
Полная версия:
Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд
– А вада ёй навошта?
– Яе вядзьмарка ператварала ў лёд, з якога пабудавала сабе ля падножжа гары сапраўдны палац. Хоць і з лёду, і не такі вялікі, як каралеўскі, але надзвычай пекны, які сваёй асляпляльнай прыгажосцю ззяе ў промнях сонца, і з вытанчанымі вежамі, што ўзносяцца высока да неба. Напачатку жыхары нават з удзячнасцю выконвалі сваю працу, бо зямля зрабілася тлустай, іх гаспадаркі ўрадзілі, як ніколі, зерне закаласілася, агародніна налівалася сокам, усё заквітнела і цешыла вока. Маразанна і тут стрымала сваё слова. Але хутка стала зразумелым, што немагчыма разарвацца паміж сваёй гаспадаркай і адпрацоўкай доўгу. Бракавала не толькі часу, але і сіл, бо справа была вельмі не лёгкай. Вось тут Маразанна ўпершыню свой характар і выявіла. На тых, хто быў не ў стане адплаціць ёй сваёй працай, яна насылала сваіх служкаў – паветрыкаў.
– Што яшчэ за яны?
– Малыя і шкодныя стварэнні. Паасобку гэтая драбяза, можа, і не страшныя, бо не такія ўжо і дужыя, але ж лётаюць заўсёды зграяй, ды злыя, як шалёныя сабакі. Налятаюць у віхуры знянацку і кідаюцца гуртам на сваю ахвяру. І хочаш, не хочаш – не адаб’ешся ад іх. Чапляюцца за рукі, за ногі і нясуць над зямлёю па паветры, і не вырвешся ад іх. Зацягваюць няшчасных даўжнікоў у сутарэнныя вязніцы ледзянога палаца, а там ужо Падвей, у якога яны ў падпарадкаванні, катуе палонных небарак. Вох і злосны ён, я вам скажу. Нават паветрыкі нішто перад ім. Знешне быццам бы і чалавек, сівы, у гадах, але твар халодны і бяздушны, нібы прывід які. Замест ног – віхура пад ім, на якой ён і перасоўваецца. А характарам, як звер – люты і бязлітасны. Не пазайздросціш таму, хто да яго патрапіць. Налятае ён на няшчаснага ветрам, закручвае ў свой хвост-віхор, выварочвае, а то і ламае асабліва незгаворлівым рукі-ногі. А каб тыя не крычалі ад нясцерпнага болю – на час катаванняў адымае мову, язык і горла замарожваючы. Тут пагодзішся на што заўгодна. Але пасля праходжання пакут ты ўжо быў вымушаны ў два разы болей адпрацоўваць свой доўг.
– Што за жахі! Нават цяжка ўявіць такое. І што, ўсе церпяць яе выбрыкі?
– Ну чаму ж. Знаходзіліся, хоць і за рэдкім выключэннем, героі, якія з такім не пагаджаліся. Хоць і цяжка сказаць, чаго там болей – гераізму, ці гэта быў апошні крок адчаю, бо губляць ім ужо не было чаго. У любым выпадку – іх лёс быў яшчэ горшы, бо траплялі яны тады ў рукі да самой Маразанны.
– Хіба можа быць што яшчэ горшым?
– Паверце, можа. Праблема ў тым, што свой палац яна палюбіла ўпрыгожваць скульптурамі.
– Дык што тут страшнага?
– Страшэнна тое, што гэта за скульптуры. Бо гэта замарожаныя фігуры акурат тых смельчакоў, што адважыліся пярэчыць ёй ці пайсці супраць яе. Такіх яна бессардэчна ператварае ў ледзяныя скульптуры моцай свайго чарадзейнага кія. А потым расстаўляе на відных месцах свайго палаца, каб усе бачылі, што можа чакаць за непадпарадкаванне ёй.
– Як, і ў яе ёсць чарадзейскі кій?
– Вядома ж. Хіба толькі з іншымі ўласцівасцямі. Ды і знешне ён не падобны на кій Волха – нібы шэранню пакрыты, а верхавіну яго ўпрыгожвае вялізны, у вытанчаным разьбяным абрамленні дыямент, які ззяе. На што пакажа яна сваім кіем і даткнецца – умомант у лёд ператворыцца.
– Ашалець! І шмат ужо такіх скульптур?
– Не сказаць, каб зашмат. Бо калі яна зусім не ў духу, а гэта часта, то сярпом галаву з плячэй далоў адсякае. Ды і мала хто быў у стане вытрымаць катаванні Падвея. І, быццам, будовы палаца ёй было мала, працягнула і далей выкарыстоўваць жыхароў Вагорыі. Падобна, што пасля землятрусу з выкідам вогненнай крыві зямля вывергла з глыбіні дыяменты. Адразу за палацам ля падножжа гор знаходзяцца разломы, у якіх Маразанна наладзіла капальні, дзе тыя каштоўнасці і здабываюць. І дайшло да таго, што многія мужчыны пачалі знікаць.
– Але ж гэта папросту нявольніцтва нейкае. Так нельга ставіцца ні да кога. Няўжо ніхто не змог супрацьстаяць гэтаму дзікунству? Куды сам Семаргал глядзеў?
– Верце ці не, але акурат Семаргал і узняў войскі, каб прагнаць яе. Напачатку ён закрываў на ўсё вочы, зрэшты, Маразанна дапамагла яму выратаваць каралеўства ад яго памылкі. Ды і з ураджайнасцю зямлі жыхарам дапамагала. Нават калі пайшлі скаргі ад народу, ён быццам бы не заўважаў іх, не надаваў належнай увагі. Але калі жыхары пачалі ўжо ледзьве не бунтаваць, бо іх сваякі не вярталіся з сутарэнняў вядзьмаркі, ён пагадзіўся, што яна насамрэч перайшла ўсе межы дазволенага. Напачатку ён сам-насам хацеў перагаварыць з ёй. Узяў прыдворных маршалкаў і накіраваўся да яе. Але яна іх нават на ганак палаца не пусціла, заявіўшы, што гэта цяпер яе тэрыторыя паводле дамовы.
– На зямлі каралеўства Вагорыя?
– Атрымліваецца, што так.
– Тады ён папярэдзіў, што не дазволіць ёй так абыходзіцца з яго падданымі. На што яна толькі засмяялася, адмахнуўшыся, што яны самі ў нявольніцтва да яе падпісаліся. А калі Семаргал прыгразіў ёй, што яна паплаціцца за сваё нахабства, яна начаравала вецер, які наляцеў віхурам і перанёс іх за мяжу лядовых уладанняў Маразанны.
– Семаргала? І ён такое стрываў?
– Вядома ж, не. Вы ж памятаеце ягоны ўзрыўны характар. Семаргала прынізілі на вачах яго падданых. Пасля гэтага выпадку ён быў так абураны, што адразу ж склікаў вайсковую нараду, пасля якой абвясціў аб тэрміновым зборы войска. І ужо ў хуткім часе рушыў паходам на ледзяны палац вядзьмаркі. Ён быў упэўнены, што зруйнуе яго з наскоку. Ды дзе там! Як у той прымаўцы: захацела жаба на раку пакатацца.
– І як?
– Аніяк. Без лапаў засталася, паадкусваў. Не разлічыў Семаргал сваёй моцы. Уся зямля вакол палаца была закаваная ў лёд. Напачатку ўсё было спакойна, пэўную адлегласць ваяры прайшлі без перашкод. Але, калі войска ўжо было цалкам на лёдзе, наляцелі на іх паветрыкі на чале з Падвеям, і давай усіх кружыць і коўзаць, як дзяцей малых па слізкім катку, пакуль яны рукі-ногі не пачалі сабе калечыць ды галовы разбіваць. І была б зусім бяда, каб не чары Семаргала, якому атрымалася авалодаць і ведамі Волха, як утаймаваць стыхію ветру. Яго чарадзейскія моцы апынуліся мацнейшымі за Падвея, супраць якога ён скарыстаўся ягонай жа зброяй. І паляцеў той стары разам з тымі паветрыкамі ў віхуры высока ў горы ды на вострыя ўцёсы.
– Во смеху, відаць, было.
– Думаю, не без таго. Атрымалі па заду сваім жа дрынам. Ды толькі рана было перамогу святкаваць. Абнадзееныя, што ўдача на іхнім баку, узрушана рынуліся яны далей да палаца Маразанны. Ганарлівай постаццю сустрэла іх вядзьмарка, стоячы на сваім балконе і напышліва на ўсіх згары пазіраючы. Семаргал загадаў чараўніцыкаціцца прэч/ісці прэч з ягонай зямлі, але яна толькі засмяялася і нахабна адказала, што калі той не развернецца і не сыдзе зараз жа, то і сам трапіць у няволю. Раззлаваны Семаргал нават не стаў нічога адказваць, а скіраваў свой кій у яе бок і выклікаў віхор, намерваючыся скінуць з вышыні Маразанну, садзьмуць, як і паветрыкаў. Але яна папросту адвяла той вецер рукой, і ён рассеяўся, нібы туман па раніцы. Толькі гэта Семаргала ані трохі не збянтэжыла, а толькі яшчэ болей разгневала. І ўжо не вецер, а спусташальны агонь выклікаў ён, жадаючы знішчыць ледзяны палац, а разам з тым спапяліць і дзёрзкую вядзьмарку. Але і тут не даў рады. Гэта была бітва вогненнай і ледзяной магій. Агонь павінен быў растапіць лёд, так заўсёды бывае ў прыродзе. Толькі, падобна, не ў гэтым выпадку. Законы прыроды выявіліся тут бяссільнымі. Лядовая бруя і снежная завея ахутвалі полымя белым покрывам і ўмуроўвалі яго, не даючы прабіцца праз ледзяны шчыт. Агонь знікаў, бы замярзаючы, і гэты выглядала дзіўна. А потым сталася яшчэ горш. Маразанна ўзняла кій да неба, прамовіла заклён, і на галовы ваяроў з хмар, што невядома адкуль наляцелі і закрылі сабой усё неба, градам пасыпаліся вострыя ледзяшы. Не град, а менавіта ледзяшы, памерам з наканечнік добрай дзіды. І хто не меў добрых даспехаў, так і застаўся там ляжаць на замерзлым полі бітвы. Астатнія ж былі вымушаныя бегчы, нават і сам Семаргал. Бо было відавочна зразумела, што Маразанна апынулася нашмат мацнейшая за яго, нават без войска.
– Семаргал прайграў тую бітву?
– Так. І досыць ганебна. Больш таго, вядзьмарка паслала да яго перамоўшчыкаў з пасланнем, каб ён пакорна з’явіўся да яе і перадаў свой кій. А інакш прыстрашыла, што скуе лёдам усё ягонае каралеўства разам з жыхарамі.
– І?
– А што яму заставалася рабіць? Войска разбітае, яго чарадзейскія сілы значна слабейшыя. Пагадзіўся ён. Нават адзін пайшоў, як яна і наказала. Адзінае што, перад гэтым выправіўся на самую верхавіну гор.
– Навошта?
– Ды хто яго ведае, калі шчыра. Можа, каб пад канец агледзець з вышыні свае ўладанні. Але кажуць, што адтуль ён вярнуўся цалкам спакойны. Нават на дзіва. І на наступны дзень, развітаўшыся з усімі, узяў кій і накіраваўся да Маразанны. Усе чакалі яго з вяртаннем, але ад падступнай вядзьмаркі ён болей не вярнуўся. Відавочцы казалі, што кій яна знішчыла, а з самога Семаргала ўтварыла ў зале свайго палаца чарговую ледзяную статую. Ля самага трону паставіла, любавацца, як найлепшы трафей. Вось таму цяпер Сэнмур, яго нашчадак, і кароль Вагорыі.
– Жудасць. І што цяпер будзе з каралеўствам?
– Сэнмуру атрымалася дасягнуць пэўнага перамір’я з Маразаннай.
– Якім жа коштам?
– Каралеўства пастаўляе ёй работнікаў, каб яны працавалі на яе капальнях па здабычы дыяментаў.
– Хіба ж гэта перамір’е? Гэта ізноў жа нявольніцтва.
– Ну, уласна, тут вы цалкам маеце рацыю.
– А не баіцеся, што яна і вашаму каралеўству можа пагражаць?
– Нас размяжоўваюць горы. Праз іх яна не пройдзе.
– Але Волх і Семаргал у свой час да вас дабраліся.
– Не без магіі, падобна. А інакш – гэта такімі шляхамі трэба абыходзіць… Пакуль дойдзе, мы падрыхтавацца да абароны паспеем.
– Але ж Сэнмур і Рэгла ў бядзе. Няўжо вы не хочаце ім дапамагчы?
– Не гарачыцеся, маладыя людзі. Безумоўна ж, хочам. Больш таго – мы ўжо прыкладаем намаганні да іх ратавання. Акурат зараз Вярнігара разам з братам сваім, Вярнідубам, прабіваюць праход праз горы, каб з войска з нашага боку магло нечакана напасці на ледзяны палац Маразанны. Кароль, у якога Вярнідуб служыць, таксама паабяцаў сваю падтрымку войскам.
– А лёсу семаргалаўскага войску не баіцеся? Што таксама не дасцё рады.
– Чаму ж? Вядома, баімся.
– Дык, а план які ў вас ёсць?
– Вось з гэтым бяда. Нямашака.
– А як жа вы без плана змагацца з ёй сабраліся?
– Але ж з чагосьці трэба пачынаць. Не сядзець жа, склаўшы рукі. Хутка такі ход не прабіць, горы вялікія. За гэты час, мо, якое выйсце і знойдзем.
– А з Пугачом раіліся?
– Ды першай справай да яго па параду і звярнуліся.
– І?
– Толькі крыламі развёў. Прароцтваў пра гэта, кажа, ніякіх не бачыў. І як з тым рады даць – усю бібліятэку перагарнуў, нават зачэпкі не знайшоў.
– Хм, сітуацыя.
– І не кажыце, – махнуў рукой кароль Мацей, пагаджаючыся.
– А слабыя бакі ў яе якія ёсць? Можна хоць нешта супраць яе выкарыстаць?
– Калі нават Семаргал за сваім чарадзействам не перамог яе, то я ўжо і не ведаю, як яе яшчэ можна адолець.
– Нічога, галоўнае не апускаць рукі. Што-небудзь ды прыдумаем.
– Добра, што вы зараз з намі. Ізноў, усе нашы спадзяванні на вас.
Размова зацягнулася да позняга вечара. Гісторыя, што распавёў кароль Мацей, і расчароўвала, і прымушала задумацца. Дзеці былі ўпэўненыя, што пабачаць нарэшце мір на гэтых землях. Хаця, у каралеўстве Сварга, зрэшты, так і было. Але па суседстве. Бедныя Сэнмур і Рэгла, такія выпрабаванні леглі на іх юныя плечы. Янка з Міланай не былі тымі, для каго «за чужым плотам – не мой клопат», і да бяды сяброў яны паставіліся са спачуваннем, як да сваёй. Сябры сяброў не кідаюць, а дапамагаюць. А як трапілі ў небяспеку – то ўратоўваюць. А дапамагчы ім трэба было абавязкова, знайсці нейкае выйсце. Але якое?
Яны былі і ўсцешаныя ад вяртання ў гэтае загадкавае каралеўства ды сустрэчы са старымі знаёмымі, і адначасова перапоўненыя цяжкімі думкамі і разважаннямі над тым, што яны могуць зрабіць, каб выправіць сітуацыю, каб даць адпор новаму злу.
Падобна, што іх чакаюць новыя прыгоды і выпрабаванні. У Янку з Міланай зноў бачаць моц, і падобна, што на іх ізноў ускладаюць усе спадзяванні. А значыцца, яны не могуць падвесці і павінны ў чарговы раз апраўдаць давер.
Прыём

Наступным ранкам Янка прачнуўся ад лёгкага, але настойлівага грукату ў дзверы.
– Хто там?
– Яначка, ты не спіш? – пачуўся звонку голас сястры.
– Ужо не. Заходзь.
Ноч яны правялі ў спальнях для гасцей, прасторных і раскошных, як і мае быць у замку. Пакоі месціліся насупраць так, што дзверы глядзелі адны на другія, Мілана ўвайшла і разгублена спытала:
– Ты чуеш? Што гэта за гул стаіць?
Янка насцярожана прыслухаўся.
– Здаецца, не чуваць нічога, – пацепнуў ён плячыма.
– Ясна. Хадзем за мной.
– Ды што здарылася? Дай хоць апрануся.
І хлопец, нічога не разумеючы, вылез з утульнага ложка, накінуў вопратку, і рушыў услед за ўстрывожанай сястрой. Хуткай хадой яны заляцелі ў пакой Міланы, і яна падвяла брата да акна. За шыбай і насамрэч усё гуло. Падавалася, што там шумеў вялізны натоўп, чаго зусім не было чуваць са спальні Янкі, дзе вокны выходзілі на іншы бок замка.
Хлопец паспрабаваў разгледзець, што там адбываецца, але ніяк не атрымлівалася. Віднелася трохі замкавая плошча, і тое – вельмі малая яе частка. Хаця і гэтага было дастаткова, каб заўважыць, што пад мурамі збіраецца ўсхваляваны народ.
– Што там? – занепакоена пыталася дзяўчына.
– Цяжка нават здагадацца. Адсюль дрэнна відаць. Мяркую, што нейкі натоўп сабраўся пад цэнтральным уваходам.
– Яны ўсе сабраліся сюды ўвайсці?
– Не думаю. Ва ўсялякім выпадку дакладна не падобна, каб яны мелі злыя намеры.
– Хоць гэта супакойвае. Тады што?
– Вось гэта і трэба высветліць. Самому цікава. Хадзем!
Толькі яны выйшлі за дзверы, як на калідоры на іх ледзьве не наляцеў прыдворны, напэўна шамбялян, які адказваў за пакоі і гаспадарку пры палацы.
– Вух! Вы ўжо ўсталі? Гэта файна, – пераводзячы дыханне, звярнуўся ён да іх. – Дзень добры, Ваша Мосць!
– І вам дабрыдзень! Прабачце, а што там робіцца?
– Я ўласна з гэтай нагоды. Там, там…, – усхваляваны, не мог ён падабраць словы.
– Усё добра?
– О, як найлепей! – адмахнуўся ён і нарэшце ўсміхнуўся. – Папросту, вас жадаюць бачыць.
– Хто?
– Ды ўсе! Як толькі погалас разнёсся, што вы з’явіліся, жыхары ад самай ночы пачалі сцякацца пад муры замка. Усе жадаюць вас пабачыць.
Гэта не магло не цешыць, але і трохі бянтэжыла. Яны не чакалі такой увагі, хацелі папросту наведаць каралеўства і старых знаёмых.
Дзеці пайшлі ўслед за шамбялянам, які прывёў іх у прасторную залу, дзе ўжо сабраліся кароль, яго верныя рыцары і прыдворныя. Некаторыя таксама толькі далучаліся.
– А вось і яны, нашы юныя героі! Дзень добры, мае дарагія! – усцешана павітаў іх кароль Мацей. – Як спалася?
– Дзякуем, добра! Толькі не можам зразумець, з чаго такі перапалох ад ранку.
– Як жа! Каб вас пабачыць, столькі народу сабралася, колькі нас усіх вітаць не збіралася. Нам нават крыху зайздросна, – пажартаваў Мацей.
– Але ж мы самі здзіўленыя, – разгублена прамовіла Мілана.
– Ха-ха-ха, усё разумею. Як і мы, і не менш за вас, паверце.
З залы быў выхад на парадны балкон, з якога адкрываўся від ужо на ўсю замкавую плошчу. Нават за замкнёнымі шыбамі гул адчуваўся неймаверны. Мілана з цікаўнасцю акуратна вызірнула з-за фіранак:
– Ашалець! Янка, ты толькі зірні.
Хлопец таксама падышоў і выглянуў. На вуліцы стаяў тлум, якія займаў амаль усю прастору, што паўставала перад вачыма. Дзеці былі ў шоку. Няўжо іх прысутнасць выклікала такую зацікаўленасць?
– Яны насамрэч прыйшлі толькі дзеля таго, каб нас пабачыць?
– Анягож! Вы іх героі. А народ любіць сваіх герояў. Яны вам вельмі ўдзячныя.
– І што мы мусім рабіць?
– Як мінімум – павітаць іх. Яны прагнуць упэўніцца, што вы напраўду зноў з’явіліся. А калі вы скажаце ім хоць пару бадзёрых слоў – гэта вельмі іх усцешыць.
– Што ж, павітацца з жыхарамі каралеўства мы і самі будзем радыя.
Перад імі расчынілі дзверы, і Янка з Міланай, ўзяўшыся за рукі, выйшлі на балкон. За імі прайшлі кароль, рыцары і вайскводцы. Натоўп адразу ж захоплена загудзеў. Янка і рад бы быў нешта сказаць, але яго словы папросту патанулі б у гэтым гомане. Таму яны з сястрой ветліва памахалі рукамі, на што прысутныя яшчэ больш узняліся на радасныя воклічы, вітаючы сваіх герояў і вызваленцаў. І толькі калі тлум трохі прыціх, хлопец змог звярнуцца да іх:
– Вітаем вас, вольны народ Сваргі! – і ўсе ізноў радасна зашумелі. – Мы вельмі ўсцешаныя і ўдзячныя такому неспадзяванаму і гарачаму прыёму.
– Вы нашы героі! Слава рыцару Янку і каралеўне Мілане! – раздалося ў адказ.
– Дзякуем вам! Але для нас – сапраўдныя героі гэта вы. Гэта вы насамрэч здабылі сабе волю. Гэта вы прагналі ворага са сваёй зямлі і перамаглі яго. Мы ж толькі далучыліся да вас, натхнёныя вашым гераізмам і прагай жыць вольнымі.
– А наша каралеўства вы вызваліце? – нечакана пачуўся жаночы голас.
Янка ўтаропіўся і разгледзеў у натоўпе на плошчы жанчыну з дзіцём на руках.
– Падобна, што гэта адна з бежанак з каралеўства Вагорыя, – ціха растлумачыў яму кароль Мацей. – Пасля гэтай бяды, што здарылася з імі, мы многім далі прытулак на нашых землях.
Янка акінуў вокам люд. Нават хуткага позірку хапіла, каб разгледзець, што сярод тых, што сабраліся, адрознівалася невялікая частка. І нават не па адзежы. Па вачах, у якіх чытаўся страх ад таго, што давялося перажыць, і адчай ад невядомасці, што чакае наперадзе. З большага, гэта былі жанчыны з дзецьмі. Мужчыны, напэўна, засталіся, каб берагчы хаты, а ў выпадку чаго – узяцца за зброю і працягнуць барацьбу.
– Што ж, скажу так – калі мы сюды збіраліся, то намерваліся толькі праведаць старых знаёмых. Але зараз… Як толькі мы даведаліся пра вашу бяду, зразумелі, што цяпер не ў стане папросту застацца ў баку. Так, мы вельмі жадаем вам дапамагчы і ўжо думаем, як гэта можна ажыццявіць.
Твар беднай жанчыны пры гэтым заззяў, а ў яе вачах бліснуў праменьчык надзеі. Яе мары вярнуцца дадому нарэшце падаліся магчымымі, як і спадзяванні іншых прысутных з падобным лёсам, што былі змушаныя апынуцца далёка ад родных і мілых сэрцу мясцін. У іх з’явілася не проста надзея, да іх вярнулася жаданне жыць далей і будаваць планы на будучыню, сэнс самога жыцця.
Янка з Міланай выступілі яшчэ з невялікай прамовай да народу, але іх настолькі зачапіла пытанне няшчаснай жанчыны, вымушанай бегчы з дзіцём на руках з роднай хаты і прарабіць такі цяжкі шлях, каб тут апынуцца, што ўсе думкі былі занятыя толькі гэтым. У яе вачах чыталася столькі жалю, адчаю, мальбы. І яны літаральна заблішчэлі агнём веры і надзеі пасля запэўненняў пра дапамогу.
Кранутыя бядацкім лёсам бежанцаў, юнак і дзяўчына папрасілі караля Мацея зладзіць з імі сустрэчу, каб даведацца, чым можна дапамагчы, а можа, і каб атрымаць парады ці звесткі, як можна даць рады Маразанне.
– Усё, што толькі папросіце, – не раздумваючы пагадзіўся Мацей. – Буду толькі рады вам дапамагчы, нават арганізую ім каралеўскі прыём у замку.
Кароль стрымаў сваё слова. Ужо гэтым жа днём у залі для баляванняў быў арганізаваны абед, на які былі запрошаныя з дзясятак бежанак з Вагорыі разам з дзецьмі. Кожная са сваім лёсам, але кожная з адной бядой на ўсіх. Каб сустрэча адбылася не занадта сумнай, запрасілі і рыцараў разам з вайскаводцамі і з іх сем’ямі, каб госці адчувалі сябе жаданымі і дзеткі маглі паміж сабой пазнаёміцца ды пабавіцца.
З’явіўся і рыцар Рыгор, той самы, які ў свой час перамог на рыцарскім турніры. Ён прыйшоў не адзін, а са сваёй сям’ёй – з маладой жонкай і сынам, гадоў васьмі на выгляд. Напэўна, вы ўжо здагадаліся, кім была абранніца мужнага ваяра. Так, тая самая прыгажуня, якой ён прысвяціў перамогу на турніры. І нават пад раскошнымі строямі можна было здагадацца, што яны чакаюць і яшчэ папаўнення.
Рыгор падышоў да Янкі з Міланай і прадставіў:
– Хачу вас пазнаёміць са сваёй сям’ёй – мая жонка, Паланэя. Спадзяюся, вы яе ведаеце.
– Анягож! Каралева турніру! – з захапленнем усклікнула Мілана. – Як жа, добра памятаю! Вельмі шмат чула хвалебных прамоў пра вашу прыгажосць і незвычайную гісторыю абрання вас каралевай турніру. Я была ў вялікім захапленні, гэта ўсё было так цікава і так рамантычна. Вельмі шчаслівая, што нарэшце атрымалася з вамі пазнаёміцца. Чуткі не апынуліся перабольшаннем, вы і насамрэч вельмі прыгожая.
Узрушаная ад такіх кампліментаў сціплая па натуры Паланэя нават разгубілася і крыху пачырванела. Яна схілілася, наколькі гэта магчыма ў яе стане, у лёгкім рэверансе і ціха прамовіла, нават не падымаючы галавы:
– Шчыра дзякую, Ваша Высокасць! Нават не ведаю, ці заслугоўваю я такой пахвалы, такіх слоў. Але мне вельмі прыемна чуць іх менавіта ад вас, ад той, на каго любая дзяўчына ў нашым каралеўстве прагне раўняцца.
– Раўняцца? На мяне? – тут ужо і сама Мілана разгубілася.
– Вядома ж! – падтрымаў сваю жонку Рыгор. – Вы з братам для нас сапраўдныя героі і насамрэч узор для пераймання для нас. Не памылюся, калі нават скажу – для ўсіх тут прысутных, – і пры гэтым натоўп ухвальна заківаў галовамі, пагаджаючыся. – Яскравы прыклад таму мой сын, – мужчына паклаў свайму дзіцяці руку на плячо і падвёў яго да юнака і дзяўчыны. – Мы назвалі яго Янка, у ваш гонар. Больш таго, калі наступнай народзіцца дачка, абавязкова назавём яе Міланай.
– Але…
– Мы абое, разам з жонкай, так вырашылі.
– Так, – пацвердзіла жанчына. – Гэта наша ўзаемнае жаданне.
– Дзякуем, нам гэта вельмі прыемна. Папросту гэта ўсё так нечакана, – збянтэжыліся Янка і Мілана. – І гэтыя прывітанні з раніцы, і вашы словы.
– Мы любім вас. Увесь народ любіць вас. Вы нашы сапраўдныя героі.
Пасля гэтых слоў усе прысутныя ўзняліся на воплескі.
– Слава героям! – загучалі гучныя воклічы, якія ўзносіліся пад столь і былі чуваць нават на замкавай плошчы.
Але ж юнакі толькі яшчэ больш засаромеліся, ад такіх высокіх пахвал ім рабілася няёмка. А з іншага боку, сам прыём іх вельмі ўсцешыў.
– Мы ад усёй душы ўдзячныя вам за такія цёплыя словы і прывітанні! – падзякавала Мілана. – Хоць самі сябе і не адчуваем настолькі значнымі і важнымі. Але ўсё адно нам вельмі прыемна, праўда. Усё-ткі хацелася б вярнуцца да таго, дзеля чаго, уласна, мы зараз сабраліся. Я з вялікім болем у сэрцы паставілася да таго, што сёння пачула. Вельмі цяжка і страшна апынуцца на чужыне, бо ў тваім доме запанавала бяда. І, хоць мы ніколі не адчувалі гэтага на сабе, але мы таксама ведаем, што гэта такое, калі з-за таго, што вораг вынішчае зямлю, людзі вымушаныя пакідаць свае хаты цэлымі сем’ямі. Пакідаць усё прыдбанае цяжкой працай, выкрэсліваючы цэлыя старонкі свайго жыцця, і не ведаць нават, ці вернешся калі назад, і ці яшчэ будзе куды вяртацца. Усё жывое мае вялікую любоў да таго месца, дзе нарадзілася і ўзгадаванае. І гэта вельмі страшна, калі цябе вымушаюць гэтае месца пакінуць. Страшна за сябе, за сваіх блізкіх, а найбольш – за сваіх дзяцей.
Слухаючы дзяўчыну, у многіх жанчын на вачах праступілі слёзы, і кабеты мацней прытулілі да сябе сваіх малых. Цяжка нават уявіць, што яны зараз адчувалі, і якія думкі, успаміны іх зараз раздзіралі. А Мілана тым часам працягвала:
– Таму ад сябе ўласна, дакладней – ад нас з Янкам, мы хочам падзякаваць каралю Мацею і жыхарам каралеўства за тое, што яны прынялі уцекачоў, не адвярнуліся ад іх бяды, а падставілі сваё плячо і прапанавалі свой дах над галавой, ды запрасілі да свайго стала. Гэты высакародны ўчынак мы ад усёй душы ўхваляем і падтрымліваем.
– Дапамагаць адно аднаму ў бядзе, выяўляць міласэрнасць – тое, што адрознівае разумную істоту ад дзікага звера, – мудра прамовіў у адказ Мацей. – А што да стала, то час ужо запрасіць нашых гасцей да яго. Мы вельмі радыя такім цёплым і шчырым прамовам, але гасцей прымушаць чакаць не можам, – усміхнуўся ён і паклікаў нарэшце прысутных рассаджвацца.
Дзетак пры гэтым пасадзілі асобна, у куце залы. А, каб ім не было сумна, паклікалі адмыслова для іх фокусніка і скамарохаў. Хаця, убачыўшы, чым накрытыя сталы, настрой маленькіх і без таго ўзняўся. Такіх ласункаў і прысмакаў, яны, бадай, і не бачылі, а калі і бачылі дзе на кірмашы, то наўрад ці каштавалі. Адны карамельныя ледзяшы разнастайных колераў чаго вартыя! Да таго ж, выпечка – печыва, булачкі ды пірожныя з крэмамі неверагодных смакаў. Ды яшчэ салаты, экзатычныя гародніна і садавіна… Ажно вочы паразбягаліся!
Хоць на час дзеці здолелі забыцца пра свае нягоды, хутка перазнаёміліся, і ўжо праз кароткі час гэта была адна дружная вясёлая кампанія.
Для дарослых стол быў куды больш сур’ёзны – смажаніна ды вяндліна, верашчака, тушаная капуста з мясам ды кілбасамі, запечаныя рыба ды дзічына, соусы і марынады, квас ды пітны мёд… Адным словам – усё па-каралеўску, як для самых дарагіх гасцей. Тым не менш, напружанасць у дарослых зняць было куды складаней. Дзеці – яны заўсёды больш шчырыя і адкрытыя для ўсяго новага. Дарослыя… яны часцяком бываюць замкнёныя ў сваіх праблемах, якія даводзіцца вырашаць і пераадольваць дзеля таго, каб жыццё ўласнае, і найперш жыццё і лёс іх дзетак былі больш лёгкімі і без перашкод. А гэта вельмі нялёгкая задача, хоць дзеці гэта часам і не заўважаюць.