
Полная версия:
Рымскі Юбілей

Рымскі Юбілей
Герберт Цёрстан
Переводчик Максім Фоміч
Фотограф Gabriele Freihalter
© Герберт Цёрстан, 2026
© Максім Фоміч, перевод, 2026
© Gabriele Freihalter, фотографии, 2026
ISBN 978-5-0071-4934-1
Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero
Ад перакладчыка
У ХХ ст. Каталіцкі Касцёл адсвяткаваў столькі Юбілеяў, як ні ў адно стагоддзе дагэтуль. Акрамя чатырох звычайных святых гадоў (1925, 1950, 1975 і 2000), было абвешчана яшчэ тры надзвычайныя (1933, 1966 і 1983). Ужо ў нашым стагоддзі Папа Францішак абвясціў дадатковы Юбілей ў 2016 г., і, несумненна, пасля нашага Юбілею 2025 г. нас чакае яшчэ адзін надзвычайны — у 2033 г.
Год вялікага прабачэння, які раней быў для кожнага верніка ўнікальнай падзеяй на ўсё жыццё, перастаў быць рэдкасцю, але магія моманту застаецца. Тут і цяпер гэты год успрымаецца як адзіны і рэдкі, а таму ствараецца адчуванне, што варта ўвекавечыць яго калі не пілігрымкай у Рым, то хаця б перакладам кнігі.
Англійскі езуіт Герберт Цёрстан (1856—1939) прысвяціў хрысціянскаму Юбілею дзве кнігі. Адна з іх, даўжэйшая, носіць назву «The Holy Year of Jubilee» (Святы юбілейны год, 1900). Першапачаткова яна задумвалася як кампіляцыя вядомых аўтарытэтаў па тэме Юбілею, але неабходнасць сістэматычна адаптаваць матэрыял ператварыла яе ў фактычна арыгінальную працу. У 1925 г. была выдадзена скарочаная версія гэтай кнігі пад назвай «The Roman Jubilee» (Рымскі Юбілей). Яна і лягла ў аснову гэтага перакладу, фрагменты якога публікаваліся анлайн на працягу Юбілею 2025 г.
Пра змест кнігі дастаткова сказаць толькі тое, што гэта адзін з нямногіх даступных нам сістэматычных аглядаў на тэму Юбілею. Паслядоўная і лагічная структура, тыповая для грунтоўных прац, напісаных езуітамі старога выхавання, цудоўна дапаўняецца цытаваннем шматлікіх сведчанняў відавочцаў і крытычных і з’едлівых выказванняў апанентаў. Тым самым аўтар ставарае жывое апісанне юбілейных абрадаў і рымскай дабрачыннасці ў даўнія часы, што робіць кнігу цікавай для свайго галоўнага адрасата — каталіцкага верніка, які не заўсёды асабіста дабярэцца да Рыма, але, несумненна, заўсёды захоча адчуць дух хрысціянскага Юбілею і глыбока перажыць святы год.
1. Ранняя гісторыя Юбілею
Ужо немагчыма сумнявацца, асабліва пасля якасных даследаванняў д-ра Нікалауса Паўлуса ў яго нядаўняй кнізе «Geschichte des Ablasses im Mittelalter»1, што першы святы год, пра які вядома гісторыі, быў абвешчаны ў 1300 г. Папам Баніфацыем VIII. У выдадзенай ім буле слова «юбілей» не выкарыстоўваецца, але многія людзі ў той час асацыявалі гэты тэрмін з адпустам, і гэтая асацыяцыя захавалася з тых часоў. Таму мы кажам сінанімічна або пра юбілейны адпуст, або пра адпуст святога года.
Перад тым як пайсці далей, варта зазначыць, што і назва, і ідэя Юбілею ўзята з таго, што мы чытаем пра стары закон у кнізе Левіт. Лічба пяцьдзясят не бярэцца з нейкай дзесятковай сістэмы злічэння і не азначае палову стагоддзя, а з’яўляецца проста наступным лічэбнікам пасля сямі поўных сямёрак. Дарэчы, той самы прынцып даў нам юдэйскую Пяцідзясятніцу — свята пяцідзясятага дня, а таксама яго хрысціянскі адпаведнік, вядомы як свята Спаслання Святога Духа. Юдэі адлічвалі «сем тыдняў гадоў», гэта значыць сорак дзевяць гадоў, а пяцідзясяты год быў юбілейным. Глеба павінна была заставацца неабробленай, землі і дамы павінны былі вярнуцца да сваіх першапачатковых уладальнікаў і іх нашчадкаў, а рабы атрымлівалі свабоду. Пераймаючы гэты старазапаветны правобраз, хрысціянскі Касцёл таксама ўстанавіў свой Юбілей, калі ён абвяшчае «год даравання» карных наступстваў граху. Першапачаткова юбілейны адпуст можна было атрымаць толькі пры наведванні Рыма, але ўзамен за гэтую пабожную пілігрымку, якая тады была звязана з вялікім высілкам і небяспекай, наступнікі св. Пятра, у руках якіх знаходзіцца ўлада звязваць і развязваць, удзялялі пілігрыму, які належным чынам паспавядаўся і знаходзіўся ў стане скрухі, поўнае адпушчэнне ўсяго часовага пакарання за грахі. Паколькі да гэтага адпушчэння пакаранняў далучаліся таксама асаблівыя прывілеі, згодна з якімі некаторым спаведнікам давалася права адпускаць амаль любыя віды грахоў, нават самыя цяжкія і зарэзерваваныя ў адваротным выпадку за Святой Сталіцай, юбілейны адпуст і іншыя адпусты падобнага маштабу сталі вядомымі як прабачэнні віны і пакарання — a culpa et pœna. Гэты выраз пазней выклікаў пэўныя цяжкасці, але цяпер у нас няма магчымасці яго абмяркоўваць. Вызначаліся таксама іншыя ўмовы, такія як малітва на працягу канкрэтнай колькасці дзён у важнейшых касцёлах Рыма, і з цягам часу, калі ўзнікла практыка вызваляць у некаторых выпадках ад фактычнага наведвання Вечнага горада, стала накладацца падменная практыка, якая часта набывала форму ахвяравання на крыжовыя паходы супраць туркаў або на адбудову таго ці іншага касцёла ці базілікі. Але вернемся да пытання першага святога года.
У 1299 г., напярэдадні Божага Нараджэння, на Нешпары ў базіліцы св. Пятра сабраўся вялікі натоўп. Сярод сабраных былі не толькі рымляне. Прысутнічала вялікая колькасць іншаземцаў, якіх, як аказалася, у Рым прывабіла навіна, што кожны, хто на працягу наступных дванаццаці месяцаў наведае магілы свв. апосталаў Пятра і Паўла, зможа атрымаць вялікія адпусты. Чуткі гэтыя набывалі розныя фантастычныя формы, але ўсе яны аднагалосна сцвярджалі, што ў першы год наступнага стагоддзя (больш канкрэтна час не акрэсліваўся) можна здабыць адпуст таго ці іншага роду. Некаторыя казалі, што поўны адпуст даецца ўсім, хто памоліцца пры магілах апосталаў 1 студзеня; іншыя сцвярджалі, што той самы адпуст будзе даступны ў любы дзень года; яшчэ іншыя абмяжоўвалі магчымасць атрымання адпусту да ста дзён, але меркавалі, што яго атрыманне можна будзе паўтараць кожны дзень года, калі штодзённа прамаўляць малітву ў храмах двух вялікіх апосталаў і апекуноў святога горада. На працягу тыдня колькасць пілігрымаў павялічылася яшчэ больш; розныя чуткі адносна ўмоў атрымання адпусту станавіліся ўсё больш шматлікімі і супярэчлівымі; магілы апосталаў кожную гадзіну абложвалі натоўпы вернікаў, а на вуліцах стала так цесна, што даўні аўтар пісаў: «Немагчыма было прайсці праз горад, хоць ён быў вялікі і шырокі»2.
Тым часам Папа штодзённа назіраў з вокнаў Латэранскага палаца, як вернікі напаўняюць базілікі. Ён чуў пра прычыну, якая сагнала ў ягоную сталіцу столькіх людзей, захапляўся пабожнасцю і добрымі паводзінамі верных, але не ўжыў ніякіх захадаў, каб або стрымаць, або падтрымаць гэты рух. Здаецца, што яшчэ ў тыя дні рымскі двор дасканала валодаў мастацтвам чакання, і толькі ў ІІ нядзелю пасля Аб’яўлення, а менавіта 17 студзеня 1300 г., калі для публічнага ўшанавання выстаўлялася хустка св. Веранікі3, Папа па дарозе ў базіліку раптоўна пабачыў старога чалавека ста сямі гадоў, ураджэнца Савоі4, якога неслі ў касцёл на руках двое ці трое ягоных сыноў. Уражаны гэтым відовішчам, Папа паклікаў іх да сябе і ў прысутнасці некалькіх кардыналаў спытаўся ў старога чалавека, у чым была прычына таго, што ён выправіўся ў падарожжа ў такім пажылым узросце. «Я памятаю, — адказаў пілігрым Яго Святасці, — як у пачатку мінулага стагоддзя мой бацька, які быў рабочым, прыехаў у Рым і жыў там, каб атрымаць адпуст, столькі, колькі дазвалялі яму сродкі. Ён прасіў мяне не забыцца прыехаць у пачатку наступнага стагоддзя, калі я дажыву, хоць ён і не думаў, што так станецца». Тады Папа спытаўся, што за адпуст ён спадзяваўся атрымаць сваім прыездам у Рым. «Сто дзён адпусту за кожны дзень года», — адказаў той. Гэты аповед пацвердзілі двое іншых людзей з дыяцэзіі Бавэ5, якім таксама было больш за сто гадоў. Падобныя сведчанні пра гэтую традыцыю давалі і старыя пілігрымы з розных частак Італіі. Папа зацікавіўся гэтымі гісторыямі і даручыў некалькім кардыналам праверыць старажытныя запісы і па магчымасці сабраць вусныя доказы адносна вераванняў вернікаў пра духоўныя даброты, якіх яны чакалі ад наведвання Рыма ў першы год новага стагоддзя. Вынік расследавання пацвердзіў існаванне агульнай веры ў тое, што можна атрымаць нейкі адпуст, але ніякага пісьмовага дакумента ў яе падтрымку знайсці не атрымалася6. Не жадаючы, каб паства засталася без таго, дзеля чаго ўзяла на сябе такія вялікія нязручнасці, Папа выдаў 23 лютага наступную булу:
«Баніфацый, біскуп, слуга слуг Божых, на вечную памяць.
Аповед продкаў верна сцвярджае, што тым, хто набліжаецца да шанаванай базілікі Князя апосталаў у Рыме, удзяляюцца вялікія прабачэнні і дараванні грахоў. Таму, па доўгу служэння ахвотна стараючыся і клапоцячыся аб збаўленні кожнага, Мы лічым гэтыя прабачэнні і дараванні ўсе разам і паасобку дзейснымі і пажаданымі, апостальскай уладай пацвярджаем іх і ўхваляем, а таксама ўзнаўляем і дадзеным лістом умацоўваем сваім заступніцтвам. Каб жа святыя апосталы Пётр і Павел атрымалі большае ўшанаванне ад таго, што іхнія базілікі ў Рыме будуць больш пабожна наведвацца вернікамі, а самі вернікі дзякуючы такому наведванню адчувалі сябе больш напоўненымі шчодрасцю духоўных дароў, Мы, пакладаючыся на міласэрнасць усемагутнага Бога, на заслугі і аўтарытэт тых жа Ягоных апосталаў, на параду Нашых братоў і паўнату апостальскай улады, усім, хто ў гэты 1300 г., ад мінулага, нядаўна адзначанага свята Нараджэння Пана нашага Езуса Хрыста, сапраўды раскаяўшыся і паспавядаўшыся, з пашанай наведвае гэтыя базілікі, і ўсім, хто ў любы наступны соты год, сапраўды раскаяўшыся і паспавядаўшыся, будзе іх наведваць, ва ўказаны цяперашні год і любы наступны соты год удзелім і ўдзяляем не толькі поўнае і шчодрае, але і найпаўнейшае прабачэнне ўсіх іхніх грахоў. Пастанаўляем, што тыя, хто пажадае атрымаць удзелены Намі адпуст, павінны наведваць гэтыя базілікі: калі яны рымляне, то на працягу прынамсі трыццаці дзён, у тым ліку з перапынкамі, хаця б адзін раз на дзень; калі ж яны пілігрымы або іншаземцы, то падобным чынам пятнаццаць дзён. Кожны, аднак, больш заслужыць і з большым поспехам атрымае адпуст, калі наведае гэтыя базілікі часцей і з большай пабожнасцю. Такім чынам, ніводнаму чалавеку не дазваляецца гэты выраз Нашага пацвярджэння, ухвалення, узнаўлення, умацавання і пастанаўлення парушаць або легкадумна яму пярэчыць і працівіцца. Калі б жа хто асмеліўся замахнуцца на гэта, няхай ведае, што накліча на сябе гнеў усемагутнага Бога і святых апосталаў Пятра і Паўла.
Дадзена ў Рыме, у святога Пятра, 23 лютага 1300 года, у шосты год Нашага пантыфікату».
Палітычная дзейнасць Баніфацыя VIII нажыла яму сярод сучаснікаў шматлікіх жорсткіх ворагаў. Крытыкі пазнейшых стагоддзяў часта асуджалі яго за ганарыстасць і сквапнасць. Сучасныя аўтары, якія займаюць бесстароннюю пазіцыю, схільныя выдаваць больш прыхільны вердыкт, чым звычайна выдавалі пяцьдзясят гадоў таму. Аднак, што б ні думалі пра матывы і паводзіны Папы пры абвяшчэнні Юбілею, няма ніякага сумневу, што на ўсіх сведак гэтая падзея аказала глыбокі рэлігійны ўплыў. З усіх частак Еўропы ў Рым накіраваліся патокі пілігрымаў, сярод якіх былі жыхары не толькі Францыі і Германіі, але і далёкай поўначы і ўсходу. Гэта былі бедныя і багатыя, маладыя і старыя, здаровыя і хворыя, мужчыны і жанчыны. Падарожнічаць па Італіі было бяспечна: пілігрымам з усіх народаў дазвалялі свабодна прыходзіць і вяртацца дадому. Наплыў народу быў вельмі вялікі, і, хоць разліў Тыбра ў пэўны момант пагражаў узнікненнем голаду, дзякуючы высілкам Папы Баніфацыя і дзяржаўнай улады Рыма ніякіх беспарадкаў не ўзнікла. «Гэта было цудоўнае відовішча, — пісаў фларэнтыйскі храніст Джавані Вілані7. — У горадзе пастаянна знаходзілася больш за 100 тысяч пілігрымаў без уліку тых, што прыходзілі і сыходзілі кожны дзень. Тым не менш усе — і людзі, і коні — атрымлівалі апеку і неабходны правіянт, і ўсё гэта адбывалася ў абсалютным парадку, без нейкага замяшання і канфліктаў». Іншы храніст Гульельма Вентура8 піша: «Натоўп мужчын і жанчын быў вялізны. Я бачыў яго на свае ўласныя вочы, таму што правёў у горадзе чатырнаццаць дзён. На рынку прадавалася дастаткова мяса, рыбы і аўса. Сена было вельмі дарагім, як і жыллё, так што мой ложак і стойла для каня каштавалі мне адзін турскі грош у дзень. Калі ў вігілію Божага Нараджэння я ад’язджаў з Рыма, дарогі былі загрувашчаны мноствам пілігрымаў, якіх ніхто не мог палічыць, але сярод рымлян казалі, што ў цэлым у горад прыйшло больш за 2 мільёны мужчын і жанчын. Пастаянна даводзілася бачыць, як мужчын і жанчын затоптваюць у таўкатні, і сам я не раз з цяжкасцю пазбег той жа небяспекі».
Да нас дайшлі таксама кранальныя апісанні паводзін пілігрымаў. Яны прыбывалі ў пілігрымскай вопратцы або ў нацыянальных строях сваіх краін, да якіх належалі. Яны ішлі пешшу, ехалі на конях, на вазах, бралі з сабою пажылых і хворых, а таксама багаж. Там былі старыя людзі, якім было па сто гадоў і якіх вялі дзеці; былі таксама маладыя, якія неслі сваіх бацьку ці маці ў Рым на плячах. Яны размаўлялі на розных дыялектах, але літаніі спявалі на адзінай мове Касцёла, і ўсе іх шчырыя жаданні былі скіраваны да адной і той жа мэты. Яшчэ здалёк, пабачыўшы першыя абрысы веж святога горада ўздоўж шырокай Кампаньі, яны выбухалі радаснымі крыкамі: «Roma, Roma», як маракі, якія пасля доўгага плавання зноў пабачылі сушу. Затым яны на момант падалі на калені і ўздымаліся з натхняльным воклічам: «Святыя Пётра і Паўле, ласкава выслухайце нас». Пры брамах іх сустракалі землякі ці знаёмыя, каб правесці іх да жытла, але спачатку яны кіраваліся да базілікі св. Пятра, каб на каленях падняцца па прыступках пярэдняга двара, і іх не цікавілі ніякія цялесныя патрэбы, пакуль яны не атрымлівалі магчымасці ў захапленні кінуцца ніцма да магілы апосталаў.
Ад Стэфанескі9 можна зачэрпнуць цікавыя веды, якія ілюструюць рымскія звычаі тых часоў. Ён піша, згадваючы гэта як штосьці, што яўна не было на той час звычайным, што магчымасць наведаць дзве базілікі была нават у маладых незамужніх дзяўчат. «Не бракавала незамужніх, якія днём з-за дзявочай сарамлівасці заставаліся дома, каб не трапляць на вочы мужчынам, а ноччу, пад надзейнай аховай матронаў, ішлі ў святыя дамы апосталаў»10.
Ці ішоў з пілігрымкай у Рым падчас нейкай часткі 1300 г. сам Дантэ, дакладна не вядома. З таго, што мы ведаем пра яго афіцыйную занятасць у Фларэнцыі і пра жорсткую варожасць, з якой ён ставіўся да Папы Баніфацыя, адказ напрошваецца адмоўны. Але ён тым не менш згадвае меры, якія былі прыняты для захавання парадку ў натоўпе і якія наўрад ці мог выдумаць хтосьці, хто не быў іх відавочцам:
Вось так і рымляне, калі прыходзіць юбілейны год, Знаходзяць спосаб, каб хутчэй расчысціць Натоўпы тых, хто ціснецца праз мост: Да Замка тварам усе плятуцца па адным баку, Кіруючыся ў храм апостала Пятра, А па другім — да той гары, што ёсць насупраць11.У «Чыстцы» знаходзіцца яшчэ адна спасылка на гэтую вялікую падзею, прычым яна з’яўляецца цікавай для даследчыкаў Дантэ, таму што заключае ў сабе падказку для карэктнага датавання паэмы. Аўтар паказвае душы падчас гэтага года ласкі, якія Божы анёл перапраўляе ў чысцец праз ваду:
І трэці месяц вось ідзе, Як кожны, хто хацеў прайсці свабодна, Той прайшоў12.Нягледзячы на складанасці з пракормам такіх вялікіх натоўпаў, праблема з правіянтам, здаецца, была ў цэлым вырашана паспяхова. Першыя тры месяцы правізіі было больш чым дастаткова, але пазней сталі ўзнікаць страхі, што запас ежы скончыцца: існавала меркаванне, што, хоць збожжа павінна было хапіць, можа ўзнікнуць дэфіцыт млыноў і печаў. Насамрэч жа збожжа аказалася дастаткова, а таксама былі ўжыты дадатковыя захады, і жыхароў прылеглых гарадоў папрасілі падвозіць ужо спечаны хлеб, тады як сяляне прывозілі ўсю даступную гародніну і садавіну. На шчасце, ураджай быў добры, а з вінных прэсаў няспынна цякло віно. У кастрычніку цэны крыху пайшлі ўгару, але на пабожнасць людзей гэта ніяк не паўплывала.

Адкрыццё святых дзвярэй Кліментам Х у 1675 г.
З барэльефа ягонай грабніцы ў базіліцы св. Пятра
Перад тым як скончыць аповед пра Юбілей Баніфацыя VIII, здаецца патрэбным падкрэсліць дзве рэчы. Па-першае, з аповеду Стэфанескі добра бачна, што ўся падзея насіла выразна рэлігійны характар. Пілігрымка ў Рым была не падарожжам ці прагулкай, а сапраўдным стымулам для пабожнасці, і з вачэй вернікаў ні на момант не знікала абсалютная неабходнасць сардэчнай скрухі як умовы атрымання адпусту. Акрамя свайго празаічнага твора, Стэфанескі таксама напісаў на тэму Юбілею кароткі верш, у якім у паэтычнай форме прывёў умовы папскай булы:
…І будуць змыты кожнаму грахі Не ў поўнай, але ў найпаўнейшай меры13, Калі ў сваёй ласкавай дабрыні Бог выбачыць ахвотна ўсе правіны. Хай толькі той, хто неразважліва грашыў, Забрудзіўшы віною Божы вобраз, З глыбокім жалем вызнае свае грахі І ў Бога прабачэння шчыра просіць.Таксама ў адной з нямецкіх хронік, надрукаваных у выданні «Monumenta Germaniæ» Г. Г. Перца14, прыводзіцца тагачаснае тлумачэнне булы Баніфацыя Antiquorum. Яго напісаў нейкі рымскі кананіст, якога, відавочна, папрасілі растлумачыць, што азначае гэты новы і нечуваны адпуст. Само тлумачэнне мала чым адрозніваецца ад простага пераказу булы, але аўтар праводзіць таксама сувязь з біблейскім Юбілеем, з годам даравання ў старым законе. Ён, як і Папа, падкрэслівае, што гэтыя адпусты ўдзяляюцца толькі тым, хто сапраўды раскаяўся і паспавядаўся. Насамрэч гэта рэч, якую наўрад ці варта трэба зазначаць асобна, хіба што ў якасці адказу такім крытыкам, як д-р Генры Чарльз Лі15, які паўтараў, што падобныя фармуліроўкі былі не больш чым фармальнасцю і заўсёды заставаліся пахаванымі пад слоем шматслоўя, так што ніхто на іх не звяртаў увагі.
Другая справа, пра якую варта сказаць, гэта пытанне міласціны з боку пілігрымаў. Фраза храніста Вентуры, які апісвае (відавочна, з пэўным рытарычным перабольшваннем) дваіх духоўных, якія ўдзень і ўначы стаялі пры алтары св. Паўла і граблямі зграбалі бясконцыя сумы грошай, аказала глыбокае ўражанне на праціўнікаў рымскіх адпустаў. Але тут таксама элемент з аповеду кардынала Стэфанескі дапамагае растлумачыць справу ў правільным святле. Апісаныя такім чынам ахвяраванні былі не дарамі багатых, не кавалкамі золата ці срэбра, а міласцінай на карысць самых бедных, якую складалі тагачаснымі манетамі з найменшым наміналам. Зноў жа, гэта былі цалкам дабравольныя ахвяраванні, і яны ніякім чынам не ставіліся ў якасці ўмовы атрымання адпусту. Не былі рымскія касцёлы і тымі славутасцямі, дзе за ўваход з наведвальнікаў збіралі плату і дзе існаваў спецыяльны служыцель, які падганяў іх ад алтара да алтара. Больш за тое, хоць агулам у дзвюх базіліках св. Пятра і св. Паўла сабралі прыблізна 50 тысяч залатых фларынаў, Стэфанескі сцвярджае, што гэта не нашмат перавышала падвоеную суму ахвяраванняў у звычайныя гады16. Ад яго і ад іншых аўтараў мы даведваемся, што гэтыя грошы прама ці ўскосна ішлі на ўтрыманне рымскіх касцёлаў і на ўласныя патрэбы духавенства, якое было з імі звязана. Так ці інакш, здаецца, што ніякая частка гэтай міласціны не дайшла да папскай скарбніцы.
Першы Юбілей не асабліва адзначыўся статусам тых, хто наведаў Рым, каб узяць удзел у святкаванні. Там знаходзіўся Карл Мартэл Анжуйскі17, сын неапалітанскага караля, якога туды, імаверна, прывабіла надзея схіліць Папу, каб той падтрымаў ягоныя прэтэнзіі на венгерскі трон. З падобнымі інтарэсамі туды прыбыў і Карл дэ Валуа18, брат Філіпа IV Прыгожага, які жадаў стаць гаспадаром Канстанцінопаля і імператарам Усходу. Ні ў тым, ні ў іншым выпадку Баніфацый, як здаецца, не зрабіў асаблівых крокаў, каб паспрыяць гэтым просьбам. З іншага боку, нас, безумоўна, найбольш цікавіць дэлегацыя, якая, паводле Тосці19, была выпраўлена ў Рым ад палітычнай плыні гвельфаў20, што дамінавала ў Фларэнцыі. Каб падкрэсліць свайго роду роўнасць з манархамі Еўропы, на якую прэтэндаваў гэты дэмакратычны горад, прадстаўнікі гэтай дэлегацыі з’явіліся ў вобразе розных манархаў. Так, Варміліа Альфана прадстаўляў імператара Захаду, Сімонэ дэі Росі — імператара Усходу, Мусчата Франчэзі — караля Францыі, Угаліна дэ Чэркі — караля Англіі, Рамэра Фрыгінела — караля Багеміі, Гвічарда Бастара — хана Татарыі і г. д. Дэлегацыя была выдатна экіпіравана, а пасланнікі, зразумела, была апрануты ў строі, якія адпавядалі іх персанажам. Па дарозе іх суправаджала кавалькада з пяцісот коннікаў21.
Кім быў Угаліна дэ Чэркі, які прадстаўляў караля Англіі, даведацца немагчыма. Ці ёсць нейкая імавернасць, што гэта той самы Угаліна, пра візіт якога на Юбілей у Фларэнцыі XVII ст. захавалася вельмі цікавае сведчанне ў форме надпісу на Віа дэла Фонья? Надпіс можна перакласці наступным чынам:
«На вечную памяць. Няхай кожнаму, хто глядзіць на гэтую пліту, будзе добра вядома, што Усемагутны Бог у 1300-ы год Пана нашага Езуса Хрыста ўдзяліў хрысціянам асаблівую ласку. Бо Ягоная магіла, якая тады знаходзілася ў руках сарацынаў, была адваявана татарамі і аддадзена назад хрысціянам. І ў той жа самы год, паколькі Папа Баніфацый удзяліў усім, хто наведае Рым, урачыстае адпушчэнне ўсіх грахоў, гэта значыць як віны, так і пакарання22, многія — і хрысціяне, і татары — пайшлі ў Рым па вышэйзгаданы адпуст; і пайшлі туды таксама Угаліна і ягоная жонка».
Апошнія словы, вылучаныя курсівам, напісаны на пліце па-італьянску. Яшчэ іншы тагачасны надпіс, які кажа пра Юбілей, знаходзіцца ў катэдральным касцёле Сіены. Грубы леанінскі гекзаметр можна перакласці неяк так:
Соты год надзейна — у Рыме юбілейны; Дарма прабачаецца ўсё таму, хто каецца; Баніфацый так рашыў, цвёрда так пастанавіў23.Нельга забывацца пра самую важную памятку першага юбілейнага года — карціну Джота, на якой выяўлены Папа Баніфацый. Яна дагэтуль захавалася ў базіліцы св. Яна на Латэране. Прынята лічыць, што яна паказвае Баніфацыя падчас абвяшчэння Юбілею. Два ўпрыгожванні, падобныя да цыновак, якія звісаюць па баках і амаль што здаюцца часткай убрання двух духоўных, маюць на сабе хвалістыя стужкі — герб Баніфацыя (Бенедэта Каэтані). Менавіта з-за гэтых хвалістых стужак ён запісаны ў фальшывым прароцтве Малахіі пад дэвізам «Ex undarum benedictione» (ад благаслаўлення хваль).
Калі надышла вігілія Божага Нараджэння 1300 г. і вызначаны час Юбілею скончыўся, Баніфацыя сталі прасіць падоўжыць яго працягласць да Вялікадня. Ён дазволіў крыху падоўжыць яго дзеля карысці тых, хто ўжо пачаў выконваць умовы, але Юбілей ва ўласцівым сэнсе, як першапачаткова і планавалася, скончыўся вігіліяй Божага Нараджэння. Гэтая практыка распачынаць Юбілей днём Нараджэння Пана, а не першым днём года захавалася і цяпер. Яна з’яўляецца цікавым следам старога звычаю весці датаванне ад Божага Нараджэння, а не ад студзеньскіх календаў. Адна з даўніх кніг, якая разглядае гісторыю адпустаў, прыводзіць цікавы прыклад распаўсюджанасці гэтага звычаю ў часы Аляксандра VI. Гэта праца, якую напісаў нейкі Стэфан экс Ноціс напярэдадні Юбілею 1500 г. Праз пэўныя інтэрвалы аўтар дапісваў дакладныя даты, у якія па меры стварэння твора зноў браўся за работу. Калі прапусціць уступ, які з’яўляецца пазнейшым дадаткам, то ў верхняй частцы першай старонкі мы бачым такі тэкст: «In nomine Domini nostri Jesu Christi; die 3 Novembris, 1498. Hic liber est defensivus a crudeli morbo desperationis et ductivus in vitam æternam»24.

Баніфацый VIII абвяшчае Юбілей.
Фрагмент карціны Джота ў Латэранскай базіліцы
25 верасня 1499 г., «у 23:00», ён знаходзіўся прыкладна на сярэдзіне; апошнія сказы тэксту былі запісаны ў дзве гадзіны ночы 16 студзеня 1500 г., а 18 студзеня ён пачаў пісаць прысвячэнне і змест, так што ўсё было скончана ў 20:00 26 студзеня 1500 г. «Хвала Богу», — дадае аўтар. На жаль, друк гэтай працы заняў каля дзесяці месяцаў, і яна выйшла ў свет толькі 1 снежня 1500 г., калі Юбілей амаль скончыўся. З набліжэннем працы да завяршэння ён ставіў шматлікія адзнакі часу, па якіх можна прасачыць прагрэс. Так, бачна, што 24 снежня 1499 г. ён напісаў даволі вялікі фрагмент, затым узяў два дні адпачынку (пісаў ён, варта зазначыць, у Мілане), і наступны допіс прыпадае на 27 снежня, і пры ім сказана: «27 снежня, пры пачатку 1500 г., які пачаўся са свята Нараджэння Пана нашага Езуса Хрыста ў гэтым, значыць, 1500 г.» Можна дадаць, што Іаган Буркард25 у сваім «Дзённіку» таксама мяняе 1499 год на 1500, калі пераходзіць ад 24 да 25 снежня. Такім чынам, свята Нараджэння Пана, як і ў хрысціян ранніх стагоддзяў, лічылася першым днём новага года.

