
Полная версия:
Рымскі Юбілей
Затым Папа без галаўнога ўбора і са свечкай у руках59 уваходзіць праз гэтыя дзверы, а за ім уваходзяць кардыналы і іншыя служыцелі. Яны ідуць да галоўнага алтара, пры якім, як звычайна, спяваюцца першыя Нешпары свята Нараджэння Пана. Абрады таго дня вельмі добра адбіліся ў маёй памяці, і з гэтым звязана адно невялікае здарэнне. Маючы магчымасць з усёй пашанай і пабожнасцю прайсці праз святыя дзверы адным з першых, я памятаю, з якімі эмоцыямі ўбачыў першага клерыка, які ў нашыя часы адмовіўся ад годнасці і лёгкага жыцця ў якасці цаны за сваё навяртанне. У гэтым акце пілігрыма яго акружала або суправаджала ягоная сям’я, якая ішла за ім у ягонай пілігрымцы ласкі. У тыя дні такая асоба была рэдкасцю і чымсьці абсалютна выключным; мы і не думалі, што нашыя вочы некалі прызвычаяцца бачыць многіх такіх людзей»60.

Галерэя базілікі св. Пятра, у якой адбываецца абрад адкрыцця святых дзвярэй; самі дзверы можна бачыць справа. Удалечыні знаходзіцца статуя Карла Вялікага, узведзеная да Юбілею 1725 г.
Так, калі коратка, выглядае абрад, які, несумненна, выконваўся пры адкрыцці святых дзвярэй з пачатку XVI ст. Але тады ўзнікае пытанне: як узнікла гэтая цырымонія і ў чым заключаецца яе сувязь з удзяленнем вялікага юбілейнага адпусту ў пачатку святога года? Згодна з меркаваннем, якое ўжо доўгі час лічыцца агульнапрынятым, увесь абрад быў вынаходніцтвам Іагана Буркарда, знакамітага цырымоніймайстра Папы Аляксандра VI, і ніколі не здзяйсняўся ні ў якім выглядзе да Юбілею 1500 г. пры пантыфікаце гэтага Папы. Гэтую гіпотэзу наўрад ці можна лічыць карэктнай, таму што зразумела, што цэнтральная ідэя расчынення дзвярэй як сімвала праліцця Божай міласэрнасці, мае значна даўнейшае паходжанне і не магла ўзнікнуць пры пантыфікаце такога злога чалавека, як Аляксандр VI.
Але паглядзім у дзённіку самога Буркарда, што ён кажа пра гэтую справу. Ягоны аповед перадае наступнае.
У 1499 г., у трэцюю нядзелю Адвэнту, Папа склікаў звычайных пенітэнцыярыяў на нараду ў базіліку св. Пятра, каб абмеркаваць умовы адпусту, удзяленне паўнамоцтваў і іншыя меры, якія неабходна было прыняць з набліжэннем Юбілею. Папа пажадаў, каб яны абдумалі гэтыя пытанні, а потым паведамілі яму. 18 снежня, у сераду, Аляксандр у другой палове дня прыбыў у базіліку, каб паслухаць, што яны вырашылі. «І тады, — кажа Буркард, — я выкарыстаў магчымасць паказаць Яго Святасці тое месца ў капліцы св. Веранікі, якое канонікі базілікі абвясцілі так званымі залатымі дзвярыма, якія павінны адкрывацца Папамі кожны соты год Юбілею61, пра што я сам часта чуў у народзе. Яго Святасць палічыў, што гэтыя дзверы трэба такім жа чынам адкрыць і ў гэты Юбілей, і распарадзіўся дзеля ўпрыгожвання выразаць і размясціць вакол дзвярэй блокі мармуру, паклаўшы іх на такой шырыні і вышыні, каб самі дзверы аказаліся ўнутры. Ён таксама загадаў цалкам прыбраць сцены спераду і збоку ад згаданай капліцы, каб людзі маглі свабодней праходзіць»62.
Затым Буркард апавядае, што Папа загадаў прызначыць чатырох мужчын, двое з якіх павінны былі ахоўваць базіліку ўдзень, а двое іншых — уначы, назіраючы, каб не адбылося нічога дрэннага, таму што залатыя дзверы не павінны былі закрывацца ні ўдзень, ні ўначы на працягу ўсяго наступнага юбілейнага года, і тое самае павінна было адбывацца ў астатніх трох базіліках63.
«Таксама былі дадзены распараджэнні галоўнаму муляру Тамаза Матараці, каб ён у межах залатых дзвярэй зняў слой сцяны, так што засталося б чатыры-пяць пальцаў таўшчыні, але нельга было праламаць дзірку. І, калі б Яго Святасць падчас служэння Нешпараў вігіліі Нараджэння Пана прыклаў да яе руку, яна лёгка і без затрымкі ўпала б, адкрываючы ўсім свабодны праход.
Прыняўшы ўсе рашэнні, Папа вярнуўся ў палац і сказаў галоўнаму муляру брацца за даручаную яму працу па аздабленні дзвярэй… і тады было высветлена64, што на гэтым месцы ўвогуле не было ніякіх дзвярэй, што сцяна была цэльнай і тоўстай, неаддзельнай ад іншых частак сцяны злева і справа. На тым месцы, якое мы лічылі дзвярным праёмам, быў толькі алтар. Але, паколькі народ трымаўся такой думкі, мне не хацелася парушаць іхнюю веру, якая магла толькі паспрыяць пабожнасці».
Апісваючы цырымоніі адкрыцця Юбілею ў базіліцы св. Пятра, Буркард кажа, што ў тры іншыя базілікі былі дэлегаваны тры кардыналы, каб яны і там «адкрылі залатыя дзверы». Адносна гэтага Буркард зазначае: «Я даў Яго Эмінэнцыі арцыбіскупу Рагузы копію вершаў і малітвы (якія ён, Буркард, уклаў адмыслова для гэтай нагоды) для ягонай інфармацыі і разумення, паводле якога абраду трэба адкрываць залатыя дзверы ў базіліцы св. Паўла. Але ні абат, ні манахі не мелі паняцця, якія дзверы ў гэтай базіліцы з’яўляюцца залатымі. Таму, як я даведаўся пазней, ён адкрыў трое папярэдне замураваных дзвярэй у пярэдняй частцы касцёла, хутчэй каб праветрыць касцёл, чым па нейкай іншай прычыне. Але гэта не надта істотна, бо дурным для збаўлення хопіць і веры. Мне, аднак, здалося дзіўным, што ўсе манахі гэтага кляштара заставаліся ў няведанні адносна такой важнай справы»65.
З гэтых апошніх слоў здаецца зразумелым, што сам Буркард цвёрда верыў у традыцыю залатых дзвярэй. Ён ніколі не стаў бы займацца такой складанай містыфікацыяй, запісваючы ўсё гэта ў свой дзённік, калі б ведаў, што на той час не існавала ніякай традыцыі залатых дзвярэй, акрамя той, што ён выдумаў сам. Існаванне нейкай агульнай чуткі можна прыняць як факт; цяжка, аднак, вызначыць, наколькі гэтая чутка мае рэальныя падставы. Важна зазначыць, што меркаваныя залатыя дзверы ў капліцы св. Веранікі базілікі св. Пятра павінны былі адкрывацца толькі кожныя сто гадоў. Такім, прынамсі, быў погляд Аляксандра VI, і ён не толькі ўнёс у сваю булу ад 20 снежня сцвярджэнне, што ён мае намер адкрыць у базіліцы св. Пятра дзверы, якія прынята адкрываць на Юбілей сотага года66, але і прымусіў Буркарда дадаць слова «centesimus» у напісаную для гэтай нагоды малітву разам са спасылкай на меркаваную практыку адкрыцця такіх дзвярэй. З іншага боку, здаецца пэўным, што ў папярэдні соты год — 1400-ы — у Рыме не праводзілася фармальнага Юбілею. Пілігрымы прыходзілі пераважна з тых краін, якія прызнавалі ўладу антыпапы: Баніфацый ІХ аказаў ім ласкавы прыём, але, як здаецца, ніякай юбілейнай булы не публікавалася, і тым больш малаімаверным здаецца, каб праводзіўся нейкі ўрачысты абрад, падобны да адкрыцця залатых дзвярэй. Зноў жа, яшчэ за сто гадоў да таго, у 1300 г., адбылося першае абвяшчэнне юбілейнага адпусту, аднак нічога ў абставінах таго абвяшчэння, пра якія ўжо было сказана, і ў маўчанні Стэфанескі і храністаў не ўказвае на правядзенне такой цырымоніі. Таму здаецца натуральным дапусціць, што рымская традыцыя залатых дзвярэй сотага года была фікцыяй і што да часоў Буркарда не існавала ніякага абраду, які ўключаў бы ў сябе адкрыццё замураваных дзвярэй.

Выгляд святых дзвярэй у базіліцы св. Пятра знутры. L’illustrazione Italiana, №1, gennaio 1900
Калі ж, аднак, мы пяройдзем да пытання, ці існуе нейкая прычына, ранейшая за XVI ст., якая звязвала б юбілейны адпуст з цырымоніяй адкрыцця дзвярэй, то акажамся зусім у іншай плоскасці. Пакінуўшы на момант па-за ўвагай усе пытанні сімволікі, а таксама біблейскія алюзіі, якія могуць лёгка натхніць такую цырымонію, мы можам спачатку звярнуцца да аднаго ці двух супадзенняў, якія абапіраюцца на пэўнае сведчанне і з’яўляюцца даволі цікавымі.
Сярод тых, хто прыйшоў у Рым на другі вялікі Юбілей 1350 г., праз пяцьдзясят гадоў пасля Юбілею Баніфацыя VIII, быў знакаміты кананіст па імені Альберык дэ Разатэ. У адным з артыкулаў свайго вялікага «Лексікона кананічнага і грамадзянскага права» ён кажа, што разам з жонкай і трыма дзецьмі ён з Божай ласкі прысутнічаў на вышэйзгаданым адпусце 1350 г. і ўсе яны па Божай міласці шчасліва вярнуліся дадому. Альберык прыводзіць копію таго, што ён лічыў аўтэнтычнай булай Клімента VI з абвяшчэннем Юбілею, але дадае таксама і другі дакумент, пра які зазначае: «Што датычыцца вышэйзгаданага адпусту, у мае рукі трапіла і іншая формула. Ці сапраўды яна з’яўляецца папскім дакументам, я сказаць не магу, але гэта прыгожы тэкст, таму я далучаю яго сюды». Меркаваная була апавядае пра тое, што да Клімента з Рыма прыйшла дэлегацыя, каб папрасіць аб скарачэнні прамежку паміж Юбілеямі са ста гадоў да пяцідзесяці. «І паколькі, — кажа Папа, — гасцям было шмат чаго расказаць, Мы распарадзіліся, каб кансісторый склікалі назаўтра. Але ўначы перад кансісторыем Мы мелі бачанне пэўнай шанаванай асобы з двума ключамі ў руцэ, якая звярнулася да Нас з наступнымі словамі: „Адкрый дзверы і пашлі з іх агонь, якім зможа абагрэцца і асвятліцца ўвесь свет“. На наступны дзень Мы адслужылі Імшу ў гонар святой Дзевы, просячы, каб гэтае бачанне, калі яно праўдзівае, з’явілася другі раз, а калі яно фантазія ці ілюзія, каб яно знікла назаўсёды. Памаліўшыся так, Мы пабачылі тое самае зноў на наступную ноч».
Што яшчэ больш цікава, іншы тэкст той жа фальшывай булы, які прыводзіць Аморт, нават ясней кажа пра гэтую прапанову адкрыць дзверы. «Мы схілілі і агалілі калені, — кажа Папа пра сябе, — і ўзнялі рукі да неба, і тады Мы адчынілі, і адкрылі для грэшнікаў святыя дзверы раю наступным чынам»67. Няма нічога дзіўнага, што, калі распрацоўваецца цырыманіял для адкрыцця Юбілею, такія словы могуць запомніцца і аказаць свой эфект. Акрамя таго, хоць аб аўтэнтычнасці гэтай булы мова не ідзе, яна, несумненна, з’яўлялася сучасным дакументам, і многія яе цікавыя дэталі ўказваюць на настрой таго часу. Ва ўсякім разе, гэты дакумент быў шырока вядомы. Яго падсумаванне можна знайсці ў хроніках абацтва Мо ў Ёркшыры68, дзе яно спалучана з надзвычай непрыемным аповедам пра жыццё яго меркаванага аўтара Клімента VI. Хоць само падсумаванне даволі кароткае, словы бачання: «Адкрый дзверы…» — захаваныя.
Другое сведчанне яшчэ больш цікавае. Яно знаходзіцца ў «Дыялогу пра юбілейны год», напісаным у чаканні Юбілею 1450 г. юрыстам Феліксам Хемерлінам69. Тон аўтара насмешлівы і незадаволены70, і ён рыхтуе чытача да больш адкрытага нападу на папства, які той жа аўтар апублікаваў ў сваім «Сціслым паўтарэнні», калі неўзабаве вярнуўся да тэмы. Але на дадзены момант характар меркаванняў Хемерліна не адыгрывае істотнай ролі. Нас цікавіць толькі ягоная згадка «залатых дзвярэй».
Цытуючы Евангелле св. Мацвея, адзін з двух суразмоўцаў у «Дыялогу» зазначае: «Уваходзьце праз вузкую браму, бо шырокая брама і прасторная дарога вядуць да згубы, і многія ўваходзяць праз яе. А вузкая брама і вузкая дарога вядуць у жыццё, але нямногія знаходзяць яе. Вось жа, вельмі добрую аналогію тут можна правесці з залатымі дзвярыма ў Рыме, якія будуць адкрыты пры святкаванні нашага Юбілею ў касцёле св. Яна на Латэране і ў базіліцы св. Пятра, князя апосталаў, улічваючы, што апошнія пяцьдзясят гадоў яны стаялі надзейна замураванымі»71.
У спалучэнні з прамым сцвярджэннем Буркарда, што існуе «месца ў капліцы св. Веранікі, якое канонікі базілікі абвясцілі так званымі залатымі дзвярыма, якія павінны адкрывацца Папамі кожны соты год Юбілею», гэты фрагмент ад Хемерліна нельга не прызнаць вельмі істотным. Але ёсць і яшчэ больш значнае сведчанне. Нікола дэла Туча72 ў сваёй «Хроніцы Вітэрба» ў сувязі з Юбілеем, які святкаваўся пры Марціне V у 1423 г., недвухсэнсава заяўляе, што Марцін «загадаў расчыніць дзверы ў касцёле св. Яна на Латэране»73. Гэты выраз схіляе Пастара зрабіць выснову, што, магчыма, гэтыя «залатыя дзверы» на Латэране адкрывалі яшчэ ў першы святы год пры Баніфацыі VIII. Медаль з бюстам гэтага Папы і выявай латэранскіх дзвярэй яўна намякае на тое самае, але зазвычай гэты медаль лічаць фальшывым, ды і здаецца пэўным, што падчас першага Юбілею ў 1300 г. ніякіх наведванняў касцёла на Латэране не прадпісвалася. Яшчэ ў брашуры пад назвай «Рэліквіі горада Рыма і адпусты» можна прачытаць наступнае яснае сцвярджэнне: «Таксама ў згаданым касцёле на Латэране ёсць пэўныя дзверы, якія называюцца залатымі. Яны адкрываюцца на юбілейны год. Там кожны чалавек, які раскайваецца, атрымлівае прабачэнне ўсіх грахоў, г. зн. у тым, што датычыцца пакарання і віны»74. Гэтаму сведчанню, аднак, можна запярэчыць, таму што яно мае нямецкае паходжанне і, магчыма, не можа засноўвацца на рымскай традыцыі. Але такога нельга сказаць пра сведчанне фларэнтыйскага купца Джавані Ручэлаі, які сам ездзіў на Юбілей 1450 г. і пакінуў нам апісанне таго, як ён убачыў святы горад75. Ён па парадку апісвае галоўныя базілікі і іншыя святыні і ў нататцы пра касцёл св. Яна на Латэране, кажучы пра пяць дзвярэй, праз якія ў яго можна ўвайсці, зазначае: «З гэтых пяці дзвярэй ёсць адна, якая пастаянна замуравана, акрамя як у юбілейны год, калі на Нараджэнне Пана, разам з пачаткам Юбілею, яе выломваюць. Да цаглін і цэменту, з якіх яна зроблена, народ мае такую пабожнасць, што людзі амаль адразу іх разбіраюць, а іншаземцы забіраюць іх дадому як святыя рэліквіі. Кажуць, што праз гэтыя дзверы прайшло аблічча нашага Пана Езуса Хрыста, якое віднеецца над галоўным алтаром гэтага касцёла, і з пабожнасці кожны, хто атрымлівае адпуст, праходзіць праз гэтыя дзверы, якія замуроўваюцца па заканчэнні Юбілею»76.
Нарэшце, у нас ёсць важнае сведчанне іспанскага вандроўніка Перо Тафура77, які наведаў Рым каля 1437 г. Ён уводзіць у сімволіку святых дзвярэй новую канцэпцыю, звязваючы іх з правам, якое, як ён сцвярджае, існавала ў язычніцкія часы для ўсіх, хто пераступаў парог Тарпейскай брамы на месцы цяперашняга касцёла на Латэране. Па просьбе, якую імператар Канстанцін выказаў пасля свайго навяртання, Папа Сільвестр апублікаваў булу, якая абвяшчала падобны імунітэт ад пакарання для хрысціян-грэшнікаў, якія там хаваліся. Гэтай прывілеяй, аднак, моцна злоўжывалі, і пазнейшыя Папы пастаянна загадвалі замуроўваць гэтыя дзверы на ўвесь час, акрамя пэўных перыядаў асаблівай ласкі. Раней дзверы адкрывалі раз на сто гадоў, але пазней гэты перыяд скарацілі да пяцідзесяці гадоў, а цяпер, кажа Тафур, яе адкрываюць па жаданні Папы78. Усё гэта, несумненна, чысты фальклор, але фантастычная легенда пра св. Сільвестра, ягоную сувязь з хростам Канстанціна і пабудовай касцёла на Латэране была вельмі блізкая народу і не аспрэчвалася, як мы пабачым, нават у папскіх дакументах. Аднак нявызначанасць і блытаніна, якімі непазбежна суправаджаецца перадача народных аповедаў, робяць амаль немагчымым разблытванне таго клубка гістарычных праблем, якія маюць месца ў дадзеным выпадку. Складанасць павялічваецца з-за існавання значнага масіву касцёльнай сімволікі, якая таксама з’яўляецца вельмі зменлівай і адкрытай для рознага прымянення. Выраз «адкрый дзверы» з фальшывай булы Клімента VI, несумненна, натхняўся памяццю пра ўладу ключоў, дадзеную князю апосталаў; але разам з гэтым трэба згадаць той факт, што за чатыры дні да вігіліі Божага Нараджэння, у якую заўсёды адкрываецца Юбілей, Касцёл спявае антыфону «O Clavis David» — сярэднюю з шэрагу вялікіх о-антыфон: «О ключ Давіда і жазло дому Ізраэля, Ты адкрываеш, і ніхто не закрые, Ты закрываеш, і ніхто не адкрые; прыйдзі і вызвалі з вязніцы нявольніка, што сядзіць у змроку і смяротным цені».
Ужо ў VIII ст. англасаксонскі паэт Кюневульф зрабіў гэтыя антыфоны прадметам аднаго са сваіх самых выдатных твораў, а англасаксонскі вучоны Алкуін, сябар Карла Вялікага, памёр з гэтай антыфонай «O Clavis David» на вуснах.

Пенітэнты стаяць на каленях перад біскупам пры дзвярах касцёла. Пантыфікал 1520 г.

Біскуп уводзіць пенітэнтаў у касцёл. Пантыфікал 1520 г.
Таксама ўся дысцыпліна Касцёла, звязаная з публічнай пакутай, асацыявалася з выгнаннем пенітэнтаў з Божага дома (што падтрымлівалася многімі тэкстамі з алюзіяй на выгнанне Адама і Евы з раю) і іх урачыстым вяртаннем праз касцёльныя дзверы ў Вялікі чацвер. Здаецца, што падобны абрад практыкаваўся ў сувязі з адпустам Парцыюнкулы, пра што засталіся запісы ХІІІ ст. і далей. Паколькі адпуст для наведвальнікаў гэтага малога касцёла быў прадугледжаны толькі ў адзін дзень, натоўпы збіраліся за гадзіны і дні да гэтага. Дзверы касцёла прыходзілася да наступлення адпаведнага моманту трымаць зачыненымі, пасля чаго іх цырыманіяльна адкрывалі і дазвалялі натоўпу ўвайсці. Выглядае, што існавала народнае павер’е, што немагчыма атрымаць адпуст сапраўдным чынам, пакуль парог спярша не пераступіць святар, які нясе ў руках дакумент, дзе св. Францішак запісаў гэтую прывілею (дакумент адмыслова з гэтай мэтай прывозілі з Асізі). Даўка па прычыне адкрыцця дзвярэй была такая вялікая, што многія пры спробе дабіцца ўваходу страчвалі жыццё. У якасці меры перасцярогі ўзводзіліся барыкады, якія стрымлівалі натоўп. Канкрэтны характар гэтых абрадаў у раннія стагоддзі ўстанавіць цяжка. Няма ніякай імавернасці, што дзверы ў гэтым касцёле замуроўвалі, але тое, што нейкае фармальнае адкрыццё дзвярэй лічылася істотна звязаным з адпустам, можна бачыць з таго, што выраз «aperire ecclesiam» не раз выкарыстоўваецца ў ранніх дакументах, звязаных з Парцыюнкулай79.
З усіх гэтых аналогій можна зрабіць выснову, што ніякая іншая цырымонія не магла б больш натуральна ўзнікнуць з нагоды адпусту, істотнай умовай якога было наведванне касцёла, чым стук у дзверы (прыкладам чаго можа служыць працэсія ў Пальмавую нядзелю і інш.) або разбурэнне мура, якім яны былі застаўлены.
3. Абрады Юбілею
У яшчэ неапублікаваным дзённіку80 папскага цырымоніймайстра канца XVI ст. Франчэска Муканцыа мы бачым, як гэты выдатны рубрыцыст у снежні 1574 г. падрабязна абмяркоўвае рытуал, які трэба выкарыстаць пры адкрыцці святых дзвярэй напярэдадні будучага святога года.
Ён кажа, што з набліжэннем дня цырымоніі пайшоў да Яго Святасці Папы Грыгорыя XIII і прадставіў яму мемарандум, які датычыўся падрыхтовак і таго, што трэба было выконваць. Здаецца, аднак, што ягоны калега па пасадзе цырымоніймайстра таксама звярнуўся да Папы з падобнай праграмай, якая, як ён заяўляў, была той жа, што выкарыстоўвалася Юліем III у 1550 г.
«Яна вельмі мала адрознівалася ад маёй, — кажа Муканцыа, — за выключэннем вершаў і адказаў. Іх я ўзяў са старажытнага скрутка (a quodam rotulo antiquo), які выкарыстоўваўся ў часы Клімента VII81. Імаверна, дакладнай копіі гэтых вершаў у 1550 г. не было па прычыне рабаванняў і катастроф, якім падвяргаўся горад (магчыма, ён мае на ўвазе рабаванне Рыма ў 1527 г.), таму яны былі крыху зменены. Маё меркаванне было такое, што з двух існуючых набораў можна распрацаваць трэцюю, больш прыдатную версію, але, калі гэтае пытанне было прапанавана на разгляд Кангрэгацыі кардыналаў, прызначанай для рэвізіі цырымоній, яны вырашылі, што ў пытанні вершаў і малітваў трэба ва ўсіх дэталях прытрымлівацца версіі часоў Юлія III. Справа ў тым, што ў Кнізе цырымоній82 у нас няма ніякіх прадпісанняў наконт гэтай праблемы, і таму я думаю, што пры друку новага Цырыманіяла варта паклапаціцца, каб у яго быў уключаны рытуал адкрыцця святых дзвярэй».
Прапановы Муканцыа ў пэўным сэнсе так і не былі рэалізаваны. Каталані, які ў 1750 г. перагледзеў і анатаваў «Ceremoniale Romanum» у выданні, прысвечаным Бенедыкту XIV, не ўключыў у свае два грунтоўныя тамы ніводнай згадкі пра абрад адкрыцця святых дзвярэй. Тым не менш сучасны рытуал амаль не адрозніваецца ад таго, што быў зацверджаны ў часы Юлія III, і, па сутнасці, змены ў форме, першапачаткова распрацаванай Буркардам і мадыфікаванай Аляксандрам VI, наўрад ці маюць значэнне для каго-небудзь, акрамя самога цырымоніймайстра. Муканцыа старанна капіруе не толькі рытуал, прадпісаны ў яго «старажытным скрутку» Клімента VII, але і рытуал Юлія III, а таксама дадае да іх трэцюю форму, складзеную яго блізкім сябрам, нейкім Курцыа Франка, канонікам базілікі св. Пятра. Вельмі шкада, што гэтая апошняя форма ніколі не была разгледжана Кангрэгацыяй святых абрадаў, бо яна, безумоўна, у многіх адносінах здаецца больш прыдатнай і больш напоўненай адпаведнай сімволікай, чым тая, што выкарыстоўваецца цяпер.
Хоць цытаты, прыведзеныя раней з Ручэлаі і іншых аўтараў XV ст., неаспрэчна даказваюць, што абрад муравання і адкрыцця святых дзвярэй старэйшы за часы Аляксандра VI, няма прычын сумнявацца ў заяве Буркарда, што ён, як ужо згадвалася, склаў набажэнства, якое Аляксандр з некаторымі мадыфікацыямі зацвердзіў і прыняў для выкарыстання. Так ці інакш, здаецца, што апісанне, дадзенае Буркардам у ягоным «Дзённіку», гэта самае ранняе апісанне з падрабязнасцямі гэтага абраду, якое ў нас ёсць. Таму будзе цікава мець яго перад сабою, каб параўноўваць з абрадамі пазнейшых часоў.
«У сераду 24 снежня, — кажа Буркард, — у вігілію Божага Нараджэння, перад тым як Яго Святасць сышоў ў базіліку св. Пятра, каб праспяваць Нешпары, на тым месцы, дзе, як казалі, знаходзіліся залатыя дзверы, быў падрыхтаваны мармуровы дзвярны праём з аздобамі, так што гэты праём быў на дзве далоні шырэйшы за паглыбленне, якое лічылася дзвярыма, але па вышыні супадаў з ім. Слой сцяны з унутранага боку быў часткова зняты, але не цалкам, а толькі ў той частцы, якая знаходзілася ўнутры новых мармуровых дзвярных апор, размешчаных па абодва бакі. Акрамя таго, у цэнтры, на вышыні шасці далоняў ад зямлі, яна была цалкам прасвідравана на шырыню адной далоні, а затым зноў закрыта цаглінамі, але без цэменту, каб Папа мог ударыць менавіта ў гэтае месца, калі прыйдзе адкрываць дзверы. Тады, напярэдадні Божага Нараджэння, каля дваццатай гадзіны (гэта прыкладна ў дзве гадзіны дня), перад тым як адслужыць урачыстыя Нешпары свята ў Ватыканскай базіліцы, Папа, апрануты ў капу і з тыярай на галаве, трымаючы ў руцэ запаленую пазалочаную свечку і ў суправаджэнні кардыналаў, біскупаў і іншых прэлатаў, кожны з якіх нёс запаленыя свечкі, а таксама духавенства горада, як рэгулярнага, так і секулярнага, ва ўрачыстай працэсіі накіраваўся на sedia gestatoria да галерэі базілікі.
Калі працэсія прыбыла да дзвярэй пад галерэяй базілікі св. Пятра, якія трэба было адкрыць, хор пачаў спяваць пэўныя вершы, якія адпавядалі гэтай падзеі, а Пантыфік затым прамовіў наступную малітву83: «Памолімся. Божа, Ты праз слугу Твайго Майсея ўстанавіў для народа Ізраэля пяцідзясяты год прабачэння і юбілею; дай ласкава нам, Тваім слугам, шчасліва распачаць гэты соты год Юбілею, устаноўлены Тваёю ўладай, каб, атрымаўшы праз яго сапраўднае прабачэнне і адпушчэнне ўсіх нашых грахоў, мы маглі з надыходам дня Твайго закліку цешыцца невымоўнай славай і бясконцым шчасцем. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн».
Святы Айцец затым пешшу накіраваўся да дзвярэй, якія трэба было адкрыць, і, атрымаўшы з рук майстра Тамаза Матараці, галоўнага муляра і кіраўніка будаўніцтва, малаток, які звычайна выкарыстоўваюць муляры, нанёс тры ці больш удараў па адтуліне, зробленай пасярэдзіне дзвярэй, што прывяло да падзення цэглы на падлогу. Затым Папа вярнуўся на сваё месца, у той час як рабочыя працягнулі разбураць мур па абодва бакі ў адпаведнасці з указаннем. Гэта заняло каля паўгадзіны, пакуль наш хор без перапынку спяваў антыфоны і паўтараў іх. Пасля ачышчэння дзвярнога праёму Святы Айцец, спусціўшыся са свайго месца, прайшоў да дзвярэй пешшу і, дасягнуўшы парога, стаў на калені і памаліўся з непакрытай галавой на працягу паловы псальма «Miserere», усё яшчэ трымаючы ў левай руцэ запаленую свечку. Затым ён устаў, і, пакуль я (Буркард) падтрымліваў яго злева за локаць і за руку, у якой была свечка, Папа прайшоў праз згаданыя дзверы базілікі, я з ім і крыху наперадзе яго, а таксама нас суправаджаў мансіньёр Бернард, мой калега, які падтрымліваў Папу справа. Затым, адразу за ім, ішоў ягоны крыж з субдыяканамі, кардыналы і прэлаты вялікім натоўпам, і ў такім парадку мы ўсе накіраваліся да галоўнага алтара базілікі»84.
Некаторыя дапаўненні да гэтага цырыманіялу былі зроблены Кліментам VII. Па-першае, гэты Папа пастанавіў, каб у Сікстынскай капліцы, адкуль пачыналася працэсія, выстаўляўся Найсвяцейшы Сакрамэнт; і, па-другое, малаток, якім Пантыфік карыстаўся для ўдару па святых дзвярах, павінен быў быць пасрэбраны. Таксама, уваходзячы праз дзверы і трымаючы ў левай руцэ свечку, як гэта рабіў Аляксандр VI, Клімент нёс ў правай руцэ доўгі крыж. З апісання цырымоній, якія выкарыстоўваліся для адкрыцця святых дзвярэй пазней, пры Кліменце VIII, у 1600 г. (гэтае апісанне пакінуў нам у сваім дзённіку Паала Алалеона, ватыканскі канонік і ў той час папскі цырымоніймайстар), мы таксама даведваемся, што адразу ж пасля адкрыцця дзвярэй швейцарскія гвардзейцы стралялі з гармат на плошчы св. Пятра, а таксама з замка св. Анёла. Усе гэтыя змены ўсё яшчэ захоўваюцца ў цырыманіяле адкрыцця святых дзвярэй, і, магчыма, будзе цікава прывесці тут апісанне ўсёй працэдуры, якое было надрукавана на англійскай мове яшчэ ў 1699 г. Хоць гэты пераклад з лацінскага арыгінала нельга пахваліць за элегантнасць, ён у цэлым дае дакладнае апісанне таго, што ўсё яшчэ робіцца. Будзе дастаткова толькі час ад часу дадаваць да яго некаторыя заўвагі. Чытача можа зацікавіць, што менавіта гэты даведнік па юбілейных цырымоніях знаходзіўся ў руках модных маладых джэнтльменаў у 1700 г., калі драматург Фаркер ствараў сваю камедыю «Падарожжа на Юбілей» і калі пратэстанцкая Англія надавала незвычайна вялікую ўвагу цырымоніям рымскага двара. Плакат, з якога гэта ўзята, мае такі загаловак: «Праўдзівае і дакладнае апісанне ўсіх цырымоній, якія Рымскі Касцёл будзе выконваць падчас адкрыцця, прадаўжэння і закрыцця Юбілею, што набліжаецца ў 1700 г. Узята і перакладзена на англійскую мову з лацінскага арыгінала, надрукаванага ў Рыме па загадзе Папы»85.

