Читать книгу Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства (Лявон Карповіч) онлайн бесплатно на Bookz (3-ая страница книги)
bannerbanner
Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства
Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства
Оценить:
Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства

4

Полная версия:

Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства

Сотню гадоў пазьней з захапленьнем пісаў аўтар «Слова пра паход Ігараў» пра Ўсяслава Чарадзея:

«Усяслаў-князь людзям чыніў суды.радзіў князям гарады,а сам уночы ваўком рыскаў,З Кіева пасьпяваў да пеўняў да Тмутараканя,Хорсу вялікаму шлях перацінаў.Яму ў Полацку пазвоняць ютрань ранаў званы сьвятое Сафіі,а ён той звон чуе ў Кіеве.Хоць і вешчую меў душу ў дзёрзкім целе,Ды часта ад бедаў цярпеў ён».(Пераклад Рыгора Барадуліна).

800-годзьдзе Слова пра паход Ігараў. Марка пошты СССР, выдадзеная ў1985


1 верасьня 2007 адбылося ўрачыстае адкрыцьцё першай коннай статуі ў Беларусі – помніка Усяславу Брачыслававічу (Чарадзею). Аўтары кампазыцыі – скульптары Аляксандр Прохараў, Сяргей Ігнацьеў, Леанід Мінкевіч і архітэктар Андрэй Сакалоў.

Скульптура ўяўляе сабой воіна на кані са скурай ваўка на сядле, а побач зь ім ляціць паляўнічы сокал. Гэтыя атрыбуты сымбалізуюць старажытную легенду пра тое, што Усяслаў Брачыслававіч мог пераўвасабляцца то ў ваўка, то ў сокала, то ў аленя. Адліты помнік з бронзы, а яго вышыня каля 3,5 мэтраў.

7 мая 2012 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусьціла ў абарачэньне канвэрт з арыгінальнай маркай «1150-годзьдзе першага летапіснага ўпамінаньня Полацку».


Канвэрт з арыгінальнай маркай «1150-годзьдзе першага летапіснага ўпамінаньня Полацку», выдадзены ў 2012


На марцы Крыжаўзьдвіжанскі Сабор Сьвятога-Эўфрасіньнеўскага манастыру. На канвэрце: помнікі Усяславу Чарадзею, Эўфрасіньні Полацкай, крывічам; герб гораду, выгляд Сафійскага Сабору ў XI стагодзьдзі, фрагмэнт гравюры сярэднявечнага Полацку.

Змаганьне з Кіеўскім княствам

Пасьля сьмерці Усяслава Чарадзея Полацкае княства было падзелена на шэраг удзельных княстваў. У шасьці зь іх княжылі сыны Усяслава, якія вялі паміж сабой барацьбу. Пасад у Полацку ачоліў старэйшы сын Чарадзея Барыс Рагвалод.

У 2002 Пошта Рэспублікі Беларусь выпусьціла ў абарачэньне марачны канвэрт «900 год. Барысаў». На марцы відарыс князя Барыса Усяславіча і год 1102, калі Полацкім князем быў заснаваны горад Барысаў. На полю маркі знаходзіцца малюнак Рагвалодавага каменя, які цяпер ляжыць ля Полацкай Сафіі. На камені каля шасьціканцовага крыжа высечаны словы: «ХС. Ніка. Гі (Госпадзі) помозі рабю своему Борісу».


«900 год. Барысаў». Марачны канвэрт пошты Беларусі, выдадзены ў 2002


Паступова на ролю лідэра на нашых землях пачало вылучацца Менскае княства. Менскі князь Глеб, паставіўшы мэту пашырэньня межаў сваіх зямель, уступае ў супрацьстаяньне з Кіеўскім князем Уладзімірам Манамахам.


Уладзімір Манамах (1053—1125). Блёк пошты Украіны, выдадзены ў 2003


Падчас паходу на нашы землі ў 1119 Манамах захапіў Менск. У выніку гэтага горад быў далучаны да Кіеўскіх уладаньняў ажно да сярэдзіны ХІІ – пачатку ХІІІ стагодзьдзяў. Глеб Усяславіч, трапіўшы ў палон, быў вывезены ў Кіеў, дзе ў палоне памёр.

Пасьля сьмерці Манамаха ў 1125 на Кіеўскі пасад заступіў старэйшы сын Мсьціслаў Уладзіміравіч (1076—1132). Змаганьне з Кіеўскім княствам працягвалася. Асабліва вызначыўся 1127 год, калі Кіеўскі князь з хаўрусьнікамі вялі наступ з чатырох бакоў. Палачане прызналі вяршэнства Кіева. Але гэты акт замірэньня і падпарадкаваньня так і не вырашыў дынастычных супярэчнасьцяў. Калі ў 1229 Мсьціслаў намерыўся выступіць супраць полаўцаў, то зьвярнуўся да палачанаў супольна выступіць у паход. Насуперак чаканага, Полацкія князі «з лаянкай» адмовіліся. У адказ пасьля пасьпяховага паходу супраць качэўнікаў, Мсьціслаў накіраваў на Полаччыну сваіх ваяроў. У гэты крытычны пэрыяд Полацкае веча не стала бараніць сваіх князёў і пагадзілася на мірнае вырашэньне канфлікту. Практычна ўвесь род Полацкіх князёў быў вывезены ў Кіеў, дзе адбыўся сымбалічны суд Рускіх князёў над Полацкімі Ізяславічамі. Паводле выраку, усе прадстаўнікі дынастыі разам з сем'ямі, былі сасланыя ў Бізантыю, дзе былі прызначаныя на службу ў войску.


Сьвятая Сафія. Марка пошты Турцыі, выдадзеная ў 2007


Пакараўшы Полацкіх князёў, Мсьціслаў атрымаў магчымасьць падпарадкаваць Полацкае княства. Але яго сьмерць у 1132 зноў зьмяніла палітычную сытуацыю на карысьць Полацку.

Сьвятло Эўфрасіньні

У гэтым жа 1101, калі памёр Усяслаў Чарадзей, у Полацкім княстве ў сям'і малодшага сына Усяслава Чарадзея Сьвятаслава-Георгія нарадзілася дзяўчынка, якой наканавана было стаць знакавай постацьцю для ўсяго сьвету. Праўда, гісторыкі падаюць розныя даты нараджэньня ўнучкі Чарадзея- і 1104, і 1110, і 1120… Дзяўчынку назвалі крывіцкім імем Прадслава. Калі ёй споўнілася дванаццаць гадоў і сталі сватацца жаніхі, Прадслава таемна ад бацькоў прыйшла ў манастыр і пад імем Эўфрасіньні прыняла пострыг, каб служыць Богу і свайму народу. І ўсё жыцьцё яна выконвала гэтую службу. Вымольвала ў Бога прабачэньне для яе народу, перапісвала Біблію, перакладала кнігі, адчыняла вучэльні, манастыры, храмы, вучыла дзетак… У «Жыціі…» апавядаецца, што ў сьне Эўфрасіньні зьявіўся Анёл, які за руку прывёў яе ў прадмесьце Сяльцо і сказаў «Тут належыць быць табе». Эўфрасіньня перасялілася ў Сяльцо і заснавала ў ім жаночы Спаса-Эўфрасіньеўскі манастыр.

Тут па даручэньню Эўфрасіньні меркавана паміж 1152 і 1159 гадамі дойлід Іаан за трыццаць тыдняў будуе Спаса-Перамяненскую царкву, якую лічаць вяршыняй дойлідзтва Полаччыны. У кельлі гэтай царквы прайшла значная частка жыцьця Эўфрасіньні Полацкай і яе сястры.

Зьнешні выгляд храма не захаваўся. У 1833 яго перабудавалі да непазнавальнасьці. У 2015 годзе археолягі ўстанавілі, што храм у першапачатковым выглядзе быў значна большы. У свой час да яго былі прыбудаваны галерэі, а з боку ўваходу знаходзіўся крыты ганак – экзанартэкс.


Спаса-Эўфрасіньнеўскі Полацкі манастыр. Сучасны выгляд. Марка пошты Расеі, выдадзеная ў 2004


5 студзеня 2001 выйшаў у абарачэньне паштовы блёк «900 гадоў з дня нараджэньня Эўфрасіньні Полацкай».


Блёк «900 гадоў з дня нараджэньня Эўфрасіньні Полацкай», выдадзены поштай Беларусі ў 2001


На адкрытай старонцы словы з кнігі «Жыціе Эўфрасіньні Полацкай»: «Прыйдзіце ўсе, хто жыве ангельскім жыцьцём у пустэльнях…». Працяг гэтага сказу такі: «і ў гарах: старыя – адкінуўшы немач, маладыя – скачучы, быццам алені, – сыдзіцеся ўсе. Хачу бо даць вам трапэзу з такіх страваў, каб, паеўшы, узьвесялілі вы свае душы. Бо гэтая трапэза ад страваў нятленных – не тая, што дае асалоду гартані і чэрава насычае, але тая, што душу весяліць і розум умацоўвае на добрыя дзеі». «Жыціе Эўфрасіньні Полацкай» узьнікла ў канцы ХІІ ці ў першай палове ХІІІ стагодзьдзя і зьяўляецца асноўнай крыніцай зьвестак пра дзейнасьць і лёс славутай Полацкай асьветніцы, нябеснай заступніцы Беларусі. Аўтар Жыція невядомы. Справа ад партрэту Эўфрасіньні сучасны выгляд Спаса-Перамяненскай царквы.

Белпошта яшчэ двойчы прысьвяціла свае маркі Спаса-Перамяненскай царкве.


Спаса-Перамяненская царква на марках пошты Беларусі, выдадзеных у1992 і 2000


Храм расьпісаны ўнікальнымі фрэскамі, якія на 90 працэнтаў захаваліся. Усе роспісы выкананы ў тэхніцы па сырой вапнавай тынкоўцы, што забяспечыла захаванасьць роспісу. Дзякуючы фрэскам вядомы першапачатковы выгляд царквы і верагодны партрэт Эўфрасіньні.

Пошта рэспублікі Беларусь у 2000 сумесна з поштамі Украіны і Расеі выпусьціла блёк «2000-годзьдзе Хрысьціянства». На адной з трох марак блёка (пасярэдзіне) знаходзіцца рэпрадукцыя дэталі фрэскі Спаса-Перамяненскай царквы Дэісус (Дээсіс або Дэізіс) Хрыстос у Велічы або Хрыстос Пантакратар на троне з кнігай.


2000-годзьдзе хрысьціянства. Блёк сумеснага выпуску поштаў Беларусі, Ураіны і Расеі ў 2000


У кастрычніку 2017 года поштай Рэспублікі Беларусь быў выпушчаны марачны блёк у гонар 1025-годзьдзя Полацкай эпархіі, які заняў 6-е месца на сьветавым конкурсе марак у Аўстрыі, а яго ўрачыстая прэзэнтацыя адбылася ў Сафійскім саборы ў Полацку. Блёк уключае тры маркі, на якіх намаляваны тры праваслаўныя храмы – Сафійскі сабор і Спаса-Перамяненская царква ў Полацку і Дабравешчанская царква ў Віцебску.

На полі блёку фрэскі з Спаса—Перамяненскай або Спаса-Эўфрасіньнеўскай царквы ў Полацку, узьведзенай у XII стагодзьдзі. У ніжнім левым куце Апосталы. Дэталь кампазыцыі Уваход Гасподні ў Іерусалім. Уверсе – Дэісус (Дээсіс або Дэізіс, Хрыстос у Велічы або Хрыстос Пантакратар на троне з кнігай і побач Дзева Марыя і Сьвяты Ян Хрысьціцель). Фрэска ў кельлі прападобнай Эўфрасіньні. Правы ніжні кут – Сьвятая Эўхарыстыя, Прычашчэньне хлебам (дэталь).


1025-годзьдзе Полацкай эпархіі. Блёк, выпушчаны поштай Рэспублікі Беларусь у 2017


Для Спаса-Перамяненскай царквы свайго манастыру Эўфрасіньня заказала ў полацкага ювэліра Лазара Богшы Крыж-каўчэг. Крыж быў створаны ў 1161 і стаў ня толькі прыкладам высокага ювэлірнага мастацтва, але сымбалям Сьвятасьці і Дзяржаўнасьці старажытнай Беларусі.


Крыж Эўфрасіньні Полацкай. Першая паштовая марка Незалежнай Рэспублікі Беларусь, выпушчаная ў абарачэньне 20 сакавіка 1992


Лягічна, што, калі пачала працаваць пошта Незалежнай Беларусі, першай выдадзенай маркай стала марка з выявай Крыжа Эўфрасіньні Полацкай.

Крыж Эўфрасіньні Полацкай зьяўляецца Крыжом-каўчэгам, бо ў падпісаных гнёздах Крыжа знаходзяцца найкаштоўнейшыя хрысьціянскія рэліквіі: кавалачак Крыжа, на якім быў расьпяты Хрыстос, з кроплямі крыві Ісуса і драбок каменю ад дамавіны Божай Маці.

Падчас знаходжаньня нашай краіны пад Расейскай акупацыяй у 1941 годзе, калі ішла Другая Сьветавая вайна, савецкімі ўладамі быў дадзены загад вывезьці Крыж з Беларусі. У выніку Крыж бясьсьледна зьнік. Да гэтага часу пошукі Крыжа не далі плёну. У 1992 кіраўнікі краін СНД падпісалі пагадненьне аб вяртаньні гістарычных каштоўнасьцяў дзяржавам іх паходжаньня. Гэта абудзіла надзею. Але Расея не прызнала гэтага пагадненьня, а ў 1997 Дзярждума Расеі прыняла Закон аб рэстытуцыях, які адмаўляе вяртаньне ўкрадзеных каштоўнасьцяў іх уладальнікам. Таму ў 1992 па ініцыятыве Згуртаваньня Беларусаў Сьвету (ЗБС) «Бацькаўшчына» прымаецца рашэньне аднавіць Сьвятыню.


Крыж Эўфрасіньні Полацкай. Наддрукоўка «адноўлены і асьвечаны ў верасьні 1997» і «3000» на марцы №1. Выдадзена ў 1997. Налепка «Да 1000 хрышчэньня», выдадзеная ў ЗША ў 1985


Крыж, узноўлены па вобразу і падабенству ўзьвіжальнага Крыжа Эўфрасіньні Полацкай мастаком – ювэлірам Міколам Кузьмічом, 6 сьнежня 1997 хросным ходам быў унесены на спрадвечнае месца Сьвятыні-у Спасаўскі храм.

«Сьвятыні сыходзяць, калі мы становімся нявартымі іх, і вяртаюцца, калі Душы імкнуцца да навяртаньня, сьвятла і волі…».

21 сакавіка 2011 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэньне два паштовыя блёкі і КПД «850-годзьдзе стварэньня Крыжа Эўфрасіньні Полацкай».

Уверсе блёку малюнак Эўфрасіньні Полацкай з Крыжам у правай руцэ і храмам Спаса – у левай.


850-годзьдзе стварэньня Крыжа Эўфрасіньні Полацкай. Блёк пошты Беларусі, выдадзены ў 2011


Беларускі блёк «850-годзьдзе стварэньня крыжа Эўфрасіньні Полацкай» увайшоў у лік дзесяці лепшых марак сьвету на штогадовым міжнародным конкурсе «Вялікі прыз выставы WIPA».

Калі 8 ліпеня 1993 у Менску ў будынку Тэатра опэры і балету пачаў сваю працу Першы зьезд Беларусаў сьвету, то Белпошта адгукнулася на гэту падзею выданьнем паштовай маркі з відарысам эмблемы зьезду з стылізаванай фігурай Эўфрасіньні Полацкай. Акрамя маркі з эмблемай зьезду быў выдадзены канвэрт і картмаксімум з адпаведным штэмпэлем.


Картмаксімум, прысьвечаны Першаму зьезду Беларусаў Сьвету, выдадзены поштай Беларусі ў 1993


Пра дзейнасьць Эўфрасіньні Полацкай, пра яе заслугі перад нашай нацыяй і ўзьдзеяньне на нашы душы лепш, чым напісана ў «Жыціі Эўфрасіньні Полацкай», сказаць нельга: «Была яна дапамогай пакрыўджаным, суцяшэньнем смуткуючым, распранутым – адзеньнем, хворым – наведаньнем ці, проста кажучы, – для ўсіх была ўсім. Эўфрасіньня сэрца сваё паіла Божаю мудрасьцю. Эўфрасіньня – незьвядальны квет райскага саду. Эўфрасіньня – арол, што, лунаючы ў небе, праляцеў ад захаду і да ўсходу, як промень сонечны, прасьвятліў зямлю Полацкую».

Полацкае княства ўваходзіць у склад Вялікага Княства Літоўскага (1307)

На пачатку XIII стагодзьдзя ў Полацку і Літвы зьявіўся агульны вораг – крыжакі. Крыжакі заснавалі крэпасьць Рыгу (1201), чым перакрылі палачанам гандлёвы шлях да Скандынаўскіх краінаў. Адтуль пачалася экспансія крыжакоў у сфэру ўплыву Полацку. У 1208 крыжакі захапілі Кукенойс, у 1209 разрабавалі і спалілі Герцыке. Ніжняе Падзьвіньне перайшло да крыжакоў. У такіх умовах палачане ўсё часьцей выступалі супраць крыжакоў разам з літоўцамі. У 1262 Полацкае веча запрасіла на княжаньне Літоўскага князя Таўцівіла. Полацк уваходзіць у склад Вялікага Княства Літоўскага.


Вялікі Князь Літоўскі Віцень (1295—1316). Марка пошты Летувы, выдадзеная ў 2023


Датай уваходжаньня лічыцца 1307 год, калі ў Полацку пачаў княжыць брат Віценя Воін.

P.S.

Ваенны паход унука Чынгісхана Батыя на захад пачаўся ў 1235. Русь у першай палове трынаццатага стагодзьдзя не ўяўляла такой ваеннай сілы, як у папярэднія стагодзьдзя. Падзел, зьдзейсьнены Яраславам Мудрым у 1054 годзе, прывёў да поўнага палітычнага распаду рускіх зямель. Адсутнасьць адзінства значна ўскладняла сутыкненьне з пагрозай, якую прадстаўлялі манголы. Прайшоўшыся па Русі, спустошыўшы найбуйнейшыя цэнтры, манголы скрупулёзна зьбіралі зьвесткі аб Заходняй Эўропе: пра эканамічнае, палітычнае, сацыяльнае становішча Эўропы таго часу. Да эўрапейцаў жа даходзілі толькі чуткі пра манголаў, якія распавядаліся бежанцамі.


Заваяваньні манголаў. Блёк пошты Беніну, выдадзены ў 2018


У 1241 манголы захапілі Польшчу, Вэнгрыю. Затым манголы ўварваліся ў землі Букавіны, Малдавіі і Румыніі. Улетку 1241 года Субудай распрацоўваў пляны ўварваньня ў Італію, Аўстрыю і Германію. У канцы сьнежня перадавыя атрады манголаў перайшлі Юлійскіе Альпы і накіраваліся ў Паўночную Італію, а разьведчыкі падышлі па Дунайскай раўніне да Вены.

Правадыром усіх галоўных ваенных заваявальных заходніх паходаў мангола – татараў ва Усходнюю Эўропу быў унук заснавальніка Мангольскай імпэрыі Цемучына (Чынгісхана) хан Батый, заснавальнік велізарнай Залатой Арды, якая распасьціралася ад Іртышу да Дунаю са сталіцай у Сарай-Бату на ўсходнім беразе Волгі.


Хан Батый. Блёк пошты Манголіі, выдадзены ў 2013


Раптам з сталіцы Вялікай Мангольскай імпэрыі з далёкага Каракаруму да Бату-хана прыбыў ганец і прынёс вестку пра тое, што памёр сын і пераемнік Чынгісхана Угэдэй. Закон абвяшчаў, што пасьля сьмерці кіраўніка ўсе нашчадкі роду, дзе б яны ні знаходзіліся, павінны вярнуцца ў Манголію і прыняць удзел у выбарах новага хана. Так, у ваколіцах да сьмерці перапалоханых Вэнэцыі і Вены мангольскія тумены вымушаныя былі разгарнуцца і рушыць назад у Каракарум. Сьмерць Угедэя выратавала Эўропу. Ды перад сіламі манголаў першапачаткова была пастаўлена задача правесьці выведвальны паход (падобна паходу на Русь 1223), а канчатковае заваяваньне меркавалася ажыцьцявіць пазьней.

Тураўскае княства

Паўднёвы камень нашай дзяржаўнасьці

Тры пранароднасьці – продкі сучасных Беларусаў крывічы, дрыгавічы і радзімічы заснавалі першыя дзяржаўныя ўтварэньні, якія лічацца Беларускімі: Полацкае княства крывічаў, Тураўскае княства дрыгавічоў і Смаленскае княства крывічаў. Радзімічам гэтага зрабіць не ўдалося, бо яны ўвайшлі ў склад Чарнігаўскага (украінскага) княства. Тураўскае і Смаленскае княствы з 10 па 12 стагодзьдзі трапілі ў залежнасьць ад Кіеўскіх князёў. З сярэдзіны ХІІ стагодзьдзя Тураўскае княства становіцца самастойнай зямлёй-дзяржавай. Пры князю Гедыміну Турава-Пінская зямля ўвайшла ў склад Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). І Тураўскае і Смаленскае княствы таксама наша спадчына. Ці паштовыя маркі могуць нешта паведаміць пра іх?

Тураў – сталіца княства ўпершыню ўзгаданы ў «Аповесьці мінулых гадоў»: «А Рагвалод прыйшоў калісь з-за мора, і меў уладу сваю ў Полацку, а Туры – у Тураве, ад яго ж і тураўцы празваліся». Да 980 Тураўскае княства яшчэ было самастойным. У яго склад уваходзілі вядомыя па летапісах гарады Пінск, Берасьце, Слуцк, Клецк, Чартарыйск і Дубровіца. У 1005 у Тураве была заснавана эпіскапская катэдра. Аб адкрыцьці катэдры паведамляецца ў артыкуле (Устаўной грамаце), якая зьмяшчаецца ў Кіеўскім Патэрыку 17 стагодзьдзя рэдакцыі архімандрыта Язэпа Трызны пад назвай «Тураўскай эпіскапіі запавет блажэннага Уладзіміра». Сярод гарадоў, якія першапачаткова ўваходзілі ў межы Тураўскай эпархіі, называюцца: Пінск, Берасьце, Гародня, Ваўкавыск, Зьдзітаў, Навагародак, Слуцк…

Але маркі нам апавядаюць толькі пра Кірыла Тураўскага (1110—1182). Менавіта вяршыняй культурнай спадчыны Тураўскай зямлі зьяўляецца шматграннае творчасьць гэтага вялікага кніжніка, паэта і прамоўцы, выбітнага царкоўнага дзеяча, рэлігійнага асьветніка, набожнага прапаведніка, які заслужана названы «Златоустом, просиявшим паче всех на Руси».


Кірыла Тураўскі. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 1996


Творы вялікага мысьляра на працягу стагодзьдзяў перапісваліся, уваходзілі ў склад розных зборнікаў і дзякуючы разьвіцьцю кнігадрукаваньня сталі шырока распаўсюджвацца па ўсёй Эўропе ў другой палове XVI стагодзьдзя. Прапаведнік быў дарадцам і настаўнікам многіх выбітных людзей свайго часу. У 1984 годзе выбітны асьветнік, філёзаф, мысьляр быў прылічаны да Сабору Беларускіх Сьвятых і дзень яго памяці адзначаецца штогод 11 траўня.

11 траўня 2013 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў зварот паштовы блёк «Выдатныя асобы Беларусі. Кірыл Тураўскі».


Канвэрт першага дня з блёкам «Выдатныя асобы Беларусі. Кірыл Тураўскі», выдадзены поштай Беларусі ў 2013


На канвэрце: Сьпіс «Слова на Ушэсьце Гасподняе» Кірылы Тураўскага XIII стагодзьдзя, Паўсядзённыя малітвы Кірылы Тураўскага (Вільня, 1596), старонкі з кнігі «Штодзённыя малітвы» з малітвай Кірыла Тураўскага (пачатак XVII стагодзьдзя).

Да 1000-годзьдзя Тураўскай эпархіі Белпошта прымеркавала марку. На марцы помнік Кірылу Тураўскаму. Сямімэтровы помнік (Аўтары – скульптар Міхаіл Інькоў, архітэктар – Мікалай Лук'янчык) усталяваны ў 1993 у Тураве. Яго магутны сылюэт, у аснове якога – Крыж бізантыйскай формы, здалёку праглядаецца пры пад'езьдзе да Замкавай гары.


Картмаксімум «1000 год Тураўскай эпархіі». На марцы помнік Кірылу Тураўскаму. Марка выдадзена ў 2005. На паштоўцы карціна Аляксея Марачкіна «Кірыла Тураўскі» (1987)


Помнікі Кірылу Тураўскаму пастаўленыя ў Гомлі, Тураве, Менску. Цэрквы Сьвятога Кірылы Тураўскага знаходзяцца ў Лёндане, Таронта і Нью-Ёрку.

У 2004 Тураў прымаў гасьцей на Дзень Беларускага пісьменства. Белпошта да гэтай даты выпусьціла марачны канвэрт.


Дзень Беларускага пісьменства. Тураў. Канвэрт пошты Беларусі, выдадзены ў 2004


На марцы выгляд прыстані старога Турава на рацэ Прыпяць у XIX стагодзьдзі. На канвэрце: партрэт Кірылы Тураўскага і выява Тураўскага Эвангельля на фоне горада Турава ў XIІ стагодзьдзі.

Амаль нічога не раскажуць маркі пра Смаленскае княства…

Нічога не раскажуць маркі пра Смаленскае княства, бо такіх марак няма… Смаленск належыць Расеі і, ня гледзячы на багатую гісторыю, у філятэліі Расеі гэта гісторыя не адлюстраваная. У ХІІІ стагодзьдзі ў складзе Смаленскага княства знаходзіліся такія месцы сучаснай Беларусі, як Амсьціслаў, Ворша, Копысь, Крычаў і Прапойск. Смаленск – старажытны горад крывічоў і сталіца адной зь першых дзяржаваў на этнічнай тэрыторыі Беларусаў, Магдэбурскае места і цэнтар гістарычнага рэгіёну, першая сталіца Беларускай ССР (1—5 студзеня 1919).


1150 гадоў г. Смаленску. Марка пошты Расеі, выдадзеная ў 2013


На марцы намаляваная Смаленская крапасная сьцяна (1595—1602) і герб Смаленску. На палях паштовага блёка – кампазыцыя, якая ілюструе асобныя пэрыяды гісторыі Смаленску: залажэньне горада і фрагмэнт драўлянай сьцяны; Смаленская бітва вайны 1812 года і сьцяг пяхотнай дывізіі Невяроўскага; Смаленская бітва 1941 года і сьцяг 630 палку 107 стралковай дывізіі; дзяржаўны сьцяг Расейскай Фэдэрацыі і сьвяточнае шэсьце.

Да нашага часу тут захаваліся цэрквы Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла на Гарадзянцы, Яна Багаслова на Варажках і Сьвірская Сьвятога Міхала Арханёла, помнікі архітэктуры XII ст. з рысамі Полацкай і Смаленскай школаў дойлідзтва, Прачысьценская саборная царква з элемэнтамі магілёўскага барока і некалькі цэркваў XVII—XIX стагодзьдзяў, магутная фартэцыя з Каралеўскім бастыёнам і палац уніяцкага япіскапа, помнікі архітэктуры XVI—XVII стагодзьдзяў.


Смаленск. Агульны выгляд. Картмаксімум пошты Расеі, выдадзены ў 1909


На картмаксімуме вылучаецца Сабор Успеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы – катэдральны шасьціслупавы сабор Смаленскай эпархіі Рускай праваслаўнай царквы. Знаходзіцца ў цэнтральнай частцы горада Смаленску на Саборнай гары. Збудаваны на мяжы XVII і XVIII стагодзьдзяў у памяць аб абароне Смаленску ў 1609—1611 на месцы сабору XII стагодзьдзя ў стылі кіеўскага бароку.

Умелі будаваць, чытаць і пісаць

У 12 стагодзьдзі ў Заходняй Русі назіралася асабліва інтэнсіўнае будаўніцтва праваслаўных храмаў. У Полацку ў паказаны час было ўзьведзена не менш 10-ці манумэнтальных каменных цэркваў. У Гародні – 3 храмы. Царкоўнае каменнае дойлідзтва разьвівалася ў Тураве, Менску, Віцебску, Наваградку, Ваўкавыску. У многіх паселішчах узводзіліся драўляныя цэрквы. З таго часу да нашых дзён уцалелі храмы: Спаса-Перамяненскі ў Полацку, Сьвятых Барыса і Глеба (Калёскі) у Гародні, Дабравешчаньня Прасьвятой Багародзіцы ў Віцебску.


Барысаглебская Калоская царква. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 1992


Гароднянская паэтка Данута Бічэль так напісала пра Каложу:

Цудны Каложы снапок:Кветка і Крыж,Цуд гэты звыш,Цуд гэты вытварыў Бог,Так чалавекБы ня змог…

У горадзе Камянец Брэсцкай вобласьці знаходзіцца ўнікальны помнік архітэктуры і абарончага дойлідзтва другой палавіны XIII стагодзьдзя – непераможная Камянецкая вежа. Непераможная, бо яе ні разу не захапіў вораг.


Камянецкая вежа. 12—13 стагодзьдзі. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 1992

bannerbanner