Читать книгу Прынагоднае. Эсэ, вершы, публіцыстыка, штосьці пра аўтара (Алесь Станкевіч) онлайн бесплатно на Bookz (2-ая страница книги)
bannerbanner
Прынагоднае. Эсэ, вершы, публіцыстыка, штосьці пра аўтара
Прынагоднае. Эсэ, вершы, публіцыстыка, штосьці пра аўтара
Оценить:
Прынагоднае. Эсэ, вершы, публіцыстыка, штосьці пра аўтара

5

Полная версия:

Прынагоднае. Эсэ, вершы, публіцыстыка, штосьці пра аўтара

У двары дома па Першамайскай быў яшчэ невялічкі двухпавярховік, там была кінарамонтная майстэрня. Працавалі там майстравітыя дзядзькі, ладзілі ня толькі кінапраектары, але і розныя іншыя пабытовыя ды тэхнічныя прылады, часта да іх зьвярталіся матацыклісты, а матацыклаў жа трафейных на той час было розных марак ды калібраў, вядома ж я такой прыгажосьці абмінуць ня мог. І сёньня памятаю самы мне любы БМВ-360, прыгожага дызайну, з карданнай перадачай, а які ў яго быў голас… Майстры хутка мяне прынялі за свайго, давалі мне цацак ад сваіх рамонтаў, ды, нават калі нікалі бралі пасьля працы мяне з сабою «трахнуць», у іх гэта азначала кульнуць па келішку гарэлкі, ці па куфлю піва, мяне ж частавалі сокам ці газіроўкай, але ў кампаніі… Кропак дзе прапанавалася гэткае «Бістро», хапала на кожным кроку. Былі і іншыя «выхавацелі», прыкладам сярод тэлефаністаў, што ладзілі ці пракладвалі сувязь, знаходзіліся і такія хто мог цікаўным прапанаваць патрымаць два канцы кабелю, а самі крутнуць ручку дынамы, каб слабым токам таргануць таго ж цікаўнага пацанёнка. Аднаму гэта была навука, другому рогат…


Сьпяшаючыся хутчэй падрасьці, малыя цягнуліся да старэйшых, пераймалі іх звычкі, манэры, гэтак было спрадвеку, а калі старэйшыя хлопцы дазвалялі некуды з імі пайсьці, то быў асаблівы давер. Неяк так у кампаніі бальшуноў на вуліцы яны мне падказалі, што мой татка едзе на днямі атрыманым самазвале, якога я яшчэ не бачыў. Машына запавольвала хаду перад павароткай, дык я дагнаў яе, ды скочыў на падножку з боку кіроўцы і прысеў, левай рукой трымаючыся за рукаятку кабіны, а правай за накрыўку бензабаку.

Тата мой, пілнуючы дарогу, такой жамяры як я не заўважыў, затое ж заўважыў міліцыянт-рэгуліроўшчк з перакрыжаваньня, які кінуўся ў бок машыны. Спыніўшыся, ды адчыняючы дзьверцу кабіны, мой здзіўлены тата пабачыў саскочыўшага мяне і, зразумеўшы магчымыя наступствы, зьбялеў.

Як ён тлумачыўся міліцыянту ня памятаю, але мне было загадана чакаць у хаце. Хутка тата прыехаў ды выдаў мне поўху, дарэчы першую ды апошнюю за ўсё маё жыцьцё. Рукі ён на мяне не паднімаў, затое мог так словамі дастаць, што лепей бы пакалаціў…

Бальшуны мяне завялі і ў марскі клуб, і ў аэраклуб, і ў мотаклуб, паўсюль было шмат цікавага ды, за недахопу ўзросту, мяне нікуды ня прыймалі, але ж дужа хацелася, затое на мастацкія выставы, на выставы праектаў архітэктурнай адбудовы Магілёву ды іншыя запісвацца ня трэба было ды й квіткоў купляць ня трэба было, вось я і займаўся самаадукацыяй. Але часу хапала і спаборніцтвы па веславаньні ці плаваньні пабачыць, нават скачкі ў ваду бачыў. Ніжэй мосту на Дняпры была часовая драўляная вежа для скачкоў у ваду, а на працілеглым баразе месьцілася база марклубу, адтуль на вёслах ці пад ветразем адыходзілі ялы на 6 ці 8 весьляроў. А побач з нашым домам у двары была база ДТСААФ, там стаяў самалёт ПО-2, у боксе стаяў танк, ды некалькі боксаў пазьней былі аддадзены мотаклубу, апошні мяне больш вабіў, мо таму, што там ужо мой Арнольд займаўся, які быў ужо ўдзельнікам некалькіх гонак. Побач, праз плот, у пачатку 50-х гадоў пабудавалі стадыён «Спартак», перарабіўшы яго са спартыўнай базы школы КГБ. Спартак стаў маім першым спартыўным таварыствам, а сам стадыён – галоўным месцам майго спартовага сталеньня.


Стадыён «Спартак»


Як прыйшоў я ў 11 год да трэнера Віктара Шадуры на лёгкую атлетыку, так з ёю пажыцьцёва і «пабраўся шлюбам».

Ці не першы раз самастойна задумаўся я над сваімі учынкамі, калі аднаго разу зь вёскі прыехаў да нас цесьць майго стрыечнага брата. Прыехаў ён адведаць свайго першага унука, цягнуў з сабою два вялікіх кашы вясковай сьнедзі ды прысмакаў, а дарогі не ведаў. Да нас жа шлях ведалі ўсе. А тае дарогі да брата было метраў не больш за дзьвесьце, то бок перасекчы па дыяганалі Камсамольскі сквер ад Дзевятага гастраному да шпілю каля кіно «Радзіма». Вось маці мяне і адправіла правадніком. А мне проста! Я на той час геаметрыі не ведаў, але праверыў, што напрасткі хутчэй. Розныя весьнічкі, паркавыя алеі – то для іншых… Лёгка пераскочыўшы цагляную, агарожу скверу каля метру вышынёй да гэткай жа шырыні (у двух кроках побач быў шырокі праход), па скошаным газоне, праз пастрыжаная кусты я упэўнена кіраваўся да брата… А дзе ж мой госьць? А госьць жа не я, пакуль узьняў свае кашы на агарожу, пакуль сам узлез ды зьлез, ажно успацеў, але кіраваўся дакладна за мной, прысьпяшаючыся… Раптам я разгубіўся, ды мне стала сорамна вельмі. Аказваецца трэба улічваць свае магчымасьці з тымі, аб кім ты апякуешся…

Жывучы ў цэнтры гораду мы нібы трымалі явачную кватэру. Бо партызанскіх сяброў, знаёмых з партызанскіх вёсак, ды сваякоў розных адгалінаваньняў заходзіла да нас шмат. Дзьверы у нашую кватэру ключом запіраліся толькі на ноч. Пакуль я не пайшоў у першы клас, маці мая сталай працы ня мела, і, з большага, была ў хаце. Для мяне самым цікавым было калі зьбіраліся партызаны. Прайшло якіх пяць, сем гадоў пасьля заканчэньня іх партызанкі, і яны па-сапраўднаму горача і шчыра згадвалі падзеі, сяброў, страты, жахлівыя і сьмешныя моманты, карацей, вярталіся ў мінулае, нібы не даваяваўшы. Нагадаю, што на першым паверсе пад намі была крама, таму пачастунак на стале быў заўсёды.

А мне, апроч таго, што цікавыя былі іх гаворкі, дык яшчэ чаго-небудзь смачнага са стала перападала, бо есьці хацелася ж. Прызнаюся нават, што практыкаваў я іншы раз макнуць лусьцік белага хлебу ў недапіты келіх гарэлкі ды зьесьці, як старэйшыя ня бачылі. Зараз, ужо стары, тлумачу ўсім, што гэта выпрацавала ў мяне імунітэт на алкаголь, бо залежнасьці ад яго ня прыдбаў, хоць іншы раз і ня грэбую якім келіхам. А калі ў гасьцей быў добры настрой, яны маглі засьпяваць свае партызанскія песьні, а то тата хахляцкія песьні пеў, у яго ня блага выходзіла, іншы раз дапамагала яму й маці, а калі яна шчэ брала гітару сяміструнку, ды заводзіла які раманс – быў сапраўдны канцэрт. Звычайна імпрэза цягнулася дапазна, мяне ўжо адпраўлялі спаць, але дзе там, я хаваўся ці пад сталом, ці дзе ў куточку, ды слухаў, слухаў…

Гэта прывяло да таго, што з часам, калі партызанскія успаміны пачалі блытацца, а ў некага пыхі ці гераізму прырастала, дык вось я, ужо стаўшы дарослым, мусіў ім дэлікатна падказваць, як насамрэч было. Тады яны дзівіліся, але згаджаліся.

У бацькоў свае госьці, у мяне ж свае. Іншым разам да нас «на горад» прыяжджалі ці знаёмыя, ці сваякі, якім я рабіўся «экскурсаводам», паказваў розныя мясьціны прыгожыя, збудаваньні гарадскія ды іншае. Пасьля такой маёй экскурсіі крыху маладзейшая мая стрыечная сястра Тома з Палевічаў, кажуць, распавядала на сваіх Рудках. «Прывёў мяне Сашка да нейкае хаты, а яна ж вышэй разоў пяць за самае высокае з нашых дрэваў, а даўжынёй болей за нашую усю вуліцу, ды яшчэ вокнаў жа, вокнаў… у восем радоў у гару. А ў сенцах нейкіх вялізных людзей, людзей… Нейкія цёткі ў белых халатах ды каптурыках, як лекары, гандлявалі адна нейкімі пончыкамі, то падобныя на нашыя рэзьнікі, толькі рудыя, ды нейкай салодкай крэйдай пасыпаныя, другая зь нейкіх крывых слоікаў нацэжвала мёду рознакаляровага, потым налівала нейкай шыпуча – калючай вады… Але ж смачна!!! Потым мы ішлі нейкім напоўцьмяным калідорам, бо былі толькі дзьверы з абодвух бакоў, адкуль выходзілі нейкія людзі, каб зайсьці ў другія дзьверы… Падыйшлі да нейкай жалезнай шафы з падвойнымі дзьвярыма ды закратаваным вакном, увайшлі ў сярэдзіну, а яна раптам сама паехала ў гару, са страху я ўчапілася за братаву руку ды й вочы заплюшчыла. Потым бразнулі зноў дзьверы, мы зноў апынуліся ў падобным калідоры, які меў на сваім заканчэньні вакно. З таго ж вакна я пабачыла тое, з чаго ў мяне дух заняло ды й каленькі задрыжэлі. Нейдзе далёка ўнізе рухаліся нейкія чалавечкі меньшыя за мурашоў, зрэдку сноўдаліся машыны, памерам з божых каровак, дрэвы выглядалі нязвыкла прыгожа»… Так мая Томця распавядала пра наш Дом Саветаў, папярэднік менскага Дому Ураду, пра ліфт на якім першы раз пракацілася…


Мой брат закончыў тэхнікум і быў разьмеркаваны на працу ва Узьбекістан, на той час у нас кватэравала мая стрыечная сястра Аля, яна вучылася ў Педагагічнай вучэльні на выхавацельку дзіцячага садку. Гартаючы з цікаўнасьці яе падручнікі, я запомніў партрэты ды імёны расейскіх, ды савецкіх тагачасных класікаў літаратуры, а неяк пазьней кватэраваў у нас Хведзя, што вучыўся на фельдшара-акушэра, яго падручнікі мяне пазнаёмілі з анатоміяй, а малодшы брат Алі, Валодзя Палевіч, трошку жывучы у нас, расказваў пра Данбас ды шахты, пра тое як цікава кіраваць планёрам, лётаючы над Магілёвам. Жыла трошку і паштовы экспедытар Люба, дык той я ўдзячны за знаёмства з тым, як на вёсцы, а было тое блізка Вейна, гуляюць Купальле. Вось так, патрошку, ад розных знаёмстваў і набіраўся мой сьветапогляд, жыцьцёы досьвед. Атачэньне ў мяне было даволі разнастайнае, але ў сумніўныя хаўрусы мяне не цягнула, відаць на той час я быў паглынуты спортам ды іншымі, для мяне больш прывабнымі заняткамі. Сапраўдная бойка, адзін супроць некалькіх, ды супроць нажа мяне напаткала, калі я ўжо быў выкладчыкам інстытуту ды меў жонку і пяцімесячнага сынка, але вось досьведу, як біць чалавека, ў мяне не было. З тае сітуацыі я выйшаў цэлы ды непераможаны, але, калі меў ўжо двух сыноў, падарыў ім баксёрскія пальчаткі, бадай, каб сталі лепш за мяне падрыхтаваныя…


Маці – для кожнага чалавека самая блізкая і дарагая асоба. Яна нараджае нас на сьвет белы, яна корміць нас сваім малаком, яна сагравае нас сваім цяплом, яна вучыць роднаму слову, яна першая наша вучыцелька. Відаць у кожных рэлігіях ёсьць запавет шанаваць сваіх бацькоў, і маці там павінна стаяць на першым месцы. У чалавека за жыцьцё можа быць некалькі жонак, адпаведна і колькасьць дзяцей не малая, а вось маці ды тата толькі адны. Ужо дастаткова сталым пазнаёміўся я з адной легендаю, нібы ў Грэцыі адзін юнак надта ж пакахаў нейкую прыгажуню, тая ж ніяк да яго не ставілася, болей таго кпіла з яго ды насьміхалася. Аднаго разу паведала, што прыме яго каханьне, але толькі калі ён прынясе ёй галаву сваёй маці! Жудасная прапанова доўга мучала юнака, але каханьне іншым і вочы засьціць і розуму іх пазбаўляе, дык вось ён усёж выканаў патрабаваньне. Паклаўшы матчыну галаву ў кошык, ён стрымгалоў паімчаў да тае прыгажуні, каб хутчэй пазбыцца свайго грэху ды здзейсьніць даўнюю мару. Сьпяшаўся так, што абступіўся, абраніў кошык ды павліўся. Адсечаная галава маці выкацілася ў дарожны пыл, ды спытала: «Сыночак, ты не пабіўся?»…

Маленькаму мне маці расказвала казкі, якія чула ад сваёй маці, распавядала аб сваіх дзіцячых прыгодах, аб сваёй сям’і, потым аб партызанскіх часах, яна ж заахвоціла мяне да чытаньня. У шасцігадовым узросьце я ўжо сам завучыў некалькі вершаў А. Твардоўскага з «Васіля Цёркіна». Кніга гэтая была падорана Арнольду на 16 год дзядзькам Янкам, татка наш іншы раз чытаў яе ў голас, а потым і я заахвоціўся…

Запомніліся маміны рукі, якія былі заўсёды пяшчотнымі, мягкімі ды цёплымі, калі яна ўжо працавала ў штамповачным цэху з брудным, цяжкім, халодным металам на груваздкіх ды грамыхаючых станках, дзе ўзімку стаяў вулічны холад і працаваць даводзілася ў тры зьмены, то бок, нават ўночы. Неяк аднаго разу пад штамп трапіў яе палец так, што дзьве фалангі костак выйшлі вонкі, але ж лекары ёй палец уратавалі. Пасля таго яна ўжо не кранала гітары, але рукі яе аднаўляліся, захоўваючы свае ўласьцівасьці. Апошнія яе хвіліны я трымаў тые рукі ў сваіх і яны былі як заўсёды – цёплымі, мягкімі, звыкла мамінымі…

Я пісаў, што маці мая з-за хваробаў не працавала пэўны час, была хатняй гаспадыняй, і, калі я з вулічных сваіх вандровак вяртаўся дадому, дужа мне падабалася слухаць яе расповеды ці пра яе бацькоў з братамі ды той жа сястрой Фрузай, ці дзіўныя казкі, што запомніла яна са свайго маленства, ці пра тое, як у партызанскім лесе адна з маленькім Арнольдам выпякала хлеб у адмысловай зямлянцы на цэлы атрад… Сядзім мы ля печы, назіраем як гараць, шыпяць ды патрэскваюць дровы, аддаючы цяпло і я слухаю маці. Калі іншы раз хварэў, яе мяккія пяшчотныя рукі і коўдру з падушкаю паправяць, і парашкоў з мікстурамі дадуць так, што зусім не горка, а то, як хвораму, дадатковае харчаваньне – які піражок з павідлам з крамы, ці кісялю зварыць з журавінавага соку, купленага у той жа краме на першым паверсе…

Маці расказвала, што была самай малодшай у сям’і, нарадзілася ў 1915 годзе, пасьля вяртаньня майго дзеда Міхала з Дэтройту амерыканскага, дзе ён за пару год на эміграцыі заробіў крыху грошай, збудаваў нейкае немудрагелістае жытло, ды выправіўсяца зваротна праз акіян забраць сям’ю, але, раптам, пачалася Першая Сусьветная вайна, потым рэвалюцыя, потым калектывізацыя… Шукаючы паратунку ад голаду выправіліся яны ўдвох з маёй бабуляй ва Украіну, ды там і памерлі з тае ж галадухі, родным нават невядома месца пахаваньня, ды й ці ёсьць увогуле яно…

Маці ж маю з нараджэньня празвалі амерыканачкай. Адукацыі ў маці, як і ў бацькі, было толькі чатыры класы, працавала яна апошнія гадоў пятнаццаць да пэнсіі штампаўшчыцай на заводзе, бачыў я гэтую цяжкую, брудную працу ў халодным па-вулічнаму цэху. Але маці не наракала, яна заўсёды была прыкладам, тройчы узнагароджана за сваю працу ўрадавымі граматамі, абіралася дэпутатам раённага ды гарадскога саветаў, была пэрсанальным пэнсіянэрам. Быў пры Саветах такі прывілей для раўнейшых сярод роўных. Да апошніх сваіх дзён, у яе хапала цеплыні і павагі, разумных парадаў, простых практычных дзеяньняў у дапамогу і не толькі блізкім ды родным, яна не адмаўляла ў дапамозе і незнаёмым. Ужо кепска бачучы, на апошнім тыдні свайго веку, калі ўжо некалькі месяцаў не магла ўстаць на ногі, абклаўшыся падушкамі, каб не паваліцца, седзячы ў ложку, яна на сьпіцах вязала ці шкарпэткі з воўны, ці пантофелькі хатнія дарослым і малым, якімі абдорвала усіх. Я бачыў яе вырабы ў сваякоў у Маскве, Піцеры і на Палесьсі… Цёплыя, мяккія матчыны рукі не забыць мне ніколі… Рукі, якія падтрымлівалі, накіроўвалі, песьцілі мяне праз усё жыцьцё.


Палевічы: дзед Міхал, бабуля Лісавета, цётка Фруза і маці


Дзеці ды старыя патрабуюць шмат апекі, мы мусім ім дапамагаць. Але калі баліць малому – мы ведаем, што гэта пройдзе, хутка падрасьце, ўсё наладзіцца… Калі ж баліць старому, спадзявацца на тое, што будзе добра, не выпадае. Розум падказвае, што трэба чакаць горшага, а ведаючы, што дапамагчы ты не ў стане, даволі цяжка з гэтым мірыцца…


Дзядзькі Палевічы: Пятро, Сьцяпан ды Раман


Вакол нас дастаткова шмат старых людзей, яны не такія актыўныя як мы, кепска чуюць, кепска бачаць, у іх можа быць кепская памяць, карацей – яны бачацца нам не такімі, як мы. А іншы раз яны нас раздражняюць. Але варта памятаць, што некалі яны былі таксама маладымі, прыгожымі, разумнымі, дужымі, ды толькі час, праца, жыцьцё ўвогуле зрабілі іх іншымі. Калі давядзецца, то й нам тае долі не мінуць… Пра гэта варта памятаць заўсёды, менавіта спагадлівасьць, павага да старэйшых, цярплівасьць ды гатовасьць дапамагаць вызначае сапраўднага шляхетнага чалавека ў любой краіне…

Аналізуючы жыцьцё ці, як той казаў, разважаючы над яго сэнсам, прыходзіш да высновы, што жыцьцё – гэта не проста Божы падарунак, гэта спрэс выпрабаваньне… Чуў я розныя тлумачэньні пра тое, навошта чалавек жыве. Нават такое, што першую палову жыве – каб сапсаваць сабе другую… Сам жа я мяркую, што жыву дзеля таго, «каб удасканальваць Сьвет на падставе ўласнае недасканаласьці, ды мець з таго задавальненьне», жарт, вядома…

Гэта некалі мною падслуханае, ды крыху дапоўненае выслоў'е…


Парадаў ды рэцэптаў як жыць – ніхто не дасьць, бо кожны жыве сваё жыцьцё, набывае свой досьвед, але ведаць як жылі раней, разам з тым разумець як жывуць сёньня іншыя – вельмі карысна. Зараз дастаткова літаратуры з гісторыі, якую доўгі час ад нас хавалі, можна чытаць ды рабіць свае высновы, падкрэсьлю – свае, а ня тыя «што правільныя»… Трэба вызначыцца з сябрамі, мне, прыкладам, да спадобы старажытнае выслоўе: «Amicum proba, probatum ama» – «Сябра выпрабуй, а выпрабаванага любі», гэта з лацінскай мудрасьці, адтуль жа і гэта: «Hodie Caesar – cras nihil», «Сёньня Цэзар – заўтра нішто»…

Конец ознакомительного фрагмента.

Текст предоставлен ООО «Литрес».

Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на Литрес.

Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.

Вы ознакомились с фрагментом книги.

Для бесплатного чтения открыта только часть текста.

Приобретайте полный текст книги у нашего партнера:


Полная версия книги

Всего 10 форматов

bannerbanner