ўнія. Цяпер сьвятары вялі набажэнства па маскоўскіх службоўніках, на расейскай мове трэба было весьці ўсю справаздачу. Беларускія кнігі, службоўнікі, іконы тысячамі спальвалі на вогнішчах. За ўдзел у паўстаньні зьнішчаліся кляштары. Быў зьнішчаны цэлы старажытны другі па значэньні ў ВКЛ горад Брэст з старажытным замкам і 10 кляштарамі католікаў і ўніятаў, а на яго месцы пабудавана Брэсцкая крэпасьць.
З 1840 года па царскаму ўказу забаранялася назва «Беларусь» і ўводзілася назва «Северо-Западный край». Адмаўлялася дзеяньне Статута Вялікага Княства Літоўскага і ўводзілася расійскае заканадаўства. Губэрнатар і расійскі ўрад былі ўпэўнены, што зрабілі ўсё, каб беларусы зьніклі як народ.
Але супраціў расіянам не сьцішаў. Найбольшую актыўнасьць праяўлялі сяляне, становішча якіх было невыносным. Ва ўмовах расейскага прыгоннага права сапраўднай трагедыяй былі былі рэкруцкія наборы ў расейскую армію. Рэкрутаў набіралі прымусова і да 1834 г. яны служылі пажыцьцёва, з 1834—29 год, з 1855 па 1872 —12, 10 і 7 гадоў. Сяляне адказвалі на прыгнёт бунтамі.
На становішча ў краіне спрабавалі актыўна ўплываць уцекачы – эмігранты. Былі арганізаваны выправы патрыётаў для арганізацыі партызанскага руху. Першай была экспэдыцыя палкоўніка Ю. Заліўскага, ініцыятара Лістападаўскага паўстаньня і дзеяча Лялевелеўскага камітэта. Ужо ў другой палове 1832 года ўзяўся за арганізацыю экспэдыцыі на Радзіму. Землі Беларусі падзяляліся на акругі, кожная на два паветы, куды прыяжджалі камандзіры і 2—3 памочнікі. Акругу Гродзенскага і Лідзкага паветаў узначаліў Марцэлі Шыманскі, Слонімскага і Наваградзкага – Міхал Валовіч з Парэчча. Створаныя М. Валовічам і іншымі партызанскія атрады выклікалі вялікую трывогу захопнікаў. Былі арганізаваныя шматлікія аблавы. У вышуках прынялі ўдзел звыш 10 тыс. салдатаў толькі ў Гродзенскай губэрні. Партызаны і кіраўнікі былі арыштаваны. Іх звозілі ў Гродна, дзе трымалі ў астрозе, разьмешчаным у былым езуіцкім кляштары. 24 ліпеня 1833 года генэрал-губэрнатарам М. Дуўгарукавым быў зацьверджаны прысуд:
М. Валовіча—да павешаньня, 6 чалавек—да біцьця розгамі і высылкі на катаргу ў Сібір, 3-х чалавек—да біцьця розгамі скрозь строй у 500 салдат і ў арыштанцкія роты.

Паўстанцы Міхал Валовіч і Лявон Працлаўскі, гравюра XIX ст.
2 жніўня Міхал Валовіч пры вялікім натоўпе мясцовых жыхароў быў павешаны ля Скідальскай заставы. Ноччу яго патаемна пахавалі, каб «не было тайных молений при теле преступника». Чарговым эмісарам на Беларусі вясной 1835 г. быў Шыман Канарскі, удзельнік Лістападаўскага Паўстаньня і экспэдыцыі Ю. Заліўскага. Сваёй мэтай ён ставіў падрыхтоўку народу да разуменьня закліку: «Айчына, Вольнасьць!» і яднаньня шляхты з народам. Але ў 1838 годзе Ш. Канарскі быў арыштаваны. Перад сьледзтвам прайшлі 221 чалавек. 15 (27). 02. 1839 г. Шыман Канарскі быў расстраляны. Праз суд прайшло 150 чалавек. Нягледзячы на крывавы перасьлед, хваляваньні і бунты працягваліся. Толькі да 1845 года адбылося 207 бунтаў. У 1847 г. у Гродна ўведзены ваенны стан. «Вясна» 1848 г. у Эўропе спрыяла росту супраціву.