Читать книгу Рымскі Юбілей (Герберт Цёрстан) онлайн бесплатно на Bookz (4-ая страница книги)
Рымскі Юбілей
Рымскі Юбілей
Оценить:

3

Полная версия:

Рымскі Юбілей

«Само святкаванне Юбілею, — паведамляе аўтар, — пачынаецца ў вігілію Божага Нараджэння, незадоўга да Нешпараў, цырымоніяй, якая асабліва заслугоўвае ўвагі, а менавіта адкрыццём святых дзвярэй. Для лепшага разумення гэтага трэба ведаць, што гэтыя святыя дзверы — гэта адны з дзвярэй касцёла св. Пятра на Ватыкане, якія заўсёды зачынены і, больш за тое, нават закладзены цэглай у прамежку паміж юбілейнымі гадамі, якія заўсёды пачынаюцца з адкрыцця гэтых дзвярэй.

Таму 24 снежня, у вігілію Божага Нараджэння, усе дзверы ва ўсіх чатырох касцёлах, дзе ёсць святыя дзверы, па загадзе Яго Святасці зачыняюцца, каб ніхто не мог прайсці праз іх, пакуль яны не будуць адкрыты згодна з традыцыйнымі цырымоніямі.

Пасля абеду, прыкладна ў час Нешпараў гэтай вялікай вігіліі, адбываецца вельмі ўрачыстая працэсія, у якой удзельнічаюць паслы замежных князёў, што пражываюць у Рыме, гарадскія чыноўнікі, усе пенітэнцыярыі і прэлаты, якія знаходзяцца ў Рыме; усе капітулы, брацтвы, рымскае духавенства, калегія кардыналаў і сам Вярхоўны Пантыфік, кожны паводле свайго рангу і годнасці.

Такім чынам яны ідуць адзін за адным з вялікім крыжам наперадзе да капліцы Апостальскага палаца (гэта значыць, Сікстынскай), дзе, як толькі ўсе збяруцца, Святы Айцец разам з прысутнымі становіцца на калені перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам; у той жа час шматлікія прыслугоўваючыя займаюцца запальваннем факелаў для кардыналаў, якія будуць трымаць іх як знак радасці. Затым Папа з найглыбейшай пашанай перад алтаром кідае крыху кадзіла ў жароўню86, пасля чаго пачынае гімн «Veni Creator Spiritus», які працягваецца да канца аркестрам і выразна спяваецца, каб прадставіць святых айцоў у лімбе (sic)87. Адтуль працэсія выходзіць у тым жа парадку, што і раней, у касцёл св. Пятра, а за ёй рухаецца сам Святы Айцец, якога нясуць на троне да святых дзвярэй, якія, як і ўсе астатнія, застаюцца надзейна зачыненымі. Калі ўсе занялі свае месцы, Святы Айцец сыходзіць са свайго крэсла і, трымаючы ў руцэ запаленую васковую свечку, падымаецца на тры прыступкі да іншага трона, размешчанага з гэтай мэтай каля святых дзвярэй. Крыху адпачнуўшы, ён устае і, павярнуўшыся да святых дзвярэй, тройчы стукае срэбраным малатком па святых дзвярах, якія неабходна адкрыць, а таксама тройчы спявае наступныя вершы, на якія кожны раз адказваюць музыканты хору:

V. Адкрыйце мне брамы справядлівасці.

R. Увайшоўшы ў іх, я буду славіць Пана.

V. Я ўвайду ў дом Твой, Пане.

R. Пакланюся да Тваёй святой святыні ў боязі Тваёй.

V. Адкрыйце брамы, бо з намі Бог.

R. Які паказаў сілу ў Ізраэлі.

Тады Папа зноў сядае на трон і кажа:

V. Пане, пачуй маю малітву.

R. І вокліч мой няхай да Цябе дойдзе.

У той жа момант, калі Папа пайшоў ад святых дзвярэй да свайго трона, муляры пачынаюць разбураць сцяну, якою былі замураваны дзверы, а калі яны выносяць матэрыялы, Папа працягвае:

V. Пан з вамі.

R. І з духам тваім.

Памолімся. Просім Цябе, Пане, апярэджвай нашыя дзеянні сваім натхненнем і суправаджай сваёй дапамогай, каб кожная наша малітва і справа ад Цябе заўсёды пачыналася і ў Табе знаходзіла завяршэнне. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Пасля заканчэння малітвы хор спявае псальм «Jubilate Deo omnis terra, servite Domino in lætitia», у той час як людзі набліжаюцца як мага бліжэй да агароджаў, а пенітэнцыярыі ў святарскім убранні абмываюць святой вадой верхнюю частку, слупы і парог святых дзвярэй. Пасля гэтага, падышоўшы да святых дзвярэй, Папа прамаўляе наступныя вершы, на якія адказвае хор:

[V. Гэта дзень, які Пан учыніў.

R. Будзем радавацца і весяліцца ў ім.

V. Шчаслівы народ Твой, Пане.

R. Які чыніць святкаванне.]

V. Гэта брама Пана.

R. Справядлівыя ўвойдуць у яе.

V. Пане, пачуй маю малітву.

R. І вокліч мой няхай да Цябе дойдзе.

V. Пан з вамі.

R. І з духам тваім.

Памолімся. Божа, Ты праз слугу Твайго Майсея ўстанавіў для дзяцей Ізраэля юбілей і год прабачэння; у сваёй дабрыні дай нам, што маем гонар называцца Тваімі слугамі, шчасліва распачаць цяперашні Юбілей, устаноўлены Тваёю ўладай, у якім Тваёй воляй было самым урачыстым чынам адкрыць свайму народу гэтыя дзверы, праз якія ён уваходзіць у Тваю святыню і ўзносіць свае малітвы ў прысутнасці Тваёй боскай велічы, каб, атрымаўшы тым самым поўнае і абсалютнае адпушчэнне ўсіх нашых грахоў, мы маглі ў дзень нашага адыходу з гэтага свету быць даведзенымі Тваёй міласэрнасцю да радасці нябеснай славы. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн88.

Пасля заканчэння гэтай малітвы Папу перадаюць крыж, і ён, стоячы на каленях у святых дзвярах, спявае гімн «Te Deum laudamus». Затым, калі ён уваходзіць праз браму, хор працягвае спяваць ад слоў «Te Dominum». Як толькі ён праходзіць праз браму ў асноўную частку касцёла, прыслугоўваючыя, якія апрануты ў чырвонае і знаходзяцца там для гэтага, падводзяць яго да крэсла і нясуць прама да вялікага алтара касцёла св. Пятра. Там яго апускаюць, ён падымаецца з крэсла і пасля некаторага часу, праведзенага ў малітве перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, падымаецца на трон, узведзены з гэтай мэтай. Затым ён пачынае Нешпары, якія, згодна з традыцыяй, спяваюцца на свята Нараджэння нашага Збаўцы».


Зверху: рэверс двух медалёў Клімента VIII, 1600 г.

Знізу: медаль, выбіты Бенвенута Чэліні ў 1534 г.


Калі прыпыніць тут на час аповед нашага аўтара, то варта адзначыць, што яшчэ да дня самой падзеі цырымоніймайстру было аб чым паклапаціцца. У галерэі трэба было ўстанавіць трыбуны для знатных гасцей і больш прывілеяваных прадстаўнікоў шляхты і духавенства; неабходна было даць распараджэнні аб звоне ўсіх гарадскіх званоў на працягу трох папярэдніх дзён, у той жа час, што быў вызначаны для адкрыцця дзвярэй; трэба было падумаць пра стрымліванне натоўпу і падтрыманне парадку; неабходна было напярэдадні асвяціць святую ваду89 і падрыхтаваць яе ў галерэі, дзе яна спатрэбіцца пенітэнцыярыям для абмывання вушакоў дзвярэй; трэба было выдаць інструкцыі кардыналам-легатам, якія павінны былі адкрыць святыя дзверы ў трох іншых базіліках; неабходна было даслаць самыя розныя паведамленні духавенству Рыма, прысутнасць якога патрабавалася на цырымоніі. А перш за ўсё цырымоніймайстар павінен быў дамовіцца з мулярамі і пераканацца, што дзверы ў патрэбны момант абваляцца без лішняга шуму і пылу. Відавочна, што гэтага нельга было дасягнуць без фактычнага разбору мура, і разам з гэтай неабходнасцю з вельмі ранняга перыяду была ўведзена практыка папярэдняга вымання сховішча з медалямі, якое заўсёды закладвалася самім Святым Айцом у падножжы сцяны, калі святыя дзверы замуроўваліся ў канцы юбілейнага года. У італьянскім характары ёсць адна мілая слабасць: такія невялікія прывілеі могуць выклікаць амаль неверагоднае жаданне іх атрымаць. Муканцыа пакінуў нам жывапіснае апісанне той нецярплівасці, з якой яшчэ падчас Юбілею 1575 г. людзі стараліся здабыць сваю долю.


Злева: юбілейны медаль Клімента Х з выявай адкрыцця святых дзвярэй. Справа: юбілейная манета Клімента Х з выявай пілігрымаў, якія праходзяць праз святыя дзверы


За два дні да Божага Нараджэння, расказвае ён, калі цагляную муроўку, якая закладала дзверы, трэба было аслабіць, сярод галоўных муляраў разгарнулася вялікая канкурэнцыя за тое, хто будзе абраны для гэтай працы. Урэшце работа была даручана брыгадзіру санп’етрына і галоўнаму муляру папскага палаца. «Абодва вельмі рваліся да працы, разлічваючы, што падчас разбурэння дзвярэй змогуць атрымаць каштоўныя прызы ў выглядзе залатых ці срэбраных медалёў. Але іхнія чаканні не апраўдаліся, бо яны знайшлі вельмі мала срэбраных медалёў — толькі адзінаццаць, кожны вагою два скуда ці каля таго, а астатнія былі бронзавыя, у невялікай колькасці і невялікіх памераў. З гэтых срэбраных медалёў амаль усе трапілі ў рукі тайных камергераў Яго Святасці, якія загадзя выставілі сваіх слуг, каб тыя сачылі за здабычай. А я, які амаль усю ноч назіраў на месцы, каб атрымаць некалькі медалёў дзеля пабожнасці і як сувенір, з вялікімі цяжкасцямі здабыў адзін адзіны срэбраны медаль, які пазней падарыў выбітнаму кардыналу дэ Медычы, а таксама некалькі бронзавых, якімі падзяліўся са сваім калегам Луі»90.

Здаецца, што ў раннія дні гэтага абраду ўдары па паверхні святых дзвярэй не былі такімі фармальнымі, якімі сталі пазней. Муканцыа ў захапленні піша, як Грыгорый XIII абедзвюма рукамі ўзяў у вялікага пенітэнцыярыя срэбраны малаток і энергічна ўдараў па сцяне91, спяваючы кожны верш.

Пры першай жа спробе ручка зламалася і парэзала Папу палец. Але таго, што засталося ад пашкоджанага інструмента, было дастаткова, каб цырымонія працягнулася, і Муканцыа спецыяльна зазначае, што Грыгорый давёў сваю задуму да выканання і прабіў у цаглянай сцяне невялікую дзірку. Пасля Пантыфіка падышлі пенітэнцыярыі, якія стаялі па абодва бакі ад дзвярэй і мелі свае ўласныя малаткі. Яны таксама моцна ўдаралі (fortiter percutiebant), і пры дапамозе рабочых, якія ўладкавалі на ўнутраным баку нейкі мудры механізм, дзверы неўзабаве з грохатам упалі. У момант іх падзення ўзнікла, па меншай меры ў гэтым канкрэтным выпадку, усеагульная мітусня: рабочыя ўнутры, жаўнеры звонку, натоўп, які шчыльна падпіраў ззаду, — усе кінуліся на аскепкі цэглы і цэменту. Нішто не магло ўтрымаць гэтую хвалю, а ахоўнікі былі надта занятыя тым, каб здабыць сваю, хоць колькі значную частку. Як распавядае Муканцыа, ён крычаў ім на поўны голас, але яны зусім не звярталі ўвагі. У выніку добрых дзвесце чалавек прабіліся і прайшлі праз дзверы раней, чым парог перасек Пантыфік. Падчас усёй сцэны стаяў такі моцны шум, што ніхто не мог пачуць ні вершаў і малітваў, якія спяваў Папа, ні адказаў, якія даваў хор. Апошнія, як адзначае наш цырымоніймайстар, старанна выконвалі антыфоны і псальмы, якія былі ім вызначаны, але іх галасы былі цалкам заглушаны натоўпам. З іншага боку, напор натоўпу быў такі вялікі, што пенітэнцыярыям абсалютна не ўдалося ачысціць парог і памыць дзверы святой вадой, як гэта прадпісваюць звычаі і належны парадак. Прайшло больш за паўгадзіны, перш чым служба змагла працягнуцца, але шлях для Папы ўрэшце быў вызвалены, астатнія вершы былі выкананы, гімн «Te Deum» праспяваны, і артылерыя святога Анёла выбухнула аглушальным рэхам. Толькі пасля заканчэння Нешпараў Папа і прэлаты, якія яго суправаджалі, атрымалі сумную вестку, што падчас сумятні, якую яны толькі што назіралі, шэсць ці восем чалавек з натоўпу былі затаптаны да смерці. Цалкам зразумела, што гэты інцыдэнт кінуў цень смутку на ўвесь горад92

Конец ознакомительного фрагмента.

Текст предоставлен ООО «Литрес».

Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на Литрес.

Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.

Примечания

1

«Гісторыя адпустаў у Сярэднявеччы». Гэта найбольш аўтарытэтная і дакладная праца з усіх, што напісаны на тэму адпустаў. Адносна Юбілею гл. т. 2, с. 103 і далей, 175 і далей; т. 3., с. 181 і далей. Кніга публікавалася ў 1922—1923 гг. Ф. Шонінгам з Падэрборна.

2

Platina. De vitis Pontificum.

3

Хустка св. Веранікі — гэта кавалак тканіны, якім, як лічыцца, яна выцерла твар нашага Пана, калі з некаторымі іншымі святымі жанчынамі сустрэла Яго па дарозе на Кальварыю (Лк 23:27). Наш Пан вярнуў ёй хустку з адбіткам свайго аблічча на ёй.

4

Гістарычная вобласць на паўднёвым усходзе Францыі, каля падножжа Альп — Заўв. пер.

5

Горад на поўначы Францыі. — Заўв. пер.

6

Пра гэтыя дэталі мы даведваемся пераважна з трактата «De centesimo seu jubileo anno liber», напісанага кардыналам Гаэтані Стэфанескі, сучаснікам гэтых падзей. Значна лепшы тэкст за той, што быў надрукаваны ў «Maxima Bibliotheca Patrum», выдадзены Кватрокі ў «Bessarione», 1900, т. 7, с. 291 і далей.

7

Джавані Вілані (італ. Giovanni Villani, каля 1274/1280 — 1348) — фларэнтыйскі храніст, гісторык, дзяржаўны дзеяч і дыпламат. Вядомы сваім творам «Новая хроніка». — Заўв. пер.

8

Гульельма Вентура (італ. Guglielmo Ventura, 1250 — 1325/1326) — італьянскі храніст, гандляр прыправамі і гарадскі чыноўнік з Асці (П’емонт). Аўтар «Летапісу дзеяў грамадзян Асці і многіх іншых гарадоў». — Заўв. пер.

9

Джакама Гаэтані Стэфанескі (італ. Giacomo Gaetani Stefaneschi, каля 1270 — 1343) — італьянскі кардынал. Аўтар «Кнігі пра соты, або юбілейны, год» і «Кнігі абрадаў Рымскай курыі». — Заўв. пер.

10

Stefaneschi. De Jubileo, p. 538.

11

Дантэ. Пекла, песня XVIII.

12

Дантэ. Чысцец, песня II.

13

«…не толькі поўнае і шчодрае, але і найпаўнейшае прабачэнне ўсіх іхніх грахоў» (була Antiquorum).

14

Георг Генрых Перц (ням. Georg Heinrich Pertz, 1795—1876) — нямецкі гісторык. — Заўв. пер.

15

Генры Чарльз Лі (англ. Henry Charles Lea, 1825—1909) — амерыканскі гісторык і грамадскі дзеяч. — Заўв. пер.

16

Пар. Tosti. Storia di Bonifazio VIII, vol. II, p. 288.

17

Карл Мартэл Анжуйскі (італ. Carlo Martello d’Angiò, 1271—1295) — сын Карла ІІ Неапалітанскага і дачкі караля Венгрыі Стэфана V Марыі Венгерскай. — Заўв. пер.

18

Карл дэ Валуа (фр. Charles comte de Valois, 1270—1325) — французскі граф, тытулярны імператар Лацінскай імперыі, тытулярны кароль Арагона. — Заўв. пер.

19

Луіджы Тосці (італ. Luigi Tosti, 1811—1897) — манах-бенедыктынец, гісторык. — Заўв. пер.

20

Палітычная плынь у Італіі ХІІ—ХVI стст., якая выступала за абмежаванне ўлады імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі і ўзмацненне ўплыву Папы. — Заўв. пер.

21

Tosti. Storia di Bonifazio VIII, vol. II, p. 73. Тосці, здаецца, не заўважыў апісання гэтай дэлегацыі, якое дае ў сваёй хроніцы св. Антанін Фларэнтыйскі. Святы сцвярджае, што Баніфацый у сувязі з гэтай дэлегацыяй сказаў: «Дзеля славы імені Фларэнцыі, я заяўляю, што фларэнтыйцы ўтвораць новую сілу ў кіраванні светам». Chronicon (Lyons, 1586), III, p. 240.

22

Solemnis remissio omnium peccatorum, videlicet culparum et pœnarum.

23

Annus centenus Romæ semper est jubilenus. Omnia laxantur, cui penitent ista donantur, Hæc decrevit Bonifacius et roboravit.

24

«У імя Пана нашага Езуса Хрыста. 3 лістапада 1498 г. Гэтая кніга з’яўляецца абаронай супраць жорсткай хваробы адчаю і правадніком да жыцця вечнага».

25

Іаган Буркард (ням. Johannes Burckard, 1445/1450 — 1506) — апостальскі пратанатарый Святой Сталіцы і цырыманіярый Рымскай курыі. Вядомы аўтар літургічных кніг. — Заўв. пер.

26

Кола дзі Рыенца (італ. Cola di Rienzo, 1313—1354) — італьянскі палітычны дзеяч. — Заўв. пер. У выд. Papencordt. Cola di Rienzo e il suo Tempo, pp. 65, 324 сцвярджаецца, што дэлегацыі было дзве: адна ў 1342 г., а другая ў 1343 г. Рыенца, паводле аўтара, быў членам другой дэлегацыі, а Петрарка — першай.

27

Epistolarum carmine scriptarum, lib. II, cap. 5.

28

Выказанае а. Гансала дэ Ільескасам у кнізе «Historia Pontifical».

29

Анібальда Гаэтані дзі Чэкана (італ. Annibaldo Caetani di Ceccano, каля 1282—1350) — італьянскі кардынал, арцыбіскуп Неапаля, затым біскуп Фраскаці. — Заўв. пер.

30

«Historia Anglicana» Уолсінгема, «Chronicon de Melsa» і некаторыя іншыя англійскія хронікі звяртаюць увагу на Юбілей. Эдуард ІІІ, аднак, паставіў перад ахвочымі пілігрымамі ўсе перашкоды з-за асцярогі, што з краіны вывезуць грошы. Некаторым англічанам усё ж удалося паехаць у Рым.

31

Матэа Вілані (італ. Matteo Villani, 1283—1363) — італьянскі гісторык, брат гісторыка Джавані Вілані. — Заўв. пер.

32

Да двух касцёлаў, якія былі вызначаны раней, Клімент VI дадаў базіліку св. Яна на Латэране. Наведванне базілікі св. Марыі Вялікай было пазней уведзена Грыгорыем ХІ у канстытуцыі Salvator noster (1373), хоць сам ён не дажыў да святкавання Юбілею.

33

Villani. Lib. I, cap. 55.

34

Альберык дэ Разатэ (італ. Alberico da Rosciate, 1290—1354/1360) — італьянскі юрыст, літаратар і пасол. — Заўв. пер.

35

Cancellieri. De secretariis, t. II.

36

Людовік Венгерскі (1326—1382) — кароль венгерскі, кароль польскі.

37

Oliphant. The Makers of Modern Rome, pp. 399—400.

38

Раскол у Каталіцкім Касцёле ў 1378—1417 гг., калі адразу два, а затым тры прэтэндэнты абвясцілі сябе сапраўднымі Папамі. — Заўв. пер.

39

Гісторыя першых дванаццаці стагоддзяў хрысціянства ў дванаццаці тамах, напісаная Бароніем і Раінальдзі і апублікаваная паміж 1588 і 1607 гг. — Заўв. пер.

40

Manetti. Vita di Nicolai V, 924. Гл. Pastor, vol. II, p. 77. Аповед пра гэты і наступны Юбілеі заснаваны на апошнім выданні.

41

Historia Friderici III, p. 172.

42

Ist. Bresc., 867.

43

Pastor. Vol. II, p. 81.

44

Vittorelli. Historia de’ Giubilei Pontificii, p. 292.

45

Cronache Romane, pp. 16—20. Гл. Manni. Pp. 63—66; Pastor. Vol. II.

46

Cronache Romane, p. 74.

47

Каля 200 км на поўнач ад Рыма. — Заўв. пер.

48

Cronache Romane, p. 18.

49

Manni. Pp. 60—61.

50

Альбрэхт VI (1418—1463) — эрцгерцаг Аўстрыі. — Заўв. пер.

51

Уільям, 8-ы граф Дуглас (1425—1452) — шатландскі барон з роду Дугласаў. — Заўв. пер.

52

Ахоўная грамата, выдадзеная Генрыхам VI Уільяму, графу Дугласу, і ягонай свіце з правам перасячы праліў Кале, захоўваецца лагэтуль. Гл. Calendar of Documents relating to Scotland, vol. IV, №1229.

53

Manni і Cronache Romane называюць дату 18 снежня, але гэта памылка. Гл. Pastor. Vol. II, p. 96 і далей.

54

Яшчэ адзін аповед пра гэтае здарэнне знаходзіцца ў ананімным дзённіку ў Брытанскім музеі (MS. Addit. 8434, fol. 29).

55

Manetti. Chronica di Perugia, 924 і далей. Гл. Manni. Pp. 70—72. Müntz. Les Arts à la Cour des Papes, Nicholas V, pp. 68, 92.

56

Дадатковыя дэталі прыводзяцца ў выд. Noethen. Geschichte aller Jubeljahre, p. 63.

57

Pastor. Popes, vol. II, pp. 107—108.

58

Гэта група рабочых «на ўсе рукі», якія знаходзяцца на пастаянным заробку ў базіліцы св. Пятра і носяць адмысловую вопратку. Яны ўтрымліваюць касцёл у дасканалым тэхнічным парадку і прыгожым стане амаль без усякай знешняй дапамогі. Іх дзейнасць і розум вартыя пахвалы. — Заўв. кард. Вайзмана.

59

Свечку ён трымае ў левай руцэ, а ў правай руцэ знаходзіцца crux hastata — крыж з доўгім дрэўкам, які служыць яму замест ферулы. На адным з медалёў, выпушчаных да дадзенага Юбілею Льва ХІІ, паказана гэтая дэталь абраду. Насуперак таму, што сцвярджае кардынал Уайзман, Папа там паказаны ў мітры, але гэтую недакладнасць дапусціў мастак.

60

Cardinal Wiseman. Recollections of the Last Four Popes, pp. 270—271.

61

Quæ singulo centesimo jubilei anno consuevit per summos pontifices aperiri.

62

Diarium (ed. Thuasne), vol. II, p. 582.

63

Burchard. Vol. II, p. 583.

64

У выданні сказана «co-opertum», хоць, відавочна, мелася на ўвазе «compertum».

65

Burchard. Vol. II, p. 600.

66

«Quo tempore (г. зн. на першыя Нешпары свята Нараджэння Пана) portam dicte Basilice Beati Petri centesimo quoque anno jubilei pro majore fidelium devotione aperiri solitam…» (Burchard. Vol. II, p. 586). Варта зазначыць, што Буркард не сцвярджае, што залатыя дзверы на Латэране адкрываліся толькі кожны соты год.

67

«Genibus flexis et denudates et manibus compositis versus cœlum aperuimus peccatoribus sanctam portam paradisi et reseravimus per hunc modum». Amort. De origine indulgentiarum, 1738, p. 70. Адносна гэтага фальшывага дакумента гл. Paulus. Geschichte des Ablasses, II, p. 115—116.

68

Chronicon Monasterii de Melsa, vol. III, p. 88.

69

Фелікс Хемерлін (ням. Felix Hemmerlin, 1388/9 — каля 1460) — швейцарскі святар, юрыст, аўтар, удзельнік Канстанцкага (1414—1418) і Базельскага (1431—1449) сабораў. — Заўв. пер.

70

Д-р Пастар, як ні дзіўна, выказаў адносна прыхільную ацэнку ў адрас «Dyalogus de anno jubileo» Хемерліна. Гл. Geschichte der Päpste (4-e выд.), vol. I, p. 416.

71

«Dyalogus de anno jubileo», надрукаваны ў Базелі ў 1497 г., sig. P2, V°. Важныя словы: «Ad hanc igitur portam faciemus applicationem congruissimam ad Romæ portam auream, quæ aperietur in nostre jubilationis solemnitate apud S. Joannem Lateranensem et beati Petri principis apostolorum basilicam pro nunc prout per quinquaginta annos steterat muris firmissimis obstructa».

72

Нікола дэла Туча (італ. Niccola della Tuccia, 1400—1472) — храніст з Вітэрба. — Заўв. пер.

bannerbanner