
Полная версия:
Хабар
Ад нечаканасці Адась, здаецца, падскочыў аж да столі.
Пад радыё ён зрабіў комплекс практыкаванняў. А потым зноў была вільготная ўборка. Падчас яе гаспадар прагульваўся ля дома.
Настаў час снедання. Пасля яго Адась хацеў пайсці адпачываць, але Фрося нагадала пра брудны посуд.
– Іншым разам, – адмахнуўся мужчына.
– Але гэта парушае інструкцыю. Посуд мыюць пасля прыёму стравы, – не пагаджалася робат – хатняя гаспадыня.
– Інструкцыю, інструкцыю… – незадаволена прамармытаў Адась і пачаў мыць посуд.
Ён згадаў, што яго сябры ніколі на такія рэчы не скардзіліся. Пэўна, іх жонкі не застаўлялі гэта рабіць. А тут вільготная ўборка некалькі разоў на дзень!
У гэты момант у кватэру патэлефанавалі. На парозе паўстаў даўні сябар Мікола, таксама халасцяк.
– Нічога сабе, ну ў цябе і парадак. Нябось, ажаніўся? – агледзеўшы кватэру, падсумаваў ён.
– Не. Гэта ўсё мая памочніца Фрося, – адказаў усміхаючыся Адась. – Яна ў мяне малайчына. Усё ўмее.
– Ого! Мне б такую, – здзівіўся госць.
– Ты ведаеш, у чаркесаў ёсць даўні звычай: дарыць госцю ўсё, што ён пахваліць, – пачаў здалёк гаспадар. – Я хоць не чаркес, але таксама з вялікай пашанай адношуся да сваіх сяброў. Таму дару табе Фросю. Няхай яна служыць табе так, як увесь гэты час – мне. Не пашкадуеш!
– Ну гэта вельмі шчодры падарунак, – здзівіўся Мікола. – Грошай, пэўна, шмат каштуе. Ды і сам ты як будзеш?
– Не прападу. А пра грошы не турбуйся. Мы, халасцякі, павінны ва ўсім дапамагаць адзін аднаму, падстаўляць плячо.
– Згода. Калі якая справа – тэлефануй. Выручу, – пагадзіўся госць.
Праз паўгадзіны на парозе Мікола яшчэ раз шчыра дзякаваў сябру за хатнюю памочніцу. Як толькі за ім зачыніліся дзверы, Адась адчуў, што з яго зваліўся нібы нейкі неймаверны цяжар.
– Пажыві цяпер і ты, браток, з цуда-памочніцай Фросяй. А я сваё адгараваў, – прагаварыў ціха ён.
На кухні ля акна Адась запаліў. На гэты раз яму пра інструкцыю ніхто не нагадаў. І на душы стала лагодна.
Рыбацкі сакрэт
Гумарэска
На выхадных усе знаёмыя адпраўляліся вудзіць рыбу, адзін я – на дачу. Пакуль сябры цягалі шчупакоў, я корпаўся ў агародзе. У рэшце рэшт, такая несправядлівасць мне надакучыла, і я накіраваўся ў спецыялізаваную краму па рыбалоўныя прынады.
У суботу выбраўся на рэчку. Закінуў вуду і стаў чакаць. Але ні праз гадзіну, ні праз дзве паплавок так і не варухнуўся. Яго не гайдаў нават вецер.
Неўзабаве непадалёк заўважыў дзеда, які раз за разам цягаў рыбу. Падышоў і кажу:
– Добры дзень! Ведаеце, я пачатковец у рыбалоўстве, не маглі б даць якую-небудзь параду?
Стары ўсміхнуўся і прамовіў:
– Галоўны сакрэт – у прыкметы трэба верыць. Я, напрыклад, на рыбалку ўжо трыццаць год толькі ў касцюме хаджу. Рыба бачыць, што сядзіць салідны чалавек, таму і клюе.
Пачухаў я патыліцу, склаў вуду і адправіўся назад ні з чым. Аднак паабяцаў сабе, што наступны раз абавязкова вярнуся з уловам. Тым больш цяпер скарыстаюся рыбалоўным сакрэтам.
Праз тыдзень, апрануўшы лепшы касцюм, накіраваўся на рэчку. Закінуў вуду, стаў чакаць. За гадзіну толькі некалькі невялічкіх карасікаў злавіў. Відаць, думаю, не дзейнічае дзедава прыкмета. І тут непадалёк убачыў мужчыну, які ўмела цягаў рыбу, вялікую і бліскучую. Я да яго:
– Падкажы, браце, што рабіць? Як рыбы налавіць? – пытаюся. – Нават лепшы касцюм апрануў, а яна не клюе.
– Што касцюм, – адказаў той. – Рыбалка – гэта табе не хухры-мухры, тут трэба дакладна ведаць, што рыбе падабаецца. А любіць яна тонкі пах парфумы. Вось я набываю самую лепшую – французскую. Чуеш водар?
Я прынюхаўся. Здавалася, і сапраўды, ад рыбака ішоў прыемны пах дарагой парфумы.
– Ага, чую, – адказаў я.
– Вось у гэтым і сакрэт, – падміргнуў новы знаёмы.
Сабраўшы свой няхітры ўлоў, накіраваўся дадому. А па дарозе зайшоў купіць адэкалон. Трэба ж было прыслухацца да парады мужчыны.
Як насталі чарговыя выхадныя, зноў адправіўся на раку. Але і на гэты раз клявала дрэнна. Відаць, не спадабалася рыбе мая парфума. А тут, як на тое ліха, іншы рыбак шчупака кілаграм на дзесяць злавіў. Я да яго:
– Як вам пашанцавала! Можа, і з навічком сакрэтам свайго поспеху падзеліцеся?
– Да рыбалкі трэба рыхтавацца сур’ёзна, – пачаў новы знаёмы. – З панядзелка да серады я, напрыклад, устаю толькі з левай нагі. Наступныя тры дні – з правай. Вуду на ноч стаўлю за ложак, а днём трымаю за канапай. Вось і вынік – дзесяцікілаграмовы шчупак!
Падзякаваў яму, а сам адправіўся дадому. Увесь наступны тыдзень апрабоўваў новую методыку прыцягвання рыбалоўнай удачы.
Але, на жаль, у наступную суботу і гэтая парада не падзейнічала. Расчараваны, вярнуўся дадому. Вырашыў – на рыбалку больш ні нагой. У чарговыя выхадныя накіраваўся да цесця ў вёску. А там пад шкварку ды чарку расказаў яму пра сваё няўдалае рыбалоўства.
– Хто ж табе праўду скажа? – здзівіўся цесць. – Вядома, маняць. Ніякі сапраўдны рыбак не стане раскрываць галоўны сакрэт. А ён усё ж існуе.
– Які?! – усхвалявана спытаў я.
– Рыбу трэба падкарміць, а ўжо потым толькі лавіць.
Тут цесць у падрабязнасцях расказаў мне, што і як трэба рабіць.

На працягу наступнага тыдня я выконваў яго парады. Штовечар ездзіў на рэчку і вазіў рыбе розныя далікатэсы: грэчку, ячныя, прасяныя крупы… А ў нядзелю выправіўся на рыбалку.
Не паспеў закінуць вуду, як адразу пачало кляваць. Вылавіў пяцікілаграмовага шчупака. А там яшчэ лепш: плотка, карась, лінь, лешч… Словам, багаты ўлоў!
З таго часу вяртаюся я з рыбалкі заўсёды з трафеямі. Дзякуй цесцю за параду!
А на днях да мяне рыбак-пачатковец падышоў і запытаўся:
– Не падкажаце, які ў вас рыбалоўны сакрэт? Сяджу ўжо бітую гадзіну, паплавок нават не варухнецца. А ў вас, бачу, рыба сама ў вядро скача.
– Вядома, – адказваю яму, – трэба ў прыкметы верыць. Напрыклад, трэба кожны дзень уставаць з левай нагі, а шкарпэткі пачынаць апранаць з правай, некалькі дзён не галіцца, карыстацца толькі французскай парфумай і прыязджаць на рыбалку ў лепшым пінжаку.
– І толькі? – яшчэ больш здзівіўся новы знаёмы.
– Так, – адказваю сур’ёзна. – Вось пабачыш!
Падзякаваў ён мне ды пабег. А я працягнуў спакойна лавіць шчупакоў. Бо сапраўдны рыбалоўны сакрэт нікому не выдам!
Так усе рыбакі робяць!
Канспект
Быль
Падчас асваення граніту навукі адна з задач студэнтаў – весці канспект лекцый, бо ён абавязкова дапаможа пры падрыхтоўцы да кантрольных, залікаў і экзаменаў.
Хтосьці каліграфічна запісвае амаль кожнае слова выкладчыка, пры гэтым яшчэ і паспявае выдзяляць чырвоным фламастарам галоўнае. Другія імкнуцца да таго ж, але ніхто, акрамя іх, не можа прачытаць напісанае з-за почырку аўтара. Трэція толькі занатоўваюць тэзісы, прычым у вельмі скарочаным варыянце. Чацвёртыя, яны ж самыя лянівыя, вядуць запісы час ад часу.
У навучальнай установе N да ліку апошняй групы студэнтаў адносіўся і першакурснік Вадзік. На занятках ён больш займаўся не запісам лекцый, а ўпотай слухаў музыку ды бавіўся гульнямі на мабільным тэлефоне.
Неўзабаве надышоў і першы залік. Выкладчык быў строгім, час ад часу правяраў канспекты студэнтаў. Калі яны адсутнічалі, то да здачы заліку мог і не дапусціць.
Каб не ўзнікла праблем, Вадзік вырашыў за адзін вечар выправіць становішча. Ён папрасіў канспект у аднагрупніцы і сеў перапісваць ад першай лекцыі да апошняй.
Убачыўшы яго за такой справай, сябры па пакоі толькі заўсміхаліся.
– Ты так будзеш не тое што ноч, а тыдзень перапісваць, – заявіў сакурснік Сцяпан, калі ўбачыў, чый канспект «капіруе» сябар. – Анька ж кожнае слова Іванавіча занатоўвае.
– А дзе ж узяць канспект, у якім было б толькі самае галоўнае? – пацікавіўся Вадзік.
– Можаш у мяне, – прапанаваў Сцяпан. – У нашай групы залік толькі праз чатыры дні. А запісы ў мяне як трэба, толькі па сутнасці!
– Гэта ідэя, – пагадзіўся лайдак.
Праз хвіліну перад гультаяватым студэнтам ляжаў сшытак таварыша.
– Слухай, на ім жа не значыцца тваё імя. Можна ж не перапісваць тады ўвогуле. Давай, я яго заўтра з сабой вазьму, а вечарам аддам.
Сцяпан адмаўляцца не стаў. І Вадзік хуценька, каб таварыш раптоўна не перадумаў, паклаў канспект у свой заплечнік.
На заліку выкладчык прапанаваў усім выцягнуць білеты з пытаннямі і адказаць на іх пісьмова. Некага ён вырашыў выслухаць вусна.
Вадзік пачакаў, пакуль Іванавіч, перад тым як сесці на сваё месца, зробіць два ганаровыя кругі па аўдыторыі, і незаўважна дастаў канспект таварыша, каб адшукаць патрэбную інфармацыю. Знайшоўшы нарэшце тое, што трэба, хлопец ніяк не мог прачытаць напісанае. Почырк Сцяпана быў такім, быццам замест яго пісала лапай курыца. Да таго ж дзе-нідзе былі дзіўныя і незразумелыя скарачэнні слоў. Студэнт паўглядаўся ў занатоўкі некалькі хвілін, стаў крыху разумець почырк і адразу ж пачаў ціхенька спісваць. Раз-пораз ён кідаў позірк на выкладчыка, каб той не запрыкмеціў яго за такой незаконнай справай. Там, дзе былі скарачэнні, малады чалавек вырашыў не ламаць галаву над пытаннем, што яны могуць значыць, а перапісваў, як ёсць. Калі занатоўкі канспекта Сцяпана скончыліся, лайдак здаў работу і, шчаслівы, выйшаў з аўдыторыі.
Настаў момант агучвання вынікаў заліку. Студэнты, якія адказвалі на білет пісьмова, зайшлі ў кабінет. Выкладчык агучыў адзнакі. У спісе не аказалася толькі нашага героя.
Звярнуўшыся да яго, выкладчык сказаў:
– А вас, Пятроў, я папрашу затрымацца. На жаль, азбуку Морзэ я не вучыў, разбіраць шыфры не ўмею, таму хацеў бы, каб вы патлумачылі, што значыць у вашым пісьмовым адказе «сам-но», «д/за/д», «н. ст.», «т. зв.», «тт» і іншыя словы.
– Сяргей Іванавіч, вы ж ведаеце, скарачэнні – сябры студэнта, – знайшоўся Вадзік.
– А мне здаецца, Пятроў, што скарачэнні – маці вучэння. Вось калі вы іх добра вывучыце, тады і прыходзьце на залік. Але на гэты раз на вусны. Бо вашы геніяльныя запісы мне ніколі не расшыфраваць.
Што вечарам сказаў Вадзік сябру Сцяпану, невядома. Але пасля такога выпадку хлопец стаў добрасумленна весці канспекты і прыдумляць свае скарачэнні-шыфры. Вось толькі на асобным лісце даваў тлумачэнні, што яны азначаюць. На той выпадак, калі хтосьці з аднагрупнікаў захоча перапісаць занатоўкі.
Якім прыборам вымяраюць пельмені?
Быль
Гэтая гісторыя адбылася на факультэце фізікі. Студэнты здавалі экзамен. Сярод іх быў і несамавіты Ягор. Ён выцягнуў білет, сеў на апошнюю парту і пачаў перабіраць шпаргалкі. Але патрэбнай так і не знайшоў.
Неўзабаве надышла чарга адказваць. Хутка выкладчык зразумеў, што студэнт плавае. Каб дапамагчы яму атрымаць станоўчую адзнаку, ён пацікавіўся:
– Скажыце, у чым вымяраецца сіла тока?
– У амперах, – адказаў Ягор.
– А якім прыборам гэта робіцца?
– Гэтым, – пачаў згадваць хлопец. – Ампяльметрам.
Выкладчык усміхнуўся.
– Такім прыборам вы, пэўна, у інтэрнаце вымяраеце пельмені ў каструлі. А вось калі станеце спецыялістам, запомніце: сіла току вымяраецца амперметрам.
Ягору давялося згадзіцца. Экзамен тады ён здаў. А наказ памяркоўнага выкладчыка не забыў нават пасля сканчэння вучэбнай установы.
Псеуданім
Гісторыйка
У кабінеце зазваніў тэлефон. Малады журналіст Сяргей Іваноў узяў слухаўку.
– Дзень добры! – як мага спагадліва прамовіў ён.
На тым канцы проваду пачуўся мужчынскі голас. Яго ўладальнік быў настроены рашуча.
– Мне Ягора Дубцова трэба, – прабасіў незнаёмец.
Такога карэспандэнта ў выданні не існавала. Гэта быў псеўданім Іванова. Зразумеўшы, што пахне смаленым, журналіст вырашыў схітрыць:
– Дубцова пакуль няма. Ён на заданні.
– Пашанцавала, – пачулася на тым канцы. – А то напісаў, што быццам я, Іван Сідараў, перавёз 20 ліпеня ўсяго дзве тоны збожжа. Хлусня. За мной усе пятнаццаць!
– Так, так, – адказаў Іваноў. – Мы абавязкова Дубцову перададзім. І вашы працоўныя паказчыкі ў наступным нумары ўдакладнім.
– Вялікі вам дзякуй, – адразу ж памякчэў голас. – З кім маю гонар размаўляць?
– Сяргей Іваноў.
– Вось вы добра пішаце, – пачулася з прыхільнасцю. – Дубцову трэба ў вас павучыцца. Усяго вам найлепшага.
Не паспеў карэспандэнт пакласці трубку, як тэлефон пачаў тарабаніць зноў.
– Слухаем вас, – добразычліва павітаўся журналіст.
– Іваноў на месцы? – запытаўся грубы мужчынскі голас.
Карэспандэнт і ў гэты раз вырашыў пайсці на хітрыкі.
– Ён у тэрміновай камандзіроўцы.
– Шкада, – прагучала на тым канцы проваду. – Ведаеце, ён быў у нашай гаспадарцы, пісаў матэрыял і пераблытаў прасаванае сена з падпрасаваным. Як так?
– Прабачце, калі ласка. Мы ўдакладнім гэты момант у наступным нумары. А Іванову зробім заўвагу.
– Дзякуй. Як вас зваць?
– Ягор Дубцоў.
– Чыталі, добра пішаце. Вось Іванову трэба ў вас павучыцца. Усяго добрага. Плёну!
Малады карэспандэнт паклаў трубку і выдыхнуў. Ён быў вельмі ўдзячны таварышам па пяры, якія параілі яму ўзяць псеўданім. Як-ніяк, а з ім працаваць у газеце было лягчэй.
Грунтоуны доказ
Быль
Самаабслугоўванне для нас, пакупнікоў, – гэта, згадзіцеся, зручна: у краму зайшоў, каляску ўзяў ды каці сабе ўздоўж паліц – выбірай, што трэба. Потым застанецца хіба аплаціць.
Самаабслугоўванне, як здавалася, зручна і для гандлю: не трэба нешта падаваць, узважваць, расказваць. Толькі грошы бяры ды сачы, каб ніхто нічога не скраў. Для гэтага ў магазінах і ахоўнікаў трымаюць, і камеры відэаназірання ставяць, але… марна: нічога не дапамагае.
Дык вось. Супрацоўнікі адной з крам заўважылі, што ў іх гандлёвай зале, апроч іншага, прападаюць… цэннікі.
Віны прадаўцоў у тым не было: тавары не пераацэньваліся, на іншы прылавак не пераносіліся, аднак такія выпадкі паўтараліся зноў і зноў, што стварала пэўныя нязручнасці: пакупнікі нерваваліся і не бралі тавар, бо не бачылі цэн, гандляры трацілі выручку і цярпенне.
З гэтым трэба было нешта рабіць. Дырэктар тэрмінова сабраў калектыў – паставіў задачу высачыць так званага чорнага мерчандайзера (меркавалася, што яго заслалі канкурэнты, каб на сваю карысць адбіць у магазіна частку пакупнікоў)…
Пакуль не адбілі, ахоўнікі і гандляры прыступілі да выканання задачы: яшчэ больш пільна пачалі сачыць за ўсімі, хто прыходзіць у краму. І ў хуткім часе заўважылі, што цэннікі знікаюць з лёгкай рукі аднаго… дзядулі. Прычым забірае ён не ўсе запар, а толькі на тыя тавары, што купляе сам.
– Навошта? – спыталі ў гэтага «мерчандайзера».
– Дык жонцы для справаздачы бяру, – вінавата прамовіў дзядуля.
– Але ж для гэтага на касе вам чэк выдаюць. Там усё пазначана, – заўважылі гандляры.
– Чэка мала… Вось цэннік – іншая рэч! Мая жонка толькі ім і верыць!
Размова з дзядулем была доўгай і досыць сур’ёзнай. Ён паабяцаў, што цэннікі браць болей не будзе. А вось стрымае сваё слова ці пойдзе па іх у іншую краму, яшчэ невядома.
Для самай-самай
Гумарэска
8 сакавіка Іван Васільевіч прачнуўся рана, каб паспець збегаць у бліжэйшы кветкавы магазін па букет для любімай жонкі.
Паколькі ён лічыў сябе мужчынам практычным, то звычайна выбіраў у падарунак для сваёй самай-самай выключна карысныя рэчы: наварочаны прас, патэльню, пасудамыечную машыну, нешта з мэблі. Але кожны раз так і не мог дагадзіць, бо замест доўгачаканага «дзякуй» чуў адно і тое ж: «А дзе кветкі?»
І сёлета ён вырашыў нарэшце выправіць сваю памылку. «Вось мая красачка здзівіцца, калі прачнецца і ўбачыць у вазе букет», – думаў Іван Васільевіч падчас шпацыру па горадзе.
– Якія кветкі вы хацелі б набыць? – запыталася ў яго сімпатычная дзяўчына ў краме.
– Мне б ружы, – адказаў мужчына, бо вырашыў не эканоміць і пачуць ад жонкі не проста «дзякуй», а ўбачыць на яе твары здзіўленне ды задавальнне.
Разлічыўшыся за букет, Іван Васільевіч з прыўзнятым настроем пашыбаваў назад. Па дарозе зазірнуў у бліжэйшы гастраном і набыў торт. Урэшце, якое свята без прысмакаў?
Мужчына ціхенька зайшоў у кватэру, узяў вазу, змясціў у яе букет і паставіў на стол. Каб цалкам здзівіць самую-самую, Іван Васільевіч нагрэў чайнік, разліў па кубках гарбату, парэзаў на кавалачкі торт. Толькі закончыў з падрыхтоўкай, як у дзвярах кухні з’явілася яна, яго каханая жонка. Зірнула на стол, і на яе твары з’явілася ўсмешка, а потым ён пачуў доўгачаканае «дзякуй». І нават: «Вельмі прыемна». Але пасля… Нібы хтосьці абарваў струны яго душы. Бо наступныя словы здзівілі:
– А дзе падарунак?
– Дык вось букет. Твае любімыя ружы… – разгубіўся Іван Васільевіч.
– Дарагі, а ты не чуў, што кветкі гэта не падарунак, а знак увагі? Іх трэба дарыць у дапаўненне да чаго-небудзь, – закаціўшы вочы, патлумачыла жонка.
– Нічога сабе дадатак. Каштуе быццам новая вуда, – прамармытаў сабе пад нос мужчына, а потым гучней дадаў: – Не ведаў я гэтага. Тады сама сабе падарунак выбірай.
– Які ты ў мяне цудоўны! Зараз збяруся і пойдзем з табой у ювелірную краму. Там такія завушніцы шыкоўныя, – падляцела да мужа жонка і пацалавала ў шчаку.
– Пайшлі. Што ж толькі не купіш для самай-самай…
Балюча – затое гаюча, або кароткі курс народнай медыцыны
Гумарэска
Аднойчы вясковец Мікола знянацку захварэў.
– Вой, таблетак ніякіх няма, і аптэка не працуе. Чым жа мне цябе лячыць? – занепакоілася жонка Марыля.
– Я неяк чытаў у газеце, што добра дапамагае народная медыцына. Ёю яшчэ нашы прадзеды карысталіся, – зазначыў хворы.
– Што, напрыклад? – пацікавілася кабета.
– Пярцоўка ці алкагольны кактэйль, – адказаў той.
Праз хвіліну жанчына ўжо трымала чарку пярцоўкі. Міколу адразу такая ўвага спадабалася, бо дагэтуль на гарэлку дома было табу. А тут жонка сама ў ложак прынесла.
На жаль, хвароба ў мужчыны хутка прайшла, і курс народнай медыцыны скончыўся. Таму ён пайшоў на хітрыкі: раніцай выйшаў на двор лёгка апрануты, а вярнуўшыся, нібыта закашляў і зноў злёг у ложак. Жонка павойкала ды ўзялася лячыць мужа правераным спосабам.
Міколу хацелася так пахварэць даўжэй, але, каб Марыля не западозрыла яго сімуляцыю, быў вымушаны хутка падняцца на ногі. Праз тыдзень гісторыя паўтарылася. І зноў былі алкагольныя кактэйлі, пярцоўка, націранне спіны спіртам.
– Якая добрая народная медыцына, – хваліў Мікола сваё лекаванне, – хутка выздараўліваю. Не тое што таблеткі. Хімія адна!
Праз тыдзень мужчына прастыў яшчэ раз.
– Можа, пярцовачкі? – запытаўся ён у жонкі.
– Здымай кашулю ды кладзіся ў ложак, – пачуў загад жонкі. – Зараз тваю хваробу выганяць будзем.
Мікола з задавальненнем выканаў жончыну просьбу. Але замест звыклай пярцоўкі ўбачыў у руках каханай лазовы дубец.
– А гэта яшчэ навошта? – здзіўлена запытаўся ён.
– Таксама добры сродак ад прастуды. У газетах пішуць, што дапамагае за адну хвіліну, нават лепш, чым пярцоўка, – з усмешкай адказала кабета. – Ім яшчэ нашы прабабкі карысталіся.
– Падман, – занепакоіўся Мікола. – Ніякія лекі пакуль за хвіліну на ногі не ставілі. Патрэбны курс лячэння.
– Значыцца, пройдзем яго, – супакоіла жонка і перайшла да працэдуры.
– Балюча, – завойкаў Мікола пасля першага дубца.
– Пацярпі, любы, – папрасіла лагодна жонка. – Балюча – затое гаюча.
Не мінула і хвіліны, як Мікола амаль пракрычаў, што ўжо стаў здаровым.
– І сапраўды, лепш за пярцоўку дапамагае, – зазначыў уголас ён.

Больш Мікола стараўся не хварэць. Бо ў народнай медыцыне лекі разнастайныя. І не заўсёды прыходзяцца даспадобы.
Свой чалавек
Гумарэска
Дзве кабеты-сяброўкі сядзелі цёплым летнім вечарам на лаўцы, размаўляючы пра здароўе.
– У баку коле, устаць з правай нагі не магу, – скардзілася Галя.
– А ў мяне з раніцы ціск высокі, а як вечар надыходзіць, то робіцца нізкі, – падзялілася Алена.
Раптам ідылію сябровак перапыніла іншая кабета, якая выйшла з пад’езда.
– Як маешся, Верачка? – запыталася Галя.
– Усё цудоўна. Справы ў парадку, настрой баявы, – з усмешкай адказала жанчына і пайшла.
– Не наш чалавек, – паківалі галовамі сяброўкі і зноў загаварылі пра свае болькі ды хваробы. Да іх гаворкі далучылася бабуля, якая таксама ў гэты вечар вырашыла выйсці на вуліцу.
– Ой, Ніначка, сто гадоў цябе не бачылі. Куды ты знікла? – запыталіся кабеты ў адзін голас.
– І, пэўна, зноў яшчэ доўга не ўбачыце, – уздыхнуўшы, адказала тая. – З кватэры выйсці не магу. У баку коле, спіна ломіць, галава шуміць, як прачнуся – на абедзве нагі не адразу ўстаю.
– Наш чалавек, – задаволена прамовілі жанчыны. – Ну, хадзі сюды, пагутарым.
Далей размова палілася ракой. Жанчыны не заўважылі, як зайшло сонца. Разышліся, калі зусім сцямнела. Затое колькі агульных тэм абмеркавалі!
Памылка
Іранеска
Не паспеў я апынуцца ў краме, як за спінай пачуў:
– Гэта ён!
Тут жа каля мяне з’явілася сімпатычная дзяўчына – прадавец-кансультант – і прамовіла з усмешкай:
– Добры дзень, ці магу я дапамагчы вам выбраць тавар?
Гэтую краму я наведваў неаднойчы, але так ветліва, як сёння, да мяне тут ніколі не ставіліся. Наадварот, звычайна я бачыў незадаволеныя твары супрацоўнікаў.
«Мабыць, не з той нагі ўсталі», – узнікла думка.
А дзяўчына працягвала:
– Калі спатрэбіцца кансультацыя, то, калі ласка, звяртайцеся.
– Чаму б і не? – адказаў я, бо тут не кожны дзень прапаноўвалі свае паслугі. – Дапамажыце, будзьце ласкавы, выбраць парфуму.
– Гэта сапраўды ён! – зноў пачуліся галасы за спінай. – Прыкметы супадаюць.
– Тады прайдзіце за мной, – амаль праспявала дзяўчына.
Я рушыў следам. Праз хвіліну мы апынуліся ў патрэбным аддзеле.
– Які водар вам больш за ўсё падабаецца? – запыталася прадавец.
– Розны, – адказаў я.
– Гэта правільна, – усміхнулася дзяўчына. – Трэба мець парфуму дзённую і вячэрнюю, летнюю і зімовую, штодзённую і спартыўную. Ранішняя парфума павінна быць свежай, а на вечар лепш браць больш цяжкі водар.
За пяць хвілін кансультацыі я даведаўся пра адэкалоны і туалетныя воды, здаецца, усё, што можа быць патрэбна звычайнаму мужчыну.
– Які ваш выбар? – зноў праспявала кансультант.
– Вось гэтая парфума мне спадабалася.
– Цудоўна. Яна вам падыходзіць, – усміхнулася дзяўчына.
Я прайшоў да касы.
– Добры дзень, – павіталася касір, якая звычайна сядзела са змрочным тварам. – Якое цудоўнае сёння надвор’е. Якраз для водару такой парфумы.
Я збіраўся ўжо разлічвацца, як да касы падбег ахоўнік.
– Толькі што званілі з другой крамы, сказалі, што тайны пакупнік – дзяўчына-бландзінка, а не…
Тры пары вачэй утаропіліся на мяне. Першай апрытомнела касір:
– Мужчына, хутка разлічваемся, не затрымліваем чаргу.
– Зараз, зараз, – паспешліва лічыў я купюры.
Кансультант жа ў гэты час шчыра абурылася:
– Я за сёння ўжо тройчы чытала лекцыю аб правілах выбару парфумы, ажно язык забалеў! Так працаваць проста немагчыма!
У гэты момант у дзвярах з’явілася бландзінка.
– Гэта яна! – шапнула касір. – Хутка па сваіх месцах!
– Добры дзень. Цудоўна выглядаеце. Ці магу я вам чым дапамагчы? – звярнулася кансультант да наведвальніцы.
– Канешне, – адказала яна.
Тым часам я забраў сваю парфуму і накіраваўся да выхаду. Эх, каб кожны дзень у крамы хадзілі тайныя пакупнікі! Можа, тады наш сэрвіс стаў бы лепшым?
Кадр на перспектыву
Гумарэска
Гэтая гісторыя адбылася ў адной фірме. Яе заснавальнік Іван Іванавіч неяк прывёў новага чалавека і сказаў дырэктару:
– Рыгор Цімафеевіч, знаёмцеся, Яўген – сын майго таварыша. Мне рэкамендавалі яго як супрацоўніка на перспектыву. Паглядзіце, калі ласка, у якой ролі ён можа спатрэбіцца нашай фірме.
– Зробім, Іван Іванавіч, – адказаў дырэктар, адразу ж выклікаў намесніка і растлумачыў сітуацыю.
Той паслухаў, што можа рабіць хлопец і сходу азадачыў яго абавязкамі. На дзіва, новы падначалены справіўся з імі хутка і якасна.
«Ды такімі тэмпамі ён праз месяц мяне падседзіць. Што тады рабіць? Шукаць новую працу?» – нерваваўся намеснік, калі яго выклікаў дырэктар.
– Ну, як новы супрацоўнік? – запытаўся Рыгор Цімафеевіч.
– Ведаеце, здольнасці ў яго сапраўды ёсць. Перспектыўны хлопец, але пакуль сыры. Можна прызначыць яго ў які-небудзь іншы аддзел спецыялістам.
– Добрая ідэя, – усміхнуўся шэф і набраў нумар на тэлефоне. – Алё, Алег Анатольевіч, зараз да вас прыйдзе перспектыўны навічок. Прыгледзьцеся да яго, можа, падыдзе вам. Згодны?
– Што за пытанне, Рыгор Цімафеевіч! Знойдзем, што яму даручыць.
Так Яўген апынуўся на новым фронце работ. Загадчык аддзела адразу ж даў яму некалькі складаных заданняў. І хлопец справіўся з імі за кароткі тэрмін, прытым якасна.