Читать книгу Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства (Лявон Карповіч) онлайн бесплатно на Bookz (5-ая страница книги)
bannerbanner
Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства
Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства
Оценить:
Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства

4

Полная версия:

Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства


Яўнуту далі ў валоданьне Заслаўе. Але ён не пагадзіўся і стаў першым князем-уцекачом, які шукаў падтрымку ў Маскве. Праз два гады вярнуўся, памірыўся з братами і стаў правіць Ізяслаўскім княствам. Адышоў ад вялікай палітыкі і памірае пасьля 1366.

Бітва на Сініх Водах

Траціну стагодзьдзя весь Усход – Захад, як раўнавагу на шалях, трымала сваім вастрыём альгердава дзіда.

Павал Севярынец

Альгерд (1296 – 1377) Вялікі Князь Вялікага Княства Літоўскага і Рускага (1345 – 1377) -адзін з найвыдатнейшых палкаводцаў, правіцеляў, збіральнікаў і ахоўнікаў старажытнай Беларуска-Літоўскай дзяржавы, за што быў празваны Альгегдам Вялікім. Яму прыйшлося ваяваць з Польшчай, з Масквой, з крыжакамі, з Ноўгарадам, Псковам, Цьвер'ю… У 1362 у Вялікай бітве на рацэ Сінія воды Альгерд разграміў войскі трох татарскіх ханаў.


Бітва на Сініх Водах (1362). Канвэрт першага дня, выдадзены поштай Летувы ў 2012 і марка пошты Украіны, выдадзеная ў 2012


Перамога прынесла вызваленьне Кіеўскага княства ад татарскай няволі і Альгерд пасадзіў на чале княства свайго сына Уладзіміра.

Бітва на Сініх Водах – першае буйное паражэньне мангола-татараў ва Усходняй Эўропе. У выніку ўладаньні ВКЛ вышлі на паўднёвы шлях міжнароднага гандлю з Цэнтральнай Эўропай праз Падольле ў Генуэзскія калёніі на паўночным узьбярэжжы Чорнага мора.

Альгерд падчас Літоўска-Маскоўскай вайны 1368—1372 зьдзейсьніў тры паходы ў 1368, 1370 і 1372 на Маскву, але захапіць крэмль яму не ўдалося. Толькі прыставіў дзіду да варот крамля.


Альгерд ля варот Маскоўскага крамля (1368). Марка пошты Летувы, выдадзеная ў 1932


Не даваў спакою ён і крыжакам. Некалькі разоў нападаў на Лівонію, дайшоў аж да Юр’ева (сучасны Тарту), змог разьбіць Каралевац (Кёнігсберг).


Літве 1000 гадоў. Блёк пошты Летувы, выдадзены ў 2004


У цэнтры блёку марка «Альгерд. Бітва на Сініх водах. 1362». Зьлева – «Гіраічная абарона Піленаў 1336». Справа – «Хрышчэньне Літвы 1387». Знізу – «Вітаўт у Грунвальдзкай бітве 1410». На полі блёку: Грунвальдзкая бітва (фрагмэнт). Ян Матэйка (1838 -1893).

Не жылі спакойна пры Альгердзе і ўсходнія суседзі. Спрабаваў падпарадкаваць сабе Ноўгарад і Пскоў.

Магутны Кейстут

Кейстут заўжды дапамагаў свайму брату Альгерду і той меў у яго асобе моцную падтрымку. На долю самого Кейстута выпала ахова заходняй мяжы Літоўскай дзяржавы ад націску крыжакоў і гэтую задачу ён выконваў каля паўстагодзьдзя з вялікім посьпехам.


Кароль Літвы Міндоўг, Вялікі Князь Літоўскі Гедымін, Вялікі Князь Літоўскі Кейстут. Маркі пошты Летувы, выдадзенгыя ў 1920


Месцам свайго пасаду Кейстут абраў Трокі.

Нейдзе ў 1355 разьнеслася па Княстве слава пра набожнасьць і незвычайную прыгажосьць жрыцы самага вядомага капішча жамайткі Біруты. Пачуў пра гэта і князь Кейстут. Ён падсьцярог жрыцу, калі тая гуляла па беразе мора і быў зачараваны прыгажосьцю дзяўчыны. Той жа ноччу разам са сваімі людзьмі князь напаў на жытло вайдэлотак і выкраў Біруту.


Тракайскі замак, пабудаваны Кейстутам. Марка пошты Летувы, выдадзеная ў 1932


Кейстут таксама быў прыгожым ваяром. Захавалася апісаньне знешнасьці Кейстута, зробленая крыжакамі ў 1361 годзе: «Кейстут быў высокі, статны, прамяністыя вочы гарэлі на бледным твары, доўгія валасы пакрывалі яго галаву, сівая барада спадала на грудзі. Скупыя былі яго вусны, але кожнае слова шмат значыла. Калі ён пагражаў, то на ілбе ўздуваліся жылы. Увесь выгляд яго будзіў страх». Бірута згадзілася на шлюб.


Бірута і Кейстут. Марка пошты Летувы, выдадзеная ў 1932


Адносна лёсу Біруты меркаваньні гісторыкаў разьдзяліліся. Напрыклад, Э. Гудавічус і І. Баранаўскенэ, цвердзяць, што Бірута была забітая пасьля сьмерці Кейстута. Іншыя цьвердзяць, што жыла яшчэ доўга і была акружаная павагай. Яны спасылаюцца на словы польскай дэлегацыі ў час спрэчак з Ордэнам.

Сучасьнікі пакінулі сьведчаньні пра Альгерда як пра загартаванага ў паходах чалавека, які вёў суровы лад жыцьця, быў непераборлівы ў ежы і зусім не ўжываў хмельных напояў. Адзін з маскоўскіх летапісцаў даў нашаму гаспадару такую характарыстыку: «Ён не піў ні віна, ні піва, меў вялікі розум і падпарадкаваў шмат земляў. Свае паходы рыхтаваў скрытна, ваяваў не колькасцю ваяроў, а розумам і ўменьнем». За часы Альгерда Вялікае Княства стала яшчэ больш моцным палітычна і эканамічна, у гарадах краіны развіваўся гандаль і рамёствы; беларускае праваслаўе займела сваю мэтраполію; развіцьцё атрымала прабеларуская («руская» ці, другая назва, «літоўская») мова, літаратура і культура, наша мова выкарыстоўвалася ў якасьці дзяржаўнай. На прабеларускай пісаліся акты, граматы, статуты, рабіліся пераклады кніг.

Альгерд з прыхільнасьцю ставіўся да хрысьціян. Ён сам паставіў дзьве царквы ў Віцебску. Абедзьве ягоныя жонкі Марыя і Юліяна будавалі новыя хрысьціянскія храмы. Баярын Альгерда Гаштольд заснаваў колькі каталіцкіх касьцёлаў. У той час Вільня займела францысканскі кляштар. Але, нягледзячы на гэта, былі выпадкі, пакутаў за хрысьціянскую веру. Трое такіх пакутнікаў Ян, Антоній і Яўстахій праваслаўнай царквой абвешчаны сьвятымі. Паводле летапісаў, сам Вялікі Князь Альгерд незадоўга да сьмерці прыняў праваслаўную веру і быў пахаваны ў царкве Прасьвятой Багародзіцы ў Вільні.

У Альгерда было дванаццаць сыноў, у тым ліку Ягайла, Свідрыгайла і Скіргайла, – асобы, якія ў будучым адыграюць значную ролю ў гісторыі краіны, і дзевяць дачок.

Суперніцтва паміж Альгердавічамі за валоданьне віленскім тронам распачалося адразу пасьля сьмерці Вялікага князя ў 1377. Згодна з воляй Альгерда ў Вільні ўвакняжыўся яго старэйшы сын ад другога шлюбу – Ягайла. У апазыцыю да новага валадара стаў старэйшы сын ад першага шлюбу Андрэй Полацкі. Пасьля ад'езду ў Маскву Полацкага князя Андрэя, Ягайла перадае гэтую зямлю брату Скіргайлу. Але палачане не прымаюць стаўленіка Вільні. На працягу вясны – лета 1381 яны не дапускалі ў горад Скіргайлу, а пасьля прынялі бок Кейстута. Распачалася Грамадзянская вайна 1381—1384 за ўладу ў ВКЛ. Кейстут, які ваяваў на баку свайго сына Вітаўта, паланіў Ягайлу, і быў прызнаны Вялікім Князем Літоўскім (1381—82).


Бірута (1317? – 1382 або 1389). Марка пошты Летувы, выдадзеная ў 1932


Аднак, вызваліўшы Ягайлу, надоўга прымірыцца зь ім не ўдалося. У ходзе мірных перагавораў Кейстут з сынам Вітаўтам былі запалонены і перавезены ў радавы замак Ягайлы – Крэва і Ягайла пачаў помсту. Сярод прыхільнікаў Кейстута быў пакараны сьмерцю брат яго жонкі Відзімонт і шмат іншых баяр. А затым і самога старога Кейстута задушылі ў вежы Крэўскага замку па загаду Ягайлы. Вітаўт ацалеў толькі таму, што пры наведваньні яго жонкай Ганнай Смаленскай, пераапрануўся ў адзеньне яе служанкі і ўцёк з затачэньня.


Вялікі Князь Літоўскі Вітаўт зьбягае з Крэўскага замку (1382). Марка пошты Летувы, выдадзеная ў 1932


Існуе легенда, што Вялікі Князь Вітаўт у падзяку за тое, што ў мясцовых лясах ён уратаваўся ад пагоні Ягайлы, заснаваў Сынкавіцкую царкву.


Сынкавіцкая царква-крэпасьць. Картмаксімум пошты Беларусі, выдадзены ў 2007


З братамі і групай прыхільнікаў, князёў і ўплывовых баяр Вітаўт аддаўся пад заступніцтва нядаўняга ворага, Тэўтонскага ордэну. Ягайла зноў стаў Вялікім Князем, а свайго брата Скіргайлу ўладкаваў замест Кейстута ў Троках. Вялікае Княства апынулася па сутнасьці расшчэпленым на ўдзелы, а ў Ягайлы не было сродкаў пераадолець гэты стан. Аднак падзеі ў суседняй Польшчы надалі гісторыі Літоўскай дзяржавы другое разьвіцьцё падзей.

P.S.

У архітэктуры Сынкавіцкай царквы – цьвердзі выяўляюцца рысы раманскага і гатычнага стыляў. У Вялікім Княстве Готыка набыла своеасаблівыя рысы, прыкладамі якой ёсьць касьцёл у Ішкальдзі, Барысаглебаўская царква ў Наваградку, Стары Замак у Гародні, Наваградзкі замак, Мірскі замак.

Гатычны архітэктурны стыль, як і раманскі, зарадзіўся ў Францыі ў XII стагодзьдзі і распаўсюдзіўся на іншыя рэгіёны да XVI стагодзьдзя. Гатычныя саборы зь іх вышынёй і накіраванасьцю ўверх, у неба сымбалічна паказвалі імкненьне чалавека да Бога. Найбольш знакамітыя ўзоры Гатычнага стылю – Сабор Нотр-Дам, саборы ў Рэймсе, Шартры, Сэн-Дэні, Амьене.


Сувэнірны аркуш прысьвечаны 850-годзьдзю Сабору Парыскай Божай Маці, выдадзены поштай Францыі ў 2013


На заднім пляне аркуша паказаны агульны выгляд Сабору з боку Сены. Дзьве маркі вылучаюць дэталі вітражу. У храме заключаліся каралеўскія шлюбы, імператарскія каранацыі і пахаваньні.

Шэдэўрам сталай готыкі і сапраўднай «Акадэміяй мастацтваў» для сярэднявечных майстроў стаў сабор у Рэймсе. Нягледзячы на працяглыя тэрміны будаўніцтва (з 1211 па 1285) і розных архітэктараў, сабор у Рэймсе захаваў адзінства задумы: разнастайнасьць талентаў якія будавалі сабор дойлідаў зьлілася ў сапраўдную каменную сымфонію.


Рэймскі сабор. Картмаксімум пошты Францыі, выдадзены ў 1938


Перад уваходным у сабор адкрываецца велічнае відовішча. У глыбіню храма сыходзяць урачыстыя калянады, высока над галавой стульваюцца сьпічастыя скляпеньні, праз шматлікія вокны ў сабор льюцца сонечныя прамяні. Велізарная прастора храму свабодна імкнецца ў глыбіню. Грандыёзныя маштабы інтэр'еру запатрабавалі ад дойлідаў немалога тэхнічнага мастацтва, каб утрымаць у раўнавазе ўсю канструкцыю будынка. Але ўся гэтая будаўнічая «кухня» умела ўтоена ад наведвальніка, якому кідаецца ў вочы толькі нязмушаная лёгкасьць усіх архітэктурных дэталяў сабору.

Ягайла

«…ён дасягнуў трох вялікіх дароў, якія яшчэ ні адзін з сьмяротных не меў разам: хрышчэньне, шлюб і каралеўскае памазаньне». Старажытны Кракаўскі летапіс

У 1374 каралём Польшчы стала дзесяцігадовая дзяўчынка Ядвіга – дачка Вэнгерскага і Польскага караля Людовіка I Анжуйскага і Лізаветы Басьнійскай. Ядвіга афіцыйна тытулявалася КАРАЛЁМ Польшчы, бо законы краіны забаранялі кіраваць краінай каралеве.

Пад уплывам унутраных і зьнешніх (сталай пагрозы з боку Тэўтонскага Ордэну і Маскоўскага княства) Кракаўскі двор і Ягайла палічылі найлепшым выхадам заключыць Літоўска-Польскі саюз.


Кароль Польшчы Ядвіга (1906). Мэнціна Кжэш (1860—1934). Музэй Варшаўскай Архіэпіскапіі. Паштовая картка, выдадзеная поштай Польшчы ў 2004


Найбольшае супадзеньне агульных інтарэсаў Літвы і Польшчы прывяло да падпісаньня Крэўскага дагавору (1385). Гэтым Дагаворам Ягайла, сярод іншых абавязацельстваў, абяцаў прыняць каталіцтва і ахрысьціць Літву.

Крэўская Ўнія азначала ўзаемавыгадны хаўрус дзьвюх самастойных дзяржаваў. Ён значна павялічваў іх вайсковую магутнасьць (найперш у барацьбе з Тэўтонскім ордэнам), спрыяў пашырэньню эканамічных і культурных сувязяў паміж нашым гаспадарствам і Польшчай, а таксама іншымі эўрапейскімі краінамі.

Ягайла прыбыў у Кракаў, дзе 15 лютага 1386 года прыняў хрышчэньне і прыняў імя Уладзіслаў, а 18 лютага заключыў у Вавэльскім саборы шлюб з Ядвігай і быў каранаваны Каралём Польшчы. Ядвізе на момант вясельля было трынаццаць гадоў, а Ягайлу каля 30.

Паданьне гаворыць, што Ядвіга, закаханая ў другога, не згаджалася на прымусовы шлюб з Ягайлам. Нясчасная Ядвіга звярнулася ў малітве па параду да Хрыста і нібыта пачула голас: «Ратуй Літву!». Каралева прымірылася са сваім лёсам дзеля звароту Літвы на хрысьціянскую веру.


Ядвіга (1374—99), Сьвятая, Кароль Польскі (1384—86). Уладзіслаў ІІ Ягайла (1351—1434) Вялікі Князь Літоўскі (1377—92), Кароль Польскі (1386—1434). Шэраг каралёй і князёў польскіх (1890—92). Ян Матэйка (1838—93). Маркі пошты Польшчы, выдадзеныя ў 1996

Конец ознакомительного фрагмента.

Текст предоставлен ООО «Литрес».

Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на Литрес.

Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.

Вы ознакомились с фрагментом книги.

Для бесплатного чтения открыта только часть текста.

Приобретайте полный текст книги у нашего партнера:


Полная версия книги

Всего 10 форматов

1...345
bannerbanner