Леанід Спаткай.

Нацыянальныя і дзяржаўныя сімвалы Беларусі



скачать книгу бесплатно

© Леанід Уладзіміравіч Спаткай, 2017


ISBN 978-5-4483-1875-7

Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero

Прадмова

Сцяг і герб з’яўляюцца важнымі сімваламі дзяржаўнага суверэнітэту і як толькі краіна дабіваецца незалежнасці, яна ўрачыста заяўляе пра свае сімвалы: герб і сцяг.

Сцягі лунаюць над дзяржаўнымі ўстановам і падчас афіцыйных мерапрыемстваў, а таксама на флагштоках караблёў. У большасці сваёй сцягі – гэта прамавугольныя палотнішчы, аднакаляровыя або састаўленыя з рознакаляровых палос, на некаторых з іх маюцца геральдычныя выявы або надпісы.

Правобразамі сцягоў былі ваенныя знакі ў выглядзе шастоў з рознымі фігурамі на вяршынях, часта ўпрыгожаныя каляровымі стужкамі. Такія знакі выкарыстоўваліся са старажытных часоў, напрыклад, вядомы іх выявы на рэльефах Старажытнага Егіпта і Асірыі. У Старажытным Рыме да шастоў сталі мацаваць каляровыя палотнішчы. Рымляне называлі такія знакі словам «вексілумм». Менавіта гэта слова і стала асновай для назвы дапаможнай гістарычнай дысцыпліны – вексілалогіі, якая вывучае флагі і сцягі (Уласна сцягі падраздзяляюцца на дзве вялікія групы, якія ў рускай мове маюць назвы «флаги» і «знамена». У беларускай мове ўсе яны называюцца «сцягі», што не зусім тоеснае, таму, каб пазбегнуць блытаніны, слова «сцяг» далей будзе ўжывацца як тоеснае рускаму «знамя»).

У старажытнасці больш распаўсюджанымі былі сцягі. Іх мелі вайсковыя падраздзяленні, рамесніцкія цэхі, гандлёвыя кампаніі, каралі і імператары, бо правілы класічнай геральдыкі дазвалялі любому ўладальніку герба мець і сцяг (гербавы штандар) аналагічнага малюнка.

Флагі ж раней выкарыстоўваліся ў асноўным на флоце, бо маракам было важна здалёк вызначыць прыналежнасць сустрэчнага карабля. Затым паступова флагі «перакачавалі» на сушу.

Найбольш важнымі і шануемымі з’яўляюцца дзяржаўныя і нацыянальныя флагі. Нацыянальны флаг – гэта сімвал нацыі, які ў монанацыянальных краінах, як правіла, выкарыстоўваецца ў якасці дзяржаўнага. Ува ўсіх краінах да сваіх нацыянальных і дзяржаўных флагаў адносяцца з вялікай павагай і пашанай, а за іх абразу можна атрымаць буйны штраф або іншае суровае пакаранне. У некаторых краінах у знак вялікай пашаны да флага просты чалавек можа вывешваць ля свайго дома толькі маленькі сцяжок або вымпел нацыянальных колераў і то толькі па вялікіх святах, напрыклад, у Дзень незалежнасці.

Многія флагі ўяўляюць сабой спалучэнне палос розных колераў, размешчаных вертыкальна або гарызантальна. Таму палосы на флагу прынята пералічваць зверху ўніз або ад дрэўка да вольнага боку. Напрыклад, флаг Францыі правільна называць «блакітна-бела-чырвоны».

Пры вертыкальным вывешванні палотнішча, якое складаецца з гарызантальных палос, яго верхняя паласа павінна размяшчацца злева ад гледача, а ніжняя – справа.


Правобразы гербаў – розныя сімвалічныя выявы, што змяшчаліся на вайсковым рыштунку, сцягах і асабістых рэчах, выкарыстоўваліся яшчэ ў старажытнасці.

У творах Гамера, Вергілія, Плінія і іншых антычных аўтараў сустракаюцца запісы аб выкарыстанні такіх знакаў. Прычым, уласныя эмблемы мелі як рэальныя, так і легендарныя асобы. Напрыклад, уласнай эмблемай Аляксандра Македонскага быў марскі канёк (гіпакамп), які ўпрыгожваў яго шлем, шлем Ахілеса упрыгожваў арол, шлем цара Нумідзіі Масінісы – сабака, шлем рымскага імператара Каракалы – арол.

Шчыты таксама ўпрыгожваліся рознымі эмблемамі, напрыклад, выявай адсечанай галавы Гаргоны Медузы. Але многія гэтыя знакі выкарыстоўваліся як упрыгожанне, таму часта змяняліся ўладальнікамі, не перадаваліся ў спадчыну і іх ужыванне не рэгламентаваліся ніякімі правіламі.

Большасць старажытных цывілізацый мелі ў сваёй культуры некаторыя элементы геральдыкі, напрыклад, сістэму пячатак. У Асірыі, Вавілоне і Старажытным Егіпце пячаткі выкарыстоўваліся, як затым і ў сярэдневяковай Еўропе, для пасведчання дакументаў. Таму некаторыя эмблемы дзяржаўных утварэнняў антычнасці выкарыстоўваліся на працягу стагоддзяў: на манетах, медалях, пячатках. Многія гэтыя рэчы захаваліся да нашага часу, дзякуючы чаму вядома, што эмблемай Афін была сава, Карынфа – Пегас, Самоса – паўлін, вострава Родас – ружа. З III тыс. да Р.Х. існаваў «герб» шумерскай дзяржавы – арол з галавой ільва. Эмблемай Егіпецкага царства была змяя, Арменіі – каранаваны леў, Персіі – арол. Затым арол стаў гербам Рыма, а гербам Візантыйскай імперыі, якая хацела аб’яднаць пад сваёй уладай абедзве часткі былой Рымскай імперыі, стаў двухгаловы арол, які затым «пераляцеў» на гербы Албаніі, Расіі, Сербіі і некаторых іншых краін.

Такім чынам, розныя геральдычныя знакі і эмблемы існавалі ўсюды і заўжды, але ўласна гербы з’явіліся ў Еўропе толькі ў X ст. Гэта былі гербы рыцараў, якія сталі затым радавымі, а некаторыя з іх – і дзяржаўнымі. Так, у аснове амаль усіх дзяржаўных гербаў еўрапейскіх краін былі радавыя гербы дынастый. Напрыклад, на гербе Даніі – тры блакітных леапарды на залатым полі, усеяным чырвонымі сэрцамі. На гербе Швецыі львы падтрымліваюць шчыт, яны ж знаходзяцца ў другой і трэцяй частках шчыта самога герба. Леў і на гербе Фінляндыі. На гербах Бельгіі, Нідэрландаў і Люксембурга таксама леў – старажытны герб герцагаў Бургундскіх. Льва можна ўбачыць і на гербах іншых краін. А на гербах Аўстрыі, Албаніі, Балівіі, Германіі, Інданезіі, Ірака, Калумбіі, Лівіі, Мексікі, Польшчы, Сірыі і многіх іншых краін прысутнічае другі старажытны сімвал дзяржаўнай улады – арол.


Сімвалы Беларусі не маюць ні выявы арла, ні выявы льва. Тым не менш іх гісторыя пачынаецца ў глыбіні вякоў амаль адначасова з гісторыяй беларускага народа. Менавіта аб гэтым і будзе аповед, які, спадзяюся, будзе карысны не толькі тым, хто цікавіцца гісторыяй і геральдыкай, але і ўсім жыхарам нашай краіны і яе суседзяў.

Герб

Першыя гербы, як гербы ў поўным сэнсе гэтага слова, з’явіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі прыкладна ў XIV ст. Яны, у адрозненне ад рыцарскіх заходнееўрапейскіх гербаў, мелі іншае паходжанне. З незапамятных часоў нашы продкі балты-лiцвіны і славяне-крывічы карысталіся рознымі сiмвалiчнымi знакамі, якія служылі ім не толькі знакамі маёмаснай прыналежнасці, але i знакамi-абярэгамi, якія павінны былі дапамагаць іх уладальнікам у паўсядзённым жыцці або абараніць іх падчас вайсковай справы. Выявы гэтых сімвалаў змяшчаліся як на прадметах бытавога ўжытку (упрыгожанні, жыллё, адзенне i г. д.), так i на прадметах вайсковага рыштунку (зброя, сцягі i г. д.).

Традыцыі гэтыя зарадзіліся яшчэ ў паганскія часы, а хрысціянства затым прынесла свае асаблівасці: так, напрыклад, у якасці абарончых сiмвалаў-абярэгаў воіны сталі выкарыстоўваць выявы анёлаў або святых, якіх лічылі сваімі нябеснымі заступнікамі. Вядома вялікая колькасць разнастайных геральдычных знакаў, якія таксама выкарыстоўваліся ў якасці вайсковых сiмвалаў-абярэгаў. У шматлікіх летапісах, на фрэсках i барэльефах сабораў i цэркваў, на іконах, у археалагічных крыніцах знаходзім звесткі аб гэтых знаках. Часцей за ўсё гэта геаметрычныя фігуры: прамыя або касыя («андрэеўскiя») крыжы, зоркі з чатырма, шасцю або васьмю канцамi-промнямi, радзей – рэальныя або міфічныя істоты.



Таму першыя ўласныя гербы таксама мелі просты выгляд. Часцей за ўсё гэта былі спалучэнні розных ліній, часта выкарыстоўваліся эмблемы, асновай якіх з’яўлялася выява стралы, мяча, крыжа, падковы або маладзіка.



Знакі Рурыкавічаў (В. С. Драчук «Дорогами тысячелетий»)


Напрыклад, уласным гербам Вялікага князя Альгерда (1345—1377) была выява крыжа з джаламі стрэл уверсе i ўнізе.


Пячатка и магчымы герб Вялікага князя Альгерда


Гербам Вялікага князя Вітаўта быў відазменены герб «Трызуб», які атрымаў назвы «Слупы Гедымiнавiчаў», або «Калоны»:



Сам жа «Трызуб» з’яўляецца стылізаванай выявай пікіруючага ўніз сокала – радавога знака-татэма даіндаеўрапейскага часу.



Ён адпавядае старадаўняму ўяўленню аб сонцы як аб сокалу, што захавалася да нашага часу ў загадцы-прымаўцы: «Прыйшоў воўк – народ змоўк, узляцеў ясны сакол – народ вясёл», дзе «воўк» – цёмная ноч, «ясны сакол» – сонца. Сокалападобным быў i старажытнаславянскi бог агню i свету Рарог, i ў некаторых славянскіх мовах гэта слова захавалася да нашага часу, напрыклад польскае «rarog» i чэшскае «raroh» у перакладзе – сокал. Стылізаваная выява пікіруючага сокала была радавым знакам i летапіснага князя Рурыка, або Рарога.

Гэтыя i іншыя радавыя гербы змяшчаліся на пячатках, грошах, вопратцы, надмагільных плітах, будынках i г. д. Прычым самымі характэрнымі колерамі гэтых ранніх гербаў былі белы i чырвоны: або белая (срэбная) фігура змяшчалася ў чырвоным полі шчыта, або наадварот – чырвоная ў срэбным полі. Гэтыя колеры шырока выкарыстоўваліся ў сімволіцы славян здаўна: яшчэ аўтар «Слова аб палку Iгаравым» упамінае чырвоныя і белыя харугвы i чырвоныя шчыты ваяроў.

Прагеральдычныя знакі нашых продкаў, як i згаданы «Трызуб», у большасці сваёй адпавядалі або мелі сувязь з паганскімі божаствамі. Так, галоўным бажаством нашых продкаў быў бог Святла i Сонца Дажбог, ці Купала. Яго колер – чырвоны, а сімвал яго – васьмiпрамянёвая зорка-кветка. Гэты сімвал i зараз добра вядомы i папулярны сярод нашага народа: ён сустракаецца ў вышываных i тканых нацыянальных узорах i арнаментах, у архітэктурным дэкоры пабудоў i інш.



Гэты сімвал атрымаў шырокае распаўсюджанне i пашану сярод продкаў беларусаў не выпадкова, бо згодна са старадаўнімі легендамі, свой радавод яны вялі ад самога Дажбога-Купалы, таму аўтар «Слова аб палку Iгаравым» і называе нашых продкаў Дажбожжымi ўнукамі.

Даволі часта на прадметах вайсковага ўжытку сустракаецца і эмблема бога вайны, грому i маланкі – Перуна: шасцiпрамянёвая зорка, або кола з шасцю спіцамі. Гэты Перуноў знак i сёння можна ўбачыць у многіх беларускіх вёсках – ён размяшчаецца на сценах хат i гаспадарчых пабудоў. Гэта выява, па павер’і, абараняе жыллё i пабудовы разам з iхнiмi насельнікамі ад гневу Перуна – удару маланкай. Выява знака Пяруна знака на шчытах i латах або кальчузе воіна таксама павінна была захаваць іх уладальніка ад гневу Перуна – ад паразы ў баі.



Задоўга да прыняцця хрысціянства нашым продкам была вядома i выява крыжа, ці чатырохпрамянёвай зоркі, прычым касы, ці «андрэеўскi», крыж таксама з’яўляўся знакам-абярэгам воіна. Гэты сімвал абароны i ачышчэння азначаў ачышчальнае ахвярнае славянскае вогнішча, малітву, што злучае чалавека з богам.

Прамы ж крыж, ці чатырохпрамянёвая зорка, – гэта сімвал росквіту i стварэння, сімвал усёабдымнай сілы Бога. Разыходзячыся ва ўсе бакі свету, яна ўяўляе сабой сімвал квітнеючага Сусвету.

Не менш за Дажбога шанавалі нашы продкі i бога Ярылу. Па іх уяўленнях, Ярыла – гэта сын Дажбога, юнак, які верхам на белым кані аб’язджае зямлю. Ён апрануты ў белую кашулю, басаногi, у руках трымае жытнія каласы, на галаве – вянок з палявых кветак. Па слову маці сваёй, жонкі Дажбога, багiнi Лады, Ярыла адчыняе вароты нябёсаў i з’язджае з неба на зямлю – у гэты час пачынаецца вясна.

Прыняцце хрысціянства Полаччынай было больш доўгім па часе i больш мірным па спосабе, чым гэта было ў Кіеўскай Русі, якую «Пуцята хрысціў мячом, а Дабрыня – агнём», таму ў свядомасці беларусаў хрысціянства да сённяшняга дня мірна ўжываецца з паганскімі вераваннямі i звычаямі. У немалой ступені гэтаму спрыяла i сама царква, служыцелі якой, стараючыся вынішчыць у паствы паганскія вераванні i абрады, прызначалі дні хрысціянскіх свят на дні паганскіх, а хрысціянскіх святых «прызначалі» замест паганскіх багоў быць нябеснымі патронамі спраў зямных. У выніку гэтага ўладаром маланкі i грому стаў святы Iлля, ён жа стаў заступнікам падарожнікаў i воінаў. Грамавы знак Перуна (шасцiпрамянёвая зорка, ці кола з шасцю спіцамі) пад уплывам хрысціянства пераўтварыўся ў шасцiканцовы роўны крыж (іншая назва – падвоены крыж), які таксама лічыўся знакам-абярэгам воіна на полі бітвы. Як i маланка на небасхіле, выява гэтага шасцiканцовага крыжа – срэбная (белая) ці, радзей, залатая (жоўтая) на блакітным ці цёмна-блакітным полі.



Гэты крыж мае падабенства са старажытным каталіцкім крыжам «Свечыц» (у яго пашыраюцца канцы), а таксама з праваслаўным патрыяршым крыжам i крыжам Святой Еўфрасінні Полацкай (іх верхняя перакладзіна карацей за ніжнюю).



Дарэчы, патрыяршыя крыжы прысутнічаюць у дзяржаўных гербах Венгрыi, Славакii, Лiтувы i некаторых іншых кран.

У еўрапейскай геральдыцы існуе некалькі назваў падвойнага крыжа: «патрыяршы», «ларанскі», «венгерскі», «архіепіскапскі», «бенедыктынцаў», а таксама «крыж Кірылы і Мяфодзія».

Але ўсе гэтыя назвы адпавядаюць толькі асобным перыядам гісторыі, а назва «патрыяршы крыж» сведчыць, што крыж такой формы выкарыстоўваецца ў якасці знака адрознення патрыярхаў царквы.

Калі гэты крыж быў абраны архіепіскапамі царквы ў якасці знака сана – невядома, але ў еўрапейскай геральдыцы падвойны крыж вядомы з XV ст. Прыкладна з гэтага часу вядомы і герб Ордэна Бенедыкта: падвойны крыж на трайным пагорку, маючым дэвіз.

У паўднёваславянскіх краінах падвойны крыж таксама вядомы як крыж Святых Кірыла і Мяфодзія і фактычна звязаны з духоўнай асветай славянскіх народаў. Назву ж «ларанскі» падвойны крыж атрымаў у сувязі з тым, што Рэне Анжу, герцаг Ларанскі (з 1431 г.), у 1435 г. стаў каралём Венгрыi, гербам якога быў падвойны крыж.



Несумненна, што падвойны крыж заходніх і паўднёвых славян паходзіць з Візантыі, дзе ён быў вядомы да IX ст. У Візантыі існавала некалькі розных тыпаў выяваў крыжа. Шматлікія іконы маюць як выявы простага (лацінскага) крыжа з распятым Хрыстом – Распяцце, так і выявы падвойнага крыжа, які ўваскрэсшы Хрыстос трымае ў сваёй руцэ. Ад гэтага падвойны крыж стаў сімвалам Уваскрэсення.

З IX ст. заходнеславацкае княства Нітра стала усходняй часткай Вялікамараўскай імперыі на якую імкнулася распаўсюдзіць свой уплыў Візантыйская імперыя праз распаўсюджанне хрысціянства. Менавіта таму сюды ў 863 г. візантыйскім імператарам Міхаілам III была накіравана місія на чале з манахамі-прапаведнікамі святым Кірылам (Канстанцінам) і яго братам, святым Мяфодзіем. Няма сумнення, што менавіта браты-асветнікі славян прынеслі ў Славакію выяву падвойнага крыжа і тлумачэнне яго сімволікі. У наш час у Еўропе падвойны крыж з’яўляецца сімвалам трох выдатных рэлігійных дзеячаў. якія аднесены да ліку святых. Гэта святы Бенедыкт – бацька заходнееўрапейскага манаства і святыя Кірыл і Мяфодзій – асветнікі славянскіх народаў. А чырвоны і срэбны колеры крыжа сімвалізуюць кроў і цела Хрыста.

У Х-ХІ ст. тэрыторыя Славакіі паступова ўвайшла ў склад Венгерскага каралеўства. што ўзнікла замест Вялікамараўскай імперыі. У складзе гэтага каралеўства тэрыторыя Славакіі складала Паўночнае княства. Гэта княства ў розныя часы мела розны палітычны статус, што залежала ад таго, хто быў уладаром княства. Так, князь Бэла (1048—1060), брат караля Эндру I, быў амаль самастойным манархам з уласнымі васаламі, войскам і незалежнай знешняй палітыкай, якая часам была скіраванай нават супраць яго брата-караля. Бэла чаканіў і ўласныя манеты, якія мелі большую каштоўнасць. чым манеты караля. На гэтых манетах і змяшчаліся першыя вядомыя ў Славакіі выявы падвойнага крыжа ў выглядзе вертыкальнай лініі, якая перасякае дзве паралельныя гарызантальныя. Такім чынам, ужо ў XI ст. у славакаў падвойны крыж з’яўляўся не толькі рэлігійным сімвалам, але і палітычным – сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту.



Як вядома, узнікненне геральдыкі звязана з крыжовымі паходамі. Менавіта для таго. каб адрозніць у клубах пылу на полі бітвы закаваных у латы сваіх воінаў ад варожых. рыцары пачалі наносіць на свае шчыты якія-небудзь простыя выявы.

У якасці такога знака адрознення ў 1189 г. венгерскі кароль Бэла III, які збіраўся прыняць удзел у Трэцiм крыжовым паходзе. змясціў на свой шчыт выяву падвойнага крыжа – сімвала, быўшага к гэтаму часу ўжо добра вядомым у каралеўстве. Такім чынам, падвойны крыж стаў гербам венгерскага караля. а ў хуткім часе і першым гербам Венгрыi. У сучасным гербе Венгрыi ён змяшчаецца ў левай палове шчыта.



Вялікі князь Ягайла таксама меў уласны герб з выявай шасцiканцовага крыжа, з пашыраючыміся канцамі.



Менавіта такі крыж быў змешчаны на Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь, прынятым у 1991 г. Але ўсе названыя крыжы адрозніваюцца ад падвоенага тым, што або маюць перакладзіны рознай даўжыні, або гэтыя перакладзіны размяшчаюцца на рознай адлегласці ад вяршыні i падножжа; у падвойным жа крыжы ўсе канцы аднолькавай даўжыні i адлегласць паміж перакладзінамі аднолькавая з канцамі крыжа.



Так, як i Пярун, паступова было выцеснена са свядомасці нашых продкаў i другое паганскае бажаство – Ярыла. Яго «замяніў» святы Георгій Пераможац, якога ў нас часцей за ўсё называюць святы Юры. Гэтаму ў немалой ступені паспрыяла як падабенства іх імёнаў (Ярыла = Юры – Гюргi – Георгій), так i супадзенне дня святога Юрыя з Ярылавым днём (6 мая – пачатак вясны, першы выган статка ў поле. «Да Юр’я павінна сена хапіць i ў дурня», – кажа народная прымаўка).

Як сведчаць хрысціянскія крыніцы, святы Юры—Георгій – гэта рэальна iснаваўшая асоба. Вядома, што Георгій нарадзіўся ў Кападокii, служыў у рымскіх легіёнах пры імператару Дыяклетыяне (каля 243—313) i стаў знатным кападакiйскiм военачальнікам, меў заслужаныя пашану i славу, але адрокся ад тытулаў, знатнасці i багацця, прыняўшы хрысціянства. За выкрыццё паганства i распаўсюджванне хрысціянства Георгій зведаў жорсткія пераследы i страшныя катаванні. Вядома, што ў 303 г. ён быў закатаваны насмерць пасля васьмідзённых здзекаў. За свае мукі i мужнасць, непахісную веру ў Збавіцеля Георгій быў кананізаваны. Лепшыя якасці святога Георгія праявiліся ў яго подзвігах, адным з якіх было выратаванне ім царэўны Аi (Аны) ад дракона. Мітрапаліт Макары у Вялікай Мiнеi (XVI ст.) так апісвае гэты подзвіг: «У палесцінскім горадзе Гавале пасяліўся ў возеры вялікі змей, якому жыхары павінны былі аддаваць на з’ядзенне сваіх дзяцей. Калі чарга дайшла i да царскай дачкі, святы Георгій з’явіўся ёй ля возера, дзе яна стаяла, прынесеная ў ахвяру, i загадаў ёй, абвязаўшы драконаву галаву сваім пасам i аброццю каня, завесці яго ў горад. Царэўна выканала загад Перамаганосца, i калі яна прывяла пачвару ў горад, святы Георгій адсек яму галаву мячом i такім чынам звярнуў у хрысціянства iдалапаклоннiкаў Гавальскiх». Гэтаму апісанню адпавядаюць выявы подзвігу святога Георгія ў заходнееўрапейскім жывапісу i на праваслаўных іконах, толькі на іконах святы Георгій не з мячом, а з кап’ём.

Царква абрала святога Георгія нябесным апекуном рыцараў – удзельнікаў крыжовых паходаў супраць мусульман i паганцаў. Выява святога Георгія ў выглядзе коннага рыцара мае глыбокі сэнс: белы (срэбны) колер вершніка i яго каня сімвалізуе чысціню хрысціянства i вернасць запаветам Хрыста, меч – сродак барацьбы за веру, чырвоны колер – поле, залітае крывёю ворагаў хрысціянства. Шмат якія знатныя людзі i цэлыя народы лічылі святога Георгія сваім нябесным апекуном i абаронцам. Напрыклад, выява коннага воіна на княжацкіх пячатках i гербах полацкіх i маскоўскіх князёў – сведчанне іх паходжання ад агульных продкаў – кіеўскіх князёў, нябесным заступнікам якіх лічыўся святы Георгій, бо дакладна вядома, што пачынальнікам роду полацкіх князёў Iзяславiчаў з’яўляецца князь Iзяслаў – сын Вялікага князя кіеўскага Уладзіміра i полацкай князёўны Рагнеды.


Пячатка князя Ізяслава, знойдзеная ў Ноўгарадзе ў 1953 г.


Гербам Вялікага князя Вітаўта быў відазменены герб «Трызуб», які атрымаў назвы «Слупы Гедымiнавiчаў», або «Калоны»:


Ноўгарадскія манеты з выявай «сабельника» – «саблицы»


Дарэчы, на пячатках i манетах князёў выява вершніка сустракаецца даволі часта. У рускай сфрагістыцы пячаткі з выявай вершніка вядомы з першай паловы XIII ст. У гэты час самым распаўсюджаным сюжэтам пячатак была выява двух святых, якія азначалі імя князя i імя яго бацькі. Так, напрыклад, на пячатках князя Мсціслава Мсцiславiча (пам. у 1328) – выява вершніка ўправа з дзідай у руцэ i шасцiканцовым крыжам над плячом. Да гэтага ж часу адносіцца i пячатка князя Усевалада Юр’евіча з выявай вершніка на яе адваротным баку. А на пячатках Аляксандра Неўскага была выява каранаванага вершніка ўправа, які трымаў у правай руцэ падняты меч. Падобныя выявы мелі на сваіх пячатках Юрый Даўгарукі, Дзмітрый Данскі, Барыс Цвярскi, Іван Мажайскі i полацкія князі. Такім чынам, вершнік, узброены мячом або дзідай, – вельмі распаўсюджаная выява на пячатках князёў. Гэта выява потым з’явілася i на маскоўскіх грошах XIV – XVI ст.



Падобныя выявы сустракаюцца i на пячатках польскіх князёў: Мешкi Старога, Конрада Мазавецкага, яго сыноў Баляслава i Казіміра, Пшамыслава Велiкапольскага; чэшскіх каралёў Пшамыслава Отакара i Вацлава II.

Адной з найстаражытнейшых вядомых пячатай з такой выявай з’яўляецца пячатка князя люцічаў Багуслава, датуемая 1170 г.



А самая старажытная з падобных – са старажытнага Егіпту.



На тыповасць выявы вершніка ў заходнееўрапейскай сфрагістыцы, нумізматыцы i геральдыцы, асаблiва з XIV ст., звяртаюць увагу шматлікія даследчыкі геральдыкі. Напрыклад, М. П. Сотнікаў лічыць, што гэта конная выява святога Георгія, які ў Візантыі лічыўся патронам імператара i яго войска. А геральдыст XIХ ст. Б. Кёне лічыў, што такі тып выяваў існуе каля 2000 гадоў, – упершыню выява вершніка сустракаецца на дынарыях рымскага сямейства Фантэя, затым на iмператарскiх манетах – i азначае, што імператар паражае варожага воіна. З увядзеннем хрысціянства замест воіна з’явілася выява дракона i кампазіцыя стала сімвалізаваць перамогу хрысціян над паганцамі.



скачать книгу бесплатно

страницы: 1 2