Читать книгу Па кальцавой дазволеныя 120 (Галена Савіцкая) онлайн бесплатно на Bookz
Па кальцавой дазволеныя 120
Па кальцавой дазволеныя 120
Оценить:

4

Полная версия:

Па кальцавой дазволеныя 120

Галена Савіцкая

Па кальцавой дазволеныя 120

Тысячагадовы Тагачаск дрэмле, спавіты вузкай стужкай Звілічы, пад медны звон, свіст ветру і сігналы машын. Што сніцца яму, неаднойчы разбуранаму ўшчэнт агнём, вадой ды мечам гораду-феніксу, зачараванаму волату?


Горад бачыць вачыма сваіх жыхароў,

горад марыць іх мары і мроіць іх мроі.

І каменнае сэрца гарачую кроў

па артэрыях вуліц ды венах двароў

праціскае, і пульс адбіваецца ў скроні.

Распраўляюцца плошчы ад подыху дзён,

аблятае бульвары віхура лістоты.

Абадраўшы аблокі аб шэры бетон,

разбіваецца неба на пазлы вакон,

як няўмела праз краты заснятае фота.

А на фота бушуе надзей акіян.

І праз грубую рэтуш гадоў акаянных,

праз імжу, навальніцы, завеі, туман

на пусты і бязлікі зялёны экран

пратачыліся цмяныя фарбы світання…


Частка 1. Па кальцавой дазволеныя 120


– Станіслава, добры вечар!

Батман спяшаўся: не разлічыў, што паркавацца пад вечар давядзецца ажно напачатку вуліцы. Але голас, густы, бадзёры, не выдаваў задышкі. Зубрэвіч азірнулася.

– Добры вечар, Кірыл Аляксандравіч.

Яна з сілай штурхнула дзверы, зрабіла крок убок, прапускаючы адваката. Той дакорліва пасміхнуўся, прытрымаў дзверы і паказаў, каб праходзіла першай. Станіслава ўляцела ў хол, апынулася ля стойкі вахтара, крэмзанула штосьці рашуча-няўцямнае ў журнале наведнікаў і адскочыла.

Батман дастаў бліскучую асадку з лагатыпам B&P, дробна вывеў прозвішча, падняў вочы на гадзіннік. 17-22. Іх запрашалі на 17-15. Станіслава чакала старту.

– Хадземце.


Апошні раз ён быў у школьных калідорах, калі забіраў атэстат перад падачай дакумантаў на юрыдычны. Потым жыццё закруціла, і нават міма сваёй школы Кірыл Батман не праходзіў год дваццаць. Аднакласнікі клікалі яго на нейкія сустрэчы, першыя гады не асабліва хацелася, а пасля дык зусім не стала часу. Нават падчас выбараў не хадзіў на ўчастак – электаральныя святы Тагачаска цесна перапляліся з ягонымі працоўнымі абавязкамі. У калегіі часам жартавалі: электаральны чос, касі каса, пакуль раса. Летась жарты скончыліся. Дый сёлета не да жартаў.

Грамадзяне ва ўсе часы ставіліся да школы па-рознаму. Хтосьці крыўдаваў на сапсаванае дзяцінства, нехта маліўся на педагогаў, што адкрылі дарогу ў жыццё. Але летась тагачасцы паўсталі ў чэргі ля школ ад рання, і ўвечары вярнуліся да школьных ганкаў, каб паглядзець у вочы настаўнікам. Колькі было ў іх веры і надзей, столькі ж стала болю, непаразумення, крыўды. Дзіцячай крыўды на тых, хто вучыў не хлусіць, выконваць свой доўг да канца, быць смелымі і паслядоўнымі, адстойваць сваё гледзішча… Кожны, каго падобнаму ўсё ж навучылі, прыйшоў з гэтай навукай да вышчарбаных прыступак ці мармуровых калон, перасохлых у жнівеньскую спёку кветнікаў ці ажурных парканаў, кожны прыйшоў вырашыць простую задачку на працэнты і зверыць адказ з усёй краінай… Не склалася.

Сёлета Дамініка Кірылаўна пайшла ў другі клас. Сняжана скінула яму фота з букетам і фота за партай. Настаўніца з’едліва запрасіла ў бацькоўскі камітэт, у адказ ён скінуў скрыншот апошняга перавода на рахунак школьнай рады, і пытанне закрылася.

І вось ён цяпер ідзе незнаёмымі калідорамі, мімаходзь адзначае бела-барвова-белыя жалюзі на высокіх, старога фасону вокнах, мармуровую афарбоўку сцен…


Станіслава ўзляцела па сходах, ледзьве вывернуўшыся між дзьвух юных матулек, што цокалі шпількамі наўздагон пажылай кабеце з начосам, і немаладым татам з саплівым “грызуном навукі” на буксіры. Кірыл ішоў за ёй, але трымаўся сваёй траекторыі, акуратна прамінаючы шкаляроў і дарослых. Яе скураны заплечнік (фарба з яго пачала лупіцца шчэ ў студзені, Кірыл памятаў валізку ў лепшыя часы) свяціў здалёк вытрапанай палосай вакол маланкі. Мяккія чорныя красоўкі бязгучна мералі калідор шырокімі няроўнымі крокамі. Чэзлы хвосцік цёмна-русых валасоў матляўся ўслед за рэзкімі рухамі галавы. Левая рука хавалася глыбока ў кішэні кароткай джынсавай курткі, правая здушыла лямкі заплечніка – “гаманца”, як аднойчы іранічна назвала яго Станіслава. Спыніўшыся пад шыльдай ДЫРЭКТАР, Зубрэвіч застыла, прыплюшчыўшы вочы, выдыхнула раз, другі. Складка між броваў, куткі рота ўніз. Падняла вочы на Кірыла: ці гатовы?

– Дазвольце, – між імі бесцырымонна ціснулася да дзвераў эфектная маладзіца крыху за трыццаць у чорным дзелавым строі і вузкіх ботах да кален. Станіслава адступіла на крок, ледзьве ўратаваўшы нос ад края чырвонай тэчкі. Кірыл адхінуўся, паглядзеў у твар… Карыя вочы раскрыліся, правае брыво крыху прыўзнялося, левае, рассечанае белым шнарам, засталося на месцы.

– А… вы… разам? – чарнюткія вейкі ўзляцелі і апалі. – Ну тады… Праходзьце…

Яна загрукатала ўглыб дырэктарскага кабінета, дзе за сталом сядзела ўжо школьная камісія па прафілактыцы сацыяльна-небяспечнага становішча начале з таўсматым гаспадаром школы.

Станіслава пераступіла парог. Наструненая спіна, каменна спакойны твар.

– Добры вечар, – павіталася гучна і ўпэўнена. Кірыл паспеў адсунуць для яе крэсла. Але сам шукаў вачэй Дарыны, што праваруч ад дырэктара нэрвова перакладала перад сабой паперы…


– Мама, ты не ўяўляеш сабе, ён сам выштурхаў усіх, апроч настаўнікаў, за дзверы і замкнуў. Але я ведаў, у якім яны кабінеце, і мы з Кацяй пабеглі вакол, да вокнаў. Дык ён урну паставіў на падваконне. Але што за бяда! Я залез на адліў, і зверху ўсё было бачна! Я нават здымаць хацеў, але зараду не заставалася, – Стах не мог сядзець ад узбуджэння. – Зміцер Васільевіч ніколі бы так не зрабіў!

Станька ківала. Былога дырэктара паважалі ўсе – калегі, настаўнікі, вучні, чыноўнікі з аддзела адукацыі. Новаму прыходзіць складана. Але дзеці не стануць чакаць – яны судзяць адразу, па першых жа несупадзеннях выносяць прысуд, і чым мацней любілі таго, тым горшым бачаць наступнага.

– Ён нават з намі не вітаецца. Я кажу яму “Добры дзень”, а ён ці тое не чуе, ці тое пляваць хацеў! – падаў голас Кастусь. – Дык і я з ім вітацца не буду, раз так!

– Ветлівыя людзі вітаюцца таму, што яны самі ветлівыя, а не таму, што іншыя так робяць. Дык навошта браць за ўзор найгоршы прыклад? Ты ж не малпа, каб паўтараць чужыя глупствы. Рабі ўласныя.

Станька магла б сказаць і болей, але не, дзецям яшчэ хадзіць у гэтую школку. Школка не з горшых, настаўнікі профі, ніхто не душыў дурнымі правіламі… Пакуль што. Ну а тое, што адбылося… Яно адбылося паўсюль, у кожнай школцы, лякарні, воінскай частцы, і як ні прыкра, іншай краіны ў нас для вас няма…


Кірыл Батман распісаўся ў журнале і выйшаў на школьны двор. Станіславы нідзе не было, хоць сышла яна хіба трыма хвілінамі раней. Ён набраў адзін яе нумар, потым другі. Адключаныя абодва. Крыўдуе? Ці проста разнэрвавалася ў канец, не памятае, што па-за сувяззю…

– Дарлін… – пачулася ззаду.

– Дарына, у мяне яшчэ сустрэча, прабач, – Кірыл павярнуўся на гук абцасаў. Дарына – ужо ў плашчы і пры сумачцы – спускалася з ганка. Чорныя валасы, яркія вусны. На мяжы дзелавога і вечаровага стылю, яркая, вабная. Толькі ў вачах спалох. – Я набяру цябе ўвечары… калі не надта позна будзе.

– Навошта ты бароніш гэтую Зубрэвіч? Яе ўсё адно арыштуюць, не цяпер, дык праз месяц. А ты зноў пойдзеш на дысцыплінарную камісію, – Дарына хацела паправіць ягоны гальштук, але Кірыл пераняў яе руку, асцярожна паціснуў пальцы і адпусціў.

– У нас заключанае пагадненне. Гэта – мая работа, – уздыхнуў ён і адвярнуўся. – Да вечара.

– А гэта – мая работа… У інтарэсах дзяцей, – Дарына заступіла яму дарогу. – Кірыл, ты сам казаў: я зараз мушу быць вельмі асцярожнай, каб і падазрэнняў не было… Ты ж сам казаў, не дапускаць ніякіх хібаў… Кірыл…

– Ніякіх хібаў, – кіўнуў ён. Ніякіх хібаў, ніякіх сцэн. – Я гэтак і казаў. Ты робіш сваю работу. І я раблю сваю работу. Да вечара, дарлін. Я набяру.

– Да вечара, дарлін…

Батман рушыў у бок стаянкі. Ніякіх хібаў. Калі гэта можа ўратаваць…


Абарона ў краiне пад забаронай.

Зруйнаванае права мець правы.

Абарона ў Краiне-Пад-Забаронай –

на мяжы свету зомбi й свету жывых.

Страчаных сэнсаў горкi смак.

Учора было не так.

Заўтра будзе нiяк.

Апошняя лiнiя абароны:

у краiне – не да законаў.

Дзевяць мiльёнаў нас, паланёных неда-законам.

Зрок не працiнае змрок. Чарговая дзея без надзей. Бязлiтаснай логiкаю падзей

кiруе з нябёсаў лёс –

цi гэта хаос

зацягвае ў вiр Краiну-Не-Для-Людзей?

Спiна да спiны,

пакуль не спыняць.

Да чорта парады.

Даць рады

цяпер  i тут.

Загнаны ў кут – не ўцячы.

Чын не па плячы.

I не памагчы iначай, як перамагчы.

А зараз – трымаць апошнi рубеж абароны…


– Містар Бэтман! Якім лёсам, якім ветрам? – намеснік начальніка не хаваў душэўнага свята: сам Кірыл Батман, уласнай персонай, просіць прыняць. Кірыл разумеў яго. Былі часы, калі ледзьве не з нагі прачыняў ён дзверы пастарункаў, яшчэ пазалетась, здаецца, выгаворваў яму – тады начальніку аддзела – пра Закон ды Канстытуцыю.

Цяпер яны – самі сабе закон. Але ж і гэтаму, маладому падпалкоўніку з выдатнай кар’ернай перспектывай, варта быць акуратным. Колькі месяцаў таму Батман абараняў аднаго такога, якому не пашанцавала па службе. Удала абараняў: і тэрмін зменьшыў, і два артыкулы з трох зняў. А зямля круглая, чуткі хутка аблятаюць. Прафесійная рэпутацыя.

– З чым да нас? – парукаўшыся, падпалкоўнік паказаў на крэсла ля стала.

Кірыл сеў, перасунуўшы крэсла, паставіў партфель на калена. Гадзіннік на сцяне прышчоўкнуў, прамінаючы сёмую гадзіну. Затрымаўся таварыш падпалкоўнік на працы.

– Ёсць адна дробная праблемка, Максім Пятровіч.

– У нас ці ў вас? – лыпнуў вачыма афіцэр.

– Гэта як павярнуць, – Кірыл вытрымаў паўзу, сувора зірнуў з-пад брыва, але па хітра прымружаных шэрых вачах міліцыянта адчуў: за гэтай драматургіяй ягоны дасведчаны суразмоўца ўгадаў, чыя “дробная праблемка” турбуе адваката, – Адна мая знаёмая з ласкі “спяцоў” апынулася ў вашай КПЗ. Калаўротава, Дарына Маркаўна.

– Ды няўжо? Вашая знаёмая – у нас? А як жа так? – акругліў вочы падпалкоўнік.

– Праблема не ў тым, як. Вы-пад-ко-ва, – Батман крыху падаўся наперад. – Яе дзявочае прозвішча Даражок. А Марк Даражок – гэта сябра і партнёр па гольфу самога начальніка Федэрацыі хакея Матусевіча…

– На тра-ве. Федэрацыі хакея-на-тра-ве, – падказаў міліцыянт. І дадаў, непадробна пазяхаючы: – Хакей, гольф… Як яны клюшкі не блытаюць… Кірыл Аляксандравіч, вы ж ведаеце, якія часы. Усё зафіксавана ў базе, зваротнага ходу няма. Пагатоў, на відэарэгістратары запісаныя абразы на адрас групы захопа. А на нашай камеры – як яна самахоць прапаноўвае хабар дзяжурнаму афіцэру. Каб ён, дзяжурны афіцэр пры выкананні, вам, Батману і партнёрам, пазваніў.

– Бландзінка, – паблажліва цокнуў языком Кірыл.

Бог уратаваў яго прызнацца ў больш цесных стасунках з Дарынай. А думаў жа з гэтага і зайсці, каб дадаць размове даверу й таварыскасці. Не, сціпласць і стрыманасць. Сціпласць і стрыманасць перад усім.

– Першае затрыманне, спалох, касталомы ў шаломах… Тое ж не ваш найлепшы ва ўсім Тагачаску цывілізаваны райаддзел, дзе супрацоўнікі навучаныя з людзьмі абыходзіцца, ведаюць, каму ў плечы даць, а каму кавы наліць. А самае несправядлівае – дубаломам за іх “касякі” нічога па нашых часах не будзе. А таму супрацоўніку, што дашле паперу па месцы працы Дарыны Маркаўны, могуць і клюшку… хакейную… разам з травой…

– Ну ўжо, клюшку! Ды прасцей Дарыну Маркаўну адпусціць на вольныя хлябы, – весела зморшчыў скрыўлены набок нос падпалкоўнік. – Тата з голаду прапасці не дасць. А што ж яна тату не прасіла пазваніць… А, успомніў, Марк Маратавіч з’ехаў амбасадарам у нейкую дужа сяброўскую нам краіну, я з геаграфіяй не ў сябрах, не ведаю, туды з Паўднёва-афрыканскай рэспублікі вайфай дабівае ці не.

– А другое першаму, як вядома, не перашкода, – ўздыхнуў – ажно плечы падняліся й апалі – Кірыл. – Каб можна было падысці індывідуальна, не паводле шаблону. Як сапраўдны прафесіянал, абазнаны ў сваёй справе… прафілактычная размова, хай сабе штраф. Але праз памылку гэтых… рупліўцаў грамадзкага парадку пляміць біяграфію чалавеку… Вы ж разумееце, хто ўрэшце будзе крайні.

– Мы да кожнага знойдзем падыход. Абы дагнаць. Прафілактычную гутарку правядзеце з ёй самі. На ўсіх бландзінак лісты пісаць – дрэвы скончацца. А ў агульнай базе застанецца, – прыпячатаў падпалкоўнік.

– Закон ёсць закон, – у тон яму падхапіў Кірыл.

– Прыемна было пабачыцца, – афіцэр падняўся, і Кірыл падняўся адначасова з ім. – А другую таксама забераце?

– Прабачце? – прыўзняў рассечанае брыво Кірыл, а ўнутры палыхнула: Станіслава!

– Зубрэвічаву сястру. З пяці раніцы толькі і чую: Батман і партнёры, Батман і партнёры. Дык не вашая, не? Я сваім адразу сказаў: не Батмана кліентура, той жабракамі ды “цеплатраснікамі” не апякуецца.

– Зубрэвіч… Нешта знаёмае. Таксама з канцэрта? – Кірыл зазірнуў у партфель. – Ці з вашых пастаянных наведнікаў?

– Не, першы раз узялі, нават дзіўна, што раней не стрэліся. З твару – копія брата. Кір Зубрэвіч. Не чулі? Папіў у свой час нашай крыві. Цяпер адпачне колькі год на зоне, паразумнее. Сёння апеляцыя была, у Вярхоўным судзе. Пішуць экстрэмісцкія тэлеграмканалы, прысуд пакінулі без зменаў. Пяць год. Падзельнікам таксама пакінулі прысуд без зменаў, ад чатырох да сямі. А яна – сястра – вырашыла расцяжку павесіць. Адмарожаная баба. З некім была, пэўна ж, не адна. Расцяжка 30 м – не жартачкі. Ды невядома, з кім. Не сказала. А камер там нямашака. Каб выпадкова ДАІ не праехала, дык і сышла б. А так – нармальна спрацавалі, нават фоткі не паспела зрабіць. Перадухілілі, адным словам.

– Няўжо не раскалолі, хто падзельнік? – пасміхнуўся Кірыл.

– Ну, ведаеце, каб яна тэракт рыхтавала, дык не турбуйцеся, раскалолі б. А так, за прасціну размаляваную… Не сказала лішняга – яе шчасце. А мо і праўда – сама, з роспачы. Штрафу далі. Суткі не далі, бо дзятвы поўная хата. А то б ЦІП павесяліўся. Там Зубрэвіча і ў твар ведаюць, і па пашпарце. Але іншы раз патрапіць – па крыміналу пойдзе. Ну й зараз пакапаем, ці не свяцілася з кім кагадзе. Ды вам-та што, Кірыл Аляксандравіч, яна ж не вашая кліентка, –уважліва зірнуў падпалкоўнік.

– Дык я магу Даражок забіраць? – перапытаў Кірыл.

– Зараз пазваню, каб афармлялі, – кіўнуў міліцыянт. – Усяго найлепшага?

– І вам найлепшыя зычэнні, таварыш падпалкоўнік, заўсёды прыемна мець справу, а калі чым магу – толькі намякніце, – з усёй наяўнай цеплынёй развітаўся Кірыл. Не смаркайся ў крыніцу – давядзецца напіцца. Штраф. Гэта добра, што не суткі. Пашанцавала. А ён выглядаў Стасю ў рэдкім натоўпе ля Вярхоўнага Суда і не мог зразумець, чаму маўчыць тэлефон… Стася-Стася. Што ж ты робіш. Хіба стане Кіру лепей, калі ён будзе ў ПК-3, а ты ў ПК-4…


Кірыл падышоў да машыны і набраў СМС. “Станіслава, я магу вас падвезці.” Адаслаў – і пачуў добра знаёмы піск апарата. Зірнуў направа. Стася стаяла ля трансфарматара, прытуліўшыся левым бокам да шэрай паверхні з нягегла замаляванай буйной лічбай 3 і знакам %.

– Стася, сядайце. Я падвязу вас.

Яна нібыта не чула, адштурхнулася ад трансфарматара і памалу пасунулася ходнікам. Кірыл сеў у машыну, пакаціў побач. У люстэрку мільганула горкая ўсмешка. Яна адвярнулася, правяла рукой па вачах. Батман спыніўся, апусціў шкло.

– Сядайце.

– Думаю, вам ёсць, каго падвезці, – прамовіла нібы скрозь зубы.

– Сядайце, – Кірыл нахіліўся і штурхнуў дзверку. – Ёсць што абмеркаваць. Вы ж сышлі…

– А быў сэнс працягваць гэты цырк? – Зубрэвіч не спяшалася паварочвацца.

– Будзем перакрыквацца? – панізіў голас Кірыл. Станіслава нэрвова тарганула галавой.

Батман выйшаў. Яна схапіла сябе за загрывак левай рукой, прыціснуўшы вуха. Ён спыніўся за яе плячом.

– Я вас зусім не падтрымаў. Праседзеў, бы вады ў рот набраўшы, усё чакаў, дзе слова ўставіць…

– Не трэба, – прашаптала яна, мацней сціскаючы карак.

– А вы так адважна трымаліся. Я ўражаны. Гэта праўда. І бараніліся талкова…

– А сэнс?

Станіслава нэрвова сцягнула затуманеныя акуляры і стала праціраць рукамі запацелыя шкельцы. З веек сарвалася слязінка. Батман насупіў знявечанае брыво, шакаладныя вочы пацямнелі.

– Стася, сядайце ў машыну, – настойліва паўтарыў ён. – Ад’едзем, а там можаце мне хоць сківіцу зламаць, калі я заслужыў.

– Гэтага ніхто не заслужыў! – усклікнула яна. – Нідзе ніводная сківіца не заслужыла, каб яе ламалі! Ніводзін зуб не заслужыў, каб па ім – берцам! Вы хоць адзін зуб вылечылі? А павярнулі, каб стаў прыгожа на сваё месца? А прырасцілі? Дык не кідайцеся словамі!

– Стася, – Кірыл, агаломшаны, ажно адступіў на крок. А Станіслава ўжо ўсадзіла акуляры на месца і павярнулася да яго, ускінуўшы падбароддзе.

– Усмешка – першая і апошняя зброя чалавека. Рабы не пасміхаюцца. Тыя, хто парахаваў з жыццём, не пасміхаюцца. Людзі з нячыстым сумленнем не пасміхаюцца, іх смех – падробка без радасці…

– Стася, я хачу вас адсюль забраць. Завязу, куды скажаце, – жорстка перапыніў Кірыл і адчыніў пярэднюю дзверку.

Станіслава ўпарта нахіліла галаву, рванула ручку задняй дзверы – Кірыла ажно перасмыкнула – і шмыгнула ў машыну. Але не ляпнула дзвярыма – прычыніла акуратна. Навучылася.

Кірыл вярнуўся за стырно. Станіслава схавалася за спінку сядзення, сціснулася ў камяк, схаваўшы твар у складзеныя на каленях рукі.


– Я тут дзеля таго, каб вы абмяркоўвалі мае сціплыя лінгвістычныя здольнасці, ці мы ўсё ж такі прыступім да асноўнага пытання? – Станіслава гаварыла рэзка і гучна, не хаваючы пагарды. Кірыл пагрозліва – ён спадзяваўся, што выглядае пагрозліва – маўчаў, пераводзячы вочы з завуча і дырэктара на псіхолага ды сацыяльнага педагога, пры гэтым акуратна прамінаючы Дарыну. Так, яна казала яму, што бывае на падобных камісіях, часам прымае рашэнне пра абмежаванне бацькоўскіх правоў, але ж тое датычыць рэальных асацыялаў, наркаманаў, п’яніц, крымінальных элементаў. Штраф за расцяжку – наогул не аргумент для пастаноўкі сям’і на ўлік. Прынамсі, пакуль не аргумент. Хоць, ведама, выхадка дзіцячая, і пры выпадку ён скажа пра гэта Станіславе.

– Прыступім, – намеснік дырэктара захоўвала прафесійны спакой, але і ў ейным голасе загучаў звыклы начальніцкі метал. – Вашыя дзеці вас не бачаць, вы не бываеце ў школе, не цікавіцеся іхнымі поспехамі. З пачатку года ваш сын ужо мае запіс за спазненне…

– На дзве хвіліны, – закончыла фразу Зубрэвіч. – Думаю, за тры тыдні кожны з прысутных такое за сабою прыгадае.

– Малодшая дачка сышла з фізкультуры…

– Тое самае пытанне! Чаму трацякласніца сышла з урока, і дзе быў настаўнік, што гэтаму не запабег!

– Яна гайдаецца на парэнчах…

– І да ўсіх вучняў, што гэтак робяць, вы ўжо прыйшлі з пазачарговым аглядам дамоў і ўручылі позву на аналагічнае мерапрыемства? – Станіслава дэманстратыўна прыстроіла левы красовак на правае калена, паклаўшы на ладыжку пераплеценыя ў замок далоні. – То не бачу чаргі!

– Вы самі вінаватыя, што вы тут, – нарэшце ўмяшалася Дарына. Яна так і не падняла вачэй ад папер. – Гэта вашая правіна… І вашая адказнасць.

Зубрэвіч прыпячатала красовак да падлогі, вочы за акулярамі прымружыліся, нібыта бралі Дарыну на прыцэл. О, ён ведаў гэты позірк. Так пазіраў на пракурора Кір, перш чым кінуцца ў атаку з халодным шалам берсеркера.

– Стася, – шапнуў Кірыл.

– Калі ласка…

– Мая правіна? Мне Канстытуцыя гарантуе свабоду слова і свабоду меркавання. Выказваючыся публічна, я дзейнічаю паводле Канстытуцыі, а вы, спрабуючы мяне заторкнуць, Канстытуцыю парушаеце. Мая адказнасць? О, так, кожны з нас адказны за краіну. Толькі некаму зручна, каб гэтую адказнасць узялі на сябе іншыя.

– Тут вам не мітынг! – абурана выдыхнула Дарына, Кірыл злавіў спалох у ейных вачах і апусціў галаву. Не туды, не туды занесла Зубрэвіч. Дарма, дарма не пагаварылі яны перад паседжаннем. Яшчэ трохі – і штрафам не адбудзеш.

– А тут наогул няма ведама што! – Станіслава ўсім целам павярнулася да дырэктара. – Да маіх дзяцей пытанні ёсць? Яны прагульваюць? Апранутыя неадпаведна? Паводзяцца некарэктна?

– У Канстанціна дзве пяцёркі запар па ангельскай. І тройка… – пачала збоку маладая настаўніца, але спалохана прыціхла пад поглядам Станіславы.

– У дзённіку пяць, пяць, сем, восем, тры. Так, ён вучыцца няроўна. І некалькі год вас гэта ані не турбавала. Што зараз?

– Зараз вы…

– Гэта хіба ў мяне пяцёркі? Кажу вам: ён вучыцца, як год таму. Вам тады было пляваць. І сёлета змен у горшы бок няма!

– Дзеці не ўдзельнічаюць у школьных справах, – пачулася з іншага боку, дзяўчына з цяжкімі абручамі завушніцаў і бэджам педагога-арганізатара меркавала, пэўна, абмежавацца адной рэплікай, бо тут жа перавяла вочы на завуча, але Зубрэвіч рыкнула ў яе бок:.

– Канкр-рэтна?

– Макулатура, – спалохана прашчабятала тая, і Кірыл унутры сябе пагардліва фыркнуў: сядай, тры.

– Мы беражэм дрэвы ў іншы спосаб – не выпісваючы газетнае смецце. А вы сваеасабліва працуеце з дзецьмі. Мае займаліся вакалам, усё чацвёра любяць спорт, але ніводзін чалавек у школе ні разу не пацікавіўся іхнымі захапленнямі і не заахвоціў да ўдзелу ў школьных мерапрыемствах, – Станіслава не лезла ў кішэнь па словы.

– Вы, як маці… – маладая педагог набрала паветра, але Зубрэвіч відавочна ведала, чым крыць.

– Неаднаразова ладзіла школьныя святы, вось відэа і водгукі прэсы. Дзяржаўнай прэсы, – грукнула яна на стол флэшку, і Кірыл прыцішана цокнуў языком: брава. – І мае дзеці бралі ўдзел нароўні з астатнімі, пры тым, што ўдзельнічаў увесь клас.

– Я такога не памятаю, – пачырванела педагог-арганізатар. – Можа, даўней…

– А, відаць, тут да вас была выпаленая зямля і бегалі маманты! Штораз, калі настаўнікі былі зацікаўленыя, ці дапамагалі, ці – хаця б! – не заміналі, мы ладзілі святы – для ўсіх! Цяперака ў школу зайсці цяжэй, ніж на сакрэтны аб’ект, – Станіслава ўзяла паўзу, і Кірыл падумаў, што, відаць, абышлося, і канец паседжання будзе мірны. Але Дарына карцінна закаціла вочы і выдала:

– З вашымі поглядамі вас да дзяцей на гарматны стрэл нельга падпускаць.

Кірыл знямеў. Хай бы Стася прапусціла гэта міма вушэй. Хай бы павярнулася да яго, прачытала ў вачох, што не трэба на гэта нічога казаць, хай прагучыць гэтая абразлівая бязглуздзіца ды сціхне, як і не было. Бо Зубрэвіч у два словы можа зламаць жыццё і Дарыне, і сабе. І ён – іронія лёсу – нават не зможа запярэчыць Стасі…

– А вось гэта… міла, – Станіслава прыціснула далонь да пупка, нібыта адчула – і захацела запоўніць – пустэчу ў жываце. Медзведзявата паднялася. – Значыць, нараджаць патэнцыйных рабоў – то калі ласка, а дапамагаць гадаваць патрыётаў сваёй краіны…

– З вашым выхаваннем яны апынуцца ў пастарунку, – паспяшалася Дарына, і Кірыл ад роспачы толькі што не ўзвыў.

– Стася, не трэба, – ледзьве чутна ўзмаліўся ён.

Станіслава выструнілася, агледзела прысутных, зірнула і на яго. “Пра што з вамі гаварыць?” – казалі вочы. Але і без адказу яна іх не пакіне.

– Разам з тысячамі годных сыноў і дачок сваёй бацькаўшчыны. Калі вы не зусім забыліся на школьную праграму, панове, то ўзгадаеце багата вязняў, імёны якіх сёння красуюць не толькі на кніжных паліцах, а на праспектах ды станцыях метро. Але ведаеце, гэта лёс не адных патрыётаў: падонкі і паскуднікі зрэдчас таксама трапляюць у пастарунак. Ніхто. Не гарантаваны.

Цішыня. Кірыл зразумеў – не, адчуў – што яна не выдасць ягоную дарлін. Станіслава скарысталася агульным маўчаннем і рушыла да дзвераў. З парога прамовіла абыякавым тонам унутрана вычарпанага чалавека:

– Болей мне гэтая размова не цікавая. Пайду, надам увагі дзецям. Усяго найлепшага.

Кірыл таксама падняўся, і шум, што ўскалыхнуўся быў абапал стала, сціх. Батман крыху нахіліўся, навіс над сходам, пацягнуў паўзу, аглядаючы прысутных.

– Я працягну замест маёй даверніцы. Вамі не было прадстаўлена ніякіх доказаў неадпаведнага выхавання ці сацыяльна-небяспечнага становішча дзяцей. Калі ў рашэнні камісіі адсутнасць падобных абставінаў не будзе адлюстравана ў поўным аб’ёме, то кожны, хто падпішацца пад гэтым рашэннем, будзе стаяць перад судом, абвінавачаны ў паклёпе. А розгалас у прэсе – афіцыйнай прэсе – я забяспечу. Усяго добрага.

bannerbanner