Полная версия:
Лябёдка Іваноўскіх. Дакументальная аповесць
Як ужо адзначалася, Леанард Іваноўскі вельмі любіў падарожжы, ён часта атрымліваў даручэнні за мяжой: прымаў удзел у міжнародных выставах і стаў спецыялістам у гэтай справе. Праца на выставах вымагала шмат часу праводзіць у Парыжы, Турыне, Вене ці Берліне. Паўсюдна ён меў знаёмых і нідзе не пачуваўся чужым. З падарожжаў Іваноўскі заўсёды вяртаўся задаволены і поўны энергіі зноў прыступіць да сваёй звычайнай, штодзённай працы. Жыў у Пецярбургу і, здаецца, любіў гэты горад, бо прывязаўся да яго з часоў свайго студэнцтва. Жыў сціпла, але бываў на прыёмах і наведваў абавязковыя, афіцыйныя банкеты. Меў некалькі старых знаёмых, з якімі сябраваў яшчэ з часоў віленскай гімназіі і Тэхналагічнага інстытута. Яго старымі сябрамі былі Ялавецкі, Златніцкі, Навіцкі і іншыя. Сыны Леанарда падчас свайго студэнцтва жылі разам з бацькам у Пецярбургу.
Падчас жыцця ў Пецярбургу Леанард Іваноўскі супрацоўнічаў з хімікам Дзмітрыем Мендзялеевым і перакладаў на ангельскую мову яго лекцыі ў Лонданскім каралеўскім таварыстве аматараў прыроды. У 1898—1905 гг. займаў пасаду прэзідэнта Варшаўскага садоўніцкага таварыства і прымаў актыўны ўдзел у яго працы. Як адзін з заснавальнікаў і фундатараў лідскай гімназіі быў удастоены звання ганаровага грамадзяніна Ліды.
Паводле ўспамінаў, Леанард быў чалавекам працавітым, любіў парадак і акрэслены рытм жыцця: уставаў рана, заўсёды ў адзін час. Напачатку трошкі працаваў у сваім кабінеце, а потым, хоць Міністэрства фінансаў у Пецярбургу было досыць далёка, заўсёды пешшу ішоў на працу. Вяртаўся з працы таксама пешшу. Жыў далёка ад бацькаўшчыны, але сэрцам быў заўсёды з ёй. Шляхі ўсіх ягоных паездак праходзілі праз Лябёдку. Відавочна, калі вяртаўся з Заходняй Еўропы, адведаць Лябёдку было проста. Але калі нават ён ехаў з усходу, заўсёды выкройваў дзень ці два, якія абавязкова праводзіў дома. Пры гэтым аглядваў сваю гаспадарку і кантраляваў працы, асабліва ў садзе. Калі яго дзеці жылі ў Лябёдцы, яны павінны былі аглядаць гаспадарку разам з ім і слухаць яго заўвагі.
Восенню, звычайна ў верасні, Іваноўскі меў месяц адпачынку. Свядома выбіраў сабе гэты час, каб у маёнтку асабіста займацца ўборкай ураджаю і асабліва ў яго любімым садзе. Сад быў галоўным захапленнем інжынера. Кожную восень часткова выконваўся план Леанарда Іваноўскага: садзіўся новы кавалак саду, новая алея, новая школка маладых дрэўцаў. У апошнія часы перад Першай сусветнай вайной сад займаў ужо каля 20 гектараў. Падчас адпачынку гаспадар рана ўставаў і сам кантраляваў працу. Бываў паўсюдна, усё бачыў, і не дзіва, што мучыў сваіх рабочых, служак і ўсю сям’ю. Калі ён ад’язджаў, усе, нават жонка, уздыхалі свабадней.
Дзеці шанавалі бацьку за яго справядлівасць, працавітасць і мудрасць. Ім нават не прыходзіла ў галаву казаць пра яго дрэнна, бо быў для іх вялікім аўтарытэтам. Аднак сын Тадас заўважыў, што яго бацька меў і недахоп: ён быў кепскім псіхолагам і не бачыў таго, што робіцца ў душы не толькі жонкі, але і дзяцей. Яго адносіны да дзяцей былі суровыя і бескампрамісныя, з-за гэтага даходзіла да балючых канфліктаў, у якія, баронячы дзяцей, заўсёды ўступала маці. Дзеці вельмі баяліся гэтай рысы характару бацькі, і паступова паміж імі з’явілася мяжа, праз якую ўжо немагчыма было перакрочыць. На жаль, гэтая мяжа не дазваляла мець больш блізкія, сардэчныя адносіны. Толькі для адной сваёй дачкі Алёны Іваноўскі быў іншым, больш лагодным і разважлівым, а яна, дзякуючы сваёй жаночай інтуіцыі, гэта рана зразумела і старалася залагодзіць жорсткасць бацькі.
Здаецца, Леанард Іваноўскі значна больш вольным быў з чужымі людзьмі, чым з сваімі дзецьмі. Калі прыязджаў у Лябёдку, да яго па справах прыходзілі самыя розныя людзі: суседняя шляхта, сяляне ці яўрэі з бліжніх мястэчак. І яму прасцей было знайсці агульную мову з сялянамі, асабліва калі размова вялася пра сельскую гаспадарку. Дзеці памяталі свайго бацьку, які падчас размовы з групай сялян у доўгіх авечых кажухах быў апрануты ў кароткі гаспадарскі кажушок. Вось яны разам аглядаюць палі, сельскагаспадарчыя машыны ці быдла, і інжынер вельмі доўга не развітваецца з сялянамі. Уладальнік маёнтка часта дарыў сялянам ці ёркшырскіх парасят, ці новыя гатункі бульбы, ці маладыя прывітыя дрэўцы. Каб прыахвоціць вяскоўцаў да паляпшэння гаспадаркі, Іваноўскі прыдумаў праводзіць выставы прадукцыі. У Міністэрстве сельскай гаспадаркі ён дабіўся падтрымкі і невялікай субсідыі, афіцыйных пахвальных лістоў і г. д. Выставы адбываліся ў вялікай лябёдскай стадоле, мелі гучны поспех і добра ўплывалі на мясцовых гаспадароў. Леанард Іваноўскі вельмі радаваўся, бо бачыў, з якім шацункам удзельнікі выставы атрымоўвалі грашовыя ўзнагароды ці пахвальныя лісты.
У вялікім артыкуле «Уражанні ад выставы ў Лябёдцы» віленская газета «Кур’ер Літоўскі» ўвосень 1910 г. пісала пра адну з гэтакіх сельскагаспадарчых выстаў у Лябёдцы Іваноўскага. «На ўсе бакі ад прыгожага, вельмі рацыянальна і па-сучаснаму пабудаванага двара ў Лябёдцы цягнуцца ўзорныя сады, гароды, купкі пладовых і дэкаратыўных дрэваў. Далей пачынаюцца добра апрацаваныя палі бульбы і збожжа… Гаспадарчыя пабудовы лёгкія і танныя… У адной з такіх, высокай і добра пабудаванай шопе, усталяваны простыя, але спрытныя машыны для вырабу дахоўкі, цэглы і пустых знутры вялікіх блокаў… У стайнях, аборах, хлявах, курніках шмат жывёлы розных сартоў, падабраных для нашых умоў. Агароды і купкі пладовых дрэў дэманструюць шматгадовую працу былога прэзідэнта Таварыства Садаводаў. Сады з-за вялікай колькасці сартоў дагледжаных тут дрэваў маюць музейную вартасць… Колькі смачнай і карыснай гародніны стала вядома дзякуючы толькі таму, што сп. Леанард Іваноўскі купляў яе паўсюдна, а потым папулярызаваў сярод мясцовых гаспадароў. Сп. Іваноўскі ёсць найвялікшы знаўца сваёй справы ў Літве… На выставе дэманстраваліся цікавыя вырабы з садавіны і гародніны, вырабленыя пад кіраўніцтвам гаспадыні сп. Ядвігі Іваноўскай. Адборныя віны, кансерваваныя ягады і грыбы ў шкляных і бляшаных банках розных відаў: гародніна па-кіеўску, гародніна сушаная ў адмысловых сушарнях, старасвецкія канфіцюры і сокі, – усё надта смачнае і дасканала вырабленае. Бляшаныя банкі, распрацаваныя Вацлавам Іваноўскім, – простыя, танныя і адначасова дасканалыя і герметычныя, абавязкова будуць выкарыстоўвацца ў прамысловасці… Выстава ў Лябёдцы была арганізаваная для суседніх гмін, і ў ёй прымалі ўдзел вырабы суседніх маёнткаў… Але вырабы з Лябёдкі былі па-за канкурэнцыяй. …Лябёдка 400 гадоў знаходзіцца ў руках Іваноўскіх…»13. А ў верасні 1913 г. Леанард Іваноўскі ў сваім маёнтку Лябёдка правеў выставу жывёлы.
У тагачаснай Беларусі не хапала добрых рамеснікаў, і інжынер здаўна хацеў арганізаваць у Лябёдцы школу садаводства, і таму здабыў у адпаведным міністэрстве дазвол на яе адкрыццё. Школа пачала працаваць перад Першай сусветнай вайной, і разам з садаводствам ў Лябёдцы неафіцыйна выкладалася і польская мова. Гэтым займаліся жонка Леанарда Ядвіга і яе сястра Хэлена. З таго часу ў сям’і памяталі амаль што анекдот, як падчас вывучэння назваў раслін беларускія дзеці на слых успрынялі фразу: «Дуб ёсць дрэва, а ляшчына куст» як «Дуб ёсць дрэва, але сцыць на куст». Маладых сялян прымалі ў маёнтку для практыкі ў галіне садоўніцтва, пчалярства, жывёла- і раслінаводства. У 1913 г. меркавалася адкрыць курсы малочнай вытворчасці. Для будучай школы выбралі месца ў блізкім суседстве з Лябёдкай, у вёсцы Банюкі. Будаўнічы матэрыял даў дзяржаўны лес, але ў 1914 г. пачалася Сусветная вайна, і будынак школы не быў пабудаваны.
У апошнія гады перад Сусветнай вайной Лябёдка перажывала свой «залаты век». У гаспадарцы ўсталяваўся добры парадак, палепшылася агратэхніка, з’явіўся дрэнаж, усталявалі сучасныя машыны, купілі статкі пародзістага быдла, вырас добры сад. Гэта быў момант найвышэйшага ўздыму маёнтка. Але выбухнула вайна, край агарнула гарачка мабілізацыі. Як і звычайна, увосень 1914 г. Іваноўскі меў чарговы адпачынак. Пасля заканчэння адпачынку ён вярнуўся ў Пецярбург і адразу пайшоў у адстаўку. Пра адстаўку марыў даўно і бачыў сваё жыццё на пенсіі ў рамантычным свеце: будзе жыць у Лябёдцы, займацца гаспадаркай, меліярацыяй ці іншымі добрымі рэчамі. Думаў, што яго высокі ранг сапраўднага дзяржаўнага дарадцы гарантуе аўтарытэт і павагу, акрамя таго перад пенсіяй спадзяваўся атрымаць ранг тайнага дарадцы14. Усё змянілася: знікла старая ўлада, яго чыны страцілі значэнне, знік капітал, які захоўваўся ў пецярбургскіх банках. А ў 1915 г. раскватараваныя ў маёнтку рускія войскі знішчылі сады і школку маладых дрэў.
Хутка прыйшлі немцы. Начальнікам павета (kreіsu) быў прызначаны нейкі Фікель, і ў Лябёдцы пасялілася група гвардзейскіх афіцэраў. Адстаўны інжынер перастаў панаваць у сваім доме, і яго нават на нейкі час пасадзілі пад варту ва ўласнай піўніцы за спробу аказваць супраціў. Некаторыя суседзі, якія раней не прапускалі ніводнага дня нараджэння ці імянін сапраўднага дзяржаўнага дарадцы, каб не выказаць сваю павагу, цалкам перасталі звяртаць на яго ўвагу.
Пад канец Першай сусветнай вайны здароўе Іваноўскага пахіснулася. Новыя акалічнасці жыцця паламалі яго, і гэта быў ужо не той генерал (як любілі яго называць суседзі), а звычайны ўладальнік спустошанага маёнтка. Памёр Леанард Іваноўскі ў 1919 г.
Яго жонка, Ядвіга Іваноўская, расказвала дзецям, як у яго апошнія дні яна вызвала для споведзі з Васілішак ксяндза Сакалоўскага, але бацька катэгарычна адмовіўся ад яго паслуг. Тады маці пачала прасіць Іваноўскага хоць проста паразмаўляць з госцем – спадзявалася, што размова натуральным чынам перарасце ў споведзь. Размова першапачаткова ішла ціха, але хутка інжынер пачаў нешта гучна казаць. Жонка зразумела, што ён востра распякае ксяндза, і паспяшалася закончыць візіт.
Леанард Іваноўскі быў пахаваны ў Лябёдцы. Яшчэ за некалькі гадоў да смерці ён атрымаў дазвол на адкрыццё могілак для сваёй сям’і ў межах свайго маёнтка. Месца было выбрана ў кіламетры ад дома і мела назву Буянаўшчына – сухі пагорак ў сасновым лесе, абсаджаны дубамі. Да могілак правялі дарогу.
Унук Леанарда Казімір Іваноўскі ўспамінаў: «Бабулю Ядвігу памятаю па Лябёдцы і па Вільні, куды яна прыязджала штогод пагасцяваць у наш дом. Памятаю, як яна прыходзіла ў наш пакой, каб пажадаць добрай ночы і прачытаць апавяданне Джэка Лондана. Памерла 11 верасня 1934 г. ва ўзросце 83 года. Калі яна ўжо цяжка хварэла, з Варшавы ў Вільню прыехаў Стэфан Іваноўскі (сын Вацлава Іваноўскага. – Л. Л.) і прывёз у Лябёдку доктара Умястоўскага. Гэты чалавек быў старым сябрам сям’і і пажыццёвым доктарам бабулі…
Добра памятаю пахаванне бабулі. Сабралася ўся сям’я і ваколічны народ. Жалобную імшу правёў пробашч касцёла. …Памятаю кароткую жалобную прадмову сябра сям’і Абрама Гардона, яўрэя з Васілішак. Сваю прамову Абрам закончыў гэтак:
– Ці пані Іваноўская заслужыла неба?
– Так, – выдыхнулі ўсе людзі.
– Голас народа – голас Бога, – закончыў Абрам. Быў ён ужо добра падпіты, бо пасля гэтага народнага рэферэндуму па прызначэнні неба для нашай бабулі, дадаў:
– Хай жыве пані Іваноўская! …у сэнсе… у нашай памяці.
Якой вялікай павагай карысталася бабуля сярод суседзяў, гэта бачна з таго, што было вырашана ўзяць труну з катафалка і ўсю дарогу да могілак, даўжынёй больш за кіламетр, несці на руках. Была пахавана ў вялікім сямейным склепе, разам з дзедам Леанардам. Калі ў 1939 г. прыйшла Савецкая ўлада, удзячны народ павыцягваў труны, павыкідваў парэшткі і гуляў чарапамі як мячыкамі. Калі прыйшлі немцы, мы пазбіралі косткі і там жа ў склепе проста закапалі іх глыбока ў зямлю».
Маёнтак Лябёдка
Лябёдка разам з фальваркамі мела 500 га зямлі. Знаходзілася яна 40 км ад Ліды і 120 ад Вільні. Валасным (потым гмінным) мястэчкам з’яўляліся Васілішкі, да якіх было 6 км. Каля паловы жыхароў Васілішак складалі яўрэі. З Лябёдкі туды ездзілі па пошту, на закупы, на кірмашы, там жа быў і пастарунак паліцыі. Закупы рабілі ў краме спадарыні Фэйгус, якая гандлявала «і мылам і шылам». Там можна было купіць усё, ад шмаравідла для воза і газы да селядца з галантарэяй. У мястэчку меўся яшчэ аптэчны склад Каўфмана, які славіўся рэцэптурай мазі для росту валасоў.
З гэтай маззю адбылася такая справа. Падчас Першай сусветнай вайны мясцовы нямецкі камендант мястэчка паслаў свайго ардынарца да Каўфмана па гуталін. Сапраўднага гуталіну ў продажы не знайшлося, і Каўфман прадаў немцу саматужны выраб. Пасля чысткі ботаў гэтым саматужным гуталінам прыгожы раней абутак каменданта стаў мець выгляд варты жалю. Каб пакараць гандляра, камендант загадаў вымазаць Каўфману галаву яго саматужным гуталінам. І ў раней лысага, як калена, гандляра выраслі валасы! Пасля гэтага Каўфман больш не гандляваў гуталінам, а прадаваў толькі свой цудоўны эліксір для валасоў.
Мястэчка Васілішкі мела барочны касцёл, у якім шмат гадоў працаваў ксёндз-дэкан Цыраскі. Ксёндз быў вельмі энергічным чалавекам і кожнаму казаў толькі праўду. Расказвалі пра яго такую байку. У яўрэйскім аўтобусе, які ішоў у Вільню, ехаў знаны ў акрузе дзялок, пан Віславух. Каля яго сядзеў сціплы ксёндз у старой сутане. Свецкі чалавек Віславух пачаў расказваць вясковаму пробашчу пра цуды матарызацыі. Ксёндз падтакваў. Каб яшчэ больш узвысіцца над прастаком, Віславух сказаў:
– Калі будзеце ў Вільні, дык запытайце, дзе вуліца Віленская. Там пад нумарам 4 ёсць кнігарня Руцкога. Прашу туды зайсці і спытаць кнігу «Маё жыццё і справы» Генры Форда. Гэта такі спадар, які першым пачаў вырабляць добрыя аўтамабілі, ксёндз, пэўна, пра яго не чуў. У той кніжцы Форд гэтак проста ўсё патлумачыў пра аўтамабілі, што нават і ксёндз зразумее.
На што святар адказаў:
– А калі вы будзеце ў Вільні, дык прашу зайсці ў тую ж кнігарню і папрасіць тую ж кнігу, адгарнуць яе на тытульнай старонцы і ўбачыць тое, што напісана пад загалоўкам: «Пераклаў з англійскай мовы А. Цыраскі». Дарэчы, Цыраскі – гэта я15.
Аднак парафіяльным касцёлам Іваноўскіх быў касцёл пад вызнаннем св. Пятра і Паўла ў Старых Васілішках – 2 км ад мястэчка Васілішкі ў бок рэчкі Лябёдка. Гэты неагатычны касцёл быў пабудаваны амаль што ў адзін час з лябёдскім домам, г. зн. каля 1904 г. Леанард Іваноўскі з’яўляўся адным з яго фундатараў, і таму па правы бок ад алтара стаяла лава калятараў Іваноўскіх (перад ёй мелася меншая лава сям’і Райхеляў). А вітраж з гербамі Райхеляў і Іваноўскіх на адным з вокнаў касцёла быў фундаваны бабуляй Ядвігай Іваноўскай. Гэты вітраж зрабілі ў кракаўскай майстэрні. Касцёл меў багаты роспіс на сценах і столі, па легендзе, мастак, які гэта намаляваў, не меў рук і працаваў нагамі. Потым адукаваныя парафіяне казалі, што калі ацэньваць мастацкі ўзровень роспісаў, дык у гэта можна і паверыць…
Тадас Іванаўскас успамінаў, што самымі набожнымі з яго родных быў дзед Станіслаў і яго жонка бабуля Стася. «А самым вялікім тэолагам з’яўляўся сталяр Казюк Пятачок. Пятачок – гэта не прозвішча, а мянушка. Пятачок меў славу самага вядомага тэолага ў Лябёдцы, бо прызвычаіўся каментаваць тэксты касцельных малітваў. Напрыклад, ён быў глыбока перакананы, што Хрыстос меў вялікія сантыменты да палякаў і таму выбраў час і месца сваёй смерці «за польскім Пілатам». На слых сталяр у касцёле ўспрымаў слова «понскім» як «польскім».
Іванаўскас пісаў, што яго бацька жыў сапраўдным вальнадумцам, якім чалавека магло зрабіць толькі XІX стагоддзе. Маці была веруючай, але вельмі талерантнай, і ніколі не прымушала сваіх дзяцей да рэлігійных практык. Пра веру ў Бога яна казала, толькі калі хварэлі дзеці.
Ад пачатку двор у Лябёдцы складаўся з самой Лябёдкі і фальварка Тэрэспаль, які Леанард Іваноўскі купіў у сваёй мачыхі, нейкім чынам абмінуўшы пры гэтым закон, які забараняў продаж зямлі рыма-католікам. У Тэрэспалі не было ніякіх будынкаў, і таму фальварак проста далучылі да Лябёдкі. Тут раслі толькі дзве вельмі старыя пірамідальныя таполі і мелася старая студня, якая патроху западала, покуль цалкам не знікла. Каля 1900 г. таполяў ужо не было, не было ўжо і назвы Тэрэспаль – месца пачало называцца Зязюлька. Потым да Лябёдкі далучылі яшчэ адзін фальварак – частку Галавічполя, які Леанард Іваноўскі таксама купіў у бабулі Стасі, а яшчэ пазней – калі былі зняты абмежаванні для католікаў – у Франскевічаў купіў двор Рагачоўшчына (некалькі кіламетраў на поўдзень ад Лябёдкі).
У канцы XІX ст. у Лябёдцы стаялі старыя, драўляныя гаспадарскія будынкі. Леанард Іваноўскі па чарзе іх бурыў і замяняў новымі, з якіх частка была цалкам мураванымі, а частка – толькі на палову з цэглы. Самымі галоўнымі будынкамі лічыліся: дом для службы – афіцына, дом дзеда Станіслава ў садзе (у сям’і яго звалі дамок), вялікая стадола, дзве стайні, абора, два хлявы, млын з рухавіком і кузня каля яго, старая кузня каля лесу, чатыры шопы, тры хаты для парабкаў (у кожнай хаце па некалькі кватэр), птушнік, шэсць малых стадол, свіран, тры будынкі пад садавіну, некалькі піўніц пад гародніну ды іншыя малыя будынкі.
Акрамя гэтага фальваркі Галавічполе і Рагачоўшчына мелі ўласныя гаспадарскія будынкі. Леанард Іваноўскі вельмі любіў свой маёнтак, увесь час прыдумляў нешта новае, развіваў і паляпшаў старое. Іваноўскія мелі шмат лугоў, і ён, выкапаўшы асушальныя равы, паправіў усе свае лугі. Звазіў камяні з палёў і выкарыстоўваў іх для будаўніцтва. Асушаў палі, выцінаў хмызняк і малавартасныя дрэвы і на іх месцы пасадзіў ладны кавалак лесу. Іваноўскі клапаціўся пра сад і школку маладых дрэваў. Новы сад у Лябёдцы быў пасаджаны каля 1867 г., а школка маладых дрэў з’явілася каля 1885 г. Школка і сад забяспечвалі мясцовы рынак, але хутка для збыту маладых дрэўцаў і садавіны інжынер знайшоў новыя рынкі: такія вялікія гарады, як Пецярбург, Масква і Варшава патрабавалі шмат садавіны. Хутка садавіна з Лябёдкі атрымала добрую рэпутацыю ў гандляроў і пакупнікоў, да таго ж яна неаднаразова ўзнагароджвалася рознымі медалямі на выставах. Восенню маштабы працы ў лябёдскім садзе ўражвалі: нанятыя працаўнікі пад наглядам усіх мабілізаваных членаў сям’і збіралі садавіну і звозілі яе ў склады, тут ураджай перабіраўся, пакаваўся, пералічваўся і потым грузіўся на вазы, пасля чаго яго везлі да бліжэйшай чыгункі. Раней гэта была Ліда (45 км), а з 1907 г., калі пабудавалі новую чыгуначную лінію, – станцыя Скрыбаўцы (каля 20 км ад Лябёдкі). Пасля гэтага пачыналі назапашваць садавіну на зіму ў вялікай піўніцы пад домам. Шмат пладоў вывозілася для ўласнага ўжытку ў Варшаву ці Пецярбург, бо ўсе Іваноўскія былі аматарамі садавіны – за час, калі дзеці вучыліся ў гімназіях, а потым набывалі вышэйшую адукацыю, яны самі і іх шматлікія сябры з’елі неверагодную колькасць лябёдскай садавіны.
У школцы маладых дрэў таксама было шмат працы, і працаваў там не толькі садоўнік з 4—5 памочнікамі, але яшчэ і практыканты, шмат нанятых працаўнікоў і члены сям’і – часцей сыны Вацлаў і Тадас. Бацька даверыў ім лекаванне дрэўцаў, іх сарціроўку, прышчапленне і г. д. Дзеці мелі шмат працы, і таму больш старшы і хітры Вацлаў стараўся перакласці яе на Тадаса, а той як мог імкнуўся цалкам пазбегнуць працы. Але дзеці мелі строгага бацьку, і таму ў іх нічога не атрымлівалася.
Гаспадарка ў Лябёдцы адрознівалася ад суседніх. Яна патрабавала шмат служачых і яшчэ больш рабочых рук. Лябёдка насамрэч больш нагадвала прамысловае, а не аграрнае прадпрыемства, тым больш, што ўвесь час будаваліся новыя спецыялізаваныя будынкі, закупаліся машыны, бурыліся артэзіянскія свідравіны і г. д.
У Лябёдцы з былых часоў стаяў вялікі, тыповы для старых двароў драўляны дом, крыты гонтай, з дужым ашклёным ганкам з боку падворка, з шырокім балконам і мансардай уверсе. З боку сада знаходзілася вялікая веранда з дошак. Яе дах апіраўся на белыя, драўляныя слупы, а сходы з веранды вялі ў парк. З другога боку дома быў «чорны» ўваход у пякарню і кухню. У доме меліся наступныя памяшканні: слынны ў сям’і «дамскі пакой», «пакой дзядулі», сталовая, дзіцячы пакой, спальня, «птушыны пакой», найбольшым быў гасцінны пакой, альбо па-іншаму «салон», два кабінеты, далей, каля пякарні, меўся пакой ахмістрыні, потым «цёмная ізба», кухня, вялікая камора – «спіжарня» і нарэшце, наверсе, малая зала, у якой толькі ўлетку жыла цётка – малая зала не мела печкі.
Гэты дом, з якім звязаныя найлепшыя ўспаміны ўсіх дзяцей Леанарда Іваноўскага, быў пабураны ў 1901 г., і на яго месцы пабудаваны вялікі, мураваны, двухпавярховы з чырвонай цэглы сапраўдны палац у стылі мадэрн з элементамі неаготыкі. У плане ён нагадваў літару «L» (Lebіodka) і меў вялікую колькасць пакояў.
Ад старога дома захавалася толькі частка з верандай. Трохі пераробленая, яна была перанесена ў сад. Потым, пасля Першай сусветнай вайны, Алена Іваноўская перанесла гэты дом у вёску Капцюхі, дзе ён згарэў падчас пажару.
Трэба сказаць яшчэ некалькі слоў пра гэты стары дом, які, каб адрозніць яго ад «палаца», усе звалі «дамком». Казімір Іваноўскі ўспамінаў, што дамок быў вельмі мілай, драўлянай, аднапавярховай халупкай памерам 22 на 15 м. Уваходзілі ў яго праз зашклёны ганак. Летам там прыемна было пасядзець на лавах, а зімой ганак з’яўляўся добрай заслонай ад халоднага ветру, снегу і марозу. Менавіта тут у свой час зладзілі алтар і хрысцілі малога Казіміра.
З ганку ўваходзілі ў вялікі перадпакой, адтуль двое дзвярэй вялі ўнутр дома. За левымі дзвярыма была вялікая сталовая, адначасова яна з’яўлялася і салонам. За правымі дзвярыма мелася вялікая кухня з вялікай хлебнай печчу. Каля печы стаяла вялікая кухонная пліта на чатыры фаеркі. У ёй заўсёды гарэў агонь. Тут гатавалася ежа для сям’і малодшага з братоў – Станіслава Іваноўскага, а ў вялізным чыгунным сагане варылася бульба для парсюкоў. Часта, прагаладаўшыся, дзеці кралі тую вараную бульбачку. На ўскрайку пліты заўсёды стаялі вялікія чорныя гладышы – гліняныя збаны з сквашаным малаком, якое адстойвалася на тварог. За печчу меўся ўмураваны ў яе 100-літровы кацёл, у ім грэлася вада для мыцця і прання бялізны. Кухня была цёплай, утульнай, пахла малаком і свежым хлебам. Не шкодзіла ёй нават вялікая колькасць мух улетку. За кухняй меўся яшчэ адзін жылы і адзін службовы пакой, у якім у 1930-я гг. жыла ахмістрыня Мяланья. Мяланья кіравала хатняй гаспадаркай – кухняй, хатняй птушкай і свінкамі. Страціла сваю сям’ю і ў Іваноўскіх знайшла другую.
Усе пакоі, за выняткам кухні, былі высланы карычневым лінолеумам, што дазваляла, нават маючы дзяцей і сабак, утрымліваць чысціню.
Дамок стаяў у 30 метрах ад палацу і аддзяляўся ад яго парканам. Вокны дамка мелі невялікі памер і ўлетку заўсёды адчыняліся, што вечарам значна палягчала хлопцам вяртанне дахаты. Узімку мароз маляваў прыгожыя ўзоры на двайным шкле, з-за чаго не патрэбны былі фіранкі. А ўлетку, калі глядзець вонкі, заўсёды быў бачны дзікі вінаград, які аплятаў увесь дамок.
Дом у Лябёдцы, 1930-я гг. Фота з сайта: rogala-iwanowski.pl
Калі будаваўся Лябёдскі палац (у сям’і яго называлі проста домам) разам з рознымі прысядзібнымі гаспадарчымі пабудовамі, Леанард Іваноўскі, як інжынер, задзейнічаў на будаўніцтве шмат розных машын, якія на месцы выраблялі бетон, цэглу, дахоўку, трубы і іншыя будаўнічыя матэрыялы. Дзеля ўсяго гэтага выкарыстоўваўся жвір і пясок з ямаў недалёка ад будоўлі. Потым жвір здабываўся для будаўніцтва дарог у ваколіцы і ў выніку недалёка ад палаца паўсталі жвіровыя ямы ў 6 метраў глыбіні і каля 20 даўжыні. Заслоненыя ад ветру, ямы мелі свой мікраклімат і ўвесь год мелі на сваім дне ваду. Але адмысловую цэглу для будаўніцтва старавасілішкаўскага касцёла і лябёдскага палаца прывозілі з польскага Влацлавека.
Як выглядаў Лябёдскі палац у 1930-я гг.? Увайсці ў палац можна было праз вялікія зашклёныя дзверы. Адразу ад увахода меўся невялікі зашклёны перадпакой, а за ім другі, больш вялікі. Па левым баку тут стаяла вешалка для вопраткі, а далей вялікі стэлаж з поручамі, на якім спачывалі прыгожыя конскія прылады Алены Іваноўскай: лёгкія англійскія сёдлы з светлай скуры, далікатныя аброці з кольцамі, спражкі і цуглі, упрыгожаныя слановай косткай. Насупраць стаяла вялікая зашклёная вітрына на ножках з выразанымі на ёй птушкамі. У гэтай вітрыне захоўваліся рэчы, якія нагадвалі пра захапленне паляваннем як мінімум чатырох пакаленняў Іваноўскіх.
Дзесьці з другой паловы 1930-х гг. сям’я малодшага брата Вацлава і Алены – Станіслава Іваноўскага – атрымала ў палацы тры пакоі на першым паверсе, гэтую частку дома раней займаў Леанард Іваноўскі, а на сценах пакоя, у які пасяліліся дзеці Станіслава – Лех і Казімір, да канца 1930-х гг. тут віселі дыпломы дзеда Леанарда, гэты пакой раней быў яго кабінетам. На найбольшым, каляровым, у саліднай дубовай раме дыпломе, быў намаляваны чалавек, які трымаў у руцэ італьянскі сцяг, а каля сцяга меўся надпіс: «Esposіzіone Іnternazіonale dell’Undustrіa e del Lavoro. DІPLOMA DІ BENEMERENZA. Sіgnore Leonardo Іwanowskі. Torіno 1911». Гэта была ўзнагарода за прадстаўленае дзедам Леанардам абсталяванне для вінакурні, у гэтай справе дзед быў выбітным адмыслоўцам. Каля першага вісеў другі, менш прыгожы дыплом з нейкай выставы ў Вене, арганізаванай аўстрыйскай манаполіяй алкаголю і тытуню. Апошні дыплом на французскай мове быў дадзены за выгадаваную ў Лябёдцы гародніну. У гэтым жа пакоі стаяў жалезны ўмывальнік з тазам – зімняя лазня для дзяцей. Улетку ролю лазні выконвалі малыя сенцы каля былога кабінета Леанарда, яны вялі на задні, малы ганак. У сенцах мелася ладная кафляная падлога з фірмовым надпісам пасярэдзіне: «Дзявульскі і Ланге, Апочна». Каб не паслізнуцца, на гладкай паверхні кафлі меліся аб’ёмныя малюнкі кветак. Уся падлога была аблямавана бронзава-жоўтым плінтусам.