Полная версия:
Лябёдка Іваноўскіх. Дакументальная аповесць
На другім паверсе палаца некалькі пакояў займала жонка Леанарда Іваноўскага, бабуля Ядвіга, той жа Казімір помніў, што «У бабуліных пакоях заўсёды цёпла і ўтульна, на сценах вісяць фотаздымкі яе пецярых дзяцей і ўнукаў. Дзядзька Ежы трымае на каленях сваю малую дачушку Ванду, каля яго – фотаздымкі Стэфана, Вацака, Юркі, Ганкі (фотаздымкі ўнукаў, – Л. Л.), таксама і маёй сям’і. Каля свайго вялікага ложка бабця мае ліхтар, у якім заўсёды гарыць свечка. Пад свечкай стаіць талерка, у якую сцякае парафін. У бабулі мы нядоўга, дамаўляемся пра сустрэчу на заўтра і ляцім аглядзець гаспадарку. Па дарозе сустракаем цёцю Алену, як заўсёды, яна мае для нас шырокую ўсмешку, пахне коньмі і хартамі».
Суседні маёнтак Шайбакполе
Лябёдка знаходзіцца ў старажытным месцы гістарычнай Літвы. Пра міфічную гісторыю суседняга Шайбакполя16, у свой час расказалі Тэадор Нарбут і Адам Кіркор. І насамрэч на палях гэтага суседняга з Іваноўскімі маёнтка стаялі курганы і Алена з Іваноўскіх, мела знойдзены ў адным з тых курганоў мела цяжкі, масіўны і досыць прымітыўны пярсцёнак які меў выгляд быццам двух сплеценых вужоў. Алена любіла і часта насіла гэтую рэч.
Ня дзіва, што людзі з ваколіц Лябёдкі лічылі, што старажытныя духі ўпадабалі сабе руіны палацу ў Шайбакполі. У 1930-я гг. ад палаца засталіся толькі фрагменты сцен з гнёздамі бацяноў, але навакольныя людзі ведалі, што каля руін павінны былі з’яўляцца 7 паненак у белых кашулях са свечкамі ў руках ці рыцар на белым кані. Пляменнікі Алены спрабавалі спраўдзіць гэту легенду і неяк прасядзелі ўсю ноч, але, акрамя гукання савы, палётаў кажана, піску шчуроў, крокаў вожыка, нічога не ўбачылі і не пачулі. Таксама, у Лябёдцы расказвалі зімовай ноччу конна вяртаўся з мястэчка. Стаялі моцныя маразы, і, зразумела, эканом добра «пагрэўся» ў карчме. На мяжы Лябёдкі пры дарозе стаяў стары трухлявы драўляны крыж, цалкам сівы ад марозу. Калі эканом ехаў каля крыжа, той упаў на яго. Эканом адразу працверазеў і, непрытомны ад страху, памчаўся галопам на падворак. За той вечар адразу стаў поўнасцю сівы.
Думаю, трэба трошкі падрабязней расказаць пра суседні з Лябёдкай маёнтак Шайбакполе. Пачну з дарогі на Шайбакполе з Лябёдкі, раскажу якой яна была ў 1930-х гг. – менавіта тады па ёй ездзілі Алена, Вацлаў і ўсе іншыя Іваноўскія. Зараз жа наваколле там моцна змянілася.
Шайбакполе палягала на адлегласці трох кіламетраў на паўночны захад ад Лябёдкі. У залежнасці ад транспорту і ўзросту падарожніка, патрапіць туды можна было рознымі дарогамі. Калі ехаць коньмі, трэба было рушыць ад галоўнага ганка лябёдскага дома праз шырокую выязную алею, з аднаго боку агароджаную жывым плотам з глогу, а з другога боку – ляшчыннікам. Па левым баку меўся сад Пяскі – у ім раслі пераважна грушы. Па правым баку быў стары сад, ад дарогі яго аддзяляла падвойная алея з ляшчынніку, у якім жылі вавёркі. Выязная дарога даўжынёй каля 200 метраў вяла на ўсход і даходзіла да гасцінца, які ішоў улева на Васілішкі, а ўправа праз Галавічполе дарога ішла на Верх-Лябёдку. Але да гасцінца можна было прайсці сцежкай праз сад і там дзе сцежка праз сад выходзіла на гасцінец, раслі дзве стройныя высокія бярозы. Мелі яны сваю гісторыю, бо былі пасаджаны на «магіле» двух пальцаў дзядзькі Вацака, брата майго бацькі. Гэтыя пальцы ён страціў у маладым веку, калі неасцярожна рабіў набоі для дубальтоўкі. З таго часу ніхто з сям’і не майстраваў у доме амуніцыі, усё куплялася ў краме для паляўнічых, і дзве бярозы раслі самотнымі. З-за таго, што на адной руцэ Вацлаў Іваноўскі меў толькі два пальца, потым ён узяў сабе псеўданім «Вацюк Тройца».
Далей па трасе, за нейкія 200 метраў управа ад тых бяроз, гасцінец перасякаў ручай. Быў гэта маленькі струменьчык, які цёк праз лугі. Але падчас паводак на лугах з’яўляліся азёры, а ручай ператвараўся ў рэчку, якая змывала мост на гасцінцы.
Менавіта гэты ручай быў мяжой з фальваркам Галавічполе. Калі на гэтым перакрыжаванні, павярнуць управа, дык хутка на гарызонце ўжо было бачна Шайбакполе. Тут, каля перакрыжавання, раслі дзве прысадзістыя дзікія грушы, на якія часта сядалі сокалы-каршачкі. За грушамі пачыналася багна Кятуркі (назва балцкага паходжання азначае «чацвёрка»). Кятуркі адвеку былі месцам паляўнічых подзвігаў роду Іваноўскіх. Гэта была група лугоў паверхняй каля 2 кв. км, тут было шмат вокнаў з вадой і глыбокіх багністых саджалак. Кятуркі нельга было прайсці без рызыкі ўтапіцца.
Але ідзём наперад, пераходзім масток і бачым 30-метровы ўзгорак. На ім старыя ліпы ствараюць вышчарбленую, непрыгожую алею. Адсюль пачынаецца Шайбакполе – ладны, 500-гектарны, маёнтак Райхеляў, блізкіх сваякоў Іваноўскіх (як яны атрымалі гэту маёмасць, я пісаў вышэй).
Сам падворак Шайбакполя меў каля гектара. З аднаго боку стаялі вялікія стадолы, стайні, аборы. З другога – быў прыгожы драўляны свіран, руіны палаца і вялікі сад. Жылога дома не было. Райхелі жылі ў адрамантаваным старым лямусе. У наш неспакойны час, калі здараліся ўсялякія наезды і напады, лямусы выконвалі ролю не толькі сямейнага архіва, але і крэпасці. Гэтак было і ў Шайбакполі. Лямус меў муры метровай таўшчыні, малыя ваконцы, замест печаў вялікі камін з напалову адкрытым вогнішчам. Зімой там было надзвычай холадна і ў любы час года цесна, месца для жыцця не хапала.
Шайбакполе ў 1930-я гг. славілася вялікай колькасцю сабак, якіх было каля 10. Гэтых сабак кармілі рэдка, і яны вынішчалі ваколіцы маёнтка. Калі на падворку з’яўляўся нехта чужы, уся зграя адразу з гучным лаем кідалася на яго. Уязджаючы на ровары, перад брамай трэба было добра разагнацца і потым высока ўздымаць ногі, ажно на руль, і маліцца, каб разгону хапіла даехаць да ўваходных дзвярэй.
Калі госці прыязджалі коньмі, частка сабак скакала да мордаў і горла коней, частка хапала іх за ногі, а частка кідалася да воза, каб ухапіць гасцей. Пры гэтым з лямуса выбягаў нехта з гаспадароў і, вырваўшы пас з штаноў, адганяў сабак, прытрымліваючы спадаючыя штаны. Госці бараніліся ад сабак усім, што ўхапілі ў рукі. На шчасце, праз нейкі час сабакам гэтая забава надакучвала, гаспадары заканчвалі свае «палавецкія пляскі» і міла сустракалі гасцей, пасля чаго яны сходзілі з воза. Госці ўваходзілі ў дом, а там ім у ногі кідаліся іншыя кудлатыя стварэнні!
З тымі сабакамі бывалі розныя гісторыі. Казімір Іваноўскі ўспамінаў, як яго стрыечныя браты, сыны Вацлава Іваноўскага з фальварка Рагачоўшчына, знайшлі малога ваўчка з хворай нагой і выхавалі яго з шчанюкамі. Воўк атрымаў мянушку Акела. Гэта быў вельмі спакойны звер і толькі калі-нікалі выў на месяц.. «Неяк у пошуках сукі дабег да Шайбакполя, дзе чарговая сука сабрала вакол сабе з ваколіц вяршкі сабачай моладзі. … Пасля гэтага жыў то ў Рагачоўшчыне, то ў Шайбакполі», – пісаў Казімір, пляменнік Вацлава і Алены Іваноўскіх.
Гэтак воўк знайшоў дарогу да Райхеляў. Дзядзька Іваноўскіх – Мечыслаў Райхель меў шмат неўжытковай зямлі і таму гадаваў на ёй некалькі сотняў авечак. Калі надыходзілі халады, авечак заганялі ў абору. Неяк, калі была поўня, Акела, гэтак звалі гэтага воўка, пачуў кліч продкаў. Падкапаўся пад абору і за душыў каля 20 авечак, яшчэ столькі ж пакалечыў. Мечыслаў Райхель, як суддзя, вырашыў, што за воўка адказвае яго гаспадар і таму адаслаў Сабіне Іваноўскай, першай жонке Вацлава, рахунак за задушаных авечак. Па меры таго як пакалечаныя авечкі здыхалі, адсылаў ёй наступныя рахункі. З таго часу сяброўскія адносіны паміж домам Сабіны Іваноўскага і Райхеляў і Райхелямі вельмі астылі. Сям’я Сабіны да вайны не магла больш нават глядзець на бараніну, і пасля гэтага ў сябе гадавала толькі таксаў.
Абшарнікі і шляхта
Гэта быў вельмі неаднародны клас. Да яго належалі вышэйшыя, сярэднія і дробныя ўладальнікі маёнткаў, якія ў матэрыяльным сэнсе маглі не надта адрознівацца ад сялян (можа, толькі тым, што жылі не ў вёсках, а ў фальварках). Інтэлектуальны ўзровень таксама моцна адрозніваўся, але збольшага адпавядаў матэрыяльнаму стану асобы.
Паўстанне 1863 г. зменшыла колькасць шляхты. Удзельнікі паўстання былі ці забітыя, ці сасланыя ў Сібір, і лёс сасланых быў вельмі розны. Некаторыя прыжыліся ў Сібіры, сярод сасланых было шмат інтэлігентаў (лекары, навукоўцы), і праз нейкі час яны пачалі зарабляць грошы, а адзінкі нават сталі мільянерамі. Іншыя вярнуліся ў Літву, але сваіх двароў не атрымалі, бо былі яны канфіскаваныя і пераважна па нізкім кошце альбо ў растэрміноўку аддадзеныя розным нікчэмнікам, у асноўным ваенным, якія якраз і задушылі паўстанне. Другая частка ўладальнікаў двароў былі агаломшаныя, стэрарызаваныя і думалі толькі пра захаванне сваёй скуры і сваёй зямлі. Мелася забарона на набыццё зямлі католікамі, таму тыя, хто меў зямлю, стараліся ў любым выпадку захаваць яе, а не прадаць прышлым элементам. Цяжкім ціскам для тутэйшай шляхты была гэтак званая кантрыбуцыя, ці грашовая кара, за паўстанне. Гэтыя грошы плаціла ўся шляхта, але я не знайшоў Леанарда Іваноўскага ў спісе асоб, якія плацілі кантрыбуцыю, магчыма таму, што ён фармальна не жыў у Лябёдцы17. Да гэтага дадаваўся яшчэ нацыянальны і рэлігійны ўціск. Усе гэта абцяжарвала псіхіку і нараджала безнадзейны настрой, які панаваў сярод нашых уладальнікаў двароў у другой палове XIX ст. У гэткай атмасферы вырасла цэлае пакаленне, і толькі адзінкі з моцным характарам маглі перамагчы прыніжэнне.
Большасць суседзяў Іваноўскіх мелі дрэннае выхаванне і адукацыю. Сярод шляхты цяжка было знайсці чалавека з вышэйшай ці нават сярэдняй адукацыяй. Большасць з іх лічылі, што ў сельскай гаспадарцы навука непатрэбна. Трэба толькі гаспадарыць гэтак жа, як рабілі бацькі. Аднак па-старому ўжо было немагчыма, бо бацькі мелі яшчэ прыгонных сялян, а пасля адмены прыгону працаўнікоў трэба было наймаць. Каб атрымаць грошы, тыя, хто меў лес, прадавалі яго. Пра дынамічнае развіццё гаспадаркі размова не ішла. Усё рабілася па-старому, павольна і прымітыўна.
Пасля паўстанні 1863 г. адбылася селекцыя, у выніку якой край страціў найлепшых людзей – сваю эліту. Ідэалы тых, хто застаўся, не выходзілі за межы дасягнення дабрабыту, але такога дабрабыту, якога можна было асягнуць без вялікіх высілкаў. Тадас Іванаўскас пісаў, што гэтыя людзі ўнікалі ўсяго, што магло парушыць іх спакой, і вельмі баяліся ўладаў – нават з’яўленне жандара ў мундзіры ўзбуджала ў іх страх. «Урадник», а тым болей «пристав» былі іхнім кашмарам, пры іх з’яўленні яны станавіліся ліслівымі і падлыжнымі. А калі ў правінцыю прыязджаў функцыянер высокага рангу, дык яны, каб яму спадабацца, вылузваліся са скуры.
Вялікай страсцю нашай шляхты была гульня ў карты. Для гасцей рыхтаваўся па частунак, пасля якога моладзь танцавала, а старыя, каб не траціць часу, сядзелі за зялёным сталом і гулялі ў карты. Пісьменнік Мельхіёр Ваньковіч, які сам быў уладальнікам двара ў Літве, кпіў з недахопаў свайго грамадскага слоя. Ён неяк некалькіх сваіх суседзяў намовіў з’ездзіць у Парыж на Сусветную выставу. Пасля выставы яны яшчэ ўсе разам планавалі наведаць некалькі знакамітых гарадоў. Ваньковіч адправіў сваіх сяброў цягніком, а сам павінен быў выехаць праз некалькі дзён і сустрэцца з імі ў парыжскім гатэлі. Гэтак і адбылося. Пісьменнік прыехаў у Парыж і ў адпаведным гатэлі застаў сваіх суседзяў за зялёным сталом з картамі. Іх не цікавіла сталіца Францыі – ужо два дні і дзве ночы яны не ўставалі з-за картачнага стала.
Напрыканцы XIX ст. наша шляхта не вызначалася выбітным інтэлектам. Мала хто з паноў меў бібліятэку ці нават выпісваў нейкае перыядычнае выданне – усё замяняў каляндар. Рэдка пісалі, і калі была такая патрэба, дык па ўсім доме шукалі атрамант і пяро. Мала хто меў замілаванне да прыроды ці садоўніцтва – усё замяняла паляванне. Некаторыя паны праз паляванне цалкам занядбалі свае гаспадаркі і таму з ахвотай бывалі ў гасцях. Ездзілі па суседзях з нагоды Божага Нараджэння, Вялікадня, Зялёных святаў ці імянінаў, каб выпіць і пад’есці ўдосталь.
Іванаўскас піша, што падчас святаў грошай не шкадавалі, нават калі іх і не было. Не важным было тое, што пасля святаў давядзецца доўгі час адмаўляць сабе ва ўсім. Падчас Божага Нараджэння ці Вялікадня багатыя паны прымалі ў сваім доме шмат гасцей. Госці прыязджалі з касцёла, і пачастункам не было канца: калі адны з’язджалі, другія прыязджалі, і гэтак увесь дзень. Да велікоднага стала не трэба было запрашаць – госці самі знаходзілі талеркі, нажы і відэльцы, наразалі сабе кусы, налівалі трункі ў кілішкі – адным словам, паводзілі сабе вальней, чым у сваёй хаце. Падзяліўшыся на групы, размаўлялі пра гаспадарку, пра тое, колькі пашы яшчэ засталося, пра кароў, банкаўскія пазыкі, новага пробашча. Можна было пачуць урыўкі сенсацыйных размоваў, напрыклад: «Ці чуў пан-сусед, што сын губернатара Аржэўскага, калі вучыўся ў гімназіі, абрабаваў ахвярную скрынку ў Вострай Браме, а на наступны дзень на коўзанцы зламаў нагу?» «То Божая кара», – быў адказ. У іншай групе размаўлялі пра новы гатунак бульбы. «Ён лепшы», – казаў першы. «Гэта праў да», – адказваў другі.
Адбываліся танцавальныя вечарыны, нават вельмі гучныя, якія пачыналіся зранку. Большасць паноў мелі фартэпіяна, і сама пані ці цёця альбо нехта з сваякоў маглі на ім іграць і таму ігралі да раніцы. У Лябёдцы на важных вечарынах іграў аркестр з Васілішак, якім кіраваў шавец Манчынскі. У аркестры акрамя шаўца звычайна быў яшчэ адзін музыка. Яны ўмелі іграць адзін вальс, адну мазурку, адну польку, адзін контрданс – здаецца, гэта быў увесь рэпертуар аркестра. Іванаўскас помніць, што на ўсіх вечарынах ігралі адно і тое, і нават праз шмат гадоў усе іхнія матывы яшчэ жылі ў яго памяці. «Стаіць перад вачыма карціна, як аркестрант Шмуль, дзьмуўшы ў свой інструмент, заснуў на хаду. Але вось галава яго тарганулася, і ён зноў энергічна зайграў. Пачаўся перапынак, і аркестранты адразу засынаюць на крэслах, а моладзь парамі выбягае на падворак, каб падыхаць свежым паветрам і весела пагаманіць. Світанак ужо хутка, ветрык аслабеў, зараз узыдзе сонца, але ў хаце пры свечках каля зялёнага стала старыя яшчэ гуляюць у карты. На падворку вазніцы пачынаюць запрагаць коней».
Сярод уладальнікаў двароў былі таксама і рускія. Гэтыя новыя паны найчасцей атрымалі маёмасць рознымі нячыстымі спосабамі. Сярод іх было шмат ваенных – удзельнікаў задушэння паўстання 1863 г. Менавіта гэтыя новыя ўладальнікі маёнткаў уваходзілі ў склад такіх нячыстых арганізацый, як Саюз рускага народа ці Саюз Міхаіла Арханёла.
Усё расказанае вышэй тычылася сярэдніх ці дробных землеўладальнікаў, але апрача іх былі і вяльможныя паны. У суседстве Лябёдкі знаходзіўся вельмі вялікі двор у Шчучыне – уласнасць князёў Друцкіх-Любецкіх, далей вялікая маёмасць князя Святаполк-Мірскага ў Жалудку, а самым вялікім з магнацкіх быў двор графа Аўгуста Патоцкага ў Гародне. Гэты апошні са ўсімі фальваркамі і лясамі займаў некалькі дзясяткаў тысяч гектараў. Ва ўласных маёнтках гэтыя багачы не жылі – праводзілі час у Варшаве ці за мяжой. Мелі давер да сваіх эканомаў, чыім абавязкам было выцісканне з двароў і дасыланне ўладальнікам максімальных даходаў. Пан з візітам прыязджаў рэдка, заставаўся на некалькі дзён і зноў з’язджаў. Менавіта так рабіў знаны гуляка, уладальнік Гародна Аўгуст Патоцкі, які мог за адну ноч прайграць у карты свой найлепшы фальварак. Ня дзіва, што яго маёмасць растала, як вясновы снег: першымі былі прададзеныя лясы, а сапраўдную каралеўскую рэзідэнцыю за малыя грошы купіў рускі генерал Асатураў18. Да 1944 г. ў Гародне стаяў палац, які пабудаваў уладальнік маёнтка Людвік Скумін-Тышкевіч каб прыняць там караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, пабудаваў уладальнік маёнтка Людвік Скумін-Тышкевіч (кароль быў стрыечным дзядзькам яго жонкі). Палац быў выдатна ўпрыгожаны – ядвабы, габелены і іншыя рэчы для яго купляліся ў Парыжы. Кароль, аднак, гэтак і не наведаў Гародна.
Конец ознакомительного фрагмента.
Текст предоставлен ООО «Литрес».
Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на Литрес.
Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.
Примечания
1
Аповесць грунтуецца на мемуарах Тадаса Іванаўскаса і яго сына Ежы Іваноўскага, Ганны Карнецкай з Іваноўскіх (дачкі Вацлава Іваноўскага) і Казіміра Іваноўскага (сына малодшага брата Станіслава Іваноўскага).
2
Сын малодшага брата Вацлава Іваноўскага, адваката Станіслава і ўнук Леанарда Іваноўскіх з маёнтка Лябёдка Лідскага павета.
3
Пра Вацлава Іваноўскага гл: Туронак Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. Мінск, 2006.
4
Ежы Іваноўскі меў трох жонак: Казіміру Зямецкаю (1880—1967), Мілабедзка-Гарчынскую (1878—?), Зоф’ю Газдзенскую (1913—1979); Вацлаў Іваноўскі быў двойчы жанаты: з Сабінай Яцыноўскай (1877—1954) і Лігіяй Федаровіч (1890? —?); Тадас Іванаўскас меў трох жонак: Марыю Вольскую (1884—?), Ганарату Паскаўскайце (1891—1949) і Марыю Наткевіч (1905—1996).
5
Праўнук Станіслава Казімір Іваноўскі так падаў гэту гісторыю: «Пасярод лесу быў крыж, каля якога маліліся за паўстанцаў 1863 г. Тут казакі наскочылі на лагер інсургентаў, у лагеры меліся вазы з маёнтка Лябёдка з рэчамі для паўстанцаў. Следства так не ўстанавіла, чые былі тыя вазы і коні – ніхто з суседзяў не выдаў Іваноўскіх (за дапамогу паўстанцам клады канфіскоўвалі маёнткі)».
6
Па-польску: «U panny Wіnсenty tyłek wypіęty».
7
Праўнук Станіслава Казімір Іваноўскі піша, што любімым прыслоўем Станіслава Іваноўскага было: «А каб ты абасраўся (лася)!», і ў яго тэксце гэта лаянка запісана па-беларуску.
8
Казімір Іваноўскі падаваў гэту гісторыю трохі інакш: «Расказваў мне дзядзька Тадэвуш, што, калі яшчэ быў хлопцам, неяк узімку змучаныя разам з дзедам Станіславам вярталіся з палявання. Той жа дарогай ехала санямі баба. Дзед папрасіў, каб яна падвезла. Баба адмовіла, кажучы, што дарога цяжкая і кабылка ўжо змучылася. Тады Станіслаў пачаў лаяцца: – А каб ты абасралася! Баба затрымала каня і саромеючыся адказала: – Прашу сядаць, падвязу. Я, дурная, адразу пана Іваноўскага не пазнала».
9
Генерал-маёр Палікарп Лункевіч пахаваны на Варшаўскіх Павонзках.
10
Камічнасць сітуацыі ў тым, што госць запытаў пра прыбіральню – «wyсhodek», а Іваноўскі напачатку падумаў, што справа ідзе пра «добрае месца» для палявання.
11
Цяпер – Dіdžіojі gatvė.
12
Цяпер – Šventojo Jono gatvė.
13
Трэба заўважыць, што і насамрэч 400 гадоў, але «па кудзелі».
14
Ранг тайнага дарадцы Леанарду Іваноўскаму быў нададзены 4 лютага 1916 г. калі ён жыў пад нямецкай акупацыяй.
15
У другой версіі гэтай байкі ксёндз ехаў у Варшаву.
16
Паходжанне назвы вёскі звязана з паданнем, паводле якога ў 13 ст. на гэтым месцы былі разгромлены войскі мангольскага хана Шайбака. Адпаведна іншаму паданню, на месцы сучаснай вёскі размяшчаўся ваенны лагер хана, а бітва адбылася каля вёскі Галавічполе. Згодна з пісьмовымі крыніцамі, у 1567 г. Шайбакполе – вёска Лідскага павета, уладанне Александровічаў. У 1690 г. на тэрыторыі Васілішкаўскай парафіі знаходзіліся Шайбакішкі – уладанне Гурыновіча (4 дымы). У 1770 г. каля вёскі дзейнічаў Шайбакпольскі францысканскі кляштар.
17
Гл: Виленские губернские ведомости. 1890. №81. С. 5.
18
Потым у генерала Асатурава маёнтак купіў беларускі генерал Кіпрыян Кандратовіч, жонка якога Ада стала апошнім уладальнікам гэтага маёнтка.
Вы ознакомились с фрагментом книги.
Для бесплатного чтения открыта только часть текста.
Приобретайте полный текст книги у нашего партнера:
Полная версия книги