Читать книгу Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго адлюстраваньнем у мастацтве (Лявон Карповіч) онлайн бесплатно на Bookz (2-ая страница книги)
bannerbanner
Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго адлюстраваньнем у мастацтве
Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго адлюстраваньнем у мастацтве
Оценить:
Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго адлюстраваньнем у мастацтве

4

Полная версия:

Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго адлюстраваньнем у мастацтве


З нагоды 500-годзьдзя адкрыцьця фрэсак Сыкстынскай капэлы пошта Гамбіі выпусьціла блёк з выявай фрэсак Мікеланджэла. Сярод іх-Стварэньне Евы.


Стварэньне Евы. Мікеланджэла Буанароці (1475—1564). Сыкстынская капэла, Ватыкан. Марка пошты Гамбіі, выдадзеная ў 2012 годзе


У 1977 годзе пошта Ватыкану выпусьціла сэрыю марак з матывамі барэльефаў са старахрысьціянскіх саркафагаў. На адной з марак паказаны фрагмэнт верхняй левай часткі, дзе знаходзіцца самая раньняя вядомая скульптура Сьвятой Тройцы: Бога Айца, Сына і Духа Сьвятога. Сьвяты Дух стаіць за тронам Бога Айца (на марцы адсутнічае). Бацька кладзе правую руку на плячо Сына, які знаходзіцца ў акце стварэньня Евы. Паводле Біблейскага апавяданьня, Адам ляжыць на зямлі і сьпіць. Першыя хрысьціяне разумелі, што справа стварэньня чалавека была справай Божай любові.


Стварэньне мужчыны і жанчыны. Барэльеф саркафагу, 300 да Р.Х. (фрагмэнт). Латынскія музэі Ватыкану. Марка пошты Ватыкану, выдадзеная ў 1977 годзе


Кожны чалавек створаны па вобразу Божаму. Гэта падабенства ў першую чаргу знаходзіцца ў душы, бо душа зьяўляецца несьмяротнай. Справа чалавека захаваць гэта падабенства, ня зьнішчыць душу бязбожным жыцьцём. «І стварыў Бог чалавека паводле вобразу Свайго, паводле вобразу Божага стварыў яго; мужчыну і жанчыну стварыў іх» (Быцьцё 1:27). Яшчэ раз аб гэтым гаворыцца ў Бібліі.

Імя мужчыны – Адам – сын зямлі, імя жанчыны – Ева – жыцьцё – маці ўсіх людзей. Яны выйшлі з творчых рук Госпада прыгожымі і шчасьлівымі, абласканымі Божай любоўю і магчымасьцю зносін з Богам. Бог аддаў Адаму і Еве ўсё створанае, але і даручыў адказнасьць за сьвет, які паклікаў да існаваньня для чалавека.

Рай

І пасадзіў Гасподзь Бог рай у Эдэме на ўсходзе, і зьмясьціў там чалавека, якога стварыў. (Быцьцё 2:8)

«І ўзяў Гасподзь Бог чалавека, якога стварыў, і пасяліў яго ў садзе Эдэмскім, каб урабляць яго і захоўваць яго» (Быцьцё 2:15). Гэта першая праява адносін Бога да чалавека. Сад Эдэма апісаны ў Бібліі як ідэальнае месца, дзе Адам і Ева былі забясьпечаны ўсім неабходным. Іх жыцьцё было простым і нявінным і для іх былі ўсе шчадроты Эдэмскага саду.


Чатыры стыхіі-Зямля (Рай зямны), 1607—1608. Ян Брэйгель Старэйшы (1568—1625). Люўр, Парыж. Маркі пошты Конга, выдадзеныя ў 1973 годзе


Мастак Ян Брэйгель Старэйшы атрымаў мянушку «Аксамітны» з – за незвычайнай прыгажосьці яго палітры, а «Райскі» – таму што напісаў больш за сто прац з райскімі краявідамі. У Брэйгеля Бог не глядзіць на зямлю з далёкіх нябёсаў, а знаходзіцца ў кожнай частачцы адзінага мэханізму Сусьвету. На першай марцы бачым постаці Адама і Евы, якім Бог паказвае сад у Эдэме – месца вечнага дасканалага жыцьця ў таварыстве з Богам, у шчасьці, у гармоніі з прыродай, некранутага часам і сьмерцю. На другой марцы гіена корміцца расьлінамі, таму ёй ня трэба забіваць іншых зьвяроў. На трэцяй марцы пантэра лашчыцца зь ільвом.

Ужо некалькі гадоў філятэлістычная служба Ізраіля выдае маркі на аснове дзіцячых малюнкаў.

У выніку зьявілася сэрыя марак «Дзеці малююць Біблію», на адной зь якіх «Адам і Ева».


Адам і Ева. Ітай Коэн. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1994 годзе


Людзі задаюцца пытаньнем, дзе знаходзіўся Эдэмскі сад? Выказваюцца розныя варыянты. Але трэба разумець, што Рай – гэта сымбаль жыцьця разам з Богам, у Яго таварыстве. Настрой сумеснага жыцьця з Богам цудоўна адлюстраваны на адным з габэленаў з 16 веку «Гісторыя раю», на якім адлюстраваныя сцэны: Стварэньне Адама, Стварэньне Евы, Забаронены плод, Бог знаёміць Адама і Еву з Раем, Першародны грэх, Выгнаньне з Раю.


Бог знаёміць Адама і Еву з раем. Фрагмент габелена, 16 век. Вавельскі замак, Кракаў. Марка пошты Польшчы, выдадзеная ў 1970 годзе


Бог у выглядзе пачцівага старца па – прыяцельску размаўляе з Адамам і Еваю, паказваючы Дрэва Жыцьця.

Вітраж з выявай Дрэва Жыцьця ў францысканскай капліцы ў Сарбуре – самае вялікае Вітражнае акно, выкананае Маркам Шагалам у Эўропе (вышыня 12 мэтраў, шырыня 7,5 мэтраў; вагою 900 кг, 13 000 кавалачкаў шкла). Марк Шагал казаў: «Вітраж зьяўляецца празрыстай сьцяной паміж маім сэрцам і сэрцам сьвету». Аснову ўсёй кампазыцыі вітража складае велізарнае маляўнічае Дрэва Жыцьця, больш падобнае на пышны букет кветак.

Шагал робіць акцэнт на незвычайнай прыгажосьці Райскага дрэва, якое, паводле Сьвятога Пісаньня, зьяўляецца цэнтрам Раю: «І выгадаваў Гасподзь Бог зь зямлі кожнае дрэва прыемнае з выгляду і добрае ў ежу, і дрэва жыцьця пасярод раю, і дрэва спазнаньня дабра і зла» (Быцьцё 2:9).


Сьвет. Фрагмэнт вітражу (1974—1976). Францысканская капліца ў Сарбуры. Марк Шагал (1887, г. Віцебск, Беларусь – 1985, Сэн-Поль-дэ-Ванс, Францыя). Блёк пошты Францыі, выдадзены ў 2017 годзе


На фоне Дрэва Жыцьця на блёку дзьве маркі. На верхняй – выява Адама і Евы з гэтага ж вітражу.

Але, акрамя выгадаў, Адам і Ева атрымалі даручэньне: «І ўзяў Гасподзь Бог чалавека, якога стварыў, і пасяліў яго ў садзе Эдэмскім, каб урабляць яго і захоўваць яго» (Быцьцё 2:15). І забарону: «І наказаў Гасподзь Бог чалавеку, кажучы: з кожнага дрэва ў садзе ты будзеш есьці; а з дрэва спазнаньня дабра і зла, ня еж зь яго; бо ў дзень, калі ты пакаштуеш зь яго, сьмерцю памрэш» (Быцьцё 2:16,17).

На ніжняй марцы блёку фрагмэнт карціны Марка Шагала Рай (1961). Адам і Ева, моцна абняўшыся і, як быццам утвараючы адзінае цела з двума рукамі і трыма нагамі, вось-вось парушаць забарону, зьведаюць забаронены плён Дрэва спазнаньня дабра і зла, што павінна зробіць іх «роўнымі» Богу.

Між волі прыходзяць на думку словы прыгожага Псальму 8: «Калі я гляджу на нябёсы Твае, – твор Тваіх рук, на месяц і зоркі, якія Ты паставіў, што ёсьць чалавек, якога Ты памятаеш, і сын чалавечы, якога наведваеш Ты? Нядужа Ты зьменшыў яго перад анёламі: славаю, гонарам увянчаў яго; паставіў яго ўладаром над творамі рук Тваіх; пад ногі паклаў яму ўсё: валоў і авечак усіх, і польных зьвяроў гэтак сама, птушак нябесных і рыбін марскіх, усё, што праходзіць марскімі шляхамі. Госпадзе Божа наш! Якое велічнае імя Тваё па ўсёй зямлі!» (Псалтыр 8:4—10).

Зло ўвайшло ў гэты цудоўны сьвет у выглядзе зьмея, які прывабіў Еву, кідаючы выклік забароне, есьці плод з Дрэва пазнаньня. Пакараньне за гэты ўчынак было хуткім і жорсткім. «Бог стварыў чалавека для нятленьня і зрабіў яго чынам вечнага быцьця Свайго; але зайздрасьцю д'ябла ўвайшла ў сьвет сьмерць, і зазнаюць яе якія належаць да надзелу яго» (Кніга Прыпавесцяў Саламонавых 2:24).

Грэх

А таму, як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у сьвет, і праз грэх – сьмерць, так і сьмерць перайшла ва ўсіх людзей, бо ў ім усе зграшылі. (Да Рымлянаў 5:12)

Зьмясьціўшы людзей у Эдэмскім садзе Бог устанавіў маральны парадак, акрэсьліў, што ёсьць добрае і што ёсьць злое. Ён асьцерагае іх, што зьмена ўсталяваных правіл прывядзе да згубы. «І наказаў Гасподзь Бог чалавеку, кажучы: з кожнага дрэва ў садзе ты будзеш есьці; а з дрэва спазнаньня дабра і зла, ня еж зь яго; бо ў дзень, калі ты пакаштуеш зь яго, сьмерцю памрэш» (Быцьцё 2:16,17). Але ў парушэньне ўсталяванага парадку ўступае Сатана.

На полі марачнага ліста ва ўсёй сваёй красе намаляваны Райскі сад. Яго прыгажосьць як бы вобразна паказвае, ад чаго рызыкуюць адмовіцца Адам з Еваю.


Адам і Ева. Марачны ліст пошты Ізраілю з сэрыі «Біблейскія гісторыі», выдадзены ў 2010 годзе


Сатана ў выглядзе зьмея спачатку сее сумнеў у праўдзівасьці забароны, дадзенай Богам: «І сказаў зьмей жанчыне: ці сапраўды сказаў Бог: ня ежце ні зь якога дрэва ў раі?» (Быцьцё 3:1). Атрымаўшы адказ, зьмей ня толькі падвяргае сумненьню дабрату Бога, але стараецца зьмяніць сутнасьць уяўленьня аб Богу ў Евы. «І сказаў зьмей жанчыне: не, не памраце; але ведае Бог, што ў дзень, калі вы скаштуеце іх, адамкнуцца вочы вашыя, і вы будзеце, як багі, якія ведаюць дабро і зло» (Быцьцё 3:4,5). Сатана замест падпарадкаваньня Богу абяцае «свабоду». Спакуса пачынае дзейнічаць.


Адам і Ева (1509—1511). Фрагмент фрэскі. Рафаэль Санці (1483—1520). Станца дэла Сеньятура, Ватыкан. Марка пошты Парагваю, выдадзеная ў 1982 годзе


Зьмей, абкруціўшыся вакол «Дрэва пазнаньня дабра і зла», ператвараецца ў верхняй частцы ў падабенства чалавека, каб улатвіць выкананьне сваёй задумы. Адам і Ева як бы абмяркоўваюць прапанову зьмея… Адам і Ева яшчэ ня вырашылі, што рабіць зь яблыкам, але зьмей упэўнены, што яго задума спрацавала.

Падзея, якая зьмяніла лёсы чалавецтва, стала адной з найпапулярнейшых тэмаў для мастацтва.

Лукас Кранах Старэйшы стварыў каля 50 малюнкаў гэтага сюжэту, яны захоўваюцца ў галерэях Лёндана, Бэрліна, Прагі, Антвэрпэна. Ева ўпэўнена трымае яблык, але Адам чамусьці чухае галаву… Штосьці ня так. Зьявіўся сорам голага цела, таму ў руках Адама і Евы галінкі, якімі яны прыкрываюцца.


Адам і Ева (1528). Дыпціх (фрагмэнт). Лукас Кранах Старэйшы (1472—1553). Уфіцы, Флярэнцыя. Марка пошты Парагваю, выдадзеная ў 1973 годзе


Па праўдзе ў Бібліі не гаворыцца, што забаронены плод гэта яблык, як і не названыя імёны першых людзей. Гэта плён чалавечай фантазіі, спроба зразумець і ўявіць тыя падзеі, што апісаныя ў Бібліі. Так сталася, што ў хрысьціянстве яблык – забаронены плод з Дрэва Пазнаньня дабра і зла – стаў сымбалям спакусы, недазволенага (забароненага) плёну і дзеі.

Пошта Мікранэзіі, рыхтуючыся да Міжнароднай выставы марак «Ізраіль» 98» – Тэль – Авіў, выпусьціла шэраг маляўнічых блёкаў на тэму: «Ізраіль – Старазапаветныя гісторыі».


Адам і Ева. Блёк пошты Мікранэзіі з сэрыі «Ізраіль-Старазапаветныя гісторыі», выдадзены ў 1998 годзе


«Грэхападзеньне» Хуга ван дэр Гуса частка Венскага дыптыху «Грэхападзеньне і выратаваньне чалавека».


Грэхападзеньне (1470). Хуга ван дэр Гус (1420—40 – 1482). Музей гісторыі мастацтваў. Вена. Марка пошты Манамы, выдадзеная ў 1973 годзе


Зьмей з жаночым тварам і целам яшчаркі з нецярпеньнем чакае фіналу яго пляну. Паводле апакрыфічнага Эвангельля Сьвятога Варнавы, калі спакусьнік быў пракляты, Сьвяты Міхаіл адрэзаў яму рукі і ногі, тым самым атрымаўшы вядомую сёньня зьмяю без канечнасьцей. Бог таксама адабраў у яго сілу чалавечай гаворкі, раскалоўшы яго язык, так што пасьля гэтага ён мог толькі шыпець.

У Яна Брэйгеля намаляваны момант непасрэдна перад ужываньнем забароненага плёну. Адам і Ева пад Дрэвам пазнаньня дабра і зла. Малпа, якая кусае яблык, сымбалізуе грэх. і Вінаград у лістоце ззаду Адама і Евы сымбалізуе сьмерць Хрыста на крыжы і віно, як Яго кроў. На карціне шмат розных сымбалічных жывёл, якіх няма на марцы.


Эдэмскі сад з грэхападзеньнем чалавека (1615). Дэталь. Ян Брэйгель Стары (1568—1625) і Піцер Паўль Рубенс (1577—1640). Мастацкі музэй Маўрыцхейса ў Гаазе, Нідэрлянды. Марка пошты Парагваю, выдадзеная ў 1978 годзе


У сьвятле, колеру слановай косьці спакойная сцэна пары прыгожых людзей. Але Ева тут – увасабленьне спакусы: яна прыціскаецца да Дрэва пазнаньня, а яе рукі працягваюць лінію зьмея, які спускаецца зьверху. На заднім пляне, справа, сцэна трагічнана эпілёгу чалавечага непадпарадкаваньня Боскай волі.


Адам і Ева (1550). Тынтарэта (1519—1594). Галерэя Акадэміі ў Венецыі. Марка пошты Манамы, выдадзеная ў 1971 годзе


У далечыні бачым вогненнага Анёла, які гоніць Адама і Еву ў далёкія пустынныя пагоркі і раўніны. Зь Евай адбываецца згубная перамена: «І ўбачыла жанчына, што дрэва добрае для ежы, і што яно прыемнае вачам і панаднае, бо дае веды; і ўзяла пладоў зь яго і ела; і дала таксама мужу свайму, і ён еў» (Быцьцё 3:6). У Эдэмскім садзе нічога не зьмянілася, але ў Адама і Евы зьмяніўся стан душы.

На карціне Якаба Ёрданса не выглядае, што зьмею цяжка было спакусіць Еву і Адама. Адам працягнуў руку да галінкі з яблыкамі, якую падае зьмей разам з Еваю. Хоць выраз твару ў яго трывожны. І нішто ня сьведчыць аб тым, што ў гэтае імгненьне вырашаецца лёс чалавецтва.


Падзеньне чалавека (1630). Якаб Іорданс (1593—1678). Музэй выяўленчых мастацтваў, Будапешт. Марка пошты Манамы, выдадзеная ў 1971 годзе


Ева хоча пакаштаваць яблык.


Адам і Ева (1597). Пітэр Паўль Рубенс (1577—1640). Музэй Рубенса, Антвэрпэн. Марка пошты Парагваю, выдадзеная ў 1976 годзе


Але Адам на карціне Рубенса зусім не такі ўпэўнены, што гэта правільна. Яго жэст выказвае засьцярогу.

На карціне Лукаса Кранаха Старэйшага Адам і Ева знаходзяцца ў Эдэмскім садзе каля Дрэва пазнаньня. Ева ўжо сарвала яблык і падае яго Адаму. Адам бярэ, але ў задуменьні чухае патыліцу. Што рабіць?


Адам і Ева. 1526 г. Лукас Кранах Старэйшы. Галерэя Інстытута Курта, Лёндан. Марка пошты Манамы, выдазеная ў 1971 годзе


Сорак шэсьць мэдальёнаў, кожны зь якіх зьмяшчае мініяцюрныя ілюстрацыі гісторый з Бібліі, разьмешчана на блёку пошты Ізраілю, эмітаваным у 1985 годзе. Марка ў левым ніжнім куце паказвае Адама, Еву і зьмея на «Дрэве пазнаньня дабра і зла». На блёку ў першым радку зьверху наступныя мэдальёны: Адам і Ева і зьмей; Адама і Еву выгналі з Раю; Каін, які забівае Авэля; Ноеў каўчэг; Ной пасадзіў вінаграднік; Вавілонская вежа. Радок другі: Зьнішчэньне Садома і Гаморы; Абрагам ахвяруе Ісаака; Ісаак дабраславіў Якуба; Ісаў вяртаўся з пагоні; Сон Якуба; Якаў змагаецца з Анёлам. Габрэйскія літары ў сярэдзіне ўтвараюць слова «Bereszit», што значыць «На пачатку». Гэта першыя словы Кнігі Быцьця, а значыць і ўсёй Бібліі. Увесь блёк гэта рэпрадукцыя старонкі ілюстраванага выданьня Бібліі з 13 веку, створанай у Германіі. Біблія носіць назву «Biblia Schockena» і знаходзіцца ў інстытуце Шокена ў Ерусаліме.


Біблія Шокена (1290). Ілюстрацыя. Блёк пошты Ізраілю, выдадзены ў 1985 годзе


Варта бачыць розьніцу паміж першародным грахом нашых прабацькаў Адама і Евы і першародным грахом, які атрымалі ў спадчыну ўсе мы. У першым выпадку гэта – зьдзейсьнены першародны грэх, а ў другім – атрыманы. Першародны грэх, у якім нараджаюцца ўсе людзі, – гэта стан пазбаўленасьці першароднай сьвятасьці і праведнасьці. Гэты грэх атрыманы намі, а не зьдзейсьнены; гэта – стан ад нараджэньня, а не асабісты ўчынак. Па прычыне адзінства роду чалавечага, ён перадаецца ад Адама да нашчадкаў разам з чалавечай прыродай, не перайманьнем, але працягам роду. Гэтая перадача застаецца таямніцай, якую мы не можам да канца зразумець.

«Ніжэй намалявана, як Адам у адказ на ўгаворы напоўжанчыны – напоўзьмяі прымае праз яблык уласную і нашу пагібель. Там жа намалявана выгнаньне яго і Евы з раю, і ў постаці анёла паказана, з якой веліччу і высакароднасьцю выконваецца загад разгневанага ўладара, а ў позе Адама і горыч зробленага граху, і страх сьмерці, у той час як у жонкі яго сорам яе, прыніжэньне і раскаяньне бачныя ў тым, як яна абхапіла сябе рукамі, як яна прыціскае пальцы да далоняў, як яна паварочвае галаву да анёла, апусьціўшы шыю сваю да грудзей, бо страх адплаты відавочна перамагае ў ёй надзею на Боскую Міласэрнасьць» – напісаў Джорджа Вазары – італьянскі жывапісец, архітэктар і пісьменьнік, аўтар знакамітых «Жыцьцяпісаў».


Спакуса і выгнаньне з раю. Фрэска столі Сыкстынскай капэлы (1508—1512). Мікеланджэла (1475 – 1564). Блёк пошты Грэнады Карыаку і Пці- Марцінікі, выдадзены ў 2014 годзе


На фрэсцы Мікеланджэла велічная ў сваёй пераможнай прыгажосьці Ева ў сцэне «Грэхападзеньня», з накіраваным да Дрэва пазнаньня поглядам, і якая яна скурчаная, прыгнечаная, зьнябожаная – у «Выгнаньні з раю». Віна не ўскладзена толькі на Еву. Адам таксама цягнецца да забароненага плёну Дрэва пазнаньня дабра і зла.

Вынікі парушэньня Запаведзі Божай

І выгнаў Адама, і паставіў на ўсходзе каля саду Эдэмскага херувіма і палымяны меч, які сам паварочваўся, каб ахоўваць дарогу да дрэва жыцьця. (Быцьцё 3:24)

Адразу пасьля парушэньня Божай забароны Адам і Ева пераканаліся, што засталіся падманутымі. «І адамкнуліся вочы ў іх абаіх, і ўведалі яны, што голыя, і сшылі смакоўныя лісьціны, і зрабілі сабе апаяскі». (Быцьцё 3:7). Нагата сымбалізуе прыніжэньне і зьнеславеньне… Перад правіннасьцю Адам і Ева адчувалі сябе шчасьлівымі і ў прысутнасьці Бога. Цяпер, пачуўшы крокі Бога, Адам схаваўся. Бог шукае яго і навязвае зь ім размову. Адам паводзіцца зусім не па – мужчынску, перакладаючы ўсю віну на Еву. Ева паводзіцца лепей, яна з шкадаваньнем прызнае сваю віну: «зьмей змусіў мяне, і я ела» (Быцьцё 3:13).

Наступае пакараньне. Першым пакараны зьмей. «І сказаў Гасподзь Бог зьмею: за тое, што ты зрабіў гэта, пракляты ты перад усім быдлам і перад усімі жывёламі польнымі; ты будзеш хадзіць на чэраве тваім, і будзеш есьці пыл ва ўсе дні жыцьця твайго» (Быцьцё 3:14). Затым пакараньне атрымлівае жанчына: «Жонцы сказаў: множачы памножу скруху тваю ў цяжарнасьці тваёй; у хворасьці будзеш нараджаць дзяцей; і да мужа твайго цяга твая, і ён будзе валадарыць над табою» (Быцьцё 3:16). Без пакараньня не застаўся і Адам: «У поце твару твайго будзеш есьці хлеб, пакуль ня вернешся ў зямлю, зь якое ты ўзяты; бо пыл ты і ў пыл вернешся» (Быцьцё 3:19).

На марцы Чэхаславакіі зьмешчана рэпрадукцыя фрагмэнту іконы 16 веку з музэю ў Бардэюве. Адам і Ева выслухваюць прыгавор Бога.


Выгнаньне прабацькоў з Раю. Ікона 16 в. Марка пошты Чэхаславакіі, выдадзеная ў 1970 годзе


Але найбольшым пакараньнем выгнаньня з Раю стала немагчымасьць далейшага знаходжаньня ў таварыстве з Богам.

Марка Парагваю паказвае фрагмэнт фрэскі Мікеланджэла з Капліцы Сыкстынскай: «І выгнаў Адама, і паставіў на ўсходзе каля саду Эдэмскага херувіма і палымяны меч, які сам паварочваўся, каб ахоўваць дарогу да дрэва жыцьця» (Быцьцё 3:24).

Адам абараняе сябе ад чароўнага мяча Анёла, адкідваючы рукі назад, і зьнябожылася ў адчаі Ева…


Выгнаньне з Раю. Фрэска Сыкстынскай капэлы (1508—1512). Мікеланджэла (1475 – 1564). Картмаксімум пошты Парагваю, выдадзены ў 1975 годзе


Гэтага Анёла бачым на блёку Гамбіі.


Стварэньне Сьвету і Выгнаньне з Раю (1445). Джавані дзі Паола (1403—1482). Музэй Мэтрапалітэн. Блёк пошты Гамбіі, выдадзены ў 1995 годзе


Зьмест карціны супадае з бачаньнем Раю, апісанага флярэнтыйскім паэтам Дантэ ў «Боскай камэдыі». Сусьвет паказаны як нябесны глёбус з Зямлёй у цэнтры, акружанай канцэнтрычнымі коламі ў адпаведнасьці з канцэпцыяй Пталямея. Творца, Якога нясуць серафімы над Райскім садам, паказвае на створаны ім Сусьвет. Прырода Раю сымбалізуе чысты і беззаганны стан чалавека да грэхападзеньня. Адам і Ева выганяюцца з Райскага саду Анёлам, чыё чалавечае аблічча сымбалізуе яго спачуваньне.

Пасьля сур'ёзных прац можа варта зьвярнуць увагу на маляўнічы блёк, больш падобны на кадар з мультфільму.


Выгнаньне Адама і Евы з Раю. Блёк пошты Мікранэзіі з сэрыі «Ізраіль-Старазапаветныя гісторыі», выдадзены ў 1998 годзе


Поўнай сымбаляў і загадак зьяўляецца карціна Еранімуса Босха «Воз сена». Левая створка трыпціха прысьвечана тэме грэхападзеньня Адама і Евы. Яна ўключае чатыры эпізоды з Кнігі Быцьця. У верхнім левым куце Бог стварае жанчыну з рабра Адама. У цэнтры – Дрэва пазнаньня дабра і зла. Яго ствол абвівае зьмей, які падае Еве забаронены плён. Унізе Архангел з мячом выганяе Адама і Еву з Раю. Босх зьвязаў грэхападзеньне Адама і Евы з зрыньваньнем збунтаваных паўшых анёлаў. Уверсе створкі намаляваныя зіхатлівыя нябёсы, зь якіх сыплюцца, нібы дождж, анёлы. Па меры таго, як яны падаюць, у іх застаецца ўсё менш анёльскага – яны ператвараюцца ў насякомых, у саранчу. Ад гэтага і Эдэм ужо не выглядае такім райскім.


Воз сена (1500—1502). Іеранімус Босх (1450—1516). Музэй дэль Прада ў Мадрыдзе. Блёк Лібэрыі, выдадзены ў 2017 годзе


Пэйзаж выклікае трывогу. У сцэне з Арханёлам Ева, гатычны выгнутая, з падоўжанымі прапорцыямі, ужо адвярнулася ад нябеснага вечнага жыцьця і глядзіць на цэнтральную частку трыпціха. Яна, нібы рыхтуючыся прыняць свой зямны лёс, бачыць усе наступствы першароднага граху, паколькі справа, вакол воза з сенам, разгорнутая ўсёабдымная панарама чалавечага вар'яцтва.

Творца не пакінуў чалавецтва без надзеі. Ён вымавіў прароцтва аб тым, што семя жонкі ўразіць галаву зьмея: «і варожасьць пакладу паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж семем тваім і паміж семем яе; яно будзе біць цябе ў галаву, а ты будзеш джаліць яго ў пяту» (Быцьцё 3:15).

На пярэднім пляне Анёл прыступіў да Божага пляну пазбаўленьня чалавецтва ад наступстваў спадчыннага граху. Але ў цёмнай далечыні за крыламі Анёла дзьве маленькія фігуркі, якіх гоніць Анёл – напамін аб выгнаньне з Раю Адама і Евы.


Дабравешчаньне. Марка пошты Латвіі, выдадзеная ў 2003 годзе


Мы можам пазбавіцца ад наступстваў спадчыннага граху і атрымаць тое, што страцілі Адам і Ева, – вечнае жыцьцё. «Бо так палюбіў Бог сьвет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, а меў жыцьцё вечнае» (Паводле Яна 3:16).

У хрысьціянстве раскрываецца новы сэнс Раю, як «Валадарства нябеснага», угатаванага ад пачатку сьвету, страчанага з-за грэхападзеньня людзей, і зноў адкрытага ўсім людзям у выніку перамогі Ісуса Хрыста над пеклам.

Ватыканская марка з нагоды набліжэньня Юбілейнага году, які агалашаецца праз кожныя 25 год, паказвае крыж Хрыста, як новае Дзерава жыцьця. З-пад крыжа, як у Садзе Эдэмскім, выцякаюць чатыры ракі. Маюць напаўняць жывою вадою збаўленьне, прынесенае праз мукі, сьмерць і паўстаньне з мёртвых Ісуса. Дзьве сарны каля крыжа адсылаюць да Псалтыры: «Як сарна імкнецца да водных патокаў, так душа мая імкнецца да Цябе, Божа!» (Псалтыр 42:2)


Дзерава жыцьця. Мазаіка. Базыліка Сьвятога. Яна на Латэране Марка пошты Парагваю, выдадзеная ў 1974 годзе


Першапачатковае мінулае і канчатковая будучыня злучаюцца ў ідэі Раю. Можна сказаць, што гэта Рай пасьля пекла, пасьля вопыту зла і свабоднага адхіленьня спакусы. Дастойныя ўспадкуюць Рай пасьля зямной сьмерці і ўваскрасеньня ў новай сьветабудове, не ведаючы ні хвароб, ні тугі, ні ўздыханьня, адчуваючы няспынную радасьць і шчасьце. «І ўтрэ Бог кожную сьлязіну з вачэй іхніх, і сьмерці ня будзе ўжо; ні плачу, ні енку, ні хваробы ўжо ня будзе; бо ранейшае прайшло» (Адкрыцьцё 21:4).

Каін і Авель

…калі ня робіш добрага, дык пад дзьвярыма грэх ляжыць; ён вабіць цябе да сябе, але ты пануй над ім. (Быцьцё 4:7)

bannerbanner