Читать книгу Апошні алгарытм (Андрей Ясько) онлайн бесплатно на Bookz (5-ая страница книги)
Апошні алгарытм
Апошні алгарытм
Оценить:

3

Полная версия:

Апошні алгарытм

– Гэ-та не-маг-чы-ма, – выдавіў я праз хвіліну. Голас стаў чужым. – Дома нікога не было! Мае толькі сярод ночы павінны прыехаць!

– Ага, немагчыма. – Травень нават не намагаўся зрабіць хоць які спачувальны выгляд. Спакойна расцянуўся ў гамаку і ўтапырыўся ў перыстую крону над сабой, скрозь якую прабіваўся месяц. – Можаш праверыць, кантролер на стале.

Я схапіў самую яркую галавешку са згаслага вогнішча, заляцеў у хіжыну, амаль навобмацак знайшоў іголку, размазаўшы ліпкую лужынку па стале яшчэ больш, і выбег назад. З таго боку вушка віднеліся чорныя абрысы пальмаў, Травень у гамаку, месяц, горка чырвоных вуглёў, але толькі не мой пакой. Колькі ні вадзіў па баках – аніякіх прыкмет на нешта іншае.

– Чаму ж ты адразу не сказаў?! – крыкнуў я.

– Хацеў, каб ты выспаўся спакойна. А заўтра ўжо перажывай, колькі хочаш.

Мабыць, я пабялеў, як гэты Месяц у небе, бо, зірнуўшы на мяне, Травень бестурботна махнуў рукой:

– Клопат вялікі, з гэтым парталам. І тут можна пражыць. Рыбы хапае, крабаў хапае, будзем за пярлінамі ныраць. Жаніцца захочаш – выкрадзем табе жонку ў людажэраў, перавучым гатаваць па-нашаму.

– Ты хацеў... клопат вялікі... – Я апусціўся на пясок побач.

Перад вачыма ўсё паплыло. Зазвінела ў вушах.

Хто ж здагадаецца пакласці патрэбным бокам гэтую дурную іголку? А калі яна вернецца на сваё ранейшае месца Паўвеку праляжала ў касетцы і яшчэ столькі там праляжыць, нікаму не патрэбная. А то і зусім на сметнік выкінуць: бацька не любіў захарашчваць жытло, заўсёды імкнуўся высяліць старыя рэчы. Каб маці яго не стрымлівала, то і молі не было б чаго ў нас рабіць. Калі гэта адзіны партал у мой свет – я тут назаўсёды.

– Спадзяюся, ты мяне Чацвяргом не назавеш, – уздыхнуў я пасля доўгага маўчання.

– Чаму гэта я мушу называць цябе Чацвяргом?

– Таму што сёння чацверг, а не пятніца, – падкрэсліў я. – Ведаеш, у нашага Рабінзона Круза было больш шансаў вярнуцца дадому Разумееш? Дваццаць сем гадоў на востраве – гэта не ўсё жыццё! Гэта хоць нейкая, але была надзея!

Не ведаю, як там стараўся транслятар, які сэнс даводзіў да рамантыка-валацугі, але той зразумеў, што я такі самы нудзяр, як у тых кніжках: не паспеў надыхацца, а ўжо захацеў дадому. Цяпер усе астатнія дні буду толькі гэтым і жыць.

– Ды не хвалюйся ты, падумаем, пашукаем, мо што і трапіцца, – Травень закінуў рукі за галаву. – Сходзім да дзеда Кірмаша, у яго кішэнях усялякага дабра хапае. Клопат вялікі!


Мы з Колькам стаялі на даху нашага дзевяціпавярховага дома. Я трымаў у руках медальён-міелафон і круціў рэгулятар пад срэбраным вечкам, прыслухоўваючыся да думак сябра.

«Што гэты белабрысы задохлік там усё круціць?» – неўзабаве пачуў я вынік тонкай налады.

Гэта я – задохлік?! Ды яшчэ белабрысы? Мы ж цябе колькі разоў з сабой на возера бралі! Мой бацька ніколі не пярэчыў, а ты, паскуда, пра мяне Свайго бацькі няма, дык вырашыў майго прысабечыць?

«Каб на возера з сабой не бралі, то я б гэтага дурня даўно паслаў лесам» – здзекліва данеслася з медальёна.

Я не вытрымаў і з усёй сілы ўрэзаў Кольку па сківіцы. Той у даўгу не застаўся – даў у адказ. І мы счапіліся, як вясновыя каты, пакаціліся па даху, тузаючы адзін аднаго. Недзе побач загрымацеў трамвай. Мы пачалі хутка памяншацца.

– Ну што я табе казаў? – зароў я пераможна, ухапіўшы найлепшага сябра за грудкі. – Бачыш? Мы памяншаліся! І Травень быў, і ў лагуне купаліся! А ты, дурань, мне больш ніхто!

У гэты момант аднекуль наляцела гіганцкая страказа, вырвала мяне з моцных рук Колькі і панясла над горадам. Проста да школы, дзе на парадным ганку стаяла Ніна Іванаўна і строга глядзела на мяне, прытрымліваючы акуляры адным пальцам.

– Бяляк, без бацькоў можаш больш не зяўляцца, – металёвым голасам адчаканіла яна. – Нават не думай! Не пушчу!

Я спрабаваў адказаць, што іголку нехта паклаў не тым бокам, але мой крык захрас у грудзях... І ў гэты момант нешта ляснула над самым вухам.

Я расплюшчыў вочы. Непраглядная цемра. Дзе ложак? Дзе вакно? Дзе цьмяное святло начной вуліцы? Рэзкі халодны спалах выхапіў каленчатыя бамбукавыя ствалы. Другі спалах, даўжэйшы, дазволіў разгледзець, што ляжу проста на падлозе, на голай цыноўцы. Побач злева нехта спаў. У нагах скруціўся Лабрык – сілуэт яго ўзнятай галавы на імгненне акрэсліўся на фоне рашэцістай сцяны. Раскаціўся працяглы грукат грому.

Не адразу дайшло, куды мяне занесла. Успомніў, як перад самым сном бясконца трос іголку – у вушку нічога не зяўлялася, толькі свяціўся жар вогнішча, якое пакрывалася шэрым попелам. Праваднік праходзіў вушка наскрозь, нідзе не знікаў. Пасля гэтага я скруціўся на цыноўцы абаранкам, падцягнуўшы калені да падбароддзя

Наляцеў моцны шквал, застагналі, заскрыпелі ствалы, запалохана зашалясцела важкае лісце. Абрынуўся лівень. Суцэльная сцяна вады, нібы мора перанеслася на неба і адразу ж рынулася назад. За тонкай сценкай грымела і бліскала без супынку. Усе гукі патанулі ў гэтым ніагарскім вадаспадзе. Звонку ў бесперапынных сполахах маланак пальмы гнуліся ледзь не да зямлі, а лахматыя кроны выварочваліся навыварат.

У пусты праём, які зваўся дзвярыма, з кожным парывам урывалася хмара пырскаў. Пясок і цыноўкі на падлозе прынялі ўсё гэтае шчасце на сябе. Адступаць не было куды: струмені вады намагаліся дацянуцца да нас і праз шчыліны паміж бамбучынамі.

Хіжа хадзіла хадуном, быццам за яе звонку ўзяўся разюшаны волат. Мне здавалася, яшчэ крыху – і сарве гэты хісткі дах з пальмавага лісця ды панясе ў якую-небудзь краіну Оз. А потым вымеце і нас саміх – да Смарагдавага горада наўрад ці дацягне, а вось пасярод лагуны скіне хутчэй за ўсё.

Нябесны апакаліпсіс працягваўся хвілін са дваццаць, потым усё сціхла. Чулася інтэнсіўнае капаценне, плёск і шыпенне марскіх хваль, якія набягалі ледзь не да парога. Але рана выдыхнуў. Менш чым праз паўгадзіны абрынулася новая хваля залевы. Ізноў грымацела, палыхала, неміласэрдна выгіналіся пальмы, а пад дах урывалася хмара кропель. Не так моцна, як у першым разам, але ўсё з той жа неімавернай лютасцю. І гэтак разоў пяць-шэсць за ноч. Я збіўся з ліку: лівень накочваўся з кароткімі перапынкамі, на шчасце, з кожным разам усё слабей і слабей. Мы сядзелі з Траўнем, прытуліўшыся спінамі адзін да аднаго, і трэсліся, як асінавыя лісты. Наскрозь прамоклыя і змерзлыя. Паміж намі намагаўся ўціснуцца не менш прамоклы, перапалоханы рэтрывар.

Калі б мне раней сказалі, што ў тропіках можна ўдубець Не патрэбен мне ні гэты свет, ні тым больш той, што з двума месяцамі, нічога, – хутчэй бы апынуцца ў цёплым ложку. Закутацца ў тоўстую коўдру і прыгубіць гарачай кавы. І халера з імі, з гэтымі прыгодамі: я з канапы, у ютубах наемся гэтага шчасця.

Гадзіны праз чатыры нябесны канцэрт завяршыўся. Вецер раптам суцішыўся, марскія хвалі адступілі. Усталяваліся цішыня і спакой. І, як нічога і не было, застракаталі цвыркуны. Недзе ўдалечыні, у начной цемры, застагналі буравеснікі. З-пад страхі, дзе засеў гекон, даняслося ціхае:

– Чык-чык-чык!

Наш вартаўнік-губіцель замоўк, а праз некалькі хвілін ізноў выдаў кароткую тыраду, быццам зладзіў начны абход:

– Чык-чык-чык.

Травень заснуў, відаць, усе гэтыя стыхіі сталі для яго чымсьці будзённым: памёрз, патрэсся і забыўся. Прайшло ліха – ды і добра. Мне неяк удалося сагрэцца. Дрыжыкі прайшлі, але замулелі згарэлыя на сонцы плечы: як ні павярніся, нагадвалі пра сённяшнюю лёгкадумнасць. Нездарма Лабрык намагаўся выцягнуць нас з вады.

– Чык-чык!

Ноччу ў галаву лезе што заўгодна, толькі не добрае і светлае. Як там мае? Мабыць, ужо прыехалі з паліцыі, а не, дык заўтра напэўна заявяцца ў аддзел. Ніхто нічога не знойдзе. Следчыя галаву зламаюць, разбіраючы кожны кадр з камеры нашага падезда, а потым закрыюць справу: няма цела – няма і крыміналу. Без вестак зніклы чарговы дурань. Праз які год у сямі народзіцца другі Стасік, больш разважлівы і адказны, які не суне носа ў розныя парталы. А менш адказнаму варыянту на вясковых могілках насыплюць горку жоўтага пяску ды паставяць помнік, хоць нейкі, каб было куды прыводзіць унукаў.

– Чык-чык-чык...

Калі вас мучаюць начныя жахі, Пітар Філіпс у сваім апавяданні «Сны недатыкальныя» раіць узяцца за кольт сорак пятага калібра – і прыстраліць тую пачвару, што мае дурную звычку ганяцца за вамі. У маім выпадку кольт дае рады і благім думкам. Калі іх проста гнаць ад сябе – абавязкова палезуць назад, ды яшчэ і горшыя з сабой прывядуць.

Пасля пятага стрэлу цёмныя шэрагі значна парадзелі. Удалося пераключыцца на іншае. На тое, што даўно свярбела недзе ў глыбіні, але ўсё не ставала часу выцягнуць гэтую стрэмку. Засела яшчэ з першых гадзін на гэтым востраве. Што менавіта? Не ўсё ўпісвалася ў гэтую трапічную карціну. Блакітныя вочы, ільняная кашуля... мог бы закапаць куфэрак яшчэ пад дубам. Пад дрэвам, якое ў тропіках зусім не расце... Ці транслятар перадаў нейкі адпаведнік дуба? Дзе астатнія людзі? Адныя пытанні. Думкі цяклі павольна, блыталіся, як пяны на балоце, усё ніяк не маглі ўхапіцца за патрэбную нітку.

– Чык... чык... чык...

Крабава купель

Здаецца, мне ўдалося заснуць, бо калі расплюшчыў вочы, звонку ўжо панаваў дзень.

Я выбраўся з хіжыны. Сонца паднялося даволі высока, але яшчэ не прыпякала. Лагуна супакоілася, па паверхні гулялі толькі лёгкія хвалі. Яны набягалі на пясок, рассцілаліся тонкай белай коўдрай, ахутвалі ступні і неўзабаве адступалі. Навыкідала водарасцей: бурыя стужкі і зялёныя купкі ляжалі па ўсім берагу, сярод іх капашыліся крабы. Цёпла, ціха і спакойна. Здавалася, нібы ноччу і не было аніякага катаклізму.

Травень пахаджаў непадалёку. Раз-пораз ён выцягваў з водарасцяў ракавінкі, нешта разглядаў усярэдзіне, потым адкідваў убок. Побач круціўся Лабрык. Убачыўшы мяне, рэтрывер з радасцю паляцеў насустрач.

Зялёная трава гаспадара вострава буяла пад сонцам нязломнасцю і яскравай сакавітасцю. Ніводная сцяблінка не зламаная. Цікава, як яна не камячыцца ў сне? Бачыў жа, што валяецца як хоча: і на спіне, і на баку, і на жываце, раскінуўшы рукі і ногі, бы вадамерка на сажалцы. І ніякіх нязручнасцяў яму гэтая прычоска не стварае.

– Табе гуманітарку ніхто не падкідвае? – спытаў я, падышоўшы.

– Якую яшчэ гуманітарку?

– Ну як якую – тую, што кожны пісьменнік сваім бедалагам скідае.

Травень з цікаўнасцю паглядзеў на мяне. Натхнёны гэтай увагай, я надаў свайму голасу больш лектарскага тону:

– Ведаеш, Даніэль Дэфо дазволіў свайму астравіцяніну забраць з разбітага карабля тое-сёе… Зразумеў, што той на нулі проста ногі выцягне. Жуль Верн таксама падкінуў пажыткаў – зброю, адзенне, прылады. Не адразу, але нараздаваў бонусаў. Не таямнічы востраў, а нейкі рай. Там, праўда, ужо пяцёра. І ў гэтых усё было: ад прыродных рэсурсаў да суперінжынера! Разумееш?

Транслятар – вельмі добрая рэч. Можна і дараваць, што занадта лезе ў галаву, але калі гаворка заходзіць пра незнаёмыя кнігі… З гэтай штукенцыяй неабавязкова ведаць усе творы, каб атрымалася цікавая размова. Галоўнае, каб была хоць нейкая эрудыцыя, і тады думкі дойдуць у зразумелых вобразах.

Той астравіцянін, што красаваўся перад мною, зразумеў сэнс іншасусветнай літаратуры, толькі крыху не дацеміў палёту маёй думкі.

– І навошта ты мне гэта кажаш?

– Ды вось здзіўляюся, як ты сам не выцягнуў ног!

Мы разам засмяяліся. Травень весела пляснуў мяне па плячы:

– Яшчэ дзве-тры такія ночы – і ўжо нічога не будзеш заўважаць, – супакоіў ён, так, як гэта ўдавалася толькі яму. – Будзеш на голых камянях спаць, як на пярыне!

Мы яшчэ некаторы час хадзілі сярод выкінутых водарасцей, шукалі ракавіны. Я выцягваў усе запар і перадаваў галоўнаму эксперту: адны адляталі адразу, другія – пасля пільнага агляду. Не ведаю, па якіх крытэрыях ішоў адбор, бо не знайшлося ніводнай прывабнай. Калі буду вяртацца ў свой свет, трэба абавязкова прыхапіць дзве-тры.

Калі вярнуліся да хіжыны, Травень спытаў:

– Рыба табе яшчэ не надакучыла?

– Яшчэ і сутак не прайшло, каб надакучыць, – шмыгнуў я носам. – Ведаеш хоць, колькі ў нашых рэстаранах дзяруць за такую страву?

– А мне абрыдла, – Травень нібы і не пачуў мяне. – Кожны дзень адно і тое ж – кефаль ды лобстэры, хочацца нейкай разнастайнасці.

– Якія прапановы?

– Пойдзем на краба?

– Лавіць крабаў з радасцю! – падхапіў я прапанову. Не хапала яшчэ збіраць бананы ці шукаць якое карэнне. Бананы б куды ні ішло, бо тут дармовыя, а вось капашыцца ў зямлі… Цярпець не магу наша лецішча праз агароды, мая б воля – праехаўся б па ім бульдозерам і высадзіў бы нармальны газон.

– Гэта яшчэ невядома, хто каго лавіць будзе, – задумліва прамовіў правадыр-здабытчык. – Ну, калі так – ідзём. Там паспрабуем праслізгнуць паўз Глышку.

Ён агледзеў мяне і дадаў:

– Свае потныя бахілы таксама вазьмі, з нязвычкі зрэжаш сабе ногі.

Травень узброіўся толькі адным мачэтэ: сунуў у скураныя похвы на кароткай перавязі і закінуў за спіну. Ніякіх табе сетак ці гарпуна. Я не зразумеў, навошта ў вадзе красоўкі, але паслухаўся парады: звязаў разам шнуркамі і перакінуў праз плячо. Недарэчнае відовішча. Калі ў Траўня похвы трымаліся ладна, прылягалі да спіны, толькі рукаятка эфектна выглядала з-за пляча, як у кінагерояў, то мая ноша вольна целябомкалася і таўкла па баках. Да таго ж мае плечы гарэлі агнём, давялося надзець кашулю, каб зберагчы хоць тое, што ўцалела пасля ўчарашняга дня.

Трымаючыся ў цені, мы рушылі ў заходні бок лагуны, туды, дзе ў акіян выступаў скалісты мыс. Лабрык адразу ж узяўся быць разведчыкам-правадыром – пабег у авангардзе.

Пляж жыў сваім жыццём. Па самым краі вады семянілі шэрыя кулікі, ківалі галовамі, нібы віталіся з кожным сустрэчным. Шпарка бегалі залацістыя ржанкі, нешта выпорваючы з мокрага пяску. Паміж падсохлымі купкамі дзелавіта паходжвалі бела-карычневыя каменяшаркі, перабіралі чорнымі дзюбкамі водарасці ці пераварочвалі ракавіны. На мелкаводдзі нерухома застылі цёмна-шэрыя чаплі. Падобныя на вартавых смерці, яны чакалі, пакуль нехта страціць асцярожнасць: імгненны ўкол – і няўдаха, дробны краб ці рыбінка, назаўжды пакідалі гэты свет.

Над хвалямі праносіліся белыя крачкі, на імгненне завісалі ў паветры, а потым рэзка прыпадалі да вады і выхоплівалі малькоў. Вышэй кружлялі карычневыя, з белымі жыватамі алушы, па адным ці чародамі: яны раптам складалі крылы і каменем падалі ў ваду, а праз некалькі секунд вынырвалі з рыбінай, што жывым серабром трапятала на сонцы. Калі здабытчык не паспяваў пракаўтнуць улоў, напярэймы яму кідаўся чорны фрэгат. Рабаўнік перахопліваў курс, біў крылом ці намагаўся вырваць здабычу – збянтэжаны алуш выпускаў рыбіну, і шчаслівы пірат падхопліваў трафей на ляту.

Бераг забіраў усё лявей.

Пляж вузеў, саступаючы месца парослым гушчаром схілу. Прыбой быў ужо зусім блізка. Далёкі рокат перарос у рытмічны грукат хваль аб рыфы – ужо не белая паласа, а жывы, вірлівы вал, які нястомна імкнуўся прарвацца ў спакой лагуны. Мяккі каралавы пясок заслалі базальтавыя абломкі, ад дробных камянёў да масіўных глыб. Трэба было сачыць, каб не наступіць на востры край. Далей пачаўся жвір і каменныя завалы, якія даводзілася пералазіць, а то і абыходзіць па вадзе.

Мы ішлі больш за гадзіну. За гэты час я налічыў процьму крабаў, але ўсе – не больш за пяць сантыметраў, да таго ж вельмі жвавыя.

Адліў дасягнуў найніжэйшага ўзроўню. З-пад вады выступіла рыфавае плато: амаль да самага прыбою раскінулася ўсланае каралавай вапняй поле, дзе вылучаліся светлыя і сітаватыя дзялянкі, крэмавыя пліты, зубчатыя грады, разломы і шырокія каналы. На няроўнай паверхні засталіся лужыны і цэлыя азёры. Мяркуючы з кулікаў, каменяшарак і рыфавых чапляў, што зляцеліся з усіх бакоў, у гэтых западзінах адкрыўся сапраўдны шведскі стол.

Бліжэй да мыса дно было заваленае глыбамі. Паміж імі ў вадзе капашыліся стракатыя крабы – зусім іншыя, удвая большыя за тую мялюзгу, што мітусілася на пяску. Яркія, чырвона-аранжавыя, быццам іх старанна размалявалі на дзіцячых занятках. І асцярожныя: варта было нам наблізіцца, як тыя хаваліся за выступамі ці ў разломах.

Я злавіў момант, падкраўся і схапіў найбольшага краба за панцыр. Ускінуў яго ўгору, нібы сцяг над захопленым горадам, і радасна затрос гэтым трафеем:

– Першы пайшоў! Куды складаць?

– Ага, гэтага аднаго табе і хопіць. – Травень нават не глянуў на маю здабычу.

– Як хопіць? – не зразумеў я. – Ды тут мяса кату на зуб! Хаця б з дзясятак налавіць…

– Табе яркі колер ні пра што не гаворыць? – гэтым разам прагучала даволі злавесная нотка.

Я мігам адкінуў краба, нават выцер руку аб змоклую кашулю.

– Мог бы адразу папярэдзіць!

– Не хвалюйся, не ўджаліць, хіба што ўчэпіцца клешняй. У яго нейратаксіны назапашваюцца ва ўсім целе. Калі добра іх пераносіш – можаш кідаць у кацёл.

Наш шлях упёрся ў абрыў. Няроўная базальтавая сцяна ўздымалася на дзясяткі метраў і цянулася ў акіян, дзе на самым вастрыі кіпеў прыбой. Я чакаў, што перадыхнем і пачнем лазіць паміж скаламі: праз адліў там можна было хадзіць, і ў гэтым лабірынце вадзілася што заўгодна. Трэба толькі сачыць, каб не злавіць голымі ступнямі марскога вожыка ці яшчэ чаго лепшага.

Але ні прывал, ні набег на мясцовыя калоніі ў планы нашага крабалова не ўваходзілі. Мы звярнулі направа, ад мора, і сталі ўзбірацца па крутым схіле.

Давялося абуць красоўкі, якія зусім не пад гэту спёку. Траўню хоць бы што: яго босыя закарэлыя ногі не баяліся ні вострых камянёў, ні сантыметровых калючак, што толькі і чакалі, каб з радасцю ўпіцца ў мае далікатныя падэшвы. Пачаўся густы хмызняк. У справу пайшло мачэтэ: вельмі добры аргумент супраць таго ж пандана, які ўзброіўся вузкімі лістамі-піламі і пакідаў крывавыя драпіны.

Метраў сорак мы прадзіраліся праз гушчэчу, а потым яна адступіла, ісці стала лягчэй.

Мы апынуліся пад зялёнымі скляпеннямі, пад імі панаваў мяккі, рассеяны змрок. Шчыльныя кроны перахаплялі кожны прамень сонца, не пакідаючы ні лапіка чыстага неба. Многія дрэвы трымаліся на каранях-хадулях, некаторыя дасягалі двух-трох абхватаў. Па шэра-карычневых ствалах паўзлі ліяны, перакідваліся на суседзяў, звісалі петлямі ці перапляталіся ў складаную сетку; адны тонкія, як шнурок, другія нібы марскія канаты. Бароды лішайнікаў абляпілі недасяжныя галіны, а ў тоўстых расохах прытуліліся купіны папаратнікаў; некаторыя з іх чапляліся голымі каранямі проста за ствалы, за расколіны ў кары. Сустракаліся і дрэвападобныя папаратнікі, з магутным ствалом, некаторыя ўздымаліся вышэй за дом. Дзе-нідзе віднеліся белыя, жоўтыя ці крэмавыя архідэі, якія каляровымі плямамі сядзелі на галінах.

Пад нагамі пружыніла глеба – вільготная, тлустая, пакрытая тоўстай коўдрай апалага лісця. Пах перагною і сырой зямлі пераплятаўся з саладкаватым водарам кветак. Чуліся то тонкія птушыня посвісты, то іх хрыплыя, прыглушаныя гарлавыя крыкі. Паветра стала цяжкім, вільгаці значна дадалося. Я хутка змакрэў, так, што кашуля ліпла да ўсяго цела.

Скала леваруч скончылася, мы павярнулі на паўднёвы захад.

Ледзь бачная сцежка вяла толькі ўгору, паднімалася ўсё вышэй, пятляла па крутым схіле.

Заміналі ліяны, папаратнікі майго росту, карані і базальтавыя выступы, што месцамі вылазілі з-пад зямлі. Я разоў колькі зачапіўся, няўдала прызямліўся на карачкі. Там, дзе падалі лясныя гіганты і разрываўся зялёны шацёр, падымаўся густы, непралазны падлесак. Мы імкнуліся абыйсці гэтыя гушчары, каб не марнаваць сілы на прасекі.

На верхавінах найвышэйшых дрэў пасялілася калонія фрэгатаў. Варта было нам зявіцца, як там узняўся дзікі вэрхал: залапацелі крылы і загарлапаніла так, нібы пачаўся пажар. На хвіліну гвалт сціхаў, а калі да іх даходзіла, што мы нікуды не рэтыраваліся, фрэгаты ізноў свісталі ўсіх на борт. Гартанныя, бразготныя крыкі яшчэ доўга ішлі наўздагон.

Мы ішлі больш за мілю, потым сцежка перакінулася праз пакаты грэбень і пабегла ўніз. Хутка я зразумеў, чаму альпіністы на спуску траўмуюцца часцей, чым на падёме. Дакладней, зразумелі мае джынсы, бо набылі новую дзірку, калі я няўдала прыклаўся каленам да вострага каменя. Дзірка зявілася на правай штаніне, каб не было сумна той, якую ўчора пакінуў на левай разнерваваны Лабрык. Мае здагадкі, што праз месяц я ўжо нічым не буду адрознівацца ад галадранца Траўня, спраўджваліся хутчэй, чым хацелася.

Заходні схіл быў больш стромкім, базальтавыя выхады сустракаліся ўсё часцей, ствараючы тэрасы і балконы. Перад адным з такіх балконаў лес расступіўся.

У шырокім прасвеце адкрылася бясконцая сіняя гладзь, якая недзе ўдалечыні злівалася з блакітным небасхілам. На гэтай гладзі рассыпаліся іншыя астравы – ланцужок смарагдавых уставак у абрамленні белых каралавых кольцаў. Нібы шыкоўнае калье, якое накінулі на шыю магутнага акіяна.

Я не вытрымаў і плюхнуўся на валун. Выцягнуў нагудзелыя ногі. Сцягнуў красоўкі, размяў пальцы: пад вечар яны абяцалі крывавыя мазалі. Лабрык, якому гэтая духата пасля нашай прахалоднай восені таксама была невыноснай, з радасцю прысеў побач. Высалапіў язык да самай зямлі, часта дыхаючы, глядзеў у вочы і нібы прапаноўваў паўтарыць за ім, каб хутчэй астудзіцца.

Травень на некалькі хвілін знік унізе, потым вярнуўся.

– Ідзі, я цябе даганю, – паведаміў я. – Хачу наглядзецца на гэтае дзіва!

Хлус з мяне так сабе. Гаспадар лагуны толькі пачухаў патыліцу: мы абодва добра разумелі, каго потым давядзецца шукаць па ўсім востраве. Мая прапанова, на шчасце, адхілілі.

Пакуль мы адпачывалі, я разглядаў астравы: невялікія, некаторыя не дасягалі і кіламетра ўшыркі. Адны ляжалі зусім блізка, можна разгледзець кожную вяршыню, другія хаваліся недзе за гарызонтам, падобныя на міражы. Гарыстыя і плоскія, у атачэнні рыфаў і лагун, і ўсе пакрытыя зялёнай сакавітай коўдрай. Над кожным востравам, дзе ўзвышалася гара, нерухома завіслі белыя аблокі.

Калі я ў гэтым свеце назаўсёды, то ў мяне будзе шмат часу даследаваць усё. Травень казаў нешта пра плыт, з якога ўтапілі манету, дык ёсць на чым дабрацца.

– Слухай, а ты як здагадаўся, што партал адчыніўся? – успомніў я адну акалічнасць. – Не магу сабе ўявіць, што ты кожны дзень толькі і рабіў, што прапіхваў гэты праваднік у вушка!

– Дэтэктар. – Травень дакрануўся да грудзей, там, дзе пад зношанай кашуляй вісеў транслятар.

– Усё ў адным? – не паверыў я. – І транслятар, і дэтэктар? А што яшчэ там напхана?

– Толькі гэта, універсалка для аматараў вандровак.

Пасля ўчарашняга фокуса з магічнымі выкрутасамі я стаў больш асцярожным, ужо не спяшаўся адразу верыць усяму на слова… Хаця чаму б і не? Калі тэхналогіі ў гэтым свеце на стагоддзі апярэдзілі нашыя, то ўсё можа быць схавана пад вечкам аднаго маленькага медальёна.

Некалі Зямля была цэнтрам Сусвету, мацярыкі не дрэйфавалі, а цяжэйшыя за паветра апараты не маглі лятаць. Яшчэ напрыканцы саракавых гадоў мінулага стагоддзя ў адным амерыканскім навуковым часопісе з аптымізмам пісалі, што лампавы кампютар будучыні сціснецца да паўтары тоны і нават змесціцца ў некалькі шаф. Тады той жа ENIAC важыў каля трыццаці тон і займаў вялікую залу. Цяпер дзясятак працэсараў можна пакласці на адзін пазногаць. Не прайшло і стагоддзя. Не маглі паверыць, таму што глядзелі толькі на лампавую тэхналогію, якая мела свае абмежаванні. Калі ж перайшлі на транзістары і інтэгральныя схемы – многае змянілася, магчымасці сталі іншымі. Ды і крэмній ужо не апошняя ступень.

Як казаў Кейнс, цяжкасць не ў тым, каб прыдумаць новую ідэю, а ў тым, каб вырвацца са старой.

Праўда, тлумачэнні Траўня выклікалі яшчэ больш пытанняў. Здаецца мне, ён шмат чаго недагаворвае.

– Значыць, твой транслятар-дэтэктар можа выяўляць любы партал?

– Можа рэагаваць на структурныя змены ў прасторы, але не ўсе яны – парталы. Хутчэй, яны рэдка бываюць парталамі.

– Вось як, – структурныя змены ў прасторы мне былі не больш зразумелыя, чым кітайская грамата. – Значыць, існуюць яшчэ іголкі з парталамі? У наш свет?

– Можа быць.

– Дык «можа быць» ці «існуюць»?

– Думаю, нам лепш адпачыць, сёння яшчэ давядзецца пабегаць.

Залішнія пытанні зноў, як і ўчора, ні да чаго не прывялі. Наш знаёмы святар казаў, што ўсё таемнае будзе абвешчана з дахаў. Не цяпер, дык пазней даведаюся. Усяму свой час. Шкада, што гэты час не на маю карысць.

Пасля кароткага адпачынку мы працягнулі спуск. Па баках падняліся стромкія скалы: сцежка нырнула ў разлом, запятляла па дне лясістай цясніны сярод наваленых глыб. Зажурчэў ручэй. Ён то хаваўся пад камянямі, то зноў выскокваў на паверхню, то заціхаў пад пахіленымі дрэвамі, то імкліва бурліў на перападах. І чым ніжэй, тым большую моц набіраў гэты паток. Раз-пораз даводзілася перабірацца то на адзін, то на другі бераг, што значна замаруджвала спуск. Дакладней, замаруджваў я, бо Травень, як матыль, пералятаў з валуна на валун, нават не глядзеў сабе пад ногі, а я пыхцеў, слізгаў па мокрых баках і здолеў-такі боўтнуцца ў самым шырокім месцы. Вады было ўсяго па калені, але красоўкі зачаўкалі адразу, давялося спыняцца і зліваць лішняе. Лабрадор, наадварот, быў толькі рады гэтаму плёсканню: большую частку шляху ён імкнуўся ісці па вадзе, ратуючыся ад спёкі.

bannerbanner