Читать книгу Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства (Лявон Карповіч) онлайн бесплатно на Bookz (4-ая страница книги)
bannerbanner
Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства
Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства
Оценить:
Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства

4

Полная версия:

Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства


Згодна з летапісамі, Камянецкая вежа ўзьведзена паміж 1276 і 1288 гадамі. Па загаду Галіцка-Валынскага князя Уладзіміра Васількавіча дойлід Алекса знайшоў месца, дзе ў хуткім часе зьявіліся горад з драўляным замкам і пяціярусная Вежа, вышынёй амаль 30 м, дыямэтрам 13,6 м і таўшчынёй сьцен 2,5 м.

Утварэньне княстваў, усталяваньне княжацкай улады, разьвіцьцё гаспадаркі і, асабліва, прыняцьце хрысьціянства выклікалі патрэбу ў ведах і пісьменнасьці. На нашых землях для рэлігійных патрэбаў асвойвацца Кірылічная азбука, складзеная ў 863 Кірылам і Мяфодзіем.

24 мая 2013 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэньне паштовы блёк «1150-годзьдзе славянскай азбукі Сьвятых братоў Кірыла і Мяфодзія».


«1150-годзьдзе славянскай азбукі Сьвятых братоў Кірыла і Мяфодзія». Блёк пошты Беларусі, выдадзены ў 2013


Адным з самых старажытных сьведчаньняў засваеньня кірылічнага пісьма крывічамі лічыцца надпіс «ГОРОУХША» на керамічным посудзе першай паловы 10 стагодзьдзя. Аб наяўнасьці пісьменнасьці сьведчаць надпісы на Барысавых камянях, знойдзеных у рэчышчы Заходняй Дзьвіны, надпіс на Рагвалодавым камяні каля Оршы. Мэталічныя пісалы для пісаньня на навошчаных дошчачках знойдзены ў Менску, Друцку, Наваградку, Ваўкавыску, Браславе… У Берасьці знойдзены драўляны грэбень з разьмешчанымі на ім літарамі славянскага алфавіту. Аб шырокім распаўсюджваньні пісьменнасьці пасьля прыняцьця хрысьціянства, сьведчаць шматлікія знаходкі пісал і асобных надпісаў, знойдзеных на розных прадметах побытавага характару.

Выключную каштоўнасьць маюць берасьцяныя граматы – бярозавая кара з літарамі, надрапанымі на ёй. Граматы знойдзены ў Віцебску і Мсьціслаўлі. Яны сьведчаць аб тым, што ў гарадах пісьменнай была частка простых гараджан, а іх дзеці навучаліся грамаце.


Берасьцяная пісьмо. Берасьцяныя граматы і піса́лы. Наўгародзкі музэй. Марка выдадзена поштай Беларусі ў 2008


На прывесцы маркі выява Полацкай Сафіі і найбольш раньняя берасьцяная грамата (XI стагодзьдзе), знойдзеная ў Ноўгарадзе. Яе напісаў Жыравіт, жыхар Полацку або Віцебску.

Аўтары спэцыяльных дасьледваньняў сьцьвярджаюць, што ня меней 10% нашых продкаў у 12—13 стагодзьдзях умелі чытаць і пісаць. Папулярнымі сталі кнігі. Найстаражытнейшыя, што дайшлі да нас, Тураўскае Эвангельле і Песьня пра паход Ігараў (арыгінал загінуў у 1812 падчас маскоўскага пажару).


«Слова пра паход Ігараў». Марка пошты СССР, выдадзеная ў 1957


Нашы продкі ня толькі ўмелі чытаць і пісаць, але бавілі час гульнёй у шахматы. Падчас раскопак на нашай тэрыторыі знойдзена 31 шахматная фігурка ў 16 месцах. Самая старажытная з Менску 11 стагодзьдзя.

У 2018 вышлі ў абарачэньне паштовыя маркі з сэрыі «Археалёгія. Шахматныя фігуры».


Археалёгія. Шахматныя фігуры. Маркі пошты Беларусі, выдадзеныя ў 2018


На полі марачнага лістка чытаем: «Шахматныя фігуры XI—XIV стагодзьдзяў – унікальныя знаходкі, якія паказваюць ня толькі тое, што нашы продкі гулялі ў інтэлектуальныя гульні, але і тое, што яны на высокім узроўні валодалі кастарэзным майстэрствам».

P.S.

У 10—13 стагодзьдзях пад уплывам традыцый старажытна-рымскага і бізантыйскага мастацтва ў Эўропе склаўся і быў распаўсюджаны Раманскі (ад лац. romanus – рымскі) стыль сярэднявечнага мастацтва. Архітэктура Раманскага стылю вызначалася дакладнасьцю форм, суровай мужнай прыгажосьцю, унушальнасьцю памераў і ўрачыстай сілай. Найбольш вядомымі помнікамі раманскай архітэктуры былі царква ў Клюні (11 ст.), царква Нотр Дам дзю Пор у Клермон-Феране (12 ст.), саборны ансамбль – Сабор Санта-Марыя Маджорэ, баптыстэрый і званіца (знакамітая Пізанская вежа) у Пізе (12—14 ст.).

У храме ў Клюні ўстаноўлена некалькі скульптур Багародзіцы, у тым ліку статуя Чорнай Мадоны (XVII ст.) – копія бізантыйскай скульптуры.


Царква Нотр Дам дзю Пор у Клермон-Феране (12 ст.). Картмаксімум пошты Францыі, выдадзены ў 1947


Пьяца дэі Міраколі (Плошча цудаў) – на ёй разьмясьціліся чатыры шэдэўры сярэднявечнай архітэктуры: Пізанскі сабор (1063—1118), Пізанская вежа, Баптыстэрый і могілкі Кампа-Санта.


Піза. Картмаксімум пошты Італіі, выдадзены ў 2012


Сэрца Плошчы Цудаў – сярэднявечны катэдральны сабор Санта-Марыя Асунта (Усьпеньня Найсьвяцейшай Панны Марыі).

Нараджэньне Вялікага Княства

ВКЛ-матрыца беларускай пэрспэктывы. Вобраз максымальнага росквіту фармуе для наступных пакаленьняў ідэалы зьнешнепалітычнага, эканамічнага й культуровага разьвіцьця. Павал Севярынец

Пачатак 500-гадовай Гісторыі Вялікага Княства

У 13 стагодзьдзі для нашых продкаў узьніклі дзьве найбольш небясьпечныя пагрозы: нашэсьце качэўнікаў татара-манголаў з усходу і агрэсіўнасьць Тэўтонскага ордэну з захаду. Адказам на гэтыя пагрозы і ходам гістарычнага разьвіцьця стала стварэньне ў Панямоньні на тэрыторыі з назвай Літва дзяржавы з доўгім і слаўным і трагічным лёсам. З гэтага часу пачынаецца новы пэрыяд у гісторыі нашай радзімы-пэрыяд Вялікага Княства Літоўскага.

Назва «Літва» упершыню згадана ў Кведлінбургскіх аналах у 1009, калі хрысьціянскі месіянер Брунон Баніфацый быў забіты язычнікамі дзесьці на мяжы Русі і Літвы. Ёсьць меркаваньне, што месца гібелі Брунана Баніфацыя каля Пінску. Такім чынам, верагодна паўднёвая мяжа Літвы знаходзілася каля Пінску.

З нагоды 1000-годзьдзя яго пакутніцкай сьмерці польская Пошта выпусьціла памятную паштовую марку з яго выявай – фрагмэнт карціны М. Залускі 1860 «Місія Сьвятога Брунона», разьмешчанай у саборы Сьвятога Міхаіла Архангела ў Ломжы.


1000-годзьдзе пакутніцкай сьмерці Сьвятога Брунона з Квэрфурту. Марка пошты Польшчы, выдадзеная ў 2009


Міндоўг – адзін з князёў Панямоньня-Літвы – пацярпеў у 1245 (1246) паразу ад крыжакоў і разам з баярамі ўцёк у суседні Наваградак, дзе быў запрошаны на княжаньне. Але становішча Міндоўга застаецца вельмі складаным. У яго мноства ворагаў: мясцовыя князі, Русь (Кіеўская) і крыжакі. Каб залагодзіць крыжакоў, Міндоўг і яго жонка ў 1251 прынялі каталіцтва, а 6 ліпеня 1253 у дзень Сьвятых Пятра і Паўла (або 29 ліпеня) па даручэньні Папы Рымскага Інакенція IV Міндоўг і яго жонка Марта былі каранаваныя як Кароль і Каралева Літвы.

«Літоўскае дзіцячае Таварыства» («Lietuvos Vaikos») – жаночая арганізацыя, якая клапацілася аб сіротах і зьніклых без вестак, атрымала згоду прэм'ер-міністра і Кабінэта міністраў на выпуск чатырох простых і чатырох выпускаў паветраных марак. Гэтыя маркі прадаваліся ўсяго сем дзён, таму гэтыя сэрыі таксама называюць сямідзённымі». Непрададзеныя знакі былі перададзеныя грамадзтву, якое прадало іх калекцыянэрам у ЗША, а атрыманыя грошы выкарыстоўвала ў дабрачынных мэтах. Так быў зафіксаваны Дзень Нараджэньня Вялікага Княства Літоўскага з сталіцай, верагодна, у Наваградку.


Каранацыя Міндоўга (1253). Марка пошты Летувы. Другі авіяпаштовы нумар «Lietuvos Vaikos», 1932 год. Мастак Адамс Варнас


Пошта Беларусі ў 2019 выпусьціла марку «Навагрудак» з сэрыі «Гарады Беларусі».


Навагрудак. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 2019


На марцы скульптура Міндоўга ў Наваградку ля гары Міндоўга, герб Наваградка, рэшткі абароннай цьвердзі 13—16 ст., Барысаглебаўская царква 17 ст., касьцёл Перамяненьня Пана 14—18 ст.

Гадавіна каранацыі караля Міндоўга штогод 6 ліпеня адзначаецца ў Летуве. Дзень таксама вядомы як Дзень Дзяржаўнасьці і лічыцца Нацыянальным сьвятам. У гэтае сьвята літоўцы ўспамінаюць свайго першага і адзінага Караля Літвы Міндоўга, чалавека, які перасягнуў сваю эпоху палітычнай стратэгіяй, менталітэтам і духовай сілай.


750-годзьдзе каранацыі Міндоўга. Блёк пошты Летувы, выдадзены ў 2003


У 1910 Вацлаў Ластоўскі намаляваў і апісаў пячатку Міндоўга з выяваю Пагоні, але рунічны надпіс, які азначае «СВАЮ ПЯЧАТКУ КНЯЗЬ МІНДАЎГ СТАВІЦЬ», быў прачытаны Алегам Сокалам-Кутылоўскім толькі ў 2006. І гэта сьведчыць пра сапраўднасьць пячаткі і гістарычнасьць Гербу Пагоня.

Апавяданьні пра Вялікае Княства будуць працягваць маркі розных краінаў, бо марак Рэспублікі Беларусь пра Вялікае Княства вельмі мала. Таму філятэлісты-патрыёты з мэтай пашырэньня ведаў пра Вялікае Княства і стварэньня магчымасьці зрабіць філятэлістычную выставу пра гісторыю краіны рабілі самвыдат – канвэрты з відарысамі Вялікіх князёў ВКЛ і тэкстамі пра іх на адваротным баку канвэрту.

У 1263 годзе Міндоўг быў забіты ў выніку змовы Нальшчанскага князя Даўмонта, Жамойцкага князя Траняты і полацкага князя Таўцівіла.

Цяжкае закладаньне падмурку

Пасаду захапіў Транята (~1210 – 1264) – князь Жамойцкі (? -1264), Вялікі Князь Літоўскі (1263—1264), пляменьнік (сын сястры) Міндоўга. Упершыню прыгадваецца ў «Ліфляндцкай рыфмаванай хроніцы» у сувязі з падзеямі 1260—61, калі Жамойць пазбавілася часовай залежнасьці ад крыжакоў і перайшла пад уладу Міндоўга.


Транята (уяўны партрэт, 1908). Мечыслаў Барвіцкі. Паштоўка, выдадзеная ў 1935


Неўзабаве сам быў забіты замоўцамі на чале з сынам Міндоўга Войшалкам, які і абвясьціў сябе князем. У 1270 Войшалк перадаў уладу Шварну (1230-я – 1270), які быў сынам Галіцка-Валынскага князя Данілы і зяцем Міндоўга. У 1270 годзе памёр не пакінуўшы нашчадкаў. Паводле іншых зьвестак, загінуў у бітве з войскамі брата Льва на рацэ Ясельдзе. Спачыў у Холме.


Вялікі Князь ВКЛ Войшалк. Канвэрт самвыдату (пярэдні і адваротны бок), які прайшоў пошту ў 2002


Пасьля памерлага Шварна ўладаром стаў Трайдзень (1269—1282).


Вялікі Князь ВКЛ Трайдзень. Канвэрт самвыдату (пярэдні і адваротны бок), які прайшоў пошту ў 2003


Даўмонт (? – 5 жніўня 1285) – меркаваны Вялікі Князь Літоўскі (1282? – 1285). На думку гісторыкаў, мог быць сынам і непасрэдным пераемнікам Трайдзеня. Лічыцца сынам Рамунта або Віта. Загінуў у бітве з аб'яднаным войскам з Цверы, Масквы, Волака Ламскага, Таржка, Дзьмітрава, Зубцова і Ржэвы. Але Васкрасенскі летапіс сьцьвярджае, што Даўмонта захапілі ў палон.

Польскі мастак Мечыслаў Барвіцкі ў 1908 намаляваў выявы Вялікіх князёў Літоўскіх. У 1935 з гэтымі выявамі была выдадзеная сэрыя паштовак.


Даўмонт (уяўны партрэт, 1908). Мечыслаў Барвіцкі. Паштоўка, выдадзеная ў 1935


Пераемнікам Даўмонта быў, магчыма, Будзікід.


Будзікід (уяўны партрэт, 1908). Мечыслаў Барвіцкі. Паштоўка, выдадзеная ў 1935


На паштоўцы марка Мірскага замку, выдадзеная поштай Польшчы ў 1937

Будзікі́д – Вялікі Князь Літоўскі (1282—1292). Большасьць дасьледчыкаў лічыць яго сынам Вялікага Князя Літоўскага Трайдзеня. Памёр перад 1292 годам, бо тады згадваецца ўжо Pucuwerus rex Lethowie (Будзіві́д, Пукувер, Путувер) – Вялікі Князь Літоўскі (1291—1295?).


Вялікі Князь ВКЛ Путувер або Лютувер (1291—1295?). Канвэрт самвыдату, які прайшоў пошту ў 2005 (пярэдні і адваротны бакі)

Герб Вялікага Княства Літоўскага «Пагоня»

Віцень (Vytenis;? – 1315/1316) – Вялікі Князь Літоўскі (каля 1294—1315/1316). Заняў велікакняжацкі сталец па сьмерці свайго бацькі Будзівіда (Путувера). Магчыма Віцень, як і яго браты Гедымін і Воін, належаў да ваеннай кансорцыі, што абслугоўвала Нёманскі гандлёвы шлях і якую называлі ў летапісах Літва, як аналагічная кансорцыя ваяроў і купцоў Русь. Ад 1300 да канца ўладараньня Віценя Ордэнскія войскі зьдзейснілі блізу дваццаці паходаў на Літву, дасягаючы сталічнага Наваградка. У 1284, 1295, 1305 і 1306 нямецкія рыцары нападалі на Гародню. Аднак Княства ўпарта баранілася: у памежных замках стаялі моцныя залогі, разбураныя ўмацаваньні хутка аднаўлялі, а за ворагам наладжвалі пагоню.


Вялікі Князь ВКЛ Віцень (каля 1294—1315/1316). Канвэрт самвыдату, які прайшоў пошту ў 2001 (пярэдні і адваротны бакі)


На канвэрце Герб Рэспублікі Беларусь «Пагоня» і Крыж Эўфрасіньні Полацкай – маркі пошты Беларусі, выдадзеныя ў 1992.

Паводле Густынскага летапісу, Віцень прыняў для сваёй дзяржавы герб «Пагоня»: «Витен нача княжити над Литвою, измысли себе герб и всему князству Литовскому печать: Рыцар збройны на коне з мечем, еже ныне наричут Погоня». На 500 гадоў «Пагоня» стала Гербам Вялікага Княства Літоўскага і толькі пасьля захопу нашай краіны Расеяй ў 1875 была заменена двухгаловай птушкай. У 1917 Максім Багдановіч напісаў верш «Пагоня», які стаў песьняй і адным з кандыдатаў на Дзяржаўны Гімн.

Праз 200 гадоў напрыканцы 1991, калі была абвешчана Незалежная Рэспубліка Беларусь, «Пагоня» вяртаецца на сваё месца. Але ў 1995 забараняецца і той, хто яе асьмельваецца насіць, падвяргаецца суду і зьдзекам. Але, як напісаў паэт:

«Ўсё лятуць і лятуць тыя коні,Срэбнай збруяй далёка грымяць…Старадаўняй Літоўскай ПагоніНе разьбіць, не спыніць, не стрымаць».

«Пагоня». Максім Багдановіч (1891—1917). Картмаксімум з маркай Герб Рэспублікі Беларусь Пагоня, выдадзенай поштай Беларусі ў 1993


У 1307 Палачане зьвярнуліся да Вялікага Князя Літоўскага Віценя за дапамогай у барацьбе з немцамі, якія пачалі сяліцца на Полацкай зямлі і ў самім Полацку. Палачане і ліцьвіны прагналі немцаў з Полацку і яго навакольля. З таго часу Полацк канчаткова ўвайшоў у склад ВКЛ і стаў яго буйнейшым горадам.

Вяртаючыся з паходу, Віцень загінуў ад удару маланкі.

Гедымін. Вялікае Княства Літоўскае і Рускае

На зьмену Віценю стаў яго сын Гедымін (~1275 – 1341) – Вялікі Князь Літоўскі (~1316—1341).

Таленавіты палкаводзец, разважлівы палітык, выдатны дыплямат, ён зрабіў дзяржаву нашых продкаў моцнай, больш чым у два разы павялічыў яе тэрыторыю, якая стала называцца Вялікае Княства Літоўскае і Рускае. «Літоўскае», бо ў склад Княства ўваходзілі Літва: Аўкштайція, Жамойць і гарады Панямоньня (ад Гародні да Навагарадка). «Рускае», бо Княству належалі землі, што прынялі літоўскіх князёў па дагавору ці ўвайшлі ў васальную залежнасьць ад Літвы (Полацкае, Менскае, Віцебскае, Сьвіслацкае, Пінскае, магчыма, Кіеўскае княствы), так і астатнія тэрыторыі былой Кіеўскай Русі, якія Гедымін спадзяваўся падпарадкаваць у далейшым.


Вялікі Князь Гедымін заваёўвае рускую крэпасьць. Марка пошты Летувы. Другі авіяпаштовы нумар «Lietuvos Vaikos», 1932


У Гедыміна было сем сыноў і ён заснаваў дынастыю, прадстаўнікі якой былі ўладарамі Польшчы, Чэхіі і Вэнгрыі, займалі высокія пасады ў Маскоўскім княстве, знаходзіліся да 1572 на прастоле ВКЛ. Усе гэтыя гады прайшлі ў цяжкіх вайсковых паходах супраць іншаземных ворагаў. Гедымін бараніў свае ўладаньні ад ворагаў з Захаду – Ордэну Крыжаносцаў і пашыраў свае ўладаньні на Ўсход, трымаючы мірныя адносіны з Залатой Ардой.

На поўначы Княства не было ніводнага абарончага збудаваньня супраць крыжакоў. Менавіта для абароны быў створаны магутны абарончы пас, складзены з замкаў у Ваўкавыску, Гародні, Наваградку, Слоніме, Лідзе, Крэве, Медніках, Вільні, Троках, Коўне, Берасьці, ў чым найбольшая заслуга ў арганізацыі будаўніцтва новых, ужо мураваных, замкаў належыць Гедыміну.

Адразу па адзысканьню незалежнасьці пошта Летувы выпусьціла марку прысьвечаную Гедыміну.


Гедымін – Вялікі Князь Вялікага Княства Літоўскага і Рускага. Марка пошты Летувы, выдадзеная ў 1920


У 1323 Гедымін на стала перанёс сталіцу ў Вільню. Аб гэтай падзеі засталася легенда.


Вялікі Князь Гедымін са сваімі братамі па зброі. Марка пошты Летувы (1932)


Будучы на паляваньні князь убачыў на вялікім дубе арлінае гняздо, адтуль гучаў плач дзіцяці. Гедымін загадаў зняць з дрэва дзіця і аддаць хлопчыка на выхаваньне ў княжацкі двор. Паколькі дзіця было знойдзена ў гняздзе (па-балцку – lizdas), хлопчыка празвалі Лізьдзейка. Лізьдзейка стаў Вярхоўным жрацом Вялікага Княства Літоўскага.


Заснаваньне Вільні Гедымінам у 1323. Марка пошты Летувы, выдадзеная ў 1932


Аднойчы князь убачыў сон: на гары стаіць жалезны воўк і раве як сотня ваўкоў. Прачнуўшыся, Гедымін звярнуўся да жраца растлумачыць сон. Лізьдейка сказаў: «Воўк жалезны – значыць, быць гораду сталіцай, а тое, што ён раве як сто ваўкоў, – значыць, аб славе горада будзе ведаць увесь сьвет». Так паўстала ля ракі Вільля новая сталіца Вялікага Княства Літоўскага – Вільня.


Літве 1000 гадоў. Блёк пошты Летувы, выдадзены ў 2003


На полі блёку «Будаўніцтва замку Гедыміна». Разьба па дрэве (1882), Мастак Мікалас Эльвірас Андрыёліс, скульптар Баляслаў Пукас. На марках: 1323 г. Вільня (Vilnia) – дэталь гравюры Тамаша Макоўскага (1600); 1183 г. Літва правяла першы наступ на Рускую землю (Полацк і Пскоў); 1236 г. Шаўляйская бітва. 1253 г. Каранацыя Міндоўга).

Думаў Гедымін, як падзякаваць Лізьдзейцы, і вырашыў пабудаваць замак на там самым месцы, дзе знайшоў калісьці маленькага хлопчыка на дрэве ў арліным гняздзе.


Лідзкі замак. Картмаксімум. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 2005


Бронзавую конную скульптуру заснавальніка Ліды Вялікага Князя Гедыміна адкрылі ў дзень горада 7 верасьня 2019 на 696 дзень нараджэньня.


Ліда – культурная сталіца Беларусі. Марачны канвэрт, выдадзены поштай Беларусі ў 2020


Шасьцімэтровая скульптура стаіць у цэнтры горада ля сцен Лідзкага замку. На полі канвэрту малюнкі: скульптура Гедыміну (2019), Лідзкі замак (1323), Касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа (1387), Царква Усіх Сьвятых (2006).

Давыд Гарадзенскі

Давыд Гарадзенскі (каля 1283—1326) – вайскавод і дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, староста Гарадзенскі, кашталян Гарадзенскага замку, які быў правай рукой Гедыміна і камандаваў войскам Вялікага Княства, калі ў паходах не ўдзельнічаў сам Гедымін. У росквіце славы Давыд загінуў. У 1326 у адным з паходаў здрадніцкім ударам у спіну яго забіў падкуплены крыжакамі здраднік. Паводле легенды, воіны на шчытах прынесьлі цела свайго правадыра ў Гародню і пахавалі яго каля Калоскай царквы.


Канвэрт «Давыд Гарадзенскі», выдадзены поштай Беларусі ў 2008


Упершыню Давыд Гарадзенскі ўзгадваецца ў хроніцы Пятра з Дусбургу пад 1314 годам, калі паспяхова абараніў Наваградак ад крыжакоў. У 1314 крыжакі тройчы нападалі на Вялікае Княства. Буйное рыцарскае войска вёў у паход сам маршал Тэўтонскага ордэну. Гарадзенцы на чале з Давыдам зрабілі свой замак непрыступным. Расчараваныя адсутнасьцю здабычы, немцы рушылі далей на Наваградак. Тым часам Давыд Гарадзенскі захапіў зробленыя крыжакамі ў пушчы харчовыя запасы і варожых коней. На зваротным шляху рыцары ўбачылі на месцы сховаў толькі пабітую варту. Рэшткі галоднага рыцарскага войска ахапіла роспач. Амаль ніхто з тэўтонцаў у Прусію не вярнуўся.

Давыд Гарадзенскі не прайграў ніводнай бітвы з крыжакамі.


Картмаксімум. Камень Давыда Гарадзенскага ля Каложы. Каложа (1969). Віталь Цвірка (1913—1993). Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 1998


20 верасьня 2003 ля Каложы быў адкрыты памятны знак у выглядзе каменя-валуна з выявай крыжа Эўфрасіньні Полацкай і тэкстам: «Давыду Гарадзенскаму (каля 1287—1326г.г.), славутаму абаронцу Гродна ад крыжацкай навалы. Ад ўдзячных нашчадкаў».

24 траўня 2018 у цэнтры Гродна ўсталявалі помнік Давыду Гарадзенскаму. Каля падножжа намаляваны Гарадзенскі замак, які неаднаразова абараняў ваявода. З адваротнага боку – Каложская царква, каля сцен якой, паводле легенды, пахавалі Давыда Гарадзенскага. Фігура наезьніка прыкладна два з паловай мэтры вышынёй, яе вага – каля дзевяці тон.

Апошнія гады княжаньня Гедзіміна прайшлі ў барацьбе з крыжакамі. Ён узначальваў ваенныя паходы і заўсёды быў у першых радах войска. Загінуў зімой 1341 у баі падчас асады нямецкай крэпасьці Баербург.


Гедымін. Картмаксімум пошты Летувы, выдадзеная ў 1991


На картмаксімуме помнік заснавальніку Вільні Вялікаму Князю Літоўскаму Гедыміну, які быў адкрыты на Катэдральнай плошчы ў 1996 (скульптар Вітаўтас Кашуба).

Усё яго жыцьцё было працяглай барацьбой з суседзямі, як на ўсходзе, так і на захадзе з крыжакамі, якіх яму ўдалося стрымаць, дзякуючы падтрымцы і гераізму жыхароў Княства. Прыкладам такога гераізму стала абарона замку Піленай у 1336. Калі 4000 жыхароў Піленай і яго ваколіц зразумелі, што будзе немагчыма абараніць сябе ад значна большага па сіле ворага, яны прынялі рашэньне лепш забіць сябе, але не здацца жывымі тэўтонскім абложнікам, а таксама спаліць замак, зьнішчыўшы ўсю сваю маёмасьць, каб нічога каштоўнага не дасталася ворагу.

Сапраўднае мастацкае ўвасабленьне гісторыя замку Пілены і яго абаронцы князя Маргіціса атрымала ў гістарычным рамане «Кунігас» Юзафа Крашэўскага.


Гіраічная абарона Піленай (1336). Марка пошты Летувы, выдадзеная ў 2004

Падзел краіны

Яшчэ пры жыцьці славуты Гедымін падзяліў краіну паміж сваімі сынамі. Больш за ўсіх пашанцавала Яўнуцію (Яўнуту), менавіта ён атрымаў вялікакняскую пасаду, хоць у Густынскім летапісе ўпамінаецца, што ён быў недастаткова мужны, каб заняць гэта становішча. Альгерд і Кейстут вырашылі ратаваць магутнае княства. Вось што піша аб падзеях тых часоў «Летапіс Вялікіх князёў Літоўскіх»: «Альгерд, бацька караля Ягайлы, і Кейстут, бацька Вялікага Князя Вітаўта, жылі ў вялікай дружбе і любові. I не спадабалася ім, што Вялікі Князь Яўнут так узвысіўся, і змовіліся паміж сабою браты, Князь Вялікі Альгерд і Князь Вялікі Кейстут, як бы яго адтуль (з Вільні) выгнаць, яны выбралі пэўны час, калі б да Вільні прыгнаць і заняць горад пад братам, Вялікім Князем Яўнутам».


Яўнут (1308 – пасьля 1366) -Вялікі Князь ВКЛ (1341—1345). Канвэрт самвыдату, які прайшоў пошту ў 2002


Адбылося гэта ў 1345 годзе. Альгерд быў аб’яўлены Вялікім Князем, Кейстут захаваў папярэднія пасады.


Вялікія Князі Вялікага Княства Літоўскага і Рускага Альгерд (1345 – 1377) і Кейстут (1381—1382). Марка пошты Летувы, выдадзеная ў 1932

bannerbanner